Вы тут

Сангіта Бахадур: Ладжу масты паміж людзьмі...


27 красавіка споўніўся роўна год, як спадарыня Сангіта Бахадур заняла пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Індыі ў Беларусі. Што цяпер агульнага ў нашых краін і народаў, што можа быць у будучыні, чым яны блізкія паміж сабою і як яшчэ больш іх зблізіць — пра гэта наша з ёй гутарка.


Сустрэча з Індыяй для многіх беларусаў пачынаецца з афармлення дакументаў менавіта тут: у невялікім асабняку Амбасады Індыі ў Беларусі, па мінскай вуліцы Собінава, 63. Сюды не даносіцца гарадскі шум. У гэтым раёне сталіцы, непадалёк ад вуліцы Максіма Багдановіча, якая вядзе ў мікрараён Зялёны Луг, пераважае прыватная забудова. І тут цішыня. Таму нішто не перашкаджае хатнім коткам няспешна хадзіць па вуліцы, яны грэюцца на сонейку ля плота Амбасады. Добра чуваць, як спяваюць птушкі, радуючыся новай красавіцкай вясне.

Чакаючы прызначанага часу, перамаўляемся: та-а‑ак, вось гэтая «неглабалізаваная» жыццёвая прастора, мабыць, па душы супрацоўнікам Амбасады. Не ведаем, чым менавіта прыцягнула яе заснавальнікаў у свой час (індыйская дыпмісія адкрылася ў Мінску ў 1992 годзе) такая «гарадская глыбінка», але яны — відавочна не пралічыліся. Пэўна, кіраваліся пры выбары месца прынцыпамі Аюрведы — Навукі Жыцця. Вось і спадарыня Сангіта Бахадур ужо праз паўгода пасля таго, як уступіла на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Індыі ў Рэспубліцы Беларусь, неяк распавядала нашым калегам, што па-сапраўднаму ўлюбілася ў краіну і яе сталіцу: «Мінск — адзін з самых прыгожых гарадоў, якія бачыла. Ён сучасны, чысты, зручна забудаваны. Мне падабаецца бываць у Верхнім горадзе, глядзець пастаноўкі ў Вялікім тэатры оперы і балета, наведваць дэльфінарый, хадзіць па крамах. Тут жывуць цудоўныя людзі, з многімі паспела пасябраваць. У Мінску вельмі камфортна».

Да шчырай і душэўнай размовы схільная і спадарыня Амбасадар, прыгожая жанчына ў сары з дзіўна жывым тварам, уважлівым позіркам, добрай усмешкай. Ніякай наўмыснай позы, трымання дыстанцыі, жадання падкрэсліць сваю значнасць. Мы лёгка зносіліся з ёй, атрымліваючы асалоду ад індыйскага чаю масала і ад самой размовы, больш за дзве гадзіны — як добрыя знаёмыя, з задавальненнем выяўляючы агульныя звычкі, густы, знаходзячы нават падобныя падыходы да жыцця, людзей, падзей у навакольным свеце.

— Для многіх беларусаў, асабліва старэйшага пакалення, Індыя — гэта сланы, чай, кіно з Радж Капурам. Для тых, хто маладзейшы — гэта ўжо і Гоа, і турызм у цэлым, і мастацкая амерыканская кінастужка «Жыццё Пі», дзе зняўся індыйскі акцёр Сурадж Шарма, і раман «Шантарам» Грэгары Дэвіда Робертса… Хтосьці шукае ў Індыі духоўныя веды праз медытацыю, ёгу, філасофію Вівекананды, Шры Аурабінда Гхоша, Крышнамурці, Махатмы Гандзі… Нехта ў пошуку здароўя — праз Аюрведу… Што, на ваш погляд, спадарыня Амбасадар, варта з вашай вялікай краіны «экспартаваць» Беларусі з гэтых каштоўных «прадуктаў»? І што для гэтага робіць Амбасада?

— Тое, пра што вы зараз гаворыце, — гэта як бы адлюстраванне маёй краіны ў мінулым. Цяпер важна, што людзі ездзяць у Індыю і бачаць, як яна мяняецца. Вы не згадалі яшчэ сектар інфармацыйных тэхналогій, IT. А сёння Індыя — сусветны лідар у гэтай галіне. Таксама ёсць у нас і розныя камерцыйныя праекты, і вялікія перспектывы. Што тычыцца індыйскіх фільмаў, то ўсе яны папулярныя, у тым ліку і з Радж Капурам. Але ў Беларусь за апошнія 20 гадоў, на жаль, не прывозілі новых. А сучасныя індыйскія фільмы вельмі адрозніваюцца ад фільмаў мінулага. І мы можам іх экспартаваць у Беларусь. Таму што цяпер Балівуд — вядомы сусветны феномен. Усё, што я сказала, — гэта ў дадатак да таго, што вы агучылі. Яшчэ, вядома ж, турызм. Мы можам экспартаваць індыйскіх турыстаў у Беларусь. І тут вельмі шмат магчымасцяў. Калі мы больш раскажам у Індыі пра Беларусь — больш турыстаў паедзе ў вашу краіну. І ваша выданне ў гэтым сэнсе можа быць карысным.

