Вы тут

Новая мелодыя Алены Атрашкевіч


Беларускія кампазітары абралі старшыню творчага саюза і прынялі новы яго статут.


Алена Атрашкевіч на конкурсе “Маладзічок”

У сакавіку Беларускі саюз кампазітараў, які аб’ядноўвае больш 120 прафесійных кампазітараў і музыказнаўцаў, адзначаў 85-я ўгодкі. У Мінску праходзілі юбілейныя канцэрты. На пазачарговым з’ездзе БСК абраны новы старшыня, прыняты новы статут. Як вядома, 38 гадоў суполкай кіраваў народны артыст СССР і Беларусі Ігар Лучанок, які пайшоў з жыцця летась 12 лістапада. Цяпер Беларускі саюз кампазітараў узначаліла Алена Атрашкевіч.

Алена Віктараўна — вядомы ў краіне чалавек. У 2017-м ушанавана прэміяй у кірунку папулярнай музыкі “Ліра” і атрымала дыплом лаўрэата рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі “Лепшы кампазітар года”. Конкурс праводзілі Мінкультуры Беларусі ды Агульнанацыянальны тэлеканал (АНТ). Сярод найбольш значных яе твораў — кантата на вершы Міхаіла Дудзіна, “Сакрамэнтальная паэма” на словы Васіля Жуковіча, вакальна-сімфанічная паэма “Кахаю” на словы Таццяны Мушынскай для салістаў, змешанага хору й аркестра, харавыя цыклы “Случарыны”, “Дыптых”, “Бяз слоў (прысвячэнне класікам)”, “Дарогамі вайны й перамогі”. Згадаем і шмат мініяцюр для дзіцячага хору, 2 струнныя квартэты, фантазію для аркестра народных інструментаў, апрацоўкі беларускіх, рускіх, нямецкіх, грузінскіх народных мелодый; эстрадныя песні. Нямала музыкі напісала для дзіцячых спектакляў.

Алена Віктараўна яшчэ й педагог, якога любяць вучні: цяперашнія й былыя. Яна доўгі час выкладала ў Маладзечанскім музычна-тэарэтычным вучылішчы імя М.-К. Агінскага (яе першае месца працы пасля заканчэння ў 1989-м Ленінградскай дзяржкансерваторыі). Дасюль кіруе студыяй эстраднай песні “Спяваем разам”, якую стварыла ў Маладзечне на пачатку 90-х. Яе аўтарскі праект — і адкрыты конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”: гэта пошук новых талентаў. У Мінскім дзяржкаледжы мастацтваў Алена Віктараўна — старшыня прадметна-цыклавай камісіі спецыялізацыі “Мастацтва эстрады (спевы)”, якую калісьці адкрыла. Яна заўважае юныя таленты і як член журы на нацыянальных этапах конкурсу “Дзіцячае Еўрабачанне”, радыёконкурсе “Маладыя таленты Беларусі”, міжнародным тэлерадыёконкурсе “Звёздочка” (Адэса), конкурсе выканаўцаў “День рождения” (Санкт-Пецярбург) ды іншых.

У яе шмат творчых задум, і яна іх рэалізуе штодня. Працавітую кампазітарку ў 2008-м абіралі ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Цяпер яна ўваходзіць у рэпертуарную камісію (секцыя дзіцячай музыкі) Мінкультуры, экспертную камісію Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Пад час нашай сустрэчы, адразу пасля выбрання Алены Атрашкевіч старшынёй БСК, яна прызналася: спрабуе сумясціць свае старыя й новыя абавязкі, у асноўным за лік уласнага часу на адпачынак. Адзін з пунктаў яе перадвыбарнай праграмы — папулярызацыя музыкі беларускіх кампазітараў. Тое пазначана і ў новым статуце саюза. Каля 20 кампазітараў з БСК жывуць па-за межамі Беларусі. (Этнічны беларус, кампазітар і педагог Дзмітрый Астаньковіч жыве ў сталіцы Казахстана пад новай назвай Нур-Султан, супрацоўнічае з нашай газетай: ён старшыня Беларускага культурнага цэнтра “Радзіма”, намеснік старшыні Асамблеі народа Казахстана па Нур-Султане. — Рэд.). Алена Атрашкевіч адладжвае з імі сувязі па інтэрнэце, прапаноўвае паўдзельнічаць у выпуску сумеснага зборніка музычных твораў для дзіцячай аўдыторыі. Адгукнуліся калегі з Канады, Германіі ды Расіі. “Незалежна ад таго, у якой краіне беларускія кампазітары жывуць, — яны хочуць, каб на Бацькаўшчыне ведалі іх творчасць”, — упэўнена Алена Віктараўна. А беларускай музыкі, асабліва для дзіцяча-юнацкай аўдыторыі, на яе думку, шмат не бывае. У асяродку навучэнцаў спецыялізаваных навучальных устаноў Беларусі — найбольшая зацікаўленасць у такіх творах.

Новая кіраўніца БСК пад эгідай саюза плануе ладзіць конкурсы: каб хлопчыкі й дзяўчынкі, юнакі й дзяўчаты выконвалі музычныя творы беларускіх аўтараў. БСК будзе і надалей папулярызаваць беларускую акадэмічную музыку, развіваць айчыннае музычнае мастацтва і знаёміць з ім жыхароў Малдовы, Расіі, Украіны, Польшчы, Францыі, Іспаніі, ЗША ды іншых краін.

Ганна Лагун

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.