Вы тут

Камфортнае жыццё ў «зялёным» горадзе


Многія памылкова лічаць, што «зялёны» горад — гэта звычайны населены пункт, толькі з мноствам зялёных насаджэнняў. На самай справе гэтае паняцце нашмат шырэйшае. Каб зрабіць горад зялёным у сучасным разуменні, неабходна ўлічваць мноства фактараў. Энергаэфектыўнасць, устойлівая мабільнасць, прадуманая забудова, абыходжанне з адходамі, аднаўляльныя крыніцы энергіі, «разумныя» тэхналогіі — вось тыя элементы (зрэшты, далёка не ўсе), з якіх складаецца сучасны «зялёны» горад.


Кіраўніца праекта Ірына Усава

У хуткім прасоўванні зялёных інавацый сёння зацікаўлены практычна ўсе. Для органаў улады гэта магчымасць выйсці на ўстойлівае развіццё рэгіёна, прыцягнуць інвестыцыі ды павысіць якасць жыцця ў горадзе. Дэвелаперы зацікаўлены ў тым, каб зялёныя рашэнні рабілі будынкі больш якаснымі, камфортнымі для пражывання. Але ў галоўным фокусе — гарадскія жыхары, якія зацікаўлены ў тым, каб гарадское асяроддзе было экалагічным, камфортным і бяспечным.

Важнасць тэмы ўстойлівага развіцця гарадоў і населеных пунктаў падкрэсліваецца ўключэннем самастойнай Мэты ўстойлівага развіцця (Мэта 11) у глабальны парадак дня. Мэта 11 заключаецца ў тым, каб «зрабіць гарады й населеныя пункты адкрытымі, бяспечнымі, жыццяздольнымі і ўстойлівымі».

На дасягненне гэтай мэты накіравана праца праекта ПРААН «Беларусь: падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых і сярэдніх гарадах», які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Праект ажыццяўляецца ў трох гарадах: Полацку, Наваполацку і Нава­грудку. «Гэтыя гарады былі выбраны не выпадкова, — распавядае кіраўніца праекта Ірына Усава. — Яны ўжо маюць пэўны досвед у рэалізацыі экалагічных праектаў. Усе, у прыватнасці, падпісалі Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі. Полацк і Наваполацк далучыліся да сеткі гарадоў па ўстойлівым транспарце CIVITAS».

Каманда праекта на вуліцах Полацка

Якім жа ўяўляецца сёння зялёны горад у Беларусі?

Спецыялісты лічаць, што асноўная задача ўкаранення зялёнага горадабудаўніцтва ў Беларусі —гэта распрацоўка і ажыццяўленне інтэграванага падыходу, скіраванага на павышэнне ўстойлівасці гарадоў за кошт энергазберажэння, развіцця транспарту, скарачэння выкідаў парніковых газаў, адаптацыі да змены клімату, а таксама іншых мер, якія выгадныя для эканомікі гэтых гарадоў, карысныя для навакольнага асяроддзя і паляпшаюць якасць жыцця гараджан.

Важным элементам зялёнага горада, напрыклад, з’яўляецца мабільнасць, якая скіраваная на развіццё транспарту агульнага карыстання і стварэнне як камфортных, так і бяспечных умоў для пешаходаў, веласіпедыстаў. «Горад для людзей, а не для машын!» — вось слоган, які выдатна вызначае прынцыпы такой мабільнасці.

Гарадскі транспарт у зялёным горадзе працуе дакладна па раскла­дзе і мае перавагі ў руху. У Полацку і Наваполацку Праектам ужо запланаваныя пашырэнне веласіпеднай сеткі, аб’яднанне двух гарадоў адзінай веласіпеднай сеткай. Акрамя таго, у Наваполацку намечана адаптацыя святлафорных аб’ектаў па прынцыпе «зялёнай хвалі», адбудзецца замена прыпынкаў грамадскага транспарту. У выніку чакаецца рост даверу насельніцтва да грамадскага транспарту і стымуляванне адмовы ад выкарыстання асабістых аўтамабіляў у гарадскіх паездках, будуць павышаны бяспека і камфорт паездак. Мадэрнізацыя і аб’яднанне веласіпедных сетак двух гарадоў з улікам еўрапейскага досведу павысіць папулярнасць ровараў у якасці аднаго з асноўных відаў гарадскога транспарту. Рэалізацыя ініцыятыў стварае роўныя магчымасці перамяшчэння для ўсіх жыхароў горада, у тым ліку для асоб з інваліднасцю.