— Так, мы стараемся асвятляць тэмы ў нашым часопісе, якія тычацца Індыі. І на міжнародным сайце — issuu.com можна пачытаць «Беларусь. Belarus». Вось і пра свае турыстычныя вандроўкі ў штат Керала мы пісалі раней, а таксама пра адкрыццю ў ліпені 2018 года Цэнтра Аюрведы «SHANTER Welness» пры санаторыі «Пралеска» ў мінулым нумары быў артыкул. Здаецца, спадарыня Амбасадар прысутнічала на яго адкрыцці. Што скажаце аб прасоўванні Аюрведы, якой 5000 гадоў, у Беларусь? Ці асабіста вы аздараўліваецеся пры яе дапамозе? Якія рэкамендацыі выкарыстоўваеце?

— Так, я была на адкрыцці Цэнтра Аюрведы «SHANTER Welness». Мне вельмі спадабалася, як прыстасаваны будынак — гэта прыгожа. Спадабаўся персанал, які яны набралі. На жаль, больш там не была, але я ўпэўненая: справы ў Цэнтры ідуць добра. Што тычыцца парадаў з Аюрведы. Мяркую, Аюрведа — гэта частка жыцця любога індыйца. Часам мы нават не задумваемся, што прытрымліваемся яе рэкамендацый. І думаем: яны бабуліны ці бацькоўскія, народныя. Вось у нас, да прыкладу, кажуць, што нельга піць ваду стоячы. А, аказваецца, гэта парада з Аюрведы: трэба прысесці і толькі тады піць. Не спяшаючыся. Я нават аўтаматычна гэта рабіла, не ведаючы, што гэта адтуль. Яшчэ мы ведаем, што нельга змешваць некаторыя прадукты — гэта таксама старажытныя веды. І ўсе мы час ад часу выкарыстоўваем нейкія аюрведычныя прэпараты, у асноўным харчовыя дабаўкі. Яны не такія моцныя па ўздзеянні, як медыцынскія таблеткі. Гэтыя прэпараты могуць быць у капсулах, парашках. Мы іх ужываем разам з ежай. І яны працуюць працяглы час — звычайныя медыкаменты дзейнічаюць не так.

— А мы вось прымаем аюрведычную дабаўку «Чаванпраш»…

— «Чаванпраш» у Беларусі? Выдатна! Дарэчы, гэта звычайны аюрведычны прэпарат для любога індыйца, асабліва карысны ён зімой. І для пажылых людзей, якім патрэбна дадатковая энергія. Падкажу яшчэ: у нас вельмі папулярны парашок з расліны турмерыка. Я адчула на сабе: калі вельмі баліць горла і іншыя прэпараты не дапамагаюць, трэба дадаць дробку турмерыкі ў цёплае малако і выпіць. А вы чулі пра дрэва нім? Яго лісце выкарыстоўваецца пры лячэнні дыябету і некаторых скурных захворванняў. Ёсць шмат раслін, якія выкарыстоўваюцца і як сродак для мыцця валасоў — валасы становяцца гладкімі, бліскучымі. Вядома, цяпер не ўсім хочацца гэтым займацца: прасцей купіць шампуні. Але ў Індыі ёсць і тыя людзі, якія робяць гэта традыцыйна.

— Нам яшчэ прыгадалася ў сувязі з «Чаванпраш»: у Індыі яго кошт вытворцы пішуць прама на ўпакоўцы. А ў нас кошт у розных крамах — розны. Цэны рухомыя. З чаго мы зрабілі выснову: у Індыі, напэўна, няма інфляцыі. Помніцца, у часы Савецкага Саюза на чыгуннай патэльні была прама ў метале адліта яе цана. Вось якая стабільнасць была ў рубля. Патэльня каштавала, скажам, 2 рублі 20 капеек — і так было 10, і 20 ці 30 гадоў. Ці сапраўды ёсць такая фінансавая стабільнасць у сучаснай Індыі?

— Я думаю, вы маеце рацыю. У нас сапраўды няма вялікіх скокаў курсаў валют. І кошт тавару, аддрукаваны на ўпакоўцы, даўно пралічаны і вытворцамі, і гандлярамі. Пралічаны і даход кож- нага. Вядома, ёсць падаткі, якія могуць у розных штатах адрознівацца. Так, эканоміка ў нас — стабільная. Бо Індыя — гэта вялікі рынак. Усе прадукты, якія вырабляюцца, могуць лёгка прадацца ўнутры краіны. Гэта не залежыць ад сусветных рынкаў, скокаў валют там. А ў Беларусі рынак маленькі — вось і даводзіцца арыентавацца на курс долара, расійскага рубля, еўра. І гэта таксама ўплывае на кошт прадукту. У Беларусі некаторыя прадукты вырабляюцца на экспарт, таму што іх складана прадаць на ўнутраным рынку. У Індыі не так. Краіна вялізная, і ўсё можна прадаць унутры яе. а каб зрабіць гэта за м ежамі Індыі, трэба прыкласці намаганні. Калі я кажу пра маленькі рынак, то маю на ўвазе тэрытарыяльную асаблівасць. І, магчыма, чым большая краіна — тым рынак больш стабільны. У Індыі менавіта так.

