Вы тут

Паэтычная энцыклапедыя Уладзіміра Ліпскага


Заўсёды для сябе падзяляю кнігі на некалькі катэгорый — кнігу-альбом, кнігу-паўзу і кнігу-шлях. Кніга-альбом — гэта тая, праходзячы па старонках якой, ты нібы гартаеш фотаздымкі, выразнымі вобразамі паўстаюць перад табой падзеі, яскравыя і цікавыя, якія потым будзеш не раз прыгадваць, цешыцца і перачытваць. Кніга-паўза — гэта тая, якая паглынула цябе, і ты нібыта перастаў дыхаць на той час, пакуль чытаў яе, але ж, вярнуўшыся ў свой свет, заўважаеш, што нічога не змяняецца, ты быццам спаў. Іншая ж справа кніга-шлях — з першай яе старонкі ты ідзеш незнаёмай дарогаю, каб потым, дайшоўшы да канца, зразумець — твой навакольны свет не змяніўся, але нешта адбылося з табой самім...


Калі я першы раз узяла ў рукі кнігу Уладзіміра Ліпскага «Мая Беларусь», то адразу зразумела, што яна будзе для мяне кнігай-альбомам. Мілагучная мова, прыгожыя ілюстрацыі (цудоўная работа мастака-графіка Віталя Дударэнкі), блізкія сэрцу тэмы. Да таго да шчымлівасці знаёмы стыль, на якім вырасла не толькі я, але і некалькі пакаленняў беларусаў, бо вядома, што Уладзімір Сцяпанавіч — нязменны рэдактар часопісаў «Вясёлка» і «Буся». Але пачынаючы з жанру твора, а аўтар акрэсліў яго як аповесць-споведзь, я пакрысе разумела, што нашае знаёмства з гэтай кнігай не будзе звычайным.

У «Маёй Беларусі» няма дакладнай структуры і кампазіцыі — па яе старонках вольным патокам ліецца аўтарскі спеў роднаму краю, у якім, нібыта ў народнай песні, усімі фарбамі пераліваецца беларуская мова. То літаратурная, чыстая ў сваёй крыштальнай дакладнасці, то народная, жывая і гаманкая. Так, напрыклад, мы даведваемся, што ў блізкіх для аўтара Аўцюках сяброўку клічуць «тэйкай», а на адной са старонак сустракаемся са спадчынай Івана Насовіча — даследчыка-мовазнаўца, які ўвекавечыў сваё імя ў «Слоўніку беларускай мовы». Праз пасрэдніцтва Уладзіміра Сцяпанавіча далятаюць да нас такія цікавыя словы, як выляжанка (гультайка), гігі (смех), заглядуха (прыгажуня), бачэлкі (вочы). Увогуле, шмат аўтар звяртаецца да твораў, даследаванняў і дасягненняў славутых беларусаў, шмат каго згадвае ў сваім аповедзе, такім чынам нібы збіраючы разам з імі нашу Беларусь па кавалках.

Асаблівая ўвага на старонках кнігі — вёскам, гарадам, рэкам і азёрам. Ліпскі ўмела і з вялікай руплівасцю ўпісвае іх назвы і гісторыі ў агульны кантэкст, тым самым ператвараючы літаратурны твор у свайго роду шляхавод па краіне, кнігу-знаёмства для замежніка, карту Радзімы для беларуса. Ёсць на ёй саборы і палацы, ёсць пушчы і бары, БелАЗ і «Мінск-Арэна». Сустрэўшыся з імі на старонках кнігі, чамусьці наноў пераасэнсоўваеш іх значэнне, пачынаеш адчуваць іх нейкую асаблівую блізкасць.

Гісторыя, да якой аўтар падыходзіць з пяшчотнай павагай, на старонках «Маёй Беларусі» жывая і блізкая, зразумелая кожнаму, ад маленькага да вялікага. Са старонак глядзяць на нас сапраўдныя мысляры і паэты. Прытуляе да сябе свой знакаміты крыж мужная Ефрасіння Полацкая, задуменна глядзіць на лістоўку «Мужыцкай праўды» Кастусь Каліноўскі, узнімаецца над роднай зямлёй вобраз славутага Ігната Дамейкі. У некаторы момант я нават лаўлю сябе на думцы, што хацела б назваць «Маю Беларусь» паэтычнай энцыклапедыяй, настолькі шмат у ёй Беларусі, настолькі дакладна аўтар перадае яе прыгажосць.

Якімі б звыклымі ні здаваліся нам словы пра любоў да Радзімы, кожны ўсё ж адчувае, наколькі важнай часткай нашага жыццёвага падмурку яна з'яўляецца, як менавіта яна можа падтрымаць чалавека ў складаныя хвіліны, калі здаецца, што ўсё абрушваецца, як картачны домік. Заўсёды домам застануцца мясціны, дзе ты ўпершыню мачыў ножкі ў цёплай лужыне, назіраў за вясёлкай пасля дажджу, хаваўся ад навальніцы. Струхнеюць сцены, абваляцца дахі, а зямля, лес, поле, той кавалачак, ад якога цягнецца чалавечае карэнне, назаўсёды застанецца для яго домам. Кніга «Мая Беларусь» сталася для мяне і кнігай-шляхам, які я распачынала з планаў чытаць пра Беларусь Уладзіміра Ліпскага, а скончыла паглыбленнем у сваю.

Паліна Грыб

Загаловак у газеце: Гігі, заглядуха, бачэлкі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.