Вы тут

Пімен Панчанка ў Сербіі


У сербскім літаратурна­ мастацкім часопісе “Масты” выйшлі новыя пераклады вершаў удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі


Творы Пімена Панчанкі, так склалася, нячаста й перакладалі на мовы народаў былой Югаславіі. Хаця паэзія аднаго з найболей аўтарытэтных беларускіх паэтаў XX стагоддзя добра вядомая ў розных краінах. Асобныя кнігі Пімена Емяльянавіча выходзілі на ўкраінскай, латышскай, чэшскай, іншых мовах народаў свету. Больш чым два дзясяткі зборнікаў паэзіі нашага суйчынніка пабачылі свет на рускай мове.

Падборка, якая выйшла ў “Мастах” напрыканцы мінулага года, складаецца з шасці вершаў — “Герой”, “Толькі голас”, “Крык сойкі”, “Край паэтаў”, “Родная мова”, “Коні”. Вершы, можна сказаць, класічныя, шырока вядомыя. Пераклала іх Даяна Лазарэвіч.

Гэтую маладую сербскую паэтэсу ўжо добра ведаюць у Беларусі. Па-першае, у друку не раз пісалі пра яе руплівасць у дачыненні да прадстаўлення беларускай паэзіі ў Сербіі. Даяна, варта нагадаць, пераўвасобіла на сербскую й выдала ў Бялградзе асобнай кнігай зборнік паэзіі Максіма Багдановіча “Вянок”. А яшчэ таленавіты творца — перакладчыца паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Алеся Бачылы, Міколы Чарняўскага, Віктара Шніпа, Алеся Бадака ды іншых майстроў беларускага прыгожага пісьменства. Па-другое, і сама Даяна Лазарэвіч піша вершы — на беларускай мове! Гэтыя творы яе друкаваліся ў Беларусі.

Даяна Лазарэвіч у Мінску

Пімен Панчанка — з тых паэтаў, чыя творчасць і цяпер не можа не прыцягваць чуйнага да паэтычнага слова чытача. Дык, можа быць, і ў Сербіі яшчэ будзе выдадзена асобная кніга народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі?.. А калі б на 75-годдзе Перамогі такім прыгожым паэтычным вянком упрыгожыць светлую памяць пра ветэрана Другой сусветнай вайны! Мо нават падаць яго шчымлівыя, душэўныя, і ў той жа час з высокім грамадзянскім запалам вершы ў перакладах не толькі Даяны Лазарэвіч, але і ў пераўвасабленні новых яе паплечнікаў. Тых, хто пракладвае новыя дарогі беларуска-сербскага літаратурнага пабрацімства на сучасным этапе.

Кастусь Ладуцька

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.