Вы тут

Тысячы ніцяў, якія не парваць


Галоўны рэдактар газеты “На страже Родины” Заходняй ваеннай акругі Расіі Сяргей Мартынкевіч даўно жыве ў Санкт­Пецярбурзе, аднак заўсёды памятае пра свае беларускія родавыя карані


Пачну з невялічкай інтрыгі. Ці ведаеце вы ў Расіі горад, дзе жывуць звыш 200 тысяч выхадцаў з Беларусі? Падказку шукайце ў кнізе ўраджэнца Навагрудчыны, доктара філалагічных навук Мікалая Нікалаева “Беларускі Пецярбург”. Кніга пабачыла свет 10 гадоў таму: у 2009‑м. І ў адной з рэцэнзій сцвярджалася, што аўтар, цяперашні піцерац, такі горад адшукаў. Нацяжкі тут няма: у Санкт-Пецярбурзе мо й болей тых, хто спалучаны роднаснымі, сваяцкімі, культурнымі, эканамічнымі ды іншымі сувязямі-ніцямі з Беларуссю як з Радзімай ці зямлёю продкаў. Пра нашы родныя месцы (сам я з Матырына, з‑пад Вушачаў) нагадваюць і піцерскія назвы: Віцебскі вакзал, Віцебскі праспект, вуліцы Беларуская, Бабруйская, Віцебская, Гомельская, Дзвінская, Магілёўская, Канстанціна Заслонава, Дзмітрыя Аскаленкі, Зіны Партновай, Віцебская плошча, Віцебскі мост, Гродзенскі завулак, Нёманскі завулак… У згаданай кнізе распавядаецца й пра Сяргея Мартынкевіча, які цяпер — галоўны рэдактар газеты “На страже Родины” Заходняй ваеннай акругі Расіі.

Рыхтаваўся да размовы з ім, думаў: ці не будзе зямляк мяне “ціснуць” прафесіяналізмам? А ён і дапамагаў, і скіроўваў дыялог у вызначаным рэчышчы. Хоць знаёмыя мы з Сяргеем Антонавічам больш за чвэрць стагоддзя, ды адкрываўся ён і новымі гранямі. Расказаў пра бацьку, які быў майстрам на ўсе рукі ў будаўніцтве, а найбольш працаваў цесляром. Антон Вікенцевіч мог узвесці хату, лазню, хлеў… І сына прыцягваў да такой працы гадоў з 12‑ці. (Раней у Беларусі цесляроў было шмат. Бадай што кожны дарослы мужчына мог сам “зрубіць” з бярвёнаў хату й гаспадарчыя пабудовы. — Рэд.). Мартынкевіч-старэйшы працаваў у Бабруйску на вагавым заводзе (цяпер завод вагавымяральных прыбораў), швейнай фабрыцы імя Ф. Э. Дзяржынскага (цяпер “Славянка”). Пабываў і на цаліне. Сяргей памятае, як бацька яго адвучваў ад курэння: “Паліш? Ну, давай, палі… Гэта ж трэба так мазгі наладзіць, каб за свае грошы ўласнае здароўе губіць!”.

Маці, Любоў Мікалаеўна (у дзявоцтве Станкевіч, з 1930 года), — таксама з Магілёўшчыны: з вёскі Добасна Кіраўскага раёна. Яе бацька памёр яшчэ ў 1937‑м, айчым загінуў на вайне, а 1944‑м Любу з сёстрамі (9 і 2 гадоў), маці ды іншымі жыхарамі вёскі Даброціна, дзе яны жылі, немцы пагналі пешшу пад Азарычы — гэта Калінкавіцкі раён Гомельшчыны. Вязняў загналі ў драбналессе на балоце, ачапілі тое месца калючым дротам і трымалі без ежы, вады й цяпла каля тыдня. Быў сакавік, на зямлі яшчэ ляжаў снег. (Да пачатку 1944 года гітлераўцы былі выбіты з 2 абласных і 36 раённых цэнтраў Беларускага Палесся. У Гомелі пачаў дзейнічаць СНК БССР. Таму план у Гітлера быў такі: зрабіць з людзей зброю масавага знішчэння й накіраваць яе супраць воінаў Чырвонай арміі. За калючым дротам у трох лагерах смерці пад Азарычамі апынулася больш за 50 тысяч чалавек, і амаль палова з іх засталіся там назаўсёды. Іх спецыяльна заражалі сыпным тыфам: як натуральным чынам (праз вошай), так і распыляючы бактэрыялагічныя сродкі з самалёта. — Рэд.) Бабуля Сяргея ўратавала ўсіх сваіх дачок, бо здолела схаваць на целе сухары, патрохі выдавала іх дзецям. Многія палонныя памерлі ад холаду й голаду, астатніх вызвалілі савецкія войскі. Любоў Мікалаеўна казала сынам: “Нашы вызвалілі!”.

