Вы тут

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі


Рэспубліканскі суботнік, прымеркаваны да Года малой радзімы і падрыхтоўцы да святкавання 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праходзіць сёння ў Беларусі.


Дзяржорганы і мясцовыя ўлады, іншыя арганізацыі праводзяць суботнік на працоўных месцах або добраўпарадкоўваюць і прыводзяць у парадак гісторыка-культурныя каштоўнасці, тэрыторыі населеных пунктаў, рыхтуюць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лагеры да летняга сезона.

Кіраўнікі дзяржорганаў дапамагаюць наводзіць прыгажосць на сваёй малой радзіме. Палова грашовых сродкаў, заробленых на суботніку, застанецца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Яны пойдуць на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама на падрыхтоўку дзіцячых лагераў да чарговага сезона.

Яшчэ 50% сродкаў пералічваюцца Мінфіну. Гэтыя грошы накіроўваюцца на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй помніка партызанам і воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з Вечным агнём і рытуальнай пляцоўкай (манумент Перамогі ў Мінску) і рамонт падземнага пешаходнага пераходу (ніжняя рытуальная пляцоўка і службовыя памяшканні).

Пры ўдзеле ў рэспубліканскім суботніку некамерцыйных арганізацый грашовыя сродкі могуць пералічвацца ў памерах, вызначаных добраахвотна самімі калектывамі.

Фота БЕЛТА


Парламентарыі заклалі яблыневы сад

Народныя выбраннікі прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку ў Трасцянцы.

«Ліпка прыгожая, давай прынімайся», — прымаўлялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, клапатліва паліваючы саджанцы. Парламентарыі ўзброіліся лапатамі, лейкамі і тачкамі — і вельмі хутка дваццаць яблыняк і дзесяць ліпак атрымалі новае месца «жыхарства». Кожнае дрэўца падтрымлівалі некалькіх пар рук — у тым ліку рукі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай.

У Трасцянцы ля абеліску з шэрага граніту дэпутатаў сустрэлі члены Заводскай раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму. З самага буйнога на тэрыторыі былога СССР канцэнтрацыйнага лагера ўжо нікога не засталося. «Памятаю толькі аўчарак і агароджу... Праз 75 год боль не сціх. І мы вельмі ўдзячныя дзяржаве за тое, што жывём у свабоднай, мірнай краіне, цэнім гэта і імкнемся таксама зрабіць свой унёсак», — падзялілася старшыня арганізацыі Інеса Кулага.

Былыя вязні і дэпутаты аддалі даніну пашаны тым, хто загінуў за незалежную Беларусь, усклалі кветкі да абеліску. На думку намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслава Пірштука, у год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў асабліва важна правесці сустрэчы з непасрэднымі ўдзельнікамі тых падзей.

У захаванні гістарычнай памяці Беларусь застаецца прыкладам для многіх — шануе традыцыі, захоўвае помнікі. Як адзначыў Баляслаў Пірштук, такое стаўленне дазволіць маладым пакаленням ведаць мінулае і вучыцца па яго ўроках, каб зберагчы стабільнасць і бяспеку ў краіне: «Гэта — галоўная мэта. Ніякіямі зарплатамі і пенсіямі не кампенсуеш трывожнасці ў свеце. Больш за ўсё выступаю за тое, каб мы выгадавалі годную змену нашым ветэранам і вызваліцелям».

Працоўнай раніцай дэпутаты віталі адно аднага бадзёрым «Са святам!» Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што суботнік — гэта добрая традыцыя, якую беларусы здолелі не толькі захаваць, але і развіць. Важна ўвесну навесці ў краіне парадак, таму што Беларусь пазіцыяніруе сябе як культурная, нездарма нас называюць узорам чысціні на постсавецкай прасторы.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА


Алея 100-годдзя юстыцыі была закладзена ў сталічным парку імя М.Я. Паўлава

30 ліп і памятны знак “У гонар 100-годдзя органаў юстыці Беларусі”, які прывезлі з Пастаў, што ў Віцебскай вобласці, увасобілі сабой векавую гісторыю міністэрства.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічаў і міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі, які падкрэсліў важнасць гэтага мерапрыемства ў шэрагу іншых, якія ладзяцца сёлета, каб адзначыць пачэсную дату:

