Вы тут

Тое страшнае слова: блакада


Увесь перыяд фашысцкай акупацыі Аляксандра Рудзёнак з вёскі Матырына вызначае трыма словамі: страшна, голадна, холадна

У нашай вёсцы, што на Вушаччыне, памяць пра вайну яшчэ жывая. Нікуды ж не дзелася дзіцячая памяць людзей, што яе перажылі. Праўда, не ва ўсіх цяпер ёсць жаданне й час тыя ўспаміны старэйшых паслухаць. І не кожнаму сведку страшных падзей хочацца пра іх успамінаць.


Што вядома з падручнікаў

Аляксандра Рудзёнак-Шалак

Яшчэ са школы я ведаю: Ушацкі раён Віцебскай вобласці быў акупаваны германскімі войскамі 9 ліпеня 1941 года. І адразу ж акупанты пачалі наладжваць “новы парадак”: рэжым прыгнёту, рабавання, забойстваў. А мясцовыя патрыёты шукалі магчымасці, каб супраціўляцца ворагам, злучаліся ў падпольныя групы. Для арганізацыі партызанскага руху, сцвярджаюць падручнікі па гісторыі, у рэгіён прыбылі з‑за лініі фронту Ф. Ф. Дуброўскі, А. І. Кулакоў, М. Ф. Карабань ды І. Ф. Гуркоў. І ўжо ў жніўні 41‑га на тэрыторыі раёна дзейнічала 6 падпольных груп — каля 100 падпольшчыкаў.

Народнае супраціўленне хутка набірала сілу. І ў кастрычніку 1942 года з дапамогай партызан быў вызвалены гарадскі пасёлак Ушачы, што паспрыяла ўтварэнню Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Праз год зона, свабодная ад акупантаў, мела тэрыторыі больш чым 3 тысячы квадратных кіламетраў. На ёй — каля 1200 населеных пунктаў, звыш 80 тысяч жыхароў. І гэта далёка ў тыле ворага! У лістападзе 1943‑га тут дыслакаваліся 16 партызанскіх брыгад агульнай колькасцю 17 тысяч чалавек. Іх дзеянні каардынавала аператыўная група Беларускага штаба партызанскага руху, якую ўзначальваў палкоўнік У. Е. Лабанок. Партызаны пастаянна здзяйснялі вылазкі: грамілі варожыя камунікацыі, гарнізоны, штабы, склады праціўніка, пускалі пад адхон эшалоны.

Тым часам ужо адступала пад ударамі Чырвонай арміі 3‑я танкавая армія вермахта, і “неспакойны сусед” у яе тылах быў яўна не патрэбен. Таму нямецкае камандаванне прымала меры па яго ліквідацыі. Каб ачысціць ад партызан тылы, гітлераўцы ў снежні 43‑га і ў лютым 44‑га зрабілі пяць безвыніковых спробаў. І ўвесну 1944 года фашысты шляхам правядзення карных аперацый планавалі знішчыць партызанскія злучэнні, якія мелі рубеж абароны больш за 200 кіламетраў. Былі прыцягнуты сілы, што больш чым у 3 разы перавышалі колькасць партызанаў.

Штодня, пачынаючы з 11 красавіка, сціскалася блакаднае кальцо. Народныя мсціўцы вялі кровапралітныя баі. Становішча блакіраваных партызан пагаршалася. Да пачатку мая партызанскія брыгады вялі баі ў раёне Матырынскага лесу (9-10 км на паўночны захад ад Вушач). Мяжа кругавой абароны партызан скарацілася да 8 кіламетраў. Прарыў і толькі прарыў мог выратаваць партызан і мірных жыхароў, якія знаходзіліся ў блакадным лесе. І вось у ноч з 4 на 5 мая 1944 года вогненнае кальцо блакады было прарвала. Партызаны выйшлі з акружэння, вывеўшы з сабой і 15 тысяч мірных грамадзян: старых, жанчын, дзяцей. Удзельнікі легендарнага прарыву сцвярджалі, што ўсе партызанскія брыгады, нягледзячы на значныя страты, захавалі баяздольнасць і працягвалі актыўныя баявыя дзеянні да прыходу Чырвонай арміі.