Абмеркаванне праблемных участкаў гарадской інфраструктуры з жыхарамі Наваполацка

«Мы разглядаем Полацк і Наваполацк як кангламерацыю, для якой распрацоўваецца адзіны План устойлівай гарадской мабільнасці, — тлумачыць Павел Астапеня, эксперт праекта па ўстойлівым транспарце. — Гэта ўнікальны дакумент для Беларусі. Яго мэта — забяспечыць камфортную сувязь паміж двума гарадамі. Перш за ўсё, гэта развіццё ўстойлівага грамадскага транспарту. І, вядома ж, гэта развіццё веласіпеднага руху. Мы звяжам гарады веладарожкай, прыбярэм існуючыя бар’еры, укаранім неабходную веласіпедную інфраструктуру. Паводле апытання, 60% жыхароў двух гарадоў не карыстаюцца роварам на пастаяннай аснове з‑за адсутнасці адпаведнай інфраструктуры, у першую чаргу, месцаў для захоўвання ровараў — велагаражоў».

Дарэчы, каб мерапрыемствы прыносілі гараджанам максімальную карысць і павышалі якасць іх жыцця, экспертамі Праекта праведзена апытанне, у якім прыняло ўдзел каля сямі тысяч жыхароў Полацка і Наваполацка.

Яшчэ адзін пілотны горад Праекта «Зялёныя гарады» — Навагрудак. На ўваходзе ў райвыканкам Нава­грудка размешчаны слоган: «Ужо сёння рабіць тое, пра што іншыя будуць думаць заўтра». Сапраўды, цяпер Нава­грудак — прыклад таго, як мясцовая ўлада імкнецца выкарыстаць усе магчымыя крыніцы для ўкаранення інавацый, каб рухацца да «разумнага» горада, «зялёнага» горада. Актыўная праца гарадской адміністрацыі можа паслужыць добрым прыкладам для іншых гарадоў Беларусі. Між тым, Навагрудскі раён — адзіны ў краіне, які аддае электраэнергіі з аднаўляльных крыніц больш, чым сам спажывае. Энергаэфектыўнае асвятленне, ветрагенератары, станцыі сонечных батарэй, цеплаабменнікі, экалагічная ўтылізацыя адыходаў, падтрымка экатурызму — усе гэтыя паняцці ўжо сталі для Навагрудскага раёна рэальнасцю.

Яшчэ адзін істотны момант. Справа ў тым, што ўкараненне ў Навагрудку сістэмы разумнага святлодыёднага вулічнага асвятлення і разумных лічыльнікаў уліку спажытых рэсурсаў таксама зробіць свой унёсак ва ўстойлівае развіццё горада. «У зялёным горадзе «разумнае святло» кіруецца сістэмамі кантролю асвятлення, — распавядае Іван Філюціч, эксперт Праекта па энергетычнай эфектыўнасці. — Гэтыя сістэмы ўлічваюць наяўнасць людзей, транспарту, асвечанасць і час сутак, каб уключаць і выключаць асвятленне, тым самым эканомячы электраэнергію і грошы. Акрамя таго, на вуліцах павышаецца агульная бяспека». Праца Праекта «Зялёныя гарады» не абмяжоўваецца чыста тэхнічнымі мерапрыемствамі. Каб зрабіць зялёнае развіццё гарадоў у Беларусі агульнай практыкай, каманда Праекта распрацоўвае прапановы па ўдасканаленні заканадаўства. Гэтыя змены і дапаўненні дазволяць зрабіць беларускія гарады больш адкрытымі, жыцця­здольнымі, экалагічна ўстойлівымі.

«Канкрэтна для нашых пілотных гарадоў мы распрацоўваем Планы зялёнага горадабудаўніцтва, якія дапамогуць вызначыць напрамкі развіцця горада на перыяд да 2040 года і бу­дуць садзейнічаць зніжэнню выкідаў парніковых газаў, — распавядае Вера Сысоева, эксперт Праекта па зялёным горадабудаўніцтве. — Трэба разумець, што план зялёнага горадабудаўніцтва — гэта пакрокавая стратэгія па дасягненні жаданага стану зялёнага горада. Яна распрацоўваецца з удзе­лам усіх зацікаўленых бакоў. План ствараецца для вызначэння прасторавай структуры горада — асновы для развіцця інфраструктуры, паляпшэння мабільнасці, павышэння якасці жыцця».