— Мы робім так, каб векавая дата засталася не толькі ў нашай памяці, але і ў памяці тых, хто будзе працаваць пасля нас. Вельмі сімвалічна — пасадзіць дрэва і пасля назіраць, як яно расце і прыгажэе. Спадзяюся, што органы юстыцыі таксама будуць мацнець і радаваць людзей сваімі магчымасцямі і справамі. Я б хацеў, каб кожны з вас і праз гады прыходзіў сюды са сваімі дзецьмі і ўнукамі і расказваў ім пра дні сваёй працы ў органах юстыцыі і гэты дзень.

Ірына СІДАРОК


Брастаўчане працуюць на «аб’ектах тысячагоддзя»

У Брэсцкай вобласці на рэспубліканскі суботнік выйшлі больш за 400 тысяч жыхароў вобласці. Найбольш людзей задзейнічана на аб’ектах добраўпарадкавання. Многія садзiлi дрэвы, прыбіралi паркі і скверы, зоны адпачынку.

Абласны цэнтр актыўна прыхарошваецца да будучага святкавання юбілею. Сотні людзей прыйшлі на так званыя аб’екты тысячагоддзя. Дэпутаты гарадскога Савета разам з актывістамі маладзёжнага парламента пасадзiлi дрэвы на самым уездзе ў горад з боку трасы М1. Абласная пракуратура, МНС, аблваенкамат шчыравалi на тэрыторыі крэпасці, прывялi ў парадак ваколіцы археалагічнага музея «Бярэсце». Супрацоўнікі апаратаў абл- і гарвыканкама працавалi на скрыжаванні вуліц Гогаля і Зубачова, прывялi ў парадак участак Заходняга абходу. Старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс вырашыў асабістым удзелам паскорыць увод у строй будучай школы, так патрэбнай новаму мікрараёну ЮЗМР-2 у Зарэчным раёне горада. На гэтым участку таксама працуе дэсант аблвыканкама.

У гарадах і раёнах вобласці на суботнік выйшлі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, актывісты і члены грамадскіх арганізацый, моладзь. Асаблівую ўвагу ўдзялiлi добраўпарадкаванню помнікаў, памятных месцаў і пахаванняў часоў вайны напярэдадні 75-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ


Як заўсёды, дружна і зладжана праходзіць Рэспубліканскі суботнік на Міншчыне.

Старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта-інспектара па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, члены і кіраўніцтва Мнаблвыканкама працавалi на добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу «Дальва» ў Лагойскім раёне. Гэты комплекс знаходзіцца на месцы аднайменнай вёскі, якую ў гады Вялікай Айчыннай вайны спалілі разам з жыхарамі фашысты. Прадстаўнікі службаў, аддзелаў і падраздзяленняў Мінаблвыканкама прыводзяць у належны стан мемарыяльныя комплексы «Курган Славы», «Хатынь».

Удзел у суботніку, што праходзіць у Мінскай вобласці, прымаюць вышэйшыя службовыя асобы і вядомыя людзі. У прыватнасці, прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас паўдзельнічаў у пасадцы лесу ў вёсцы Трысцянец Уздзенскага раёна, старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў высадзіў дрэвы на тэрыторыі Лагойскага лясгаса. Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч залажыў «Алею Памяці» ў аграгарадку «Сноў» Нясвіжскага раёна. Беларуская лёгкаатлетка, бронзавы прызёр чэмпіянату свету ў 2011 годзе Анастасія Мірончык-Іванова — займалася пасадкай дрэў на тэрыторыі Вілейскага вопытнага лясгаса.

Працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый добраўпарадкоўвалi і прыводзiлi ў належны стан населеныя пункты, мемарыяльныя комплексы, месцы баявой і воінскай славы, пахаванні мірных жыхароў, воінаў і партызан, загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны. На вачах змяняюць свой воблік скверы, паркі, зоны масавага адпачынку, дарогі, тратуары, дваровыя тэрыторыі, дзе працуюць жыхары Міншчыны. Не пакінуты без увагі і дзіцячыя спартыўныя і аздараўленчыя лагеры, дзе ідзе падрыхтоўка да сезону. Частка працаўнікоў засталіся на сваіх рабочых месцах, дзе навялi парадак або выконвалi свае службовыя абавязкі.

