Вы тут

Як працуе бальніца хуткай медыцынскай дапамогі


Сталічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі — адна з тых медыцынскіх устаноў, якая кругласутачна аказвае экстранную дапамогу жыхарам двухмільённага горада. Інфаркты і інсульты, траўмы ў выніку ДТЗ, апёкі і атручэнні — у такіх цяжкіх станах вялікая імавернасць аказацца менавіта тут. Сёння ў 26 лячэбных аддзяленнях працуе 419 урачоў і 900 медсясцёр. Як функцыянуе самая вялікая бальніца ў сталіцы, якая, дарэчы, стане афіцыйнай клінікай ІІ Еўрапейскіх гульняў, расказалі і паказалі журналістам.


— Шлях у нашу ўстанову для пацыента пачынаецца з прыёмнага аддзялення, — кажа галоўны ўрач Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Андрэй Барысаў. — Хворых дастаўляюць 160 машын хуткай дапамогі. У нас наладжана ўзаемадзеянне са станцыямі хуткай дапамогі, і, калі вязуць цяжкага пацыента, нам загадзя паведамляюць. Брыгада рэаніматолагаў і анестэзіёлагаў з наркозна-дыхальнай апаратурай сустракае машыну з такім хворым ужо на прыступках прыёмнага аддзялення. Пацыента адразу адпраўляюць у аперацыйную ці рэанімацыю.

Дарэчы, у хуткім часе даставіць сюды чалавека можна будзе і па паветры — сёлета побач з прыёмным аддзяленнем пачнецца будаўніцтва верталётнай пляцоўкі. Гэта практыка ўжо апрабаваная сумесна з авіяцыяй МНС.

Летась у бальніцу паступіла 86 244 пацыенты, 52 % з іх было дастаўлена брыгадамі хуткай дапамогі, 24 % звярнулася па накіраванні паліклінікі, 23 % — самастойна. Большасці з іх — 92 % — патрабавалася экстранная дапамога. Усіх, хто паступае, у клініцы «сартуюць» на некалькі плыняў у залежнасці ад цяжкасці стану. У суткі, дарэчы, праз прыёмнае аддзяленне праходзіць у сярэднім 250 чалавек, а ў некаторыя дні 300—320.

«Лёгкія» пацыенты, якія маглі б звярнуцца і ў паліклініку, накіроўваюцца ў зялёную зону, ім дапамога аказваецца на працягу да чатырох гадзін. Жоўтая зона — пацыенты сярэдняй ступені цяжкасці — скажам, той, хто пакутуе ад вострага болю, аднак яго жыццю нічога не пагражае. Ім дапамогуць на працягу дзвюх гадзін. У чырвонай зоне тыя, каму ўмяшанне медыкаў патрабуецца неадкладна. Такіх хворых тут не больш за 10 %. У аранжавую зону трапляюць пацыенты ў алкагольным ці наркатычным ап'яненні — менавіта ў бальніцу хуткай дапамогі дастаўляюць мінчан з вострым атручэннем, у тым ліку алкагольным ці наркатычным.

Нарадзіць пасля комы

Побач з прыёмным пакоем — нейрахірургічная рэанімацыя.

— Тут знаходзяцца пацыенты з цяжкімі чэрапна-мазгавымі траўмамі, якія або перанеслі хірургічнае ўмяшанне або стан якіх патрабуе інтэнсіўнага кансерватыўнага лячэння, — расказвае галоўны ўрач.

Менавіта тут знаходзілася 26-гадовая жанчына, якая на пятым месяцы цяжарнасці трапіла ў жудаснае ДТЗ пад Радашковічамі, у якім ёй пашчасціла выжыць. У тым здарэнні чатыры чалавекі загінула, а пяцёра трапілі ў бальніцы. Жанчына два месяцы правяла ў коме. Менавіта дзякуючы намаганням медыкаў бальніцы хуткай дапамогі, якія здзейснілі літаральна цуд, яна выйшла з комы, захавала цяжарнасць, а пасля нарадзіла здаровае дзіця — дачку Алісу.

— Калерыя паступіла да нас з цяжкай нейрахірургічнай траўмай, — расказвае анестэзіёлаг-рэаніматолаг Наталля Такунова. — Спачатку прагнозы былі негатыўныя, бо пацыентка знаходзілася ў надзвычай цяжкім стане. Мы праводзілі інтэнсіўную тэрапію, накіраваную на аднаўленне функцый галаўнога мозга. І ў нас усё атрымалася: яна выйшла з комы, навучылася есці, абслугоўваць сябе, пачала займацца з лагапедам, размаўляць і чытаць.

Пасля жанчыну перавялі ў 2-ю клінічную бальніцу, а потым — у РНПЦ «Маці і дзіця», дзе яна пару тыдняў таму нарадзіла абсалютна здаровую дзяўчынку.

— Сёння Калерыя ходзіць з палачкай, у хуткім часе адправіцца на далейшую рэабілітацыю ў Аксакаўшчыну. Мы вельмі рады за яе і за свой вынік, — рэзюмуе Наталля Такунова.

Новае аддзяленне — па еўрапейскіх стандартах

Бальніца хуткай дапамогі разлічана на 1050 хворых. Асноўныя профілі — хірургічны і траўматалагічны, адначасова тут можа знаходзіцца 540 такіх пацыентаў. Тэрапеўтычныя, кардыялагічныя і неўралагічныя паталогіі лечаць у аддзяленнях, якія разлічаны на 410 чалавек. У шасці рэанімацыйных аддзяленнях сучаснае абсталяванне дазваляе забяспечваць жыццядзейнасць ста чалавек.

