Вы тут

Новыя жыцці палімераў і пластмасавая культура як паратунак ад смецця


Лаўкі, плітка для тратуара, плёнка на цяпліцу, вёдры, смеццевыя кантэйнеры... Усё гэта ў Беларусі вырабляецца з выкарыстаннем перапрацаваных палімераў. Аднак падарыць другое жыццё усім выкінутым у смецце пластыкавым рэчам, на жаль, немагчыма, бо шмат якія з іх не паддаюцца другаснай апрацоўцы і едуць на звалкі. Замест пошукаў новых шляхоў пазбаўлення ад смецця лепш памяншаць утварэнне адходаў, якія нельга выкарыстаць ізноў, лічаць спецыялісты і раяць, як гэта рабіць.


Выкарыстоўваць нельга выкінуць

Як вядома, палімер — адзін з самых шкодных відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), аднак агулам казаць, што пластык — гэта шкодна, і ад яго выкарыстання трэба пазбаўляцца, няправільна.

Напрыклад, вырабы для ўпакоўкі харчовых прадуктаў — фасовачныя пакеты перш чым трапіць у крамы, праходзяць праз жорсткія нормы і рэгламенты якасці. Але гэта датычыцца поліэтылену высокага ціску — адзінага палімера, які вырабляюць у Беларусі. Астатнія ж віды поліэтылену — гэта экспарт, дзе галоўны арыенцір кошт, а не экалагічнасць.

— Нам неабходна развіваць пластмасавую культуру вырабу і выкарыстання прадукту. Кожны можа вырашыць, ці набываць яму тое, што не перапрацоўваецца, і ў вытворцы не будзе шанцаў рабіць такі прадукт, калі яго не будуць купляць, — мяркуе дырэктар АТ «Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў» Уладзімір КАЗЛОЎСКІ. — Нам неабходна абараніць зямлю і забараніць увоз і выраб прадукту, які не перапрацоўваецца.

Дырэктыва № 7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі (ЖКГ) краіны», на яго думку, вельмі актуальны дакумент. Ён датычыцца некалькіх тэм, якія закранаюць амаль усе кірункі дзейнасці прадпрыемства. Гэта вытворчасць палімерных вырабаў для кантакту з харчовай прадукцыяй. Стварэнне труб для водазабеспячэння, што адпавядае кірунку па павышэнні якасці вады. Перапрацоўка палімераў і выраб з іх новай прадукцыі.

Менавіта павелічэнне жыцця прадукту праз сістэму рэцыклінгу, калі выкарыстаны палімер перапрацоўваюць і з атрыманай сыравіны вырабляюць новы тавар, адзін з самых актуальных кірункаў сучаснай работы завода ў экалагічным плане.

ПЭТ-бутэлька і ПВХ-этыкетка, пакет і наклейка

— Палімеры можа і трэба выкарыстоўваць у жыцці, аднак так, каб гэта было па крузе, каб у ланцужку рэцыклінгу не было перарываў. Аднак яны ёсць, — кажа кіраўнік прадпрыемства. — ПЭТ-бутэльку, напрыклад, можна перапрацаваць на шматкі, і ў нашай краіне гэта робяць, адно не вырабляюць з іх гатовага прадукту. А вось этыкетку ПВХ, якую нярэдка клеяць на тару, перапрацаваць нельга. Пры гэтым яе дадатковае змыванне і аддзіранне ад бутэлькі ўдаражае працэс.

Бутэлькі, апранутыя ў этыкетку-«панчоху», якая абгортвае выраб амаль цалкам, — увогуле бяда. Абсталяванне па сарціроўцы проста адкідае такую тару, а ўручную здымаць такія «панчохі» эканамічна зусім немэтазгодна. З гэтай прычыны ў многіх краінах ПВХ і забаронена для выкарыстання, і кіраўніцтва завода пластмасавых вырабаў таксама будзе прапаноўваць, каб такі ж заканадаўчы акт быў прыняты і ў Беларусі.

— Кепска, нават калі на пакеце маецца нейкая наклейка. Зроблены з поліэтылену высокага ціску выраб можна выкарыстаць паўторна, а кожная этыкетка — гэта ўжо лыжка дзёгцю ў бочцы пластыкавага мёду, — кажа Уладзімір Казлоўскі.

