Вы тут

Весялілася “Вясёлка”


Выхаванцы нядзельнай беларускай школы “Вясёлка”, што працуе ў Даўгаўпілсе пры таварыстве “Уздым”, на Каляды, Новы год атрымлівалі падарункі таксама і з Беларусі


Удзельнікі святочнай імпрэзы ў Цэнтры беларускай культуры

Не толькі дзеці, але й і дарослыя заўжды чакаюць у госці Дзеда Мароза, прычым абавязкова з падарункамі. Завітаў і да нас гэты дабрадзей са Снягуркай на свята, якое ладзілі настаўнікі разам з выхаванцамі. Праходзіла ж імпрэза ў памяшканні Цэнтра беларускай культуры. Мы запрасілі ўсіх не проста на нейкую там “тусоўку” — зладзілі навагодні шляхецкі баль!

Пад час свята дзеці знаёміліся з традыцыямі баляў: як упрыгожвалі залу, як гаспадар сустракаў гасцей ды знаёміў з ганаровымі гасцямі. Мы таксама гулялі ў гульні таго часу. А потым у нас была сустрэча з Дзедам Марозам: у яго пераўвасобіўся Уладзімір Стасевіч, сябар моладзевай групы таварыства “Уздым”. Снягуркаю ж была Алена Радзівонава, настаўніца беларускай школы “Вясёлка”. Дзеці падрыхтавалі да свята касцюмы, вывучылі вершы й песні.

Было нам усім вельмі прыемна, што віншавалі дзяцей і бацькоў кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская, консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Мікалай Раманкевіч. І, вядома ж, былі падарункі. Ад Генконсульства — прыгожыя сумкі з надпісам “Беларусь. “Вясёлка”, ад ЦБК і таварыства “Уздым” — салодкія прысмакі. А яшчэ пад час свята Эля Марчанка, Лайма й Лаліта Казлоўскія атрымалі падзякі, сувеніры за ўдзел у міжнародным конкурсе малюнкаў. Конкурс быў прысвечаны творчасці паэта з Нясвіжа Паўла Пранузы, праходзіў восенню ў Таліне.

Нагадаю, што ў снежні 2018-га наша дзіцячая дэлегацыя — чатыры дзяўчынкі — была ў Мінску, на Галоўнай ёлцы. Аб сваіх незабыўных уражаннях ад паездкі дзяўчынкі расказалі на нашым свяце.

Мы ж выказваем словы вялікай падзякі за падарункі, а таксама за цудоўную магчымасць дзецям разам з бацькамі паўдзельнічаць у свяце ў Мінску Генконсульству Беларусі ў Даўгаўпілсе, кіраўніцтву суполкі “Уздым”.

Ну а цяпер скончыліся ў нас ужо святкі — ды пачаліся заняткі...

Людміла Сінякова, куратар беларускай школы, сябар праўлення таварыства “Уздым”, г. Даўгаўпілс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.