— Мы ведаем, што ў Скідзелі Гродзенскай вобласці адкрыўся беларуска-індыйскі фармацэўтычны завод, які будзе выпускаць 80 мільёнаў таблетак у год — у тым ліку прэпараты для лячэння СНІДу. Ці ёсць праекты, якія прадугледжваюць вытворчасць аюрведычных прэпаратаў?

Адкрыццё фармацэўтычнага завода ў Скідзелі

— Што да праектаў у галіне Аюрведы, то, на жаль, іх у нас пакуль няма. Магчыма, гэта звязана з тым, што аюрведычныя прэпараты ў Беларусі не атрымалі статусу лекавых сродкаў. Мы спрабавалі нешта прасунуць у гэтай сферы, нават накіроўвалі прыклад дамовы ў Міністэрства аховы здароўя Беларусі — пакуль нічога не атрымліваецца. Можа, калі нашы краіны будуць больш цесна супрацоўнічаць у галіне эканомікі, гандлю, то будзе большая цікавасць і да гэтых тавараў. А яна ўжо ёсць! І ўсе прэпараты, якія вырабляюцца ў Індыі, ужо сертыфікаваныя. Праведзены тэсты, іх эфектыўнасць даказаная. Выключаюцца пабочныя негатыўныя эфекты і рызыкі — прэпараты бяспечныя для беларусаў.

— Мы ў тым і самі пераканаліся, на сабе адчулі іх аздараўленчы эфект. Калі будзе неабходнасць — запрашайце як сведкаў па гэтым пытанні. Магчыма, Амбасадзе магла б дапамагчы «прабіваць» гэтае пытанне група з грамадзян Беларусі, якія пабывалі ў штаце Керала ў аюрведычных цэнтрах і адчулі на сабе эфектыўнасць аюрведычных прэпаратаў, працэдур? Ёсць і турфірмы, якія прапануюць аюрведычныя туры: аздараўленне кожны год праходзяць сотні людзей. Круглы стол, прэс-канферэнцыі — трэба пра гэта расказваць, рыхтаваць грамадскую думку.

— Дзякуй. Будзем гэта мець на ўвазе.

— Што скажаце пра іншыя перспектыўныя праекты у галіне эканомікі?

— У сферы эканомікі рэалізуецца шмат сумесных беларуска-індыйскіх праектаў. Ужо ў студзені 2019‑га мы дасягнулі ўзаемнага гандлёвага абароту ў памеры 66 млн долараў. Велізарная сума, калі глядзець на гадавыя лічбы! Многія беларускія кампаніі ўжо маюць свае прадстаўніцтвы ў Індыі. Напрыклад, «Беларусьнафта» паспяхова там працуе. «Гомсельмаш» стварае сумеснае прадпрыемства з індыйскай кампаніяй «Махіндра і Махіндра» і збіраюцца выпускаць сваю прадукцыю. Прадаецца ў Індыю горназдабыўнае абсталяванне беларускай вытворчасці і, здаецца, пачаўся продаж беларускіх тралейбусаў. Шмат чаго адбываецца ў абароннай сферы... Шукаем такія тэхналогіі, якія дазваляюць падтрымліваць чысціню, будаваць параўнальна невялікае па кошце і добрае па якасці жыллё. Шукаем таксама тэхналогіі для разумнага электразабеспячэння, водазабеспячэння, ачысткі вады. У Беларусі ёсць кампанія Скай Вэй — гэта струнныя тэхналогіі, падвесны транспарт. У Індыі ён мае велізарны патэнцыял, асабліва ў горных раёнах, у лясных масівах, дзе дарогу не дазваляюць будаваць з‑за таго, што прыйшлося б высякаць дрэвы. Для нас цікавая і малочная прамысловасць: тэхналогіі перапрацоўкі малака. І беларуская дэкаратыўная касметыка, якую я люблю. Бачыце, як шмат сектараў для супрацоўніцтва! А мы не толькі не пачыналі працу — і не задумваліся раней, што можам у іх працаваць. У Беларусі ёсць цікавасць да экспарту ў Індыю ўжо упакаваных беларускіх прадуктаў. Тут пытаюць: дзе можна будаваць аўтазапраўкі? У Беларусі каля 7000 аўтазаправак, а мы ў Індыі будуем дадаткова 6000 кожны год. І гэта таксама добрая сфера для супрацоўніцтва. Перспектывы — вялізныя. Я ўпэўненая: на працягу некалькіх гадоў, калі за гэта ўсе возьмемся, то адбудзецца прама-такі рэвалюцыя ў нашых гандлёва-эканамічных адносінах.

Прыём з нагоды Дня Рэспублікі Індыі 25 студзеня 2019 года. Злева ад Амбасадара міністр прамысловасці Беларусі Павел Уцюпін

— Вы казалі пра упакаваныя беларускія прадукты. Да якіх канкрэтна, на ваш погляд, можа быць у Індыі цікавасць?