Не менш адказна аднесліся да суботніка і непасрэдна на месцах. Старшыні райвыканкамаў працавалi ў асноўным на пасадцы лесу, высаджвалi дрэвы і кусты, закладвалi алеі і скверы ў населеных пунктах. Маштабныя работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый, па ачыстцы поймы ракі Беразіна разгарнулi ў Барысаўскім раёне. У Жодзіна каля манумента ў гонар «Маці-патрыёткі А. Ф. Купрыянавай», у парку імя 50-годдзя БелАЗа высадзiлi кветкі і ўкладалi плітку. У гарадскім пасёлку Смілавічы добраўпарадкуецца тэрыторыя музея Станіслава Манюшкі.

Па папярэдніх падліках у суботніку прымае ўдзел каля 370 тыс. чалавек і будзе зароблена больш як 880 тыс. рублёў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА


Паркі, лагеры адпачынку, сацыяльныя аб’екты…

У Магілёўскай вобласці ў рэспубліканскім суботніку прыняў удзел кожны трэці жыхар.

Адна з асноўных пляцовак суботніка ў Магілёве - сярэдняя школа ў мікрараёне «Казіміраўка». Тут удзел у навядзенні парадку прынялi супрацоўнікі Магілёўскага аблвыканкама на чале са старшынёй Леанідам Зайцам.

Шматлікі працоўны дэсант з удзелам прадстаўнікоў абласной улады дапамог добраўпарадкаваць пасля рэканструкцыі тэрыторыю радзільнага дома Магілёўскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і прыбраць яго памяшканні ад будаўнічага смецця. У спісе важных аб’ектаў, дзе арганізаваны маштабныя па колькасці чалавек суботнікі – аздараўленчыя лагеры, шэраг вытворчых і сельскагаспадарчых аб’ектаў, воінскія пахаванні, лясныя масівы.

У Бабруйску заклалi парк з 700 дрэў на вуліцы Сікорскага, у магілёўскім парку “Падміколле” прыбралi смецце і прывялi ў парадак газоны, добраўпарадкавалi ахоўную зону паблізу ад Палыкавіцкай крыніцы. Міністр па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Сяргей Налівайка дапамог навесці парадак на тэрыторыі лячэбнага корпуса Бабруйскай гарадской дзіцячай бальніцы. А міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч заняўся пасадкай дрэў на тэрыторыі дэндрапарка ў Кіраўску.

Дэпутаты ад Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк і Аляксандр Багдановіч шчыравалi на медыцынскіх аб’ектах – першы ў Магілёве на тэрыторыі гарадской бальніцы, а другі ў Асіповічах на пляцоўцы тэрапеўтычнага корпуса. Старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый Іваноў прыняў удзел у добраўпарадкаванні помніка на ўездзе ў горад Клімавічы.

— Суботнікі ў нас праходзяць рэгулярна з пачатку красавіка, яны адбыліся ўжо ва ўсіх буйных населеных пунктах і нават не па аднаму, - адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. – Распрацаваны цэлы план мерапрыемстваў па навядзенні парадку. Аб’ём работ вялікі, і вельмі важна, каб кожны жыхар вобласці аднёсся да гэтай справы добрасумленна.

Удзел у рэспубліканскім суботніку прымае каля 300 тысяч жыхароў Магілёўскай вобласці. Агульнымі намаганнямі плануецца сабраць каля 850 тысяч рублёў. Асноўная сума грошай пойдзе на падрыхтоўку аздараўленчых дзіцячых лагераў да летняга сезону і добраўпарадкаванне помнікаў воінаў Вялікай Айчыннай вайны.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Рамана РУЦКАГА


Суботнік на Віцебшчыне

Спікер парламента Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Віцебскага аблсавета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і губернатар Мікалай Шарснёў падчас суботніка працавалі ў Віцебску.

Яны разам з іншымі адказнымі асобамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый высаджвалі дрэвы ў парку Тысячагоддзя, які знаходзіцца побач з спартыўным лядовым комплексам.

