Вы тут

“Вясновы букет” у Тальяці


Святочная імпрэза, прысвечаная Дню яднання народаў Беларусі ды Расіі, прайшла ў тальяцінскім Культурным цэнтры “Автоград” па ініцыятыве мясцовай беларускай суполкі “Нёман”


У песнях ядналіся прадстаўнікі розных народаў

У фае Культурнага цэнтра перад святам зладзілі мы выставу кніг пра Беларусь і Расію. Там гучала музыка, песні беларускіх выканаўцаў. Прыемна было бачыць, як запоўнілася гледачамі зала: 1300 пасадачных месцаў. Чым не сведчанне таго, што ў Тальяці ведаюць і любяць беларускія ансамблі! Аўтазаводцы з задавальненнем прыходзяць на канцэрты, якія ладзіць наша Мясцовая грамадская арганізацыя “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Нёман” гарадской акругі Тальяці.”. На гэты раз на свяце двух народаў былі прадстаўнікі адміністрацыі горада, упраўлення культуры, дэпутаты гардумы, а таксама партнёры нашай суполкі з Рускага культурнага цэнтра, прадстаўнікі з іншых нацыянальна-культурных цэнтраў горада. Прыехала шмат гасцей з Жыгулёўска і Сызрані.

Канцэртную праграму адкрыў аркестр народных інструментаў і хор Дзіцячай школы мастацтваў “Гармония”. А наш народны ансамбль беларускай песні “Купалінка” выступіў у абноўленым складзе, прадставіў новую цікавую праграму. “Купалінка” спявала песні, якія падарылі нам сябры з Беларусі. Прыгожыя нумары паказалі нашы сябры з Ліцэя мастацтваў — узорны ансамбль “Лицей”. А навучэнцы Дзіцячай школы мастацтваў імя М. А. Балакірава спявалі “Малінавы звон” і “Вы шуміце, бярозы”.

Дзяніс — самы юны спявак

Усіх прысутных са святам ад сябе асабіста і ад імя мэра Сяргея Анташава павіншавала кіраўніца аддзела этнаканфесійных адносін Упраўлення ўзаемадзеяння з грамадскасцю мэрыі Ірына Шчокіна. Яна ж уручыла Падзячны ліст Людміле Дзёмінай, кіраўніцы суполкі “Нёман”. І Падзячныя лісты ад Самарскай губернскай Думы атрымалі актывісты беларускай суполкі — старшыня праўлення “Нёмана” і кіраўніца народнага ансамбля беларускай песні “Купалінка” Людміла Дзёміна, намеснік старшыні праўлення па працы з моладдзю й сувязях са СМІ Сяргей Шылкін, а таксама нашы творчыя партнёры: хормайстр Інэса Лопарава ды намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце 91‑й школы Вольга Гудзілава. Ад Самарскага Дома дружбы народаў Падзячныя лісты атрымалі Людміла Дзёміна, Сяргей Шылкін, Інэса Лопарава і салістка гурта “Купалінка” Екацярына Вашчанка.

На сцэне — Екацярына Вашчанка

Прыемна было нам бачыць радасныя твары, усмешкі гледачоў, якія доўга дзякавалі арганізатарам за цудоўную імпрэзу.

Кацярына Салановіч, г. Тальяці

Ад рэдакцыі. Кіраўніца беларускай суполкі з Тальяці Людміла Дзёміна паведаміла яшчэ, што ў лютым і сакавіку беларускія гурты правялі канцэрты ў плыні ўласнага праекта “Завіруха”. Пад такім адметным беларускім словам выбудавалі праграму з савецкіх песень, прысвечаных зіме. Канцэрты прайшлі ў тальяцінскім Доме дружбы народаў, 46‑й школе і ў Палацы культуры. “Новы склад удзельнікаў цяпер у “Купалінцы”, — удакладняе Людміла Іванаўна. — Прыйшлі былі новыя падлеткі, ды за паўгода працы гурт неяк не набыў добрую творчую форму, то ізноў была ратацыя. Цяпер у ансамблі спявачкі ў асноўным ад 20 да 55 гадоў: дзве студэнткі, настаўніца, дзве работніцы культуры. Са старога складу — адна таленавітая 12‑гадовая салістка Екацярына Вашчанка. Што да праекта “Завіруха”, то нашы слухачы вельмі рады былі пачуць песні сваёй маладосці. Спявалі мы, вядома ж, і папулярныя беларускія песні на зімовую тэму. А калі я сама спявала вядомую песню з рэпертуару Маі Крысталінскай “А снег идет” — уся зала падпявала. Вядучай на канцэртах была Маша Шылкіна, мая ўнучка. Яна ўжо дасведчаная вядучая, ёй гэта падабаецца, і вядзе праграмы — на беларускай мове”.

Нумар у ПДФ-фармаце

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.