Вы тут

Як былая дэпутатка ўзначаліла санаторый


Для любой краіны турысты — гэта дадатковы капітал, магчымасць развіцця канкрэтнай тэрыторыі. Бязвізавы рэжым робіць падарожжа ў Беларусь больш прывабным. На жаль, госці асядаюць у асноўным у буйных гарадах, дзе ёсць што паглядзець, куды схадзіць. Але і на перыферыі таксама пачынаюць набіраць абароты.


Напрыклад, летась Кіраўскі раён выканаў паказчык па экспарце турыстычных паслуг менавіта за кошт санаторыя. Цікава, што ўстанова з'яўляецца структурным падраздзяленнем ААТ «Світанак» імя К. Арлоўскага. А кіраўнік санаторыя, як той казаў, наш чалавек — вопытны дэпутат і намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях у мінулым Вольга Гаршкова (на фота). Дарэчы, свае абавязкі начальніка аздараўленчай установы яна паспяхова спалучае са старшынёўствам у раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання «Фонд міру». І гэта толькі станоўча адбіваецца на яе асноўнай дзейнасці. Што патрэбна турысту? Нешта ўбачыць, захапіцца і пажадаць вярнуцца. І кіраўніца добра ведае як гэта арганізаваць. Тым, хто ў гэтым бізнесе, напэўна, будзе карысна даведацца як.

— Мы наогул выгадна адрозніваемся ад іншых, бо маем цікавую гісторыю ўзнікнення, — кажа Вольга Гаршкова. — Наш санаторый, напэўна, адзіны ў Беларусі з'яўляецца структурным падраздзяленнем аграгаспадаркі. Яго будаваў для сваіх работнікаў легендарны Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы Кірыла Пракопавіч Арлоўскі, той самы, пра якога зняты фільм «Старшыня» з Міхаілам Ульянавым у галоўнай ролі. Незвычайны быў чалавек, прафесіянал. Другі корпус, дзе цяпер знаходзяцца ўсе асноўныя памяшканні санаторыя, узводзіў яшчэ адзін наш таленавіты кіраўнік Васіль Канстанцінавіч Старавойтаў. Месцазнаходжанне санаторыя таксама знакавае. У ХІХ стагоддзі гэта быў цэнтр маёнтка, які належаў фон Гоеру. Захавалася нават яшчэ панская алея, дзе гуляюць нашы адпачывальнікі. За некалькі кіламетраў Жылічы, дзе знаходзіцца палац вядомых беларускіх магнатаў Булгакаў — там зараз ідзе рэканструкцыя. Але паглядзець ёсць што, і мы возім туды турыстаў. А яшчэ ў Мінск, Магілёў і Бабруйск. Але ж мы санаторый, і перш за ўсё і змагаемся за тое, каб кліент атрымаў поўны пералік паслуг, якіх сёння шмат.

Вельмі падабаецца людзям камернасць санаторыя — ён невялічкі, разлічаны ўсяго на 66 месцаў. У планах рэканструкцыя корпуса, які будаваў яшчэ Кірыла Арлоўскі. Плануецца зрабіць там віп-нумары і нумары для інвалідаў-калясачнікаў. Дабавіцца яшчэ каля 40 месцаў.

Здраўніца стала папулярнай у замежных турыстаў у 2013 годзе, пасля таго як прадстаўнікі санаторыя пабывалі на выстаўках і турыстычных кірмашах у Маскве, Санкт-Пецярбургу. Сёння тут прымаюць кліентаў з гэтых гарадоў, а таксама з Мурманска, Геленджыка, Ніжневартаўска, Ленінградскай вобласці і іншых. Сюды едуць турысты з Украіны, Германіі, Італіі, Казахстана, Эстоніі, Літвы, Латвіі.

— Мы шчыльна працуем з турыстычнымі фірмамі, расійскіх у спісе каля дванаццаці, — удакладняе суразмоўніца. — Летась больш за 50 % нашых гасцей прыехала з-за мяжы. Але мы захоўваем сваю прыналежнасць і не крыўдзім асноўнага нашага кліента — аграрніка. У снежні адпачывала група кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Яны тут і аздараўляліся, і вучыліся — да іх прыязджалі чытаць лекцыі з Мінска, Беларускай сельгасакадэміі з Горак. Потым прыехалі адпачыць механізатары. У іх работа напружаная — і органы дыхання пакутуюць, і пазваночнік. А гэта якраз наш профіль. Падаграваем цікавасць тым, што прапануем нешта новае. Летась, напрыклад, пачалі практыкаваць так званае лячэбнае галаданне. Сёння гэта наша асаблівасць і запатрабаваная паслуга.

— Зараз мала дзе такое прапануюць, — удакладняе намеснік начальніка па медыцынскай частцы санаторыя Уладзімір Кавалеўскі. — Афіцыяльна паслуга называецца разгрузачная дыетычная тэрапія. Ёсць людзі, якія жадаюць схуднець, але дома ў іх нічога не атрымліваецца. Нядаўна былі госці з Прыбалтыкі, а да гэтага прыязджалі кліенты з Гродна, Мінска, Еўпаторыі, Ізраіля, ЗША. Наша справа толькі трымаць марку і арыентавацца на попыт.

Вадзім Брэжэзінскі, начальнік аддзела вучэбна-спартыўнай, арганізацыйнай і турыстычнай работы ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама:

— Сёння на тэрыторыі Магілёўскай вобласці функцыянуе 56 гасцініц і аналагічных пляцовак размяшчэння, 21 дом паляўнічага і рыбалова, 209 суб'ектаў аграэкатурызму, 27 баз адпачынку, 236 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, дзевяць санаторна-аздараўленчых устаноў, тры кемперныя пляцоўкі.

Варта адзначыць, што 89 % усяго экспарту турыстычных паслуг вобласці прыпадае на Бабруйск, Магілёў, а таксама Круглянскі, Кіраўскі і Горацкі раёны. Астатнімі васямнаццаццю раёнамі вобласці паказчык выконваецца толькі на 11 %. За апошнія пяць гадоў унёсак раёнаў у экспарт вырас. Калі ў 2012-м Магілёў і Бабруйск давалі 90 % экспарту, то цяпер — 75 %. Сярод асноўных валаўтваральных прадпрыемстваў вобласці значыцца і санаторый ААТ «Світанак» імя К. Арлоўскага.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Турыст выбірае... дыету?

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.