Велапрабег у мэтах праекта «Зялёныя гарады»

Мала пабудаваць зялёны горад толькі «тэхнічна». Трэба і яго, і навакольнае асяроддзе пастаянна падтрымліваць у належным стане. Для гэтага ў першую чаргу свядомасць людзей павінна зменьвацца ў бок зялёнага мыслення, зялёнага ладу жыцця. У плыні здзяйснення інфармацыйнай кампаніі каманда Праекта праводзіць у розных фарматах сустрэчы з жыхарамі пілотных гарадоў. Удзельнікі такіх сустрэч наносяць на карту горада найбольш праблемныя ўчасткі гарадской інфраструктуры і выказваюць свае пажаданні па стварэнні камфортнага гарадскога асяроддзя. Абмяркоўваюцца пытанні добраўпарадкавання тэрыторый, функцыянавання грамадскага транспарту, будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў. Веласіпедысты ўносяць прапановы па паляпшэнні веласіпеднай інфраструктуры, а людзі з інваліднасцю выказваюцца з нагоды магчымасці стварэння інклюзіўнай прасторы па ўсім горадзе. Прапановы жыхароў улічваюцца пры распрацоўцы Плана зялёнага горадабудаўніцтва.

Праект актыўна падтрымлівае розныя ініцыятывы падобнай тэматыкі. Напрыклад, сумесна з ПРААН бярэ ўдзел у правядзенні Еўрапейскага тыдня мабільнасці. Мэта штогадовай кампаніі — паказаць жыхарам гарадоў і гарадскім адміністрацыям выгады выкарыстання экалагічных відаў транспарту. З 2016 года ПРААН стала інфармацыйным каардынатарам гэтай кампаніі. І калі ў 2015 годзе толькі тры беларускія гарады далучыліся да правядзення Еўрапейскага тыдня мабільнасці, то ў 2018-м пасля таго, як да каардынацыі гэтай ініцыятывы далучыліся эксперты ПРААН, іх стала ўжо 66!

Адна з важных задач Праекта — распаўсюдзіць пазітыўныя вынікі на іншыя гарады Беларусі. З мэтай тыражавання вынікаў удзельнікі Праекта на конкурснай аснове аказваюць гарадскім адміністрацыям экспертную падтрымку. Гэта адбываецца ў рамках Пагаднення мэраў аб распрацоўцы і рэалізацыі планаў дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці. Для абагульнення і распаўсюджвання падыходаў да зялёнага горадабудаўніцтва Праект, напрыклад, аказаў экспертную дапамогу ў распрацоўцы канцэпцыі «Симбио­Сити-Брест‑2050», якую гарадскі Савет дэпутатаў зацвердзіў у якасці доўгатэрміновай стратэгіі ўстойлівага развіцця горада Брэста. Таксама на падставе конкурсу былі адабраныя пяць гарадоў для аказання экспертнай падтрымкі ў распрацоўцы планаў дзеянняў па ўстойлівым энергетычным развіцці і клімаце. Гэта Баранавічы, Пружаны, Лёзна, Мсціслаў, Слаўгарад. У 2019 годзе Праект абвясціў конкурс яшчэ для чатырох гарадоў Беларусі ў мэтах аказання экспертнай падтрымкі ў распрацоўцы планаў зялёнага горадабудаўніцтва.

«Зялёнае горадабудаўніцтва — гэта комплексны інтэграваны падыход, які можа быць рэалізаваны толькі сумеснымі намаганнямі на розных узроўнях кіравання, — заключае кіраўнік Праекта Ірына Усава. — Дзейнічаць трэба ў некалькіх кірунках: вызначацца з нацыянальнай палітыкай у сферы зялёнага развіцця гарадоў, паляп­шаць нацыянальнае заканадаўства ў гэтым сегменце, распрацоўваць планы развіцця для кожнага горада з улікам інтэграванага падыходу да развіцця гарадскіх тэрыторый, а таксама мець у наяўнасці розныя магчымасці для фінансавання інфраструктурных праектаў. І, што немалаважна, вырашаць праблемы з улікам меркаванняў усіх зацікаўленых бакоў».

Уладзімір Міхайлаў

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Языку дай волю..., Хвалі дзень вечарам, Людзі — добрыя.

Эканоміка

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова

Значную ўвагу на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пачалі звяртаць даўно, прычым на самым высокім дзяржаўным узроўні.

Эканоміка

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

Ці патаннее жыллё ў наступным годзе?

А што ў сталіцы — тое і ў рэгіёнах.

Спорт

Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча распавядае, ці лёгка вырасціць чэмпіёна

Спартыўны псіхолаг Кацярына Буча распавядае, ці лёгка вырасціць чэмпіёна

Як правільна вызначыць від спорту, які падыходзіць для вашага дзіцяці, ці варта ўвогуле прымушаць яго хадзіць на трэніроўкі?