Вы тут

Касманаўт і “Нарачанская зорка”


Расійскі касманаўт з беларускімі родавымі каранямі Алег Навіцкі сустрэўся на Мядзельшчыне з Бабуляй- траўніцай і даведаўся пра лекавыя ўласцівасці розных беларускіх раслін


Ці ведаеце вы, што палявы васілёк, даўні сімвал сінявокай Беларусі, можа не проста ўпрыгожваць індыйскі чай? З такога міксу атрымаецца цудоўны напой! Зрэшты, тое не нова — дадаваць у чаі пялёсткі язьміну, ружаў, іншых кветак. Вось і беларусы робяць напой з васільковымі пялёсткамі — пад яскравым брэндам “Kalі Laska”. І не толькі з хлебам-соллю, але й з такім чаем сустракалі на Мядзельшчыне знакамітага лётчыка-касманаўта, Героя Расіі Алега Навіцкага. Ён быў ганаровым госцем у экскурсійна-турыстычным комплексе “Аптэкарскі сад”, што ў Мядзельскім раёне. Прызямліўся ж верталёт з касманаўтам пасярод сасновага бору на зёлкавым полі. Яго мясцовыя жыхары, чула, называюць: Круць-верць поле. Бо, кажуць, ветравыя завірухі бываюць там і ў летнюю пару, і без верталёта.

Алег Навіцкі, як вядома, жыве цяпер у Падмаскоўі, мае расійскае грамадзянства. Ды часта наведваецца ў беларускі райцэнтр Чэрвень, дзе нарадзіўся, да маці, а таксама ў Мінск, дзе жывуць яго сваякі. Сёлета, бачылі мы з тэлерэпартажаў, быў на ўрачыстасці на мінскай Плошчы Перамогі ў Дзень Перамогі. А на Мядзельшчыне 10 мая касманаўт пабываў упершыню. І, казаў пасля, падумвае: ці не адпачыць яму там разам з сям’ёй! Бо “Аптэкарскі сад” аж дыхае здароўем і бадзёрасцю ў Нарачанскім краі, адным з самых экалагічна чыстых рэгіёнаў Беларусі. Побач тры возеры: Нарач, Мястра й Белае. Нарач, найвялікае возера краіны, лучыць з Мястра маленькая рэчка Скема: усяго 180 метраў! Мястра ж, хоць і саступае Нарачы ў памерах, але ні кропелькі не прайграе ў прыгажосці, папулярнасці сярод турыстаў. Дарэчы, у Мядзелі на беразе Мястра нядаўна адкрылі новенькі гатэль, цяпер чакаюць турыстаў з усяго свету. Возера Белае ля вёскі Ніўкі — частка Белаазёрскай зоны адпачынку, і таксама прыцягвае рыбаловаў і турыстаў. Вакол трох азёр — неймавернай прыгажосці лясы й палі.

Спецыялісты кампаніі “У трёх озёр”, даччыной ад прадпрыемства “БелАсептика”, таксама калісьці ацанілі ўсе выгады месца. На 190 га тэрыторыі Нацыянальнага парка “Нарачанскі” пачалі вырошчваць 25 відаў траў ды іншых раслін. На тых землях забаронена выкарыстанне любых неарганічных угнаенняў, пестыцыдаў і гербіцыдаў. Таму травы, узрошчаныя на іх, лічацца арганічным прадуктам. А чай Kalі Laska гатуецца толькі з натуральных чайных лістоў з плантацый Індыі, Шры Ланкі, В’етнама ды іншых краін без дадання фарбавальнікаў, араматызатараў, алеяў: толькі натуральныя чаі ды травы. Вытворцы свядома аб’ядналі экзатычны свет чаю і родны свет беларускіх траў — атрымалі ўнікальны прадукт.

Цяпер кампанія выпускае тры лінейкі чаёў: “Аптэкарскі сад”, “Gusto Botanіco” і “Kalі Laska”. Гарачыя напоі з іх пакаштаваў і касманаўт у часе вандроўкі па “Аптэкарскім садзе”. З дапамогай спецыялістаў “зорны беларус” зладзіў з раслін і сваю чайную кампазіцыю, якую назвалі “Нарачанская зорка”.

Пра карысць траў ды пра тое, як іх вырошчваюць, госцю распавяла Бабуля-траўніца. Дарэчы, у “Аптэкарскім садзе” пазнавальныя экскурсіі для наведнікаў праводзіць менавіта яна. І хатку там сваю мае. Траўніцтва, якім пачала займацца кампанія “У трёх озёр”, было традыцыяй на Беларусі здаўна, тое штукарства й сёння жывое, згадваецца ў шматлікіх казках і паданнях. Вось і ў цэнтры “Аптэкарскага сада” ёсць лабірынт Бабы-Ягі з кустоў біручыны. Там і яе драўляная постаць, далей — агарод з рэдкімі раслінамі. Ёсць на ім, напрыклад, сон-трава, шэраг траваў, занесеных у Чырвоную кнігу.

Асабліва Бабуля-траўніца ганарыцца гінкга білоба, дрэўцам, якое прыжылося ў “Аптэкарскім садзе”. Кажуць, жыве яно на Зямлі больш за 300 мільёнаў гадоў, да таго ж не адносіцца ні да аднаго з масавых відаў раслін, таму вядомы біёлаг Чарльз Дарвін калісьці назваў яго “жывым выкапнем”. Дрэва гінкга білоба знойдзена было ў Азіі, расло раней і ў Еўропе, ды вымерла ў часе ледніковага перыяду. У 1712-м нямецкі ўрач і батанік Энгельберт Кемпфер прывёз расліну ў Еўропу з Японіі. “У лекавых мэтах выкарыстоўваецца лісце: з іх робіцца прэпарат, які дапамагае пры 18 розных захворваннях”, — тлумачыла Бабуля-траўніца.

На Алеі ганаровых гасцей Алег Навіцкі пасадзіў і сваё дрэўца. Яблыньку. Плады яе падыдуць для прыгатавання чаёў. Бо нядаўна беларускія траўнікі таксама ўключылі садавіну й ягады ў рэцэптуру сваіх чайных кампазіцый, як тое модна цяпер на Захадзе. На развітанне касманаўт пакінуў гаспадарам фотаздымак Нарачанскага краю, зроблены з космасу, адказаў на пытанні журналістаў — мы былі якраз у прэс-туры ў Мядзельскім раёне й таксама наведаліся ў “Аптэкарскі сад”.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.