На суботніку адбылася закладка Алеі Славы ў гонар 75-годдзя вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усталявалі памятны знак.

Паралельна вяліся працы па добраўпарадкаваннi: укладка тратуарнай пліткі, бардзюраў, афарбоўка элементаў вулічнага дэкору, высадка кустоўя і гэтак далей.

Старшыня Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, адказваючы на пытанні журналістаў, адзначыў, што суботнікі - добрая традыцыя. Яна яднае людзей розных пакаленняў, усё грамадства. Разважаючы наконт таго, што сёлета суботнік праходзіць у год юбілею вызвалення краіны, Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў: «Мы павінны захаваць тое, за што нашы продкі аддалі жыцці! І неабходна зрабіць усё магчымае, каб будучыня нашай краіны была ў надзейных руках...»

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў бачыць парк Тысячагоддзя ў будучым месцам для сямейнага адпачынку. З часам тут, у прыватнасці, магчыма ўсталююць пляцоўку, каб арганізоўваць канцэрты.

Мэр абласнога цэнтра Віктар Нікалайкін адзначыў, што плошча гэтага прыгожага куточка Віцебска - каля 19 гектараў. Працягласць пешаходных дарожак больш за 4 кіламетры. Задумана, што тут будзе магчымасць пакатацца на атракцыёнах. Наогул парк стане адным з самых прыцягальных месцаў для гараджан і гасцей Віцебска.

Усяго ў суботніку бяруць удзел больш за 355 тысяч жыхароў Прыдзвіння.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Аляксея СПАТКАЯ


Гомельшчына зазелянее новымі дрэвамі

Больш за 20 клёнаў былі пасаджаны ў раёне возера Бурае балота ў Гомелі. Яны далі пачатак парку сямейных дрэў. На кожным – невялічкі лісток з прозвішчам. Імянные дрэвы цяпер будуць пад асаблівай аховай. Тыя, хто пасадзіў, паабяцалі вырошчваць іх, як родных дзетак.

Канцэпцыю гомельскага парка распрацавалі студэнты Беларускага дзяржаўнага інстытута транспарта. Тут увасоблены ідеі пра зялёныя пакоі, ёсць зоны элітных дрэў, дзіцячая, вясельная і іншыя. Эколагі і сотні валанцёраў напярэдадні навялі парадак, вывезлі смецце. Першыя фамільныя клёны пасадзілі шматдзетныя бацькі. Такім чынам гамяльчане далучыліся да маладзёжнай рэспубліканскай акцыі «Парк сямейных дрэў», што належыць Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі.

Акцыя «Парк сямейных дрэў» будзе працягвацца ў бліжэйшыя гады. Плануецца ўсталяваць тут альтанкі і лаўкі, добраўпарадкаваць алеі і сажалку. Паводле распрацаванай карты, масіў дапоўняць вярбовая, каштанавая і вішнёвая зоны, а таксама бярозавы гай. Дарэчы, цяпер у гэтым парку пасадзіць фамільнае дрэва можна будзе ў выпадку важных падзей, такіх як шлюб, нараджэнне дзіцяці ці святкаванне юбілея.

Дрэвы саджаюць і добраўпарадкоўваюць тэрыторыі сёння паўсюдна. Новы фруктовы сад «Яблыневы колер - знак Перамогі» з'явiўся ля помніка дзяўчынам-зенітчыцам у Гомелі. Новыя пасадкі і на мемарыяльным комплексе Курган Славы ў Мазыры.

Да працы далучыліся прадстаўнікі ўлады. Дрэвы ўздоўж каскаду азёр «Валатава» ў Гомелі пасадзіў Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Шулейка і намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк высаджвалі расліны ў гарадскім парку ў Хойніках. Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч займалася добраўпарадкаваннем тэрыторыі славутага гомельскага парка.