— У прынцыпе гэта можа быць і пастаўка прадуктаў у абодва бакі. Але лепшае рашэнне, на мой погляд, стварыць сумесныя прадпрыемствы ў Індыі. Ёсць праблема: 40 працэнтаў сельгаспрадукцыі, якая вырашчана ў нас, знікае. У Індыі не хапае прадпрыемстваў, якія маглі б усё гэта перапрацаваць, запакаваць і захаваць. І лепш за ўсё было б стварыць сумесныя прадпрыемствы ў Індыі, а потым прадаваць там ўпакаваную прадукцыю, альбо ў Беларусі, альбо ў трэціх краінах. А калі проста экспарт — тады будуць накладвацца ліміты. Цяпер Беларусь вядомая сваімі якаснымі малочнымі прадуктамі, сырамі. Але Індыя — самы вялікі ў свеце вытворца малочных прадуктаў. І экспарт іх з іншых краін будзе падрываць эканоміку Індыі, таму не вітаецца ў нас. А вось калі стварыць там сумеснае прадпрыемства па вытворчасці малочных прадуктаў, прывезці свае тэхналогіі, то гэта будзе ўзаемавыгадна для абедзвюх эканомік. Мы зможам дасягнуць поспехаў. У сучасным свеце кожная краіна абараняе свой рынак. І проста экспартаваць прадукты — не заўсёды лепшы варыянт.

— Пагаворым крыху аб праектах у сферы культуры. Ці задаволеная спадарыня Амбасадар працай Індыйскага культурнага цэнтра ў Мінску?

— Вельмі задаволеная. У Цэнтры ёсць спецыяльныя заняткі па індыйскіх танцах, індыйскай музыцы, паказваюць індыйскія фільмы. Ёсць і заняткі па ёзе, моўныя курсы. Тыя, хто гэта ўсё арганізуе, робяць вялікую працу, наколькі гэта магчыма з іх абмежаванымі рэсурсамі. Мы цяпер спрабуем забяспечыць ім фінансавую падтрымку з Індыі. Прычым я ўпэўнена: як толькі гэта адбудзецца — дзейнасць Цэнтра яшчэ пашырыцца. І як Амбасада мы таксама працуем у гэтай галіне. У нас праходзяць рэгулярныя бясплатныя заняткі па ёзе — 3 разы на тыдзень.

— Мы ў гэтым зацікаўленыя.

— Выдатна! Пазнаёміцеся потым з нашым выкладчыкам — і сардэчна запрашаем! У нас яшчэ ёсць заняткі па танцах: дзяўчынкі танчаць і балівуд, і бхаратнацьям, і катхак — гэта класічныя формы індыйскага танца. А ў мінулым месяцы мы адкрылі кінаклуб: будзем праводзіць рэгулярныя кінапаказы прама ў Амбасадзе. Запрашаем!

— Дзякуй. Прыйдзем абавязкова.

У часе закладкі Сада дружбы ў адной з гімназій Слоніма

— Так, але майце на ўвазе: Радж Капур тут, у Беларусі яшчэ жыве — але для індыйцаў гэта далёкае-далёкае мінулае. І цяпер, паўтаруся, важна паказаць новыя індыйскія фільмы. А яны вельмі змяніліся. Яшчэ адзін наш напрамак — кантакты са школамі. Мы там працуем: расказваем школьнікам, настаўнікам пра індыйскую культуру. У Беларусі да таго ж ёсць шмат калектываў, якія нейкім чынам звязаныя з Індыяй: альбо праз танцы, альбо праз музыку. І яны нам таксама дапамагаюць прасоўваць індыйскую культуру. Мы іх запрашаем на розныя мерапрыемствы. Гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва — бо індыйская дыяспара тут вельмі маленькая: у Мінску жыве каля 50 індыйцаў, яшчэ 50 — па іншых гарадах. Але з кожным годам усё больш індыйскіх студэнтаў. Прыкладна ўсіх — каля 500 чалавек.

— Ёсць і беларуска-індыйскія сям’і?

— Так, у асноўным яны і ёсць. Хлопцы з Індыі жэняцца з беларускімі дзяўчатамі. З 50 сем’яў — мусіць 40 менавіта такі варыянт. Ёсць і некалькі мужчын, якія ажаніліся з індыйскімі дзяўчатамі. І пераехалі ў Індыю.

— Добра было б зрабіць да Дня незалежнасці Індыі сустрэчу такіх беларуска-індыйскіх сем’яў. Папрасіць іх падрыхтаваць выступленні, нумары самадзейнасці, выставу дзіцячых малюнкаў, дэгустацыю страў… А можна і запрасіць кіраўнікоў турагенцтваў, якія дапамагаюць беларусам падарожнічаць па Індыі, і наадварот. Гэта б магло быць цікава — і для журналістаў. Мы змаглі б больш расказаць пра людзей, якія стварылі вось такія інтэрнацыянальныя сям’і, на іх прыкладзе — пра сяброўства нашых народаў.

— Мы запрашаем гэтыя сем’і да нас не менш чым два разы на год: на святкаванне Дня незалежнасці — 15 жніўня і Дня Рэспублікі — 26 студзеня. І нават часцей: у нас такія святы, як Холі і Дзівалі, адзначаюць разам. А ваша прапанова — зрабіць гэта з канцэртам, запрашэннем журналістаў — цікавая.

— І, дарэчы, у Доме дружбы можна такое мерапрыемства правесці. Каб дзеці змаглі паказаць свае таленты, паспяваць, патанцаваць…

— Ідэя добрая, падумаем.