Пасля вайны пакутнікаў з‑пад Азарычаў прызналі вязнямі канцлагераў, таму маці Сяргея, сёстры яе атрымлівалі кампенсацыю ад Нямеччыны. “Школьныя гады мамы прыйшліся на цяжкую пару, змагла яна закончыць толькі пачатковую школу, — патлумачыў ён. — Казала: у той час у нас ботаў, сынок, не было, каб у школу хадзіць. Для яе страшнаю згадкай пра вайну, пасляваенны час быў голад, і таму па традыцыі ў талерцы нельга было пакінуць ні крошачкі ежы нават мне, найменшаму ў сям’і”.

У бабруйскай сям’і Мартынкевічаў, як і большасць людзей у горадзе, размаўлялі па-руску, і вучоба так вялася ў гарадскіх школах. Ды мой суразмоўца, які нарадзіўся 11 мая 1962 года, і да роднай мовы далучаўся. Таму спрыялі школьныя заняткі па беларускай мове й літаратуры, шматлікія радыё- і тэлеперадачы, спектаклі для дзяцей у тэатрах, кнігі, перыядычны друк. Ён памятае “Палескіх рабінзонаў” Янкі Маўра, “Міколку-паравоза” Міхася Лынькова, творы Івана Навуменкі, Івана Шамякіна, Васіля Хомчанкі, Івана Мележа, Максіма Танка ды многіх іншых.

У Цэнтральным ваенна-марскім музеі. 17 мая 2018 г

А як мой суразмоўца ўпершыню трапіў у Піцер? Пасля восьмага класа з Бабруйска паехаў на экскурсію ў Ленінград, кватараваў у роднага дзядзькі па маці. Палюбіў горад, вырашыў у ім застацца. Бацькі не пярэчылі, і Сяргей услед за стрыечным братам пайшоў вучыцца на электрыка. Пасялілі беларуса ў рабочы інтэрнат, дзе жылі равеснікі з розных месцаў СССР. Там ён упершыню адчуў, што такое землякі, туга па Бацькаўшчыне. Калі ж было надта цяжка, то гаварылі з братам на беларускай мове — і адступала туга, падымаўся настрой.

Пачынаўся ж вайсковы шлях Сяргея Мартынкевіча з факультэта журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Перад тым, у ПТВ пры Металічным заводзе, ён быў старастам групы, займаўся грамадскаю працай, быў любімцам выкладчыцы па этыцы, эстэтыцы й літаратуры. Там навучыўся біцца (і пастаяць за сябе), працаваць напільнікам, малатком і зубілам, асвоіў асновы электраманцёрскай справы. Ды, аднак, добра запомніў, як рабацягі з 13‑га механазборачнага цэха казалі яму пад час практыкі: “Не тваё гэта месца, хлопец! Ідзі адсюль туды, куды душа цягне”. Двойчы паступаў у ваеннае вучылішча: вялікі конкурс, а ведаў малавата. Як зрэзаўся першы раз, то вярнуўся на завод, працаваў — і рыхтаваўся, хадзіў на падрыхтоўчыя курсы ў Палітэхнічны інстытут. А ўрэшце стаў курсантам Львоўскага ВВПВ. Для Мартынкевіча прыкладамі “делать жизнь с кого” быў бабруйскі ваенрук-франтавік Шункевіч ды яго першая настаўніца Марыя Панфілаўна, былая партызанка. Ды яшчэ бацька Сяргея, калі шчыра, не быў прыхільнікам савецкай улады: востра перажываў несправядлівасць, яго раздражнялі “пустаслоўе”, “паказуха”. Да таго ж у даўні час арыштавалі яго бацьку-хлебароба, прыпісалі яму антысавецкую дзейнасць і саслалі на Поўнач. Антон Мартынкевіч, па словах сына, верыў у сілу друкаванага слова і ўсім пакрыўджаным раіў пісаць у газеты: каб дамагчыся праўды. Сам выпісваў “Труд” і “Советскую Белоруссию”, гарадскую газету “Камуніст”, што выходзіла на беларускай мове. Так што й павага бацькі да прэсы, сцвярджае журналіст-прафесіянал, паўплывала на яго выбар.

Афіцэрскую службу лейтэнант Мартынкевіч пачаў у Запаляр’і — супрацоўнікам рэдакцыі газеты мотастралковай дывізіі. Яго тэксты друкаваліся і ў армейскай, акруговай газетах. Калі ж яму сустракаліся вартыя ўвагі ўраджэнцы Беларусі, то пісаў пра іх і на радзіму ўзорных воінаў: у рэдакцыі абласных, раённых газет. Належны ўзровень журналісцкага майстэрства беларуса заўважылі ў акруговай газеце “На страже Родины”. Калі ў 1988‑м Сяргей выканаў некалькі канкрэтных заданняў кіраўніцтва рэдакцыі, яго запрасілі на размову да галоўнага рэдактара. Неўзабаве ён — ужо штатны супрацоўнік аддзела камсамольскага жыцця.

