Вы тут

Аддаць чамадан... у чыстку


Гонар салігорскіх бытавікоў ды і наогул усіх гараджан — цэнтр прыгажосці і здароўя «Новы вобраз». У цырульні працуюць дзіцячая, мужчынская, жаночая залы, ёсць салярый, трэнажорная зала, абсталяваная ўсім неабходным інвентаром для таго, каб удасканальваць і загартоўваць цела. Майстры асвоілі модны і папулярны сярод прыгожай паловы чалавецтва перманентны макіяж. У Доме быту адкрыты таксама магазін рытуальных паслуг.


Работнікі камбіната, можна сказаць, суправаджаюць чалавека ад яго нараджэння, вяселля і да апошняга дня жыцця.

Тут ёсць жалобная зала, якая працуе без выхадных. Людзі арандуюць памяшканне пагадзінна, на суткі.

Усе атрыбуты для таго, каб дастойна праводзіць чалавека ў апошні шлях, можна набыць у магазіне рытуальных паслуг. А яшчэ салігорскія бытавікі прапануюць хімічную чыстку, рамонт, пашыў адзення і бялізны.

Як расказала майстар участка хімічнай чысткі адзення Наталля Бачышча, тут маюць усё неабходнае абсталяванне для апрацоўкі розных відаў вырабаў, для аквачысткі, сухой хімічнай чысткі. Любую просьбу спажыўца задаволяць. Здараецца, што прыносяць нават такія рэчы, як чамаданы. У дзень з пральні адпраўляюць па дзве-тры тоны чыстай бялізны, прычым абслугоўваюць не толькі прадпрыемствы і арганізацыі Салігорскага раёна, але і Мінскай вобласці і нават краіны.

— Прадпрыемства пастаянна ўкладвае сродкі ў асноўны капітал, — уступае ў размову дырэктар КУП «Салігорскі дом быту» Марыя Жыліч. — У 2017 годзе купілі сушыльную машыну на 50 кілаграмаў загрузкі, у 2018-м — новы аўтамабіль ГАЗ. За апошнія тры гады выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг вырасла на 25 %, бытавыя паслугі — на 42 %.

Вяскоўцы таксама не застаюцца па-за ўвагай бытавікоў. Сельскіх жыхароў абслугоўваюць 17 комплексных прыёмных пунктаў. Яны былі створаны з нуля, з вялікімі затратамі, за кошт уласных сродкаў прадпрыемства на будаўніцтва і рамонт. У структуры выручкі сельскіх КПП — 34 % — гэта паслугі па шыцці і рамонце адзення і бялізны, 25 % — рытуальныя паслугі, 15 % — паслугі цырульні. Штомесяц падраздзяленні прадпрыемства выконваюць 250—300 заказаў, што паступаюць з сельскіх прыёмных пунктаў, у тым ліку — 95 % уласнымі сіламі. На тыя паслугі, якія не могуць выканаць самі, заключаны шэсць дагавораў кааперацыі са спецыялізаванымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Штотыдзень кожны прыёмны пункт аб'язджае аўтатранспарт прадпрыемства па складзеных маршрутах, дастаўляе прынятыя заказы, спецыялістаў з горада для аказання заяўленых паслуг на месцы, развозіць тавар для продажу. У КУП ёсць дыспетчарскі пункт, куды трапляюць заяўкі ад вяскоўцаў. Попытам у сельскіх жыхароў карыстаюцца коўдры, камплекты пасцельнай бялізны, трыкатаж, спецадзенне і хатнія халаты.

Толькі на сяле тэмп росту бытавых паслуг летась склаў 123 %. Даведка бытавых паслуг 167 інфармуе спажыўцоў аб магчымасці атрымання паслуг на тэрыторыі раёна, прымае заяўкі на выязное абслугоўванне і дастаўку заказаў. Па заяўцы вяскоўцаў майстры абслугоўваюць і дома. Напрыклад, памыюць дываны, адрамантуюць тэлеапаратуру, пастрыгуць пажылых людзей.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Каля 150 спартсменаў-аматараў хочуць выступіць у «даеўрапейскіх гульнях»

Трэніроўкі і здымкі ўдзельнікаў пачнуцца ў красавіку.

Грамадства

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Сувораўскае вучылішча вачыма яго навучэнцаў

Быць сувораўцам ва ўсе часы было прэстыжна. 

Культура

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Харвацкі кінафестываль ZаgrеbDох даследуе рэгіён вялікім экранам

Балканскія краіны паўсталі перад гледачом з іх надзённым.