Вы тут

Цэлы россып каштоўных пярлін


На юбілейны канцэрт аркестра, які стварыў Уладзімір Перлін, сабраліся яго знакамітыя вучні


Маэстра Уладзімір Перлін

Канцэртны аркестр Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, мастацкі кіраўнік і дырыжор якога — заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Перлін, святкаваў 30‑годдзе 13 красавіка. У Вялікай зале Белдзяржфілармоніі аркестр выканаў дзівоснай прыгажосці творы: “Маленькую начную серэнаду” Вольфганга Амадэя Моцарта, творы “Ave Marіa” Джуліо Качыні, частку першую “Зімы” з цыкла “Поры года” Антоніа Вівальдзі, “Струнную серэнаду” Пятра Чайкоўскага, парафраз на тэмы рок-оперы “Ісус Хрыстос — суперзорка” Эндру Ллойда Уэбера ды іншыя.

Салісты аркестра на працягу многіх гадоў — лепшыя вучні па розных спецыяльнасцях: фартэпіяна, скрыпка, віяланчэль, флейта, цымбалы, баян ды іншых. Ім ад 10 да 18 гадоў. Аркестр штогод абнаўляецца — і не старэе. У яго багатая творчая біяграфія: звыш 1000 выступленняў у Беларусі ды ў замежжы. З трыумфам праходзілі канцэрты ў Германіі, Францыі, Бельгіі, Галандыі, Польшчы, Англіі ды іншых краінах.

Камерны аркестр юных талентаў з гімназіі-каледжа быў створаны ў 1988 годзе прафесарам па класе віяланчэлі Уладзімірам Перліным: ён ужо 40 гадоў там выкладае. На юбілейны канцэрт, каб павіншаваць свайго настаўніка й сыграць для яго, прыйшлі аркестранты першага складу, а таксама былыя вучні, што сталі вядомымі музыкантамі. Сярод іх — Андрэй Іваноў. Яшчэ ў часе навучання ў каледжы ён заваяваў І прэмію на Рэспубліканскім конкурсе піяністаў і залаты медаль на Міжнародных Дэльфійскіх гульнях у Ерэване. А ў 2011‑м паступіў у Маскоўскую дзяржкансерваторыю імя П. І. Чайкоўскага. Сыграў у філармоніі ў святочны дзень і Андрэй Шынкевіч — кантрабасіст, які пасля заканчэння гімназіі-каледжа спачатку прадоўжыў навучанне ў Беларускай дзяржакадэміі музыкі. Потым падаўся ў Германію: з 2001 года вучыўся ў Вышэйшай школе музыкі й тэатра Мюнхена, з 2005‑га — у Вышэйшай школе музыкі й тэатра Нюрнберга.

І Аляксей Пшанічны таксама быў сярод выканаўцаў музыкі ў гонар юбілею камернага аркестра каледжа. Сёння Аляксей ужо сам выкладае фартэпіяна ў Беларускай дзяржакадэміі музыкі. На цымбалах сыграла Аляксандра Дзенісеня, якая двойчы была адзначана стыпендыямі, тройчы — гранд-прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат шматлікіх міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, фіналістка конкурсу маладых музыкантаў “Еўрабачанне‑2012”. На сцэну выйшаў і Цімур Сергееня — піяніст і дырыжор, прафесар Вышэйшай школы мастацтваў Каралеўскай кансерваторыі Гента (Бельгія). Юбіляраў віншаваў Іван Карызна — унук аўтара слоў беларускага гімна Уладзіміра Карызны, таксама выпускнік Рэспубліканскага музычнага каледжа. Іван у 17 гадоў паступіў у Парыжскую кансерваторыю, у 18 прадстаўляў Беларусь на класічным “Еўрабачанні”, а ў 19 стаў лаўрэатам конкурсу імя П. І. Чайкоўскага. Усіх гэтых музычных зорак (а можна сказаць: цэлы россып каштоўных пярлін, калі аддаваць даніну павагі прафесару Уладзіміру Перліну) і сам юбілейны канцэрт можна будзе пабачыць днямі, 27–28 красавіка, на тэлеканале “Беларусь 3”.

Пра самога ж Уладзіміра Перліна, ягоны клас і Камерны аркестр створаны два фільмы: “На кожны гук ёсць рэха на зямлі” (Белвідэацэнтр, 1995) і “Другое жыццё” (Францыя, 1999). У 1992 годзе маэстра атрымаў званне заслужанага артыста Беларусі. У 2002‑м за поспехі на ніве асветніцтва Урад Францыі прысвоіў яму ранг рыцара Ордэна “Акадэмічныя пальмы”. У 2012 годзе музыкант і педагог ушанаваны ордэнам Францыска Скарыны, а ў 2013‑м ад Урада Францыі ён атрымаў ордэн “За заслугі ў галіне мастацтва й літаратуры”

Ганна Лагун

Нумар у ПДФ-фармаце

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.