Вы тут

Праваслаўныя храмы на паштоўках Уладзіміра Ліхадзедава


Старыя паштоўкі — красамоўныя сведкі самых розных падзей. Прамалінейна ўзіраешся ў адзін фатаграфічны фрагмент, а гістарычная памяць прыадкрывае мноства шматаблічных эпізодаў часін, якія сышлі. Падарожжа да мінулага, да далёкіх ад нас дзесяцігоддзяў набывае разнапланавы змест, калі ўбачанае і захаванае ўзбагачаецца сведчаннямі сучаснікаў даўняга фатаграфічнага пагляду.

Вось — сабраны калекцыянерам шэраг, які прадстаўляе праваслаўныя храмы... Брэст, Жыровічы, Пінск, Карэлічы, Навагрудак, Віцебск, Полацк, Дзісна, Барысаў, Заслаўе, Бабруйск... Здаўна зямля беларуская была запоўненая абіцелямі веры.


І тое мноства храмаў поруч з сем’ямі вернікаў, якія свята служылі Госпаду, было для маладых і юных людзей месцам пакланення і асэнсавання будучых зямных і духоўных дарог. Тут, у храмах свайго дзяцінства і юнацтва, яны, будучыя архіепіскапы, пратаіерэі, манахі, спасцігалі радасць служэння Богу, вымаўлялі свае першыя малітвы. Усведамлялі, што малітва — найвышэйшы дар Бога, бясконцая з’ява адкрыцця свету і чалавека ў самім чалавеку.

Будзеце падарожнічаць — віртуальна, з паштоўкамі, ці насамрэч патрапіце ў Слуцк, не абыдзіце ўвагай царкву святога Міхаіла Архангела ці, як яе яшчэ называюць, Свята-Міхайлаўскую саборную царкву. Пэўна, свяшчэннамучанік Аляксандр Шылай, які нарадзіўся ў 1879 годзе ў Слуцку, добра ведаў гэты храм, знешне сціплы, драўляны, але такі прыцягальны па сваёй сіле праваслаўны асяродак духоўнасці. Царква здаўна знаходзілася ў слуцкім прадмесці Востраў. Разам з горадам прайшла праз многія выпрабаванні, гарэла, набывала новае жыццё. Сучасны будынак узведзены ў XVІІІ стагоддзі. А што датычыць Аляксандра Шылая, то галоўным выпрабаваннем для яго сталі паслярэвалюцыйныя гады бязбожніцтва. У 1930-я святар служыў у Свята-Троіцкай царкве ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна. Калі ў жніўні 1935 года храм зачынілі і здымалі званы, святар звярнуўся да бязбожнікаў: «Навошта вы бярэцеся не за сваю справу? Відаць, вам няма чаго болей рабіць, што вы псуеце царкоўнае дабро?!» Царкву зачынілі, а святар застаўся жыць у Блоні, працягваў сваю службу па хатах вернікаў. У час Усесаюзнага перапісу насельніцтва ў 1937 годзе арганізаваў збор подпісаў за адкрыццё царквы. 6 жніўня гэтага ж года Шылая арыштавалі і, абвінаваціўшы ў агітацыі супраць калгасаў, расстралялі. Сям’ю выслалі.

Брэст. Братская царква, пачатак ХХ в.

...Доўгія гады ў Крыме жыў і працаваў гісторык, археолаг, чые працы былі адзначаны званнем члена-карэспандэнта АН СССР, — Арсеній Маркевіч. Вось што ён пісаў у 1929 годзе ў аўтабіяграфіі пра брэсцкі перыяд свайго жыцця: «Я сын святара, нарадзіўся ў гор. Брэст-Літоўску, старажытным Бярэсці, 30 сакавіка 1855 года. Вельмі сціплы побыт маёй сям’і быў напоўнены розумавымі, інтэлектуальнымі зацікаўленнямі, якія былі ўласцівы нашым родзічам і па бацьку, і па маці, народжанай Серна-Салаўевіч, дачцы пратаіерэя, святара сабора ў Брэсце. Мой дзед па бацьку быў магістрам багаслоўя Віленскага ўніверсітэта, аднакурснікам мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, адзін з родзічаў па маці быў прафесарам універсітэта, другі — відным дзеячам народнай адукацыі ў Таўрычаскай губерні. Прыход бацькі складаўся з жыхароў — сем’яў даўно праваслаўных, якія не пераходзілі пад унію (хто перайшоў — былі ўжо каталікамі): Пашкевічаў, Хаўрыевічаў, Чаратовічаў, Лапушынскіх, Зубілевічаў, Леюровічаў і інш., сялян некалькіх вёсак, размешчаных паблізу Брэста: Бярозаўкі, Казловічаў, Плоскай, Дуброўкі, Гузней, Рэчыцы, Шпановічаў і Трышына і на працягу многіх гадоў — гарнізона Брэсцкай крэпасці, да збудавання ў ім саборнай царквы на пачатку 70-х гадоў...» І далей: «Са старога Брэста захаваліся ў крэпасці толькі былыя, нават велічныя будынкі каталіцкіх манастыроў: аўгусцінаў, бернардзінаў, транітараў, брыгітак і іезуітаў і ўніяцкага базіліянскага, прыстасаваных пад ваенныя патрэбы, а ўсе прываатныя будынкі, драўляныя і каменныя, былі знішчаны. Перасяленне жыхароў у новы горад было завершана ў 1845 г. Велічны праваслаўны сабор св. Мікалая згарэў каля гэтай даты».