Часта ў тавары змешваюць палімеры, прыдатныя для перапрацоўкі, і непрыдатныя. Напрыклад, аднаразовыя талеркі, лыжкі, відэльцы, нажы, кубачкі, якія прадаюцца ў пакеце. З посуду атрымаецца другасная сыравіна, а з яго ўпакоўкі — не. Таму купляць пластыкавы посуд лепш паасобку, без тары, так і танней, дарэчы, раіць кіраўнік прадпрыемства. Не перапрацоўваюцца і прыгожыя яркія саломінкі для кактэйляў. Менш прывабныя і больш дарагія — можна, пра гэта і на іх упакоўцы напісана. Упакоўка з-пад чыпсаў, зефіру, прадуктаў хуткага гатавання — таксама прамыя жыхары звалак.

Другасны палімер — гранула — новы тавар

Поліэтылен прыйшоў да нас з Еўропы ў 60-я гады мінулага стагоддзя, у час развіцця пластмасы. Цяпер у Беларусі ствараецца каля 300 тысяч тон палімераў, з якіх перапрацоўваецца каля 86 тысяч тон, хоць магутнасцяў у краіне хапае на 90 тысяч. Напачатку работы па вырабе прадукцыі з ДМР на барысаўскім заводзе выкарыстоўвалі 4-5 % такой сыравіны, а ўжо летась яе стала 30,2 %. На перапрацоўку прадпрыемства купіла ў 2018 годзе амаль 4000 тон палімераў. Завод, дарэчы, працуе кругласутачна, абсталяванне адпачывае толькі па выхадных.

Другасную сыравіну ў пэўных прапорцыях тут дадаюць пры вырабе многіх тавараў. Плітку для тратуараў, напрыклад, на 95 % «гатуюць» з ДМР. Яна вытрымлівае нагрузку ў пяць тон, аднак у краіне пакуль не вельмі распаўсюджаная. Тое ж датычыцца і пластыкавых люкаў, трываласцю да 1,5 тоны, якія ўжываюцца больш у Еўропе, чым дома. Штомесяц адна-дзве фуры ідуць за мяжу.

Дырэктар запрасіў журналістаў на ўласныя вочы пабачыць, як робіцца прадукцыя з выкарыстаннем другаснай сыравіны, і правёў па прадпрыемстве экскурсію. Спачатку мы апынуліся на ўчастку па вытворчасці прадукцыі метадам ліцця пад ціскам, дзе «гатуюць» плёнку.

Пабачылі мы, і як на заводзе робіцца поліэтыленавая «вопратка» для труб. З іх тут, дарэчы, склалі эксклюзіўную пясочніцу. Па форме нагадвае ніжнюю частку хаткі з бярвенняў, праўда, у адрозненне ад сапраўднага дрэва гэтыя дэталі ніколі не сапсуюцца і не зламаюцца, іх нават кавадлам не разбіць. А адну з дэталяў для пластыкавай лаўкі, якая на 100 % робіцца з ДМР, журналістам нават дазволілі спрэсаваць самастойна.

Перш чым апынуцца на лініі сарціроўкі поліэтыленавага смецця, трапляем у поліэтыленавы лабірынт. На вуліцы тут захоўваецца месячная норма адходаў для работы лініі.

— Матэрыял сюды трапляе самай рознай ступені забруджанасці, — кажа Уладзімір Казлоўскі. — Апроч таго, у цюках з сабраным асобна пластыкавым смеццем на завод можа трапіцца што заўгодна: цагліны, абутак, камяні... Таму на лініі сарціроўкі ўручную адбіраюць з поліэтыленавых адходаў лішкі і палімеры, якія нельга перапрацаваць.

Другасная сыравіна тут мыецца ад бруду, драбніцца на гранулы, зноў мыецца, адціскаецца і сушыцца. І ўжо пасля з такой сыравіны робіцца новы поліэтылен. Працэс гэты несупынны. Абсталяванне, кажуць, апошні раз выключалі толькі на Новы год.

Ірына СІДАРОК, фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Цэтлікавы дзёгаць у пластыкавым мёдзе, або Новыя жыцці палімераў і пластмасавая культура як паратунак ад смецця

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.