У 90‑я гады цяжка жылося супрацоўнікам рэдакцыі, друкарні акружной газеты: фінансаванне іх ішло з перабоямі. Таму нярэдка журналісты выдавалі друкаваную прадукцыю пад іншымі кідкімі назвамі, аднак з рэквізітамі газеты — і за такія выпускі ўдавалася мець хоць якія грошы: на выпуск чарговага “нармальнага” нумара. Прычым актыўную дзейнасць у тым кірунку развіваў і Сяргей: тры гады ён адказваў за падбор матэрыялаў для выдання “Автостоп” — і ні разу не сарваў яго выпуск.

З роднымі на роднай зямлі

У 2007‑м падпалкоўнік Сяргей Мартынкевіч узяў інтэрв’ю ў палкоўніка Аркадзя Пінчука — пісьменніка, журналіста, сцэнарыста. Апошнія гады перад звальненнем у запас той быў карэспандэнтам “Красной звезды” па Ленінградскай ваеннай акрузе ды ўзаемадзейнічаў з іх рэдакцыяй. Упершыню Сяргей даведаўся пра земляка яшчэ ў Львове — і вось адкрыў Аркадзя Фёдаравіча з новага боку. Пераканаўся: яго кнігі “Белый аист летит…”, “Беларусь партизанская” — грандыёзныя творы пра Бацькаўшчыну. (Аркадзь Пінчук быў родам з Васілевіч — гэта Рэчыцкі раён Гомельшчыны. Падрабязней пра яго напісаў сябар, ваенны журналіст Міхаіл Захарчук з Масквы тут: https://www.sb.by/artіcles/on-opіsal-svoyu-smert-v‑poslednem-romane-belyy-aіst-letіt-.html — Рэд.) Мартынкевіч убачыў падабенства свайго лёсу з лёсам суразмоўцы: іх дзяды былі рэпрэсаваныя ў 30‑я, маці знаходзіліся ў канцлагеры ў Азарычах, самі яны сталі ваеннымі журналістамі… Падрыхтаваны тэкст Сяргей накіраваў у беларускую газету “Літаратура і мастацтва”, ён быў апублікаваны.

Гутарка з Аркадзем Пінчуком прымусіла журналіста з іншага ракурсу паглядзець на гісторыю Беларусі, паглыбіцца ў яе. Пасля інтэрв’ю землякі зблізіліся, а Сяргей пачаў лічыць Аркадзя Фёдаравіча сваім духоўным настаўнікам. І трагедыяй для яго стала, калі старэйшы таварыш пайшоў з жыцця. У дзень 85‑годдзя Аркадзя Пінчука ён зладзіў вечарыну памяці з удзелам сваякоў нябожчыка, журналістаў, актывістаў суполкі “Расійска-беларускае братэрства”, Беларускай культурна-нацыянальнай аўтаноміі Санкт-Пецярбурга, прадстаўнікоў мясцовага аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі.

Год 2008‑ы стаў для беларуса знамянальным: ён узначаліў рэдакцыю газеты “На страже Родины”, атрымаў званне палкоўніка, да таго ж завізаваў у друк і выхад у свет 28‑тысячны нумар. І на новай пасадзе журналіст шмат піша: стаў лаўрэатам конкурсу Мінабароны Расіі “Слово, ведущее в бой” (2008). У 2009‑м ён стаў пераможцам конкурсу “Патриот России”. Публікуецца й на старонках беларускіх выданняў. Некалькі разоў Сяргей Мартынкевіч наведваў Беларусь, калі ладзіліся прэс-туры для расійскіх журналістаў, а па выніках — друкаваў матэрыялы як у сваёй газеце, так і ў іншых выданнях. У 2011‑м Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы прызнаў яго лаўрэатам конкурсу журналісцкіх работ “Расія — Беларусь. Крок у будучыню”. За ўнёсак у развіццё добрасуседскіх сувязяў паміж братнімі краінамі ён адзначаны падзякай Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі.