Брэст-Літоўск, Брэст, у якім сёння ўзвышаюцца нямала цэркваў (а ў блізкіх ваколіцах — дык і яшчэ болей) — радзіма многіх святароў. Сярод найбольш вядомых — мітрафорны протаіерэй Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Аляксей Канстанцінавіч Зноска (1912–1994). З сям’і святара — протаіерэя і царкоўнага пісьменніка Канстанціна Зноскі, які служыў у Свята-Мікалаеўскай царкве ў Брэсце. Унёсак гэтай сям’і ў асветніцкую работу ў Брэсце немалы: Зноска-старэйшы — сярод заснавальнікаў берасцейскага «Рускага Дома», рускай школы і гімназіі ў Брэсце ў 1920–1930-я гады. У Варшаве выдадзены цэлы шэраг работ, напісаных святаром у Брэсце: «Жыціе і пакуты святога мучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага», «Віленская Вострабрамская цудадзейная ікона Божай Маці», «Лацінізацыя праваслаўнага богаслужэння ва ўніяцкай царкве», «Князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі і яго дзейнасць на карысць праваслаўнай царквы» і іншых. Усяго ў сям’і Канстанціна Зноскі было 16 дзяцей. Многія памерлі ў маленстве. Святаром быў яшчэ і Арсеній. А Мітрафан (нарадзіўся ў 1909 годзе) — вікарны епіскап Рускай праваслаўнай царквы ў замежжы. Служыў у Бостане. Закончыў у свой час Брэсцкую гімназію. Вучыўся на багаслоўскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. У час Вялікай Айчыннай вайны — святар Свята-Мікалаеўскага храма ў Брэсце, дзе служыў і бацька. У ліхія ваенныя гады шмат дапамагаў людзям, якія цярпелі ад захопнікаў, па меры сваіх сіл і магчымасцяў выратоўваў яўрэяў Брэста і ваколіц ад расстрэлаў.

Пінск. Праваслаўны сабор, 1916 г.

...Берасцейшчына, Пінскі край, іншыя куточкі беларускага Палесся — радзіма многіх праваслаўных святароў. Лемяшэвічы, што на Піншчыне, — радзіма святога пакутніка протаіерэя Парфірыя Заслаўскага (Парфірыя Адамавіча Рубіновіча). Прыняўшы сан свяшчэнніка, ён служыў у Свята-Троіцкай царкве ў вёсцы Дабраслаўка Пінскага павета. Затым была служба ў Заслаўі, іншыя няпростыя выпрабаванні. У 1937 годзе айца Парфірыя арыштавалі... У вёсцы Лядавічы Іванаўскага раёна ў 1921 годзе нарадзіўся Яўген Сцяпанавіч Парфянюк. У сан свяшчэнніка рукапакладзены ў 1947 годзе. У 2000 годзе свяшчэнніка Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адзначылі прэміяй «За духоўнае адраджэнне».

Дзісна. Праваслаўная царква, пачатак ХХ в.

А зазірнуўшы на Віцебшчыну, у Дзісну, мы адкрыем для сябе лёс Пятра Аляксандравіча Шымана-Паладзія. Нарадзіўся ён 15 лістапада 1939 года. У сям’і праваслаўнага святара, які ўжо не адзін год служыў у Дзісне. Закончыў сярэднюю школу (1957). Вучыўся ў Гродзенскім медыцынскім тэхнікуме. Часта наведваўся да старажытнай Каложы, углядаўся ў аблічча іншых гродзенскіх храмаў. І выбраў свой шлях... Закончыў Мінскую духоўную семінарыю, затым — Маскоўскую духоўную акадэмію. Атрымаў ступень кандыдата багаслоўя па кафедры патралогіі за работу «Вучэнне пра Царкву хрысціянскіх пісьменнікаў данікейскага перыяду». Быў прыняты ў аспірантуру пры Маскоўскай духоўнай акадэміі. 13 мая 1966 года пастрыжаны ў манаства з імем Паладзій. А 22 мая 1966 года ў Мікола-Богаяўленскім саборы (г. Ленінград) рукапакладзены ў іерадзякана, у 1967 годзе ў Троіца-Сергіевай лаўры — у іераманаха. Пасля заканчэння аспірантуры ў 1969 годзе Вучэбным камітэтам пры Свяшчэнным сінодзе прызначаны на выкладчыцкую работу ў Адэскую духоўную семінарыю і рашэннем архіепіскапа Адэскага і Херсонскага Сергія (Пятрова) прызначаны сакратаром праўлення семінарыі. У 1971 годзе ўзведзены ў сан ігумена... Свяцейшым патрыярхам Піменам наш зямляк узнагароджаны ордэнамі раўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІ і ІІІ ступеняў Александрыйскай праваслаўнай царквы, узнагародамі Антыахійскай і Балгарскай праваслаўных цэркваў. Пастановай Свяцейшага Патрыярха Пімена і Свяшчэннага сінода архімандрыту Паладзію была вызначана пасада епіскапа Пераяслаў-Хмяльніцкага, вікарыя Кіеўскай епархіі. У 1988 годзе прызначаны епіскапам Іжэўскім і Удмурцкім. На вечны спачын Паладзій пайшоў у 2000 годзе. Калі я гавару пра гэтую яркую асобу ў размовах са сваім іжэўскім сябрам — народным пісьменнікам Удмурціі Вячаславам Ар-Сяргі, то чую пра нашага земляка толькі светлыя згадкі…

Кастусь ЛЕШНІЦА

Старыя паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.