— Дазвольце задаць такое пытанне: ці займаецца спадарыня Амбасадар ёгай?

(усміхаецца) Асаны не раблю, можна сказаць, што не займаюся, за выключэннем дыхальных і медытатыўных практык. Аддаю перавагу заняткам у трэнажорнай зале. Ёгай, якая, ведаю, вельмі карысная для здароўя, трэба займацца сістэмна. Магчыма, для гэтага трэба выпрацаваць больш цярпення.

— А ровар вам падабаецца?

— На велатрэнажоры хіба што займаюся — не за межамі дома.

— У Мінску, як вы ведаеце, шмат камфортных веладарожак. І мы аднойчы ў раёне мінскага вадасховішча Цнянка бачылі вашага папярэдніка на пасадзе Амбасадара Індыі, які прагульваўся.Праўда, ён былі не на ровары.

— Цяпер мы пераехалі з таго месца: у нас новая рэзідэнцыя. І ў ёй цалкам абсталяваная трэнажорная зала.

Амбасадар у сярэдняй школе №14 у Маладзечне

— Веладарожка Мінска даўжынёй больш за 30 кіламетраў, ідзе ўздоўж Свіслачы — па вельмі прыгожых месцах. Можна ўвесь Мінск убачыць з іншага ракурсу. Многія мінчане ладзяць для сваіх сяброў, якія прыязджаюць да іх у госці, вандроўкі на роварах.

— Ну, раз у вас столькі пытанняў пра ровары — мы вам сёе-тое цікавае праанансуем. Цяпер Урад Індыі абвясціў 2‑гадовае святкаванне 150‑годдзя Махатмы Гандзі: з 2 кастрычніка 2018‑га па 2 кастрычніка 2020 года. У сувязі з гэтым амбасады Індыі ў розных краінах арганізуюць шэраг імпрэзаў. Некалькі мы ўжо правялі. А наступнай будзе — велапрабег, прысвечаны юбілею Махатмы Гандзі, які адбудзецца 8 чэрвеня. Гэта субота, выхадны дзень. А велапрабег мы ладзім для таго, каб прыцягнуць увагу людзей да праблем навакольнага асяроддзя. Маршрут — не вельмі доўгі: ад Парку Горкага да Лошыцкага парку. Дарожка не можа змясціць шмат людзей — будзе абмежаваная колькасць удзельнікаў: каля 100 чалавек. Запросім дыпламатаў, прадстаўнікоў МЗС, іншых выбітных людзей. Будзе створаны адмысловы рэгістрацыйны форум, дзе ахвочыя таксама змогуць запоўніць анкету і праехаць гэтым маршрутам.

— І трэба, каб наперадзе ехаў тук-тук (смяемся). Бо не ўсе яшчэ ў Беларусі ведаюць, што ў Індыі асноўны грамадскі транспарт — гэта ўжо не веларыкшы, а іх паўсюль змянілі тук-тукі: трохколавыя матацыклы з кабінкай для пасажыраў.

(смяецца) Я растлумачу, чаму абралі такі маршрут. У лістападзе мінулага года мы высадзілі ў Лошыцкім парку 150 дрэваў і квітнеючых кустоў — гэта мерапрыемства ладзілася таксама да 150‑годдзя Махатмы Гандзі.

— Памятаем, пра тое паведамлялі СМІ. Мы вельмі паважліва ставімся да гэтага вялікага чалавека і падтрымаем такія цікавыя праекты — як журналісты. А вас просім расказаць, якія стравы былі папулярнымі ў вашай сям’і. І якім стравам аддаяце перавагу, жывучы ў Беларусі?

— У мяне па гэты час любімая страва, што гатавалася ў нашай сям’і: смажаная бульба. Прычым смажыцца яна разам са скуркай, чыста вымытай. Тоненька наразаецца — на амаль празрыстыя лустачкі. Запраўляецца вялікай колькасцю сухіх спецый. Я люблю гэтую страву спажываць з індыйскім хлебам паратха. Бульба пры тым смажыцца на гарчычным масле, што дадае пэўнага ёй смаку. І калі я чымсьці засмучаная, і калі шчаслівая і хачу адсвяткаваць нейкую асаблівую падзею — прашу яе прыгатаваць.

— Нам таксама вельмі падабаецца смажаная бульба! І больш за тое: прыдумалі страву, нешта сярэдняе паміж дранікамі і бульбай фры. Бульба трэцца на буйную тарку, падсольваецца і выпякаецца ў форме вялікага бліна. І таксама дадаецца шмат спецый — кмен, кроп, каляндра і тыя, што прывезлі з Індыі. Любім гатаваць на топленым сметанковым масле, вядомым у Індыі пад назвай гхі.

— Масла гхі становіцца ўсё больш папулярным. Магчыма, таму, што многія знакамітасці ў Галівудзе яго ўжываюць у ежу, і яно ў модзе. І дактары гавораць пра яго карыснасць. Мне заўсёды падабалася гхі, нават калі ежа прыгатаваная на іншым алеі — дадаю яго: для смаку і водару.

— Мы вам рэкамендуем яшчэ паспытаць і беларускае масла гхі, якое гаспадыні прывозяць са сваіх прыватных гаспадарак у Мінск, на Камароўскі рынак. Вельмі смачнае.