У другой палове “нулявых” гадоў прайшло чарговае рэфармаванне Узброеных сіл Расіі, што закранула й ваенныя СМІ. У рэдакцыях газет ліквідаваліся пасады ваеннаслужачых, на іх месца ўзялі грамадзянскіх людзей. І палкоўніку Сяргею Мартынкевічу прапанавалі застацца на пасадзе — у статусе грамадзянскага спецыяліста. Ён звольніўся ў запас і ў той жа дзень быў зацверджаны галоўрэдам газеты. А між тым пераход на новы штатны расклад — крок няпросты. Цяпер пасады могуць займаць і журналісты, якія пораху не нюхалі. Але ж трэба расказваць пра жыццё, дзейнасць войскаў акругі, у склад якой увайшлі былая Маскоўская ваенная акруга, Балтыйскі ды Паўночны флаты. У гэтай сітуацыі галоўрэд звярнуўся да “старой гвардыі”, прыцягнуў да працы ў рэдакцыі афіцэраў запасу з адпаведным досведам працы, стварыў ваенкараўскія пасты ў воінскіх і флоцкіх калектывах. Дзякуючы таму газета пачала выходзіць у новым фармаце практычна без перапынку, на высокім узроўні. У 2013 і 2018 гадах Сяргей Мартынкевіч арганізаваў святкаванне 95- і 100‑гадовых юбілеяў газеты, якую цяпер узначальвае. Праведзеныя мерапрыемствы атрымалі высокую ацэнку як начальнікаў, так і ветэранаў.

Так што наш зямляк Сяргей Мартынкевіч — вядомая асоба, прытым не толькі ў Санкт-Пецярбурзе. А ці не шкадуе, запытаў я, што жыве не ў Беларусі? “Заўсёды марыў вярнуцца ў родны край, — шчыра кажа мой суразмоўца. — Хацеў перавесціся у Беларускую ваенную акругу, у вайсковую газету. Калі ж рухнуў СССР, трэба было неяк выжываць. У той час хапала цяжкасцяў і ў Беларусі. Бацькі сталі пенсіянерамі, пра іх трэба было клапаціцца. А ў Ленінградзе ў мяне пасля шматгадовых блуканняў па камуналках з’явілася сваё жыллё, пайшла ў школу дачка. Я мог зарабіць і на сям’ю, і чымсьці дапамагаць бацькам. Зрэшты, тое, што я раблю ў Расіі па сваёй асноўнай пасадзе, мяркую, на карысць і Беларусі: мы ж у Саюзнай дзяржаве”.

Газета “На страже Родины” асвятляе сумесныя расійска-беларускія вайсковыя вучэнні, калі яны праходзяць. Журналісты ўдзельнічаюць у прэс-турах па Беларусі, пісалі пра братнюю краіну. Супрацоўнік рэдакцыі Сяргей Порахаў з калегамі-паэтамі ў 2017‑м зрабіў пераклад паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” на рускую мову. Кнігу прыгожа аформілі, надрукавалі ў Санкт-Пецярбурзе — пра тое пісалі і ў беларускіх СМІ, а інтэрв’ю Сяргея Мартынкевіча з ініцыятарам перакладу змясціла газета “Звязда”.

Варта згадаць, што Сяргей — у актыве суполкі “Расійска-беларускае братэрства”, якой кіруе прафесар Аляксей Варанцоў. Далучаны й да спраў Беларускай рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Санкт-Пецярбурга: старшынёй савета ў суполцы Мікалай Русакевіч. У ліку вартых журналісцкай увагі піцерскіх беларусаў мой субяседнік згадаў Мікалая Андрэйчанку, Мікалая Нікалаева, Сяргея Вішняка, народную артыстку Расіі Ірыну Мазуркевіч ды іншых. “Я з вялікай павагай стаўлюся да малой радзімы, — прызнаўся мне Сяргей Антонавіч. — На зямлі продкаў жывуць дзве цёткі па маці (у Рагачове й Бабруйску). Старэйшы брат Аляксандр і яго сям’я, што вярнуліся з Украіны яшчэ ў сярэдзіне 90‑х, — таксама ў Бабруйску. Там пахаваныя бацькі. Мяне звязваюць з Бацькаўшчынай тысячы ніцяў, хоць і жыву ў Расіі, прычым іх — не парваць. Той шлях, які прайшоў беларускі народ пасля распаду СССР, выклікае ў мяне вялікі гонар. І я буду рабіць усё, каб братэрскі Саюз Расіі ды Беларусі ўмацоўваўся”.

Такімі людзьмі, як ураджэнец Бабруйска Сяргей Мартынкевіч ганарыцца Беларусь, ганарыцца й Расія.

Васіль Шалак, беларус з Санкт-Пецярбурга

Ад рэдакцыі. Днямі Васіль Іванавіч даслаў нам прыемную навіну: Указам Прэзідэнта Расіі Сяргею Мартынкевічу прысвоена званне “Ганаровы работнік культуры Расійскай Федэрацыі”. На ўрачыстым сходзе 21 лютага ў Маскве ён прымаў віншаванні, атрымаў знак і адпаведнае пасведчанне.

Віншуем, Сяргей Антонавіч! Спадзяемся, вашы артыкулы пра цікавых супляменнікаў-беларусаў з Санкт-Пецярбурга ды іншых месцаў Расіі таксама будуць з’яўляцца на старонках “Голасу Радзімы”.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.