Да работ па добраўпарадкаванні сёлета прыцягнулі і падлеткаў, у стаўленні якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Усяго на суботнік сёння выйшлі 430 тысяч жыхароў Гомельскай вобласці. Як паведаміла прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкама Вольга Рабікава, на суботніку плануецца зарабіць 1 мільён 300 тысяч рублёў. Гэтыя сродкі пойдуць на аднаўленне помнікаў і гісторыка-культурных каштоўнасцяў, добраўпарадкаванне і падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезону.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА


Уладзімір Краўцоў: Захаванне гісторыка-культурных помнікаў для нашчадкаў — адна з найважнейшых задач

Важна надаваць увагу аднаўленню і захаванню для нашчадкаў гістарычных помнікаў. Такое меркаванне журналістам у час рэспубліканскага суботніка выказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, піша БЕЛТА.

Удзел у рэспубліканскім суботніку прымаюць каля 300 тыс. жыхароў рэгіёну. Прыблізна столькі ж людзей было задзейнічана ў суботніку і ў мінулым годзе.

«Фронт работ шырокі: гэта добраўпарадкаванне тэрыторый, навядзенне парадку, пасадка дрэў. Важнымі аб’ектамі прыкладання сіл сталі помнікі гісторыі і культуры», — адзначыў Уладзімір Краўцоў. Ён разам з кіраўніцтвам аблвыканкама сёння працаваў на Старым замку ў Гродне. Зараз працягваецца рэстаўрацыя старажытнай каралеўскай рэзідэнцыі, за аснову для аднаўлення ўзяты замак часоў Стэфана Баторыя. Першую чаргу работ плануецца завяршыць у 2020 годзе.

«Стары замак — значны аб’ект не толькі для жыхароў Гродна. Гэта бачна па той зацікаўленасці, што выклікаюць работы па рэстаўрацыі ў жыхароў краіны. Важна захаваць гэты аб’ект для нашчадкаў. Спадзяемся, што і часцінка нашай працы гэтаму паспрыяе», — сказаў Уладзімір Краўцоў.

Прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама залівалі маналітную пліту на замкавым муры, які будзе асновай для будучай галерэі. Важна, што на кожным этапе работ у замку забяспечаны археалагічны нагляд. Таму некаторыя з удзельнікаў суботніка дапамагалі ў рабоце археолагам.

Акрамя Старога замка ў Гродне, удзельнікі суботніка працавалі і на іншых гістарычных аб’ектах рэгіёну. У тым ліку ў Навагрудскім і Любчанскім замках. Арганізавана ўборка старадаўніх паркаў у Воранаўскім раёне. У Смаргонскім раёне ўдзельнікі суботніка працуюць у сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў вёсцы Залессе. Добраўпарадкоўваюцца таксама тэрыторыі, якія прымыкаюць да Крэўскага і Гальшанскага замкаў.

Значны аб’ём работ па добраўпарадкаванні тэрыторый выконваецца ў вялікіх гарадах і малых населеных пунктах. У Ваўкавыску, напрыклад, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя вакол Шведскай гары, якая стане адным з аб’ектаў эстафеты «Полымя свету», якая праходзіць напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў. Прыводзяць у парадак стадыёны ў Зэльве і Карэлічах, працуюць удзельнікі суботніка на тэрыторыі шматфункцыянальнага комплексу ў Астраўцы. Уладкоўваюцца і добраўпарадкоўваюцца веладарожкі і маршруты ў раёне Аўгустоўскага канала.

Прыводзяцца ў парадак таксама помнікі і месцы воінскіх пахаванняў. У Гродне і іншых населеных пунктах закладваюцца памятныя алеі, прымеркаваныя да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю Гродзенскай вобласці.

Фота БЕЛТА


На Кургане Славы — парадак

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі на агульнарэспубліканскім суботніку занялася навядзеннем парадку на адным з галоўных сімвалаў памяці аб Вялікай Айчыннай вайне — Кургане Славы.

Прафсаюзны актыў на чале са старшынёй ФПБ Міхаілам Ордам прыбралі тэрыторыю комплексу. Дарэчы, добраўпарадкаваннем Кургана Славы прафсаюзы займаюцца з 2015 года. За гэты час тут праведзена маштабная рэканструкцыя: замененае травяное пакрыццё, рэканструяваны абедзве лесвіцы, якія вядуць да агляднай пляцоўцы, адрэстаўраваны мазаіка і барэльефы. Цалкам заменена светлавое афармленне, якое, дарэчы, сілкуецца ад сонечных батарэй, што ўсталяваны на мемарыяле.