У Гомельскім дзяржуніверсітэце перад сустрэчай з індыйскімі студэнтамі

— Трэба будзе паспытаць. Але я сама купляю звычайнае масла і ператапліваю. А з беларускіх страваў мне падабаюцца дранікі — яны падобныя на індыйскую страву алуцікі: алу — бульба, цікі — цёртая. І спецыі дадаюцца. Спажывала ўжо стравы з кураціны, рыбы. Ялавічыну я не ем. І што дзіўна, ніколі не магла падумаць, што мне спадабаецца ежа без вялікай колькасці спецый у адрозненні ад той, якая была дома. Што б ні спажывала — падабаецца ўсё. Асабліва запомніліся стравы ў адным рэстаранчыку ў Віцебску, дзе ежа была проста цудоўная. Там я была ў час аднаго з фестываляў у сферы культуры. Падабаюцца і стравы рэстарана «The View» у Мінску — на хмарачосе, на самым высокім паверсе. Кухня там выдатная.

— А як вам італьянскі рэстаран «Ла Скала» пра кухара якога мы пісалі?

— Так, я чула пра яго, і збіраюся туды схадзіць. Яшчэ мне падабаюцца беларускія супы.

— У тэлеперадачы «Кулінарная дыпламатыя» вы расказвалі пра шматлікія цікавыя моманты, якія тычацца вашага першага дыпламатычнага і кулінарнага досведу, які пачаўся ў Іспаніі. Раскажыце пра гэта і нашым чытачам. І чаму, па-вашаму, індыйская кухня ўваходзіць у пяцёрку самых папулярных кухняў свету?

(смяецца) Усе, хто мяне ні сустракае — кажуць: у «Кулінарнай дыпламатыі» мы вас бачылі. Вы выдатна гатуеце! (Смяецца). Хоць я на самай справе практычна нічога не гатую. А да перадачы папрасіла сваіх памочнікаў па доме хутка навучыць мяне таму, што смачна і проста гатуецца (агульны смех). Відаць, гледачам спадабалася, як я гаварыла, а не як гатавала.

— Мабыць, так: тэлегледачы ж не маглі паспытаць, што вы тады згатавалі…

— Я расказвала ў часе тэлеперадачы, як была маладым дыпламатам у Іспаніі. Першы амбасадар у маім жыцці быў мужчына, выдатны чалавек і кіраўнік. Потым яго змяніла на пасадзе жанчына — яна была вельмі строгая: як цмок. А разам са мной працавалі яшчэ 3–4 маладыя дыпламата — мы вывучалі там іспанскую мову. Прыйшла аднойчы Амбасадар, запытала: калі ваш наступны экзамен? Сказалі: праз 6 месяцаў. Яна: не, так не пойдзе. Праз 3 месяцы — і кропка. Наступнае пытанне было такім: як вы дома адпачываеце? Мы адказваем: гасцей не запрашаем, гатаваць не ўмеем. Амбасадар: не, так не пойдзе… Я Амбасадар, і я ўмею гатаваць. А ты (глядзіць на мяне) усяго толькі трэці сакратар — і не ўмееш. Я прыйду да цябе праз тыдзень дадому. І ты павінна прыгатаваць цэлы абед. І нічога — з рэстарана. У мяне пачалася страшэнная паніка! Тэлефаную маме: дапамажы, навучы… Мама ў адказ: я цябе ўсё жыццё спрабавала гэтаму навучыць… А цяпер што рабіць? Пакутуй, кажа… Я не магу цябе навучыць, хіба што даць пару парадаў. І дала. За адзін тыдзень нечаму я навучылася. Ежа была прыгатаваная напалову. Магчыма, і спецыі не так я змяшала. Але Амбасадар паспытала, з’ела — і засталася жывая! Сказала: для пачатку — нармальна, табе варта вучыцца далей. І з таго часу я больш не гатую. Праўда, умею заварыць смачны чай, зварыць смачную каву, прыгатаваць вельмі добры амлет і зварыць яйкі… І, вядома, калі вельмі трэба — таксама яшчэ што-небудзь зраблю.

— Пра добрую бульбу скажам. У нас пад Нясвіжам ёсць знаёмы гаспадар-настаўнік, які на прысядзібным участку вырошчвае выдатную бульбу, сорт — Пралета, яна ранняя і вельмі смачная. Там і купляем. Можам прывезці.

(усміхаецца) Так, куплю цэлы мех!

— Але спачатку на пробу?

— Згодна, вязіце!

— (жартуем) А можа вам паехаць паглядзець і сам Нясвіж, і бульбяное поле?

— О, мы ўжо бывалі ў Нясвіжы, мне спадабаўся Нясвіжскі замак. А бульбяныя палі бачу ўздоўж дарог.

— Пад Нясвіжам, дарэчы, у нас бацькоўскі дом, шмат яблынь у садзе …

— Мне падабаюцца беларускія яблыкі. У нас каля старой рэзідэнцыі былі фруктовыя дрэвы. І пладоў — вялікая колькасць мінулым летам. Іх елі, раздавалі — але яны не заканчваліся.

