Вы тут

Прывітанне з Неапаля


Новы імпульс для супрацоўніцтва з рэдакцыяй газеты цяпер маюць беларусы ў італьянскім горадзе — бо з Новага года яны пачалі атрымліваць нашае выданне па пошце


Беларускія дзеці з Неапаля на маскарадзе

У нашай электроннай пошце — вестка з пазнакай: Assocіazіone “BELLARUS” Іtalіa. “Дзень добры, сябры! — піша кіраўніца згаданай асацыяцыі Таццяна Пумпулева. — Атрымалі па два нумары “Голасу Радзімы”: ад 14 і ад 25 студзеня. Дзякую за газеты, вялікі дзякуй — за вашу працу. Цяпер, калі атрымалі друкаваны “Голас Радзімы”, яшчэ больш адчуваем сувязі з роднай старонкай”.

Мы, вядома ж, зацікаўлены ў тым, каб нашыя кантакты былі з двухбаковым рухам. Бо, здараецца, газету дасылаем, а ў адказ — ні слоўца. Чым жыве суполка, што робіць? З часам, калі зваротнай сувязі няма, то й дасылы газет перапыняем. Мы ж — дзяржаўнае выданне, а не дабрачынная арганізацыя.

Таццяна Пумпулева яшчэ паведаміла, што ў суполцы працуе “Славянский кружок”: штонядзелю актывісты займаюцца з дзеткамі па тры гадзіны. Асноўная ўвага — на развіццё мовы, праходзяць урокі творчасці з музыкай, спевамі. А 10 сакавіка на свяце, прысвечаным Міжнароднаму жаночаму дню, дзеці паказвалі: чаму навучыліся, што ўмеюць. Спявалі, чыталі вершы. І хор “Спадчына” паказаў сваю праграму. “На такіх святах ніхто не сумуе, усе шчыра дзякуюць і пра родны дом, сваю малую радзіму згадваюць, — удакладняе Таццяна. — Кажуць: “У вас на свяце пабудзеш — як дадому з’ездзіш. Добрай зарадкі, настрою на цэлы месяц хапае”.

Святкавалі беларусы ў Неапалі й Дзень роднай мовы. Таццяна яшчэ наўздагон піша: дзецям ёлку рабілі яны 30 снежня — было вельмі цікава, атрымалі шмат падзяк. А 3 студзеня сямёра беларускіх дзяцей з Італіі з матулямі былі й на Галоўнай ёлцы ў Мінску — у Палацы Рэспублікі. “Групу збірала наша суполка па прапанове Амбасады Беларусі ў Рыме, — удакладняе. — Дзеці былі з Калабрыі, Неапаля, Рыма, Мілана. Ехалі на свята ўпершыню й не ведалі: што гэта, як будзе праходзіць. А потым колькі было эмоцый, радасці! Дзякавалі дзеці й дарослыя, дзякавалі нашай асацыяцыі, Амбасадзе, МЗС Беларусі, самому Прэзідэнту за такі падарунак. Казалі, што гэта было суперсвята! Радаваліся падарункам і знаёмствам — бо не ведалі ж адзін аднаго, а цяпер сяброўства завязалася паміж бацькамі-беларусамі з розных куткоў Італіі. А пасля Ёлкі кожны з іх паехаў у родны кут, да сваіх родных матуль-татуль, бабуль і дзядуль: надыхацца родным паветрам, увабраць у сябе цеплыню й спакой Бацькаўшчыны ды павезці добрыя ўспаміны ў Італію”.

Прыгожым навагоднім фотаздымкам вестачку з Неапаля — ілюструем.

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.