Што бачыла вясковая дзяўчынка

Напярэдадні юбілейнай даты я гутарыў пра тыя далёкія дні са сваёй старэйшай сястрой, карэннай жыхаркай вёскі Матырына Аляксандрай Рудзёнак (бабуляй Шурай). Да моманту з’яўлення акупантаў у вёсцы (ліпень 41‑га) ёй не было й пяці гадоў. Таму ўсе падзеі пачатку акупацыі яна не памятае, але нейкія з’явы моцна ўрэзаліся ў яе памяць. Напрыклад, як група немцаў заехала да іх у двор на двух фурах. У хату не заходзілі, а бралі ваду з калодзежа, каб напіцца, памыцца ды коней напаіць. А ў той час у хаце былі… 7 чырвонаармейцаў на чале з афіцэрам. З’яўленне немцаў заспела іх знянацку. Падрыхтаваліся да бою: усталі з аўтаматамі ля вокнаў, дасталі гранаты. Гаспадыня, мама Шуры, разам са свякрухай прыкрынілі сабой у куце пяцярых дзетак. І той чалавечы клубок калаціўся ад страху як у ліхаманцы.

На шчасце, бой не адбыўся. Немцы памылі галовы, апаласнуліся, вымылі ногі, а ваду з тазікаў вылілі назад у калодзеж. Затым пагрузілі сваю маёмасць у фуры і з’ехалі, не зайшоўшы ў хату. Познім вечарам той групе чырвонаармейцаў бацька Шуры, старшыня мясцовага калгаса, даў каня з калёсамі, прадуктаў — і яны з’ехалі па палявой дарозе. Праўда, чамусьці на захад…

У памяці сястры застаўся авіяналёт, калі з самалётаў паляцелі ўніз запальныя бомбы. Пагарэльцамі сталі каля двух дзясяткаў сем’яў. Згарэў і наш падворак, мае родныя перайшлі жыць да суседзяў, у іх недабудаваную хату. Памятае Аляксандра і акоп у лесе, у якім час ад часу хавалася ад фашыстаў іх сям’я ды суседзі. Немцы ж наведвалі вёску даволі часта. На транспарт загружалі ўсё, што траплялася на вочы. Авечак, свіней, коз, курэй і гусей таксама везлі, а кароў, цялят і коней зганялі.

Неяк па вёсцы прайшла пагалоска, што ўначы партызаны застрэлілі Янку Мядзведзя — саракагадовага мужыка. Напярэдадні той не дазволіў бежанцам набраць бульбы з калгаснага капца. Неўзабаве знайшлі забітымі за ваколіцай яшчэ двух вяскоўцаў, Захара і Васілька — яны схавалі калгаснае збожжа ад фашыстаў. Так што смерць, як кажуць, увесь час хадзіла побач. І ад такіх падзей усім было страшна.

Да лістапада-снежня бацька Шуры раздаў вяскоўцам на захоўванне калгасную маёмасць, інвентар, збожжа пад распіскі, а сам пайшоў да партызан. У сям’і з’яўляўся рэдка. Яшчэ раней у лес пайшлі многія мужчыны, у тым ліку й два нашы дзядзькі: Фёдар і Аляксандр.

Зімой 1942‑га прайшла чутка, што ў райцэнтры расстралялі шмат яўрэяў: мужчын, жанчын, старых і дзяцей. Таксама страшна было, многіх жа загінулых матырынцы добра ведалі. І тады ўжо як толькі да вёскі набліжаліся немцы, жыхары па глыбокім снезе і моцным марозе беглі ў лес, каб там схавацца ад няпрошаных гасцей. Таму ўвесь той перыяд фашысцкай акупацыі Аляксандра Іванаўна характарызуе трыма словамі: страшна, голадна, холадна.