— Вось такая шчодрая наша беларуская зямля! Ураджайны год, сапраўды, быў… Аднак, працягнем па пытаннях інтэрв’ю. Дзе спадарыня Амбасадар нарадзілася? І хто вашыя бацькі?

— Бацька мой быў старэйшым падатковым інспектарам, дзяржслужачым. Памёр у 1992‑м. Ён шмат перамяшчаўся па працы. Я ў Калькуце нарадзілася, а школу і універсітэт заканчвала ўжо ў Мумбаі. Бацька быў вельмі сімпатычным, разумным, інтэлігентным чалавекам. Вельмі любіў чытаць: не мог адкласці кнігу і на 5 хвілін. Нават калі ён прысеў выпіць шклянку вады, і няма кнігі пад рукой, то возьме нейкі кавалак газеты, і будзе чытаць. У яго ў галаве было шмат інфармацыі: ад фізікі да літаратуры. Калі задасі яму пытанне, то ён цэлую лекцыю, на гадзіну прачытае. Бацька прытрымліваўся прынцыпаў жыцця Гандзі. Ён і мяне навучыў так жыць: каб не рабіць балюча іншым людзям, і як іх не крыўдзіць. А ў той жа час ён быў вельмі строгім бацькам. Калі ты маленькі, малады, табе вельмі не падабаецца такая строгасць. Але я ўсё роўна яму вельмі ўдзячная за такое выхаванне і за тыя каштоўнасці, якія ён мне прышчапіў. Гэта і любоў да чытання, літараў, пісьменніцтва. Гэта ўсё — ад яго. Калі ты дзяржслужачы, то не атрымліваеш вялікіх дывідэндаў, у цябе трохі грошай. Але ён ніколі не казаў «не», калі гэта тычылася кніг. А мама была хатняй гаспадыняй. Адрознівалася ад яго. І разам яны далі мне добрае выхаванне.

— Мама ваша дзе цяпер?

— Яна і малодшая дачка са мной у Мінску жывуць.

— Мы чыталі, што вы шмат падарожнічалі па Беларусі з мамай. Што б яшчэ хацелася вам паглядзець?

— Ну, вельмі шмат я не падарожнічаю — няма калі. А першы цяпер у спісе — горад Брэст. Хачу ўбачыць Брэсцкую крэпасць. І другі — горад Ліда: там кожны год праходзяць рыцарскія турніры. Хочацца ўбачыць і стары замак, і рыцарскі турнір. Але калі выпадае некалькі выхадных дзён, то я аддаю перавагу Індыі. Там муж мой жыве. І тут у мяне насычаны графік: шмат падарожнічаць не атрымліваецца.

— Як праходзіць сярэднестатыстычны працоўны дзень Надзвычайнага і Паўнамоцнага Амбасадара Індыі ў Беларусі?

(смяецца). Пра гэта пытаецца часам і мая старэйшая дачка: чым ты, мама, там займаешся? Вялікую частку часу ў мяне займае папяровая праца. Скажам, перапіска з міністэрствамі. Гэта кансультацыі: што трэба рабіць і што не трэба. Праца Амбасадара — гэта не проста сядзенне ў офісе, разграбанне папер. Трэба ўсталёўваць кантакты. Павышаць узровень дасведчанасці людзей. Наладжваць сяброўскія адносіны. Амбасадар сустракаецца з вялікай колькасцю людзей: альбо яны сюды прыходзяць — як вы сёння, альбо я да іх іду. Маю зносіны з людзьмі рознага ўзроўню: з МЗС, міністэрстваў, з гарадскімі ўладамі. І гэтыя зносіны прыносяць свой плён. Таму што ёсць зрухі: і ў эканоміцы, і ў культуры, і нават на палітычным узроўні. Цяпер у Індыі, як вы ведаеце з навін, выбары — чакаем іх заканчэння. Новы ўрад прыйдзе да ўлады. Будзе яшчэ не адзін візіт. Асноўны прынцып працы Амбасадара — гэта ладзіць масты паміж людзьмі. Вось я ладжу масты…

— Гэта значыць, вы — як архітэктар будучыні... Але мы ведаем, што вы яшчэ і пісьменніца. А ці знаходзіцца ў Мінску цяпер, як раней, часу для напісання мастацкіх твораў?

— Час знаходзіць для творчасці вельмі складана. Ёсць шмат працы ў офісе, ёсць сацыяльная адказнасць: мець зносіны з людзьмі, завязваць кантакты, наведваць прыёмы, абеды, вячэры. Але выхадныя — гэта мой час. У суботу і нядзелю абавязкова выкройваю некалькі гадзін, каб заняцца пісьменніцтвам. Я апублікавала дзве кнігі, трэцяя ўжо гатовая: хутка пойдзе ў друк. Працую над некалькімі іншымі. Калі сяджу за камп’ютарам, то пачынаюць з’яўляцца думкі, і я адчуваю сябе жывой. У цябе такое пачуццё, што ты ствараеш нешта, даеш нешта свету, сябе выказваеш. Можна гэта назваць хобі. Ці другой кар’ерай. Вось гэтыя ўсе думкі ты прапускаеш праз галаву і сэрца, праз душу — і атрымліваеш ад гэтага задавальненне. Таму што на сваёй пасадзе я не магу цалкам выказаць сябе як асоба — я выказваю пераважна тое, чаго хоча індыйскі Урад. А ў творчасці, за працоўным сталом як пісьменніца я выказваю сябе.

