Вы тут

У Андрушыне — душэўны фестываль


З дранікамі ды гарачай гарбатай сустракалі дарагіх гасцей, што прыехалі на свята ў беларускую вёску нават за 350 кіламетраў — з Іркуцка


Заключны момант Беларуска-расійскага фестывалю

Беларусы Іркуцка сябруюць з супляменнікамі, якія жывуць у Куйтунскім раёне вобласці. Дарэчы, і раёнам кіруе Людміла Аляксандраўна Лаўшук: наш чалавек, з беларускімі родавымі каранямі. Нагоду для чарговай сустрэчы знайшлі лёгка, бо 2 красавіка — Дзень яднання народаў Беларусі ды Расіі. Ну а такога цеснага паяднання беларусаў з рускімі, як у Сібіры, больш нідзе не сустрэнеш. Вось і вырашылі супляменнікі з Куйтунскага раёна ў знакавы дзень зладзіць Беларуска-расійскі фестываль у сяле Андрушыне: бо заснавалі яго ў 1901 годзе нашы продкі-перасяленцы, пераважна з Віцебскай і Гродзенскай губерняў, тады яшчэ расійскіх. Запрасілі арганізатары да сябе ў глыбінку творчыя гурты з раёна ды Іркуцка.

Ну гуляць — дык гуляць! Госці сабраліся ажно з дзесяці розных паселішчаў. Працаваў у сяле кірмаш, дзе выставілі свае вырабы майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ладзіліся майстар-класы. А гасцей у Андрушыне гаспадары сустракалі з дранікамі ды гарачай гарбатай. Асабліва ж нам, іркуцянам, гэта было вельмі дарэчы: мы пераадолелі, едучы да сяброў, 350 кіламетраў. А колькі песень розных — і рускіх, і беларускіх — потым гучала! “Варенька”, “От Волги до Енисея”, “Цячэ вада ў ярок”… Самыя любімыя падбіралі выканаўцы. А чаргаваліся песні з беларускімі народнымі танцамі “Весялуха” й “Трасуха”, з рускай “Кадрилью”. Гледачам было не ўседзець на месцы. Гарачымі апладысментамі праводзілі кожны гурт. І хорам падпявалі. Такая адкрытасць — нібы ўсе з адной сям’і. Вось дзе сапраўднае яднанне! Зала новага, утульнага Дома культуры з цяжкасцю ўмяшчала ўсіх ахвочых: некаторыя гледачы стаялі на прыступках, але й не думалі сыходзіць. А якая асалода, вы б ведалі, выступаць на такім душэўным, цёплым, свойскім фестывалі!

Беларусаў Іркуцка прадставіла наша маладое творчае аб’яднанне-агітбрыгада “Зорка”: таленавітыя школьніцы Аляксандра, Соф’я ды Марыя прадаўжаюць пашыраць сучасную беларускую песню на сібірскіх прасторах. Яны з задавальненнем размаўлялі з аднагодкамі, а пакуль чакалі свой выхад, нават зладзілі танцавальны батл. І пры тым з цікавасцю глядзелі творчыя нумары адзін аднаго. Яднанне, адным словам!

Адбыўся Беларуска-расійскі фестываль пры непасрэдным удзеле Дома культуры сяла Андрушына (дырэктарка там — Аксана Майсеева), з падтрымкай Аляксандра Лаўшука (ён кіруе Андрушынскім муніцыпальным утварэннем) ды спонсараў: гэта Вячаслаў Мары і Таццяна Ткач. Ганаровымі гасцямі фестывалю былі прадстаўнікі раённых улад і Алёна Сіпакова — старшыня Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага”.

Валянціна Семяновіч, сяло Андрушына

Нумар у ПДФ-фармаце

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.