А да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ля падножжа Кургана Славы плануецца ўстанавіць штурмавік ІЛ-2. Зараз вядуцца работы па рэстаўрацыі гэтага баявога самалёта.

Святлана БУСЬКО


На суботніку супрацоўнікі сістэмы Мінпрыроды высадзілі больш за 15 тысяч дрэў

Спецыялісты сістэмы Мінпрыроды разам з прадстаўнікамі Навагрудскага раёна заклалі ў райцэнтры дубова-ліпавы парк. Фота аўтара

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык разам з настаўнікамі і вучнямі гімназіі № 9 імя Ф. Кірычэнкі г. Гродна, супрацоўнікамі Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Белгідрамету, кіраўніцтвам адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна залажыў новую алею.

— Трэнд «пасадзі дрэва» набывае ўсё большую папулярнасць. І гэта не выпадкова. Лес — гэта «лёгкія» планеты. Чым больш дрэў, тым больш чыстае і камфортнае для чалавека навакольнае асяроддзе. Прэзідэнт, аб’яўляючы Год малой радзімы, нацэліў усіх нас на тое, каб кожны куток Беларусі добраўпарадкаваць, зрабіць яшчэ больш прыгожым. Рэспубліканскі суботнік іграе ў гэтым не апошнюю ролю. Гэта даўняя традыцыя нашай краіны, якая падтрымліваецца дзесяцігоддзямі, яднае грамадства і матывуе людзей на добрую і карысную справу, — адзначыў Андрэй Худык падчас суботніка.

Далучыліся да добрай справы і супрацоўнікі цэнтральнага апарату Мінпрыроды і Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў на чале з намеснікам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэем Хмелем. Разам з членамі Навагрудскага райвыканкама, прадстаўнікамі раённых грамадскіх арганізацый яны залажылі на былой пустцы па вуліцы Чапаева ў Навагрудку дубова-ліпавы парк.

— Кожны горад прадугледжвае бурнае развіццё прамысловасці і транспарту, якія ў пэўнай ступені аказваюць уплыў на прыроднае асяроддзе, — сказаў старшыня Навагрудскага райвыканкама Сяргей Федчанка. — Таму парк, які мы ствараем на сваёй малой радзіме і малой радзіме многіх вядомых людзей, не толькі ўпрыгожыць горад, але і сыграе важную ролю ў рашэнні экалагічных праблем. Гэта высакароднае мерапрыемства, таму што робіцца не на дзень, месяц, год, а на стагоддзі.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык падчас суботніка працаваў у Гродне. Фота прэс-службы Мінпрыроды

Андрэй Хмель, намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя таксама адзначыў, што гэты парк будзе пасля добраўпарадкаваны і ганарова адкрыты падчас юбілейнага XV рэспубліканскага экалагічнага форуму, які пройдзе ў Навагрудку 7-8 чэрвеня.

— Вялікі гонар для Мінпрыроды праводзіць форум у гэтым горадзе, таму што Навагрудак — адзін з лакаматываў экалагічнага руху ў Беларусі, — сказаў Андрэй Хмель. — Тут створаны самы вялікі ў краіне ветрапарк, выдатна развіваецца экалагічная адукацыя на базе аграрнага каледжа і многія іншыя «зялёныя» кірункі. Акрамя таго, гэты горад — вельмі дагледжанае ў плане навядзення парадку і гістарычна знакавае месца.

Падчас рэспубліканскага суботніка больш за 2600 прадстаўнікоў сістэмы Мінпрыроды зрабілі ўнёсак у азеляненне краіны і высадзілі больш за 15500 маладых дрэў (дубоў, ліп, бяроз, туй) і 370 кустоў у населеных пунктах. У гэты ж дзень беларускія эколагі высаджвалі лес, добраўпарадкавалі месцы воінскай славы, азелянялі населеныя пункты, добраўпарадкоўвалі і ачышчалі берагавыя ўчасткі водных аб’ектаў, паркаў, тэрыторый адміністрацыйных будынкаў.

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.