З красавіка тут адкрылася новае аддзяленне — кароткатэрміновага знаходжання для экстранных пацыентаў, разлічанае на 25 ложкаў. Яно першае ў краіне і будзе працаваць па еўрапейскіх алгарытмах аказання дапамогі. Мэта яго адкрыцця — каб пацыент не даабследаваўся ў прыёмным аддзяленні, а на працягу сутак мог зрабіць камп'ютарную ці магнітна-рэзанансную тамаграфію, ультрагукавую дыягностыку і іншыя неабходныя дыягнастычныя працэдуры і атрымаць дакладны дыягназ. Сюды будуць трапляць людзі з гіпертанічнымі крызамі, якія не купіруюцца, парушэннямі рытму сэрца, якія ўзніклі не ўпершыню, з болямі ў грудной клетцы, абвастрэннямі абструктыўнага бранхіту і бранхіяльнай астмы і іншымі захворваннямі. Напрыклад, пацыенту з парушэннем рытму сэрца яго адновяць і накіруюць для падстрахоўкі на некалькі дзён у кардыялагічнае аддзяленне.

— Да нас будуць паступаць пацыенты, стан якіх можа як палепшыцца, так і пагоршыцца. І пасля даабследавання яны могуць або выпісвацца на амбулаторнае лячэнне, або накіроўвацца ў іншы стацыянар горада ці ў наша спецыялізаванае аддзяленне, а часам і ў рэанімацыю, — расказвае загадчык аддзялення кароткатэрміновага знаходжання для экстранных пацыентаў Вольга Солтан. — Улічваючы, што да нас паступаюць экстранныя пацыенты, у аддзяленні ёсць палата, дзе размешчаны пост медсястры, кардыяманіторы, каб медперсанал мог сачыць за ціскам, пульсам, тэмпературай цела і пры неабходнасці аказаць дапамогу. У астатніх палатах размесцяцца больш стабільныя пацыенты.

У аддзяленні будуць кругласутачна працаваць урачы тэрапеўтычнага профілю, а днём яшчэ і неўролаг.

Аперацыі-невідзімкі

— Пры парушэннях маўлення, руху канечнасцяў, болі ў грудной клетцы і іншых сімптомах сардэчна-сасудзістай катастрофы ёсць кароткі перыяд, калі можна дапамагчы без цяжкіх наступстваў для чалавека. Пры інсульце гэта шэсць гадзін, пры інфаркце міякарда — 90 хвілін, — расказвае загадчык рэнтгенаперацыйнага аддзялення эндаваскулярнай хірургіі і ангіяграфічнага кабінета Аляксандр Бейманаў. — Таму, калі адчулі боль у сэрцы і іншыя сімптомы, — набірайце 103.

У гэта аддзяленне дастаўляюць мінчан з інфарктамі міякарда і парушэннямі мазгавога кровазвароту. Летась такіх пацыентаў было 1700. Васьмі сотням з іх рабіліся так званыя інтэрвенцыйныя ўмяшанні — аперацыі на сэрцы і сасудах галаўнога мозга эндаваскулярнымі метадамі. У прамянёвай ці сцегнавай артэрыі робіцца пракол, праз які пад ангіяграфічным кантролем пранікае катэтарная тэхніка, якая далей рухаецца да сасудаў. З дапамогай такіх аперацый выдаляюць тромбы, устанаўліваюць унутрысасудзістыя фільтры і стэнты, тым самым выратоўваюць жыццё.

— Да нас трапляюць пацыенты ў тым ліку з адарванай анеўрызмай, што вельмі небяспечна, — лятальнасць у такой групе складае 30—50 %. Часта гэта і маладыя людзі з высокай рызыкай ускладненняў. 24 гадзіны ў суткі мы гатовы аказаць высокакваліфікаваную дапамогу пацыентам з вострым каранарным сіндромам і парушэннямі мазгавога кровазвароту, — рэзюмуе Аляксандр Бейманаў.

Для спартсменаў і балельшчыкаў

Бальніца хуткай дапамогі стане афіцыйнай клінікай ІІ Еўрапейскіх гульняў. Гэта значыць, што тут пры неабходнасці будуць атрымліваць медыцынскую дапамогу ўдзельнікі спаборніцтваў і балельшчыкі. Зрабіць гэта на высокім узроўні дазволіць сучаснае абсталяванне і сапраўдныя прафесіяналы.

— У нас ёсць вопыт работы на вялікіх міжнародных спаборніцтвах — Мінск прымаў чэмпіянат свету па хакеі, буйныя спаборніцтвы па фігурным катанні, фрыстайле, біятлоне і іншыя, — кажа Андрэй Барысаў. — Еўрапейскія гульні — маштабныя спаборніцтвы, дзе будзе прадстаўлена 15 відаў спорту. Але мы гатовы да аказання любой дапамогі. Звычайна спартсменам можа спатрэбіцца дапамога ў сувязі з траўмай, а балельшчыкам — з прычыны сардэчных ці неўралагічных праблем, перагравання. 80 урачоў з чатырох соцень у нас валодаюць замежнымі мовамі, таму мяркую, што праблем з кантактаваннем не ўзнікне.

Алена КРАВЕЦ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Заўсёды гатовы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.