Вы тут

Знаёмімся з ідэямі фіналістаў сацыяльна-адукацыйнага праекта vеlсоm YОUTH


Школьная лабараторыя, гульня ў шахматы для невідушчых, брэндзіраванне горада... Гэтыя ідэі з задавальненнем і непадробным энтузіязмам могуць увасобіць у жыццё падлеткі, якія жадаюць змяніць свет, — вучні 10—11 класаў, фіналісты сацыяльна-адукацыйнага праекта vеlсоm YОUTH.


Фі­на­ліс­ты кон­кур­су, іх мен­та­ры і ар­га­ні­за­та­ры на ме­ра­пры­ем­стве TЕDхMіnsk.

Яшчэ нядаўна ў іх былі толькі задумкі, а ўжо сёння яны актыўна іх распрацоўваюць, сустракаюцца з ментарамі — прафесіяналамі ў сваіх сферах, і рыхтуюцца да галоўнага — выступлення перад вялікай аўдыторыяй на маштабнай канферэнцыі TЕDхYоuth@Mіnsk, якая адбудзецца 18 мая ў Мінску на пляцоўцы Рrіmе Hаll і збярэ сотні слухачоў і ўдзельнікаў з усіх куткоў Беларусі. Задача школьнікаў — цікава расказаць аб праекце ў звычайным для TЕD фармаце кароткіх паведамленняў, дзе галоўнае — данесці сваю ідэю да ўсяго свету і ўкласціся ў дзесяць хвілін. Абавязковая ўмова — выступленне на беларускай мове, якая з'яўляецца асаблівасцю праекта на працягу ўсяго часу.

Праекты дзесяці фіналістаў выбраны невыпадкова, яны сапраўды вартыя ўвагі. Слухаючы іх ідэі, бачачы натхненне і жаданне аўтараў працаваць, разумеючы магчымасці, якія раскрываюцца перад імі, не-не, ды і ловіш сябе на думцы: «Шкада, што раней такога не было». Колькі ж усяго можна было б зрабіць!

Так, цікавы сацыяльны праект прыдумаў і пачаў ажыццяўляць у сваім родным горадзе адзінаццацікласнік Ілья Баркоўскі з гомельскай сярэдняй школы № 33. Ён хоча распрацаваць мабільную праграму «Асабісты гід», якая б дапамагла жыхарам рэгіёна больш даведацца пра мясцовую гісторыю і архітэктуру. Пакуль што хлопец рэалізаваў адну частку задуманага: гід па горадзе вачыма Станіслава Шабунеўскага — беларускага архітэктара, які шмат зрабіў для Гомеля, але, на думку хлопца, пра яго забыліся. Ідэя прыйшла ў галаву летась, акурат, калі споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння архітэктара. «Гэта было актуальна, — кажа хлопец, — таму мы разам з аднакласніцай і яе мамай-архітэктарам вырашылі прыдумаць штосьці годнае. Нам дапамог і настаўнік інфарматыкі. Усе разам зрабілі вэб-сайт пра Станіслава Шабунеўскага. Такім чынам, цяпер, дзякуючы мясцовым уладам, якія ўстанавілі на помніках архітэктуры QR-коды, ахвотныя з дапамогай смартфона могуць адсканіраваць іх і даведацца цікавыя звесткі пра горад на нашым сайце». Аднак вэб-сайт — толькі частка запланаванага Ільёй. Праект мусіць ахапіць увесь Гомель.

У дзесяцікласніцы Паліны Мураевай са сталічнай сярэдняй школы № 10 — задумка з катэгорыі «Інклюзія». Дзяўчына ўжо даўно займаецца танцамі, і яе не можа не кранаць, што гэты від творчасці даступны не ўсім. «Мая ідэя — стварэнне шматфункцыянальнай інклюзіўнай арт-прасторы, якая павінна стаць месцам, дзе ў кожнага будзе шанц на творчае развіццё, не зважаючы на магчымасці і адрозненні, — адзначае Паліна. — Мэта праекта — аб'яднаць людзей. І не толькі ў рэальным жыцці. Калі гэта адбудзецца, мы разам можам зрабіць штосьці сапраўды крутое». Паліна ўжо стварыла старонку ў Інстаграме, дзе выкладвае серыю тэматычных фотасесій з людзьмі, якія не могуць паўнавартасна займацца творчасцю. Літаральна за некалькі дзён яе наведала каля шасці тысяч чалавек. Паліна атрымала дзясяткі водгукаў, а таксама пытанняў, як можна далучыцца да праекта.

А дзесяцікласнік са слуцкай сярэдняй школы № 11 Артур Царыковіч даўно захапляецца інфарматыкай. Ён самастойна распрацаваў мабільную праграму, якая дазваляе без дадатковых пазнак, напрыклад QR-кодаў, знайці звесткі пра творчы аб'ект. «Напрыклад, я фатаграфую карціну і па здымку атрымліваю інфармацыю, якая мяне цікавіць, — расказвае хлопец. — Вы можаце сказаць, што Gооglе робіць падобнае. Але раптам мастак не выклаў свой твор у інтэрнэт? А з дапамогай маёй праграмы ўсё робіцца прасцей: можна размясціць карціну адным клікам «Дадаць». Калі прапаную такую праграму музеям, там дакладна ўзрадуюцца. Па-першае, таму што аддам яе абсалютна бясплатна, а па-другое, ім не трэба будзе траціць час на расклейку QR-кодаў». Адметна, што праграма зможа знайсці інфармацыю нават па частцы карціны. Гэта зручна ў вялікіх музеях, дзе твор часта закрывае натоўп наведвальнікаў.

Пра школьнікаў-выдатнікаў дбае адзінаццацікласнік са сталічнай гімназіі № 33 Максім Хамета. Ён распрацоўвае заахвочвальную інтэрнэт-платформу для таленавітай моладзі, якая развівае ідэі, удзельнічае ў конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях. На ёй змогуць рэгістравацца ўсе ахвотныя, будзе выстройвацца пэўны рэйтынг, а найлепшым — выдавацца невялікая плата. Яна будзе, магчыма, у асаблівай, унутранай крыптавалюце, якую можна будзе абмяняць на звычайныя грошы ці атрымаць школьныя прылады...

Нагадаем, што праект vеlсоm YОUTH — сацыяльна-адукацыйны, які ладзіцца кампаніяй vеlсоm пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, а таксама арганізатараў канферэнцый TЕDхMіnsk. Усяго ў конкурсе зарэгістравалася больш за 800 самых актыўных школьнікаў, гімназістаў і ліцэістаў з 236 навучальных устаноў. Да фіналу дайшлі толькі дзесяць.

Рэгістрацыя на маштабную канферэнцыю TЕDхYоuth@Mіnsk, якая адбудзецца 18 мая ў Мінску на пляцоўцы Рrіmе Hаll.

Удзел у канферэнцыі бясплатны.

Юлія Адамовіч, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Мары, здольныя змяніць свет

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як у Беларусі трансплантуюць органы

Як у Беларусі трансплантуюць органы

І чаму да нас на аперацыі едуць замежнікі.

Эканоміка

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

Прыватны бізнес выбірае Смілавічы

У гэтым упэўнілася карэспандэнт, наведаўшы пасёлак.