Вы тут

Першыя сакратары, наркамы, міністры


У год, калі ўрачыста адзначаецца 100-годдзе МЗС Беларусі, — варта ўспомніць тых, хто на працягу гэтага веку стаяў на пярэднім краі нашай знешняй палітыкі, абараняючы інтарэсы Беларусі. Гэта былі розныя па сацыяльным паходжанні, веравызнанні, веры, адукацыі, ідэалагічных поглядах людзі, але ўсіх іх яднала адно — любоў да Радзімы і свайго народа, сапраўдны патрыятызм. У залежнасці ад гістарычных абставін яны называліся народнымі сакратарамі, наркамамі, міністрамі, што не ўплывала на галоўную мэту іх дзейнасці — адстойванне інтарэсаў сваёй Айчыны.


Нельга тут не згадаць Язэпа Варонку і Рамана Скірмунта — першых народных сакратароў замежных спраў і адначасова старшынь Народнага Сакратарыята (урада) БНР, якія ў 1918 годзе рабілі першыя крокі па прызнанні права беларусаў на самавызначэнне. Іх пераемнік на гэтых пасадах Іван Серада ў больш познія часы працаваў у Інбелкульце БССР. Антон Луцкевіч, адзін са стваральнікаў беларускага нацыянальнага руху, быў ужо міністрам замежных спраў і прэм'ер-міністрам БНР. Яго наступнік на пасадзе Вацлаў Ластоўскі — вядомы дзеяч асветніцтва і беларускасці ўжо ў савецкай рэспубліцы. Нельга не згадаць і аднаго з апошніх міністраў замежных спраў (з 1921-га па 1925 год) і прэм'ер-міністраў БНР Аляксандра Цвікевіча, які правёў у кастрычніку 1925 года ў Берліне Беларускую нацыянальную палітычную канферэнцыю, якая абвясціла, што адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі з'яўляецца савецкі Мінск, а ўрад БНР і Рада Рэспублікі павінны скласці свае паўнамоцтвы. Вельмі важна адзначыць, што з усіх эмігранцкіх урадаў той пары толькі беларусы змаглі пераадолець пачуцці класавай варожасці і прадэманстраваць сапраўднае імкненне да нацыянальнай кансалідацыі і стварэння дзяржавы.

Першым народным камісарам Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (ССРБ) стаў Усевалад Фальскі (з 1 студзеня па 8 лютага 1919 года), вядомы артыст і тэатральны дзеяч. Калі ў лютым было прынята рашэнне аб стварэнні новага дзяржаўнага ўтварэння — Літоўска-Беларускай ССР, а Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні былі перададзены РСФСР, Фальскі заявіў рэзкі пратэст і падпісаў разам з сябрамі беларускага ўрада ліст на імя У. Леніна, Я. Свярдлова і І. Сталіна з нязгодай на рашэнне ЦК РКП(б). За гэта быў у лютым 1919 года арыштаваны і да красавіка 1919 года прасядзеў у Мінску і Смаленску ў вязніцах. Пасля вяртання на Радзіму высланы ва Украіну, дзе працаваў дырэктарам тэатра.

Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад палякаў і аднаўлення БССР народным камісарам замежных спраў (з 1920-га па ліпень 1923 года) стаў старшыня СНК Аляксандр Чарвякоў. Таленавітага палітычнага і дзяржаўнага дзеяча і дыпламата, які рабіў усё магчымае па недапушчэнні прыняцця Рыжскага дагавора ад 18 сакавіка 1921 года ў рэдакцыі, непрымальнай для нашай краіны. Калі яго не ўключылі ў склад дэлегацыі на перагаворах, ён паехаў туды фактычна інкогніта.

Пасля стварэння СССР НКЗС БССР быў ліквідаваны і яго функцыі перадаваліся адпаведнаму саюзнаму наркамату. Але цэнтр не мог ігнараваць многія міжнародныя аспекты жыцця нашай рэспублікі. З гэтай нагоды быў уведзены інстытут упаўнаважанага Народнага камісарыята замежных спраў СССР у БССР. Самым вядомым упаўнаважаным НКЗС СССР у БССР быў Аляксандр Ульянаў, у будучыні — саветнік пасольства СССР у Польшчы і Балгарыі. Менавіта ён адыграў вырашальную ролю ў самароспуску ўрада БНР на так званай Берлінскай канферэнцыі ў 1925 годзе.

Ва ўмовах завяршэння Вялікай Айчыннай вайны было прынята рашэнне аб аднаўленні Камісарыята замежных спраў БССР, які пачаў працаваць у толькі што вызваленым Гомелі. Больш за дваццаць гадоў функцыі народнага камісара замежных спраў БССР (з 30 сакавіка 1944-га па 15 сакавіка 1946 года) і міністра замежных спраў (з 15 сакавіка 1946-га па 14 мая 1966 года) бліскуча выконваў Кузьма Кісялёў. Ён назаўсёды ўвайшоў у гісторыю беларускай дыпламатыі, падпісаўшы разам з Ф. Шмыгавым, У. Перцавым, А. Жэбракам і Г. Байдаковым Статут ААН. Дзякуючы яго намаганням БССР аформіла сваё членства практычна ва ўсіх спецыялізаваных міжнародных арганізацыях (Арганізацыя Аб'яднаных Нацый па пытаннях навукі, культуры і асветы, Сусветная арганізацыя аховы здароўя, Міжнароднае агенцтва па атамнай энергетыцы і г. д.), а таксама падпісала шэраг шматбаковых міжнародных дагавораў, пагадненняў, канвенцый, пратаколаў.

Яго намаганні па ператварэнні БССР у рэальна дзеючага суб'екта міжнароднага права, пашырэнні міжнароднага прэстыжу нашай краіны паспяхова працягваў Анатоль Гурыновіч, які кіраваў нашым ведамствам амаль чвэрць стагоддзя — з 1966-га па 1990 год. Заступіўшы на пасаду пасля яго, не мог з пачуццём удзячнасці не ацаніць той «падмурак» сяброўскіх кантактаў і сувязяў на міжнароднай арэне і асабліва ў ААН, якія ён пакінуў нам. І калі ў кастрычніку 1990 года ў наша прадстаўніцтва ў Нью-Ёрку на дыпламатычны ланч прыйшоў Генеральны сакратар ААН Перэс дэ Куэльяр, з якім Анатоль Гурыновіч асабіста сябраваў, стала зразумела, якой павагай ён карыстаўся сярод дыпламатычнай эліты свету нават пасля завяршэння сваёй кар'еры.

Народныя сакратары, наркамы, міністры... Іх барацьба, жыццёвы шлях, унёсак у стварэнне Беларускай Дзяржавы — неацэнныя. Выхадцы з сялянскага асяроддзя і з заможнай шляхты, праваслаўныя і рыма-каталікі, уніяты і іўдзеі, бальшавікі і эсэры, меншавікі і хадэкі. Іх яднае адно — любоў да Бацькаўшчыны, барацьба за найвялікшую каштоўнасць — яе Незалежнасць. Яны ішлі да яе рознымі шляхамі, абапіраючыся на розных саюзнікаў, але мэта ва ўсіх была адна.

Пётр КРАЎЧАНКА, міністр замежных спраў БССР і Рэспублікі Беларусь (1990—1994 гады)

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.