— Па гараскопе вы хто?

— Па індыйскай астралогіі — Шалі, па традыцыйна ўсталяванай — Рак. Я веру ў гараскопы. Як і разумею: усе гэтыя ісціны не выбітыя на камені. Яны абагульненыя, але ў прынцыпе большасць трактовак нашых характараў падыходзіць.

— Ці бачылі вы, як у Беларусі праходзіць свята Купалле?

— Пакуль яшчэ не, а ў гэтым годзе ў Дудуткі запрошаная.

— У народнай беларускай традыцыі асноўныя святы звязаныя з шанаваннем Сонца: Каляды — 25 снежня і Купалле — 24–25 чэрвеня. Яны звязаныя з ведычнымі святамі шанавання Сонца, у ведызме гэта шанаванне Сур’я.

— У Індыі таксама шмат святаў, звязаных з Сонцам. Адно ў студзені, калі сонца змяньвае сваё становішча. Паварочваецца на поўнач. У розных штатах ёсць розныя назвы ў гэтага свята.

— Мяркуем, спрадвечна гэта тое ж самае свята. Але мы жывем у розных шыротах. І сонца ў нас па-рознаму, у розны час праходзіць свае «паваротныя кропкі». І яшчэ. Навукоўцы даказалі: шмат ёсць падобных словаў у славян, у беларускай мове і ў санскрыце. Нават Мейеведа — гэта даслоўна ў беларусаў: мае веды. І, скажам, індыйскі пост, які называецца Чатурмасья, доўжыцца чатыры месяцы. Па-беларуску гучыць: чатыры месяцы.

— Сапраўды, падабенства ёсць. Я спрабавала вывучаць рускую мову — заўважыла падобныя словы. Асабліва ў ліку.

— Гэта, пэўна, сведчыць пра наша далёкае агульнае мінулае. Мы браты і сёстры.

— Так і ёсць! Я мяркую, што ўсе славянскія мовы вельмі падобныя з санскрытам. Ёсць нейкі агульны пачатак, або аснова. Вось прыклад. Мой калега з Балгарыі паехаў у Індыю пагасціць. І гаспадыня дома гаварыла толькі на хіндзі, а ён на балгарскай і англійскай. Так што не ведалі яны агульнай ніводнай мовы. Але калі яна на хіндзі прапанавала яму папіць чаю — чай пеньгі? — ён адразу ж зразумеў, што яна яму прапануе чай. Таму што на балгарскай мове гэта вельмі падобна гучыць. І некаторыя словы рускія я разумею дзякуючы таму, што вывучала балгарскую, калі была ў Балгарыі на дыпламатычнай службе.

— І мы яшчэ заўважылі: ваша англійская мова не падобная на тую, якую мы чулі ў штаце Керала, дзе больш гавораць на малаялам.

(смяецца) О, я сама больш разумею рускую, чым малаялам, або тамільскую: гэта складаныя старажытныя дравідскія мовы.

— А якімі самі валодаеце?

— Хіндзі — мая родная. Яшчэ англійскай валодаю, а таксама іспанскай, трохі балгарскай. Нешта разумею на рускай, крыху размаўляю па-французку… А вераванне ў нашай сям’і — хінду, індуізм. У нас цэлы пантэон багоў. У індуізме лічыцца, што адзін Бог прадстаўлены ў некалькіх вобразах… У Індыі так: калі вам падабаецца Бог у нейкім вызначаным вобразе, выбірайце яго і яму пакланяйцеся. Так у нас і робяць тыя, хто спавядае індуізм. Таму з боку здаецца, што ў ім шмат багоў.

— Па сутнасці, гэта ёсць розныя праявы адной і той жа касмічнай энергіі. У беларускіх народных, паганскіх вераваннях пры ўдумлівым падыходзе можна знайсці падобныя светапоглядныя мадэлі. Скажам, жаночыя энергіі, жаночы пачатак у сімвалах нашай першарэлігіі — паганстве — выяўляецца, асэнсоўваецца ў вобразах Вясны, Купалінкі, Лады, а потым і Мары, Марэны: у залежнасці ад пары года.

— У Індыі таксама ёсць бажаство, якое ўвасабляе жаночую энергію, энергію стварэння: гэта Шакці. А Шыва — гэта энергія разбурэння старога ў імя новай творчасці. Шакці і Шыва ўвесь час узаемадзейнічаюць. І таму ўсё ў гэтым свеце нараджаецца, потым руйнуецца, і зноў адраджаецца. Ім, гэтым чароўным энергіям, трэба ўвесь час быць разам, каб жыццё працягвалася. Бог — адзін. А ў розных рэлігіях ёсць толькі розныя формы, якім мы яго бачым і ўяўляем сабе.

— Дзякуй вам за цікавую гутарку.

— Дзякуй і вам. Спадзяюся, у нашых краін усё атрымаецца.

Гутарылі Іван і Валянціна Ждановічы.

Аўтары выказваюць падзяку Юліі Цэван, перакладчыцы і сакратару Амбасадара, за супрацоўніцтва.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.