Вы тут

Што прыцягвае інвестараў у былы ваенны гарадок Баравуха?


Ён знаходзіцца прыкладна за 12 кіламетраў ад Наваполацка. У гарадскім пасёлку з насельніцтвам каля шасці тысяч чалавек ёсць усё неабходнае. Сюды пераязджаюць жыць нават з цэнтра горада. У тым ліку і таму, што тут добры клімат: гарадок размясціўся ў хвойным лесе каля азёр.

Тут развіты і бізнес: створана каля сарака фірмаў. Сакрэт прыцягальнасці гэтых мясцін высвятляў карэспандэнт «МС».


— Першае пісьмовае згадванне Баравухі адносіцца да 1812 года. Побач з ёй праходзіў Кацярынінскі тракт з Дрысы ў Полацк. Мала хто ведае, што жыццёвы шлях Янкі Купалы звязаны з Баравухай. У 1916 годзе ён працаваў у складзе дарожна-будаўнічага атрада, які будаваў чыгунку, — расказвае старшыня Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Алег БУЕВІЧ.

У савецкі час у ваенным гарадку Баравуха дыслацыравалася некалькі воінскіх часцей.

Паводле слоў суразмоўніка, і на сёння там жыве шмат былых ваенных. Яны вельмі ініцыятыўныя. Напрыклад, арганізавалі патруляванне ў пасёлку. Актыўна выказваюць ідэі наконт таго, як зрабіць Баравуху яшчэ больш утульнай.

Як паведамілі ў пасялковым Савеце, ёсць усё, што неабходна для жыцця. Нядрэнна развіты гандаль. Функцыянуе ўрачэбная амбулаторыя, дзе працуюць тры тэрапеўты, у тым ліку і дзіцячы. Ёсць два дзіцячыя садкі. Выдатныя транспартныя зносіны. Былы прыгарадны аўтобусны маршрут № 6 стаў гарадскім. Ды і шмат маршрутак праязджае праз Баравуху.

У населеным пункце праводзяць шмат цікавых мерапрыемстваў. Ужо даволі вядомым стаў экалагічны фестываль «Крыніца здароўя пад нафтаградам». Менавіта ў Баравусе пачынаюцца мерапрыемствы, прысвечаныя шанаванню памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў. Тут змешчаны мемарыяльны комплекс «Зорка» на месцы пахавання дзясяткаў тысяч чалавек: воінаў, падпольшчыкаў, партызанаў, мірных жыхароў...

На тэрыторыі ваеннага гарадка засталося шмат аб'ектаў. Амаль усе выкарыстоўваюцца. Напрыклад, у былой спартыўнай зале працуе цэх па вырабе закусак. У якасці сыравіны — беларускі смажаны гарох.

— Там створана каля дзесяці новых рабочых месцаў. Інвестар — з-за мяжы. У эканоміку горада прыцягнулі каля двух мільёнаў рублёў у эквіваленце. У тым ліку — каля 340 тысяч долараў прамых замежных інвестыцый, — тлумачыць старшыня гарсавета.

У былой кацельні апрацоўваюць метал і вырабляюць металічныя канструкцыі. І там працуе каля дзесяці мясцовых жыхароў.

У будынках знаходзяцца розныя вытворчасці. Напрыклад, вырабляюць швейную і трыкатажную прадукцыю, якая вельмі паспяхова экспартуецца ў ЕС.

Побач наладзілі выраб кантрольна-вымяральных прыбораў. Ёсць вытворчасць і па перамотцы трансфарматараў, рамонце рухавікоў, якія прадаюцца ў Расіі. Прадпрымальнікі таксама арганізавалі выраб драўляных і ПВХ-вокнаў, мяккай корпуснай драўлянай мэблі. Ёсць і фірма, якая спецыялізуецца на перапрацоўцы другаснай сыравіны.

— Адзін з самых першых яскравых прыкладаў другога жыцця Баравухі — стварэнне ў 2001 годзе вучылішча алімпійскага рэзерву. Тут праходзяць этапы Кубка федэрацыі біятлона краіны сярод дзяцей і юнакоў. Нядаўна заключаны дагавор з федэрацыяй біятлона Японіі. І маладыя біятланісты з гэтай краіны будуць праходзіць у нас зборы. Бо ўмовы тут добрыя: харчаванне і пражыванне, як і чыстае паветра, — працягвае старшыня.

У Баравусе ёсць і гатэль, дзе могуць спыніцца ўсе ахвотныя. Таксама — у адным з былых будынкаў ваеннага прызначэння.

Вельмі прыцягальны для інвестараў былы ваенны гарадок і таму, што тут можна працаваць на ўмовах свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск». Такім чынам і актывізуецца выкарыстанне будынкаў.

Патэнцыйным інвестарам гарантаваны шэраг прэферэнцый. Напрыклад, на працягу дзесяці гадоў, калі будзе прыбытак, не трэба плаціць падатак на яго. Можна эканоміць і на іншых падатках: на нерухомасць, на зямлю. Як і на падатку на дабаўленую вартасць на матэрыялы і камплектуючыя.

Старшыня гарадскога Савета адзначыў, што ў былым ваенным гарадку не выкарыстоўваюцца толькі пяць аб'ектаў. Іх агульная плошча каля 10,4 тысячы «квадратаў».

Сярод іншых планаў — адкрыццё лагістычнага цэнтра. Ён будзе вельмі запатрабаваны і ў сувязі з тым, што ў Наваполацку рыхтуюцца да рэканструкцыі трасы з Мінска на Санкт-Пецярбург.

Дарэчы, добрая навіна для ўсіх гараджан і суседняга Полацка. Мост паміж нафтаградам і «калыскай гарадоў беларускіх» — у найбліжэйшай перспектыве. З Мінтранса ўжо даслалі адпаведны ліст.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Дзяніса ЛЕШЧЫКА

Загаловак у газеце: Будынкі не пустуюць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.