18-гадовыя калгасныя даяркі Тамара Дунец і Шура Шалак (справа)

На пачатку красавіка 44‑га артылерыйская кананада стала чутная з усіх бакоў. Часцей з’яўляліся ў небе нямецкія самалёты: бамбілі вёску, стралялі па людзях. Кожны дзень у Матырыне з’яўляліся ўсё новыя й новыя людзі — партызаны і ўцекачы. Гэта немцы атачылі Полацка-Лепельскую партызанскую зону, сціскалі блакаднае кальцо. Паступова яно падышло зусім блізка да вёскі й бліжэйшага ляснога масіву. Да сярэдзіны красавіка ўсе будынкі (хаты, пуні, хлявы, калгасныя стайня й кароўнік) запоўніліся людзьмі — партызанамі й бежанцамі. Было шмат людзей і ў лесе. Артстральба, выбухі снарадаў і мін чуліся з усіх бакоў. Трохі спакайней станавілася да ночы, хоць і ў цемры пастаянна ўзляталі асвятляльныя ракеты, гулі ў небе самалёты і скідалі бомбы на вогнішчы. У адзін з красавіцкіх дзён ішоў у родную вёску на разведку 32‑гадовы партызан Аляксандр, дзядзька Шуры. І метраў за 300 ад роднага дома трапіў у нямецкую засаду. Пасля кароткага допыту яго расстралялі.

Ленінградцы змагаліся ў фашысцкай блакадзе амаль 900 дзён. Жыхарам Вушаччыны таксама давялося нямала ўсяго перажыць і ў перыяд акупацыі, і ў ходзе блакадных баёў. Калі ж партызаны прарвалі блакаднае кальцо і вырваліся з яго, немцы адыграліся на мірным насельніцтве. У маі-чэрвені яны адабралі ў сялян усіх свойскіх жывёл і птушак, вывезлі хлеб і бульбу, пад страхам смерці забаранілі праводзіць веснавую сяўбу. А ў сярэдзіне мая акупанты сагналі ўсіх вяскоўцаў, таксама й бежанцаў, паставілі ў калону й пагналі ў бок райцэнтра. Хто не мог ісці, таго забівалі. Так вадзілі знясіленых людзей па тэрыторыі раёна амаль два тыдні. Магчыма, фашысты хацелі так прыкрывацца жывым шчытом ад надыходзячай Чырвонай арміі. Увечары ўсіх заганялі ў вялікі хлеў і зачынялі вароты. Амаль штоноч палонныя чакалі смерці ў полымі пажару. Многія маладыя жанчыны пасля тых “вандровак” сталі сівымі.

Апошнім “падарожжам” стаў дом адпачынку ў вёсцы Баркоўшчына (цяпер там санаторый “Лясныя азёры”). Размясціліся пад адкрытым небам, церусіў дробны дождж. “Нас, шасцёра дзяцей (а ўвесну 42‑га ў нас нарадзіўся брат Косця), прыкрывалі сваім адзеннем мама й бабуля, — успамінае Аляксандра. — У палатах першых паверхаў спальнага корпуса немцы схавалі ад дажджу сваіх коней. Раніцай мы не ўбачылі аховы, не выглядалі з аконных праёмаў і конскія морды. І людзі пачалі разбягацца ў розныя бакі. Позна вечарам і наша сям’я была дома: так мы называлі месца, дзе да вайны стаяла наша хата, гаспадарчыя пабудовы, сад. І — нічога з таго не было. У цемры не бачылі нават траву, якой зарасло ўсё вакол. На шчасце, захавалася зямлянка, пабудаваная бацькам яшчэ на пачатку вайны. Унутры, помніцца, волка, але цёпла. Мама й бабуля прынеслі мінулагоднюю салому, вільготную ад дажджу, дык мы ў адно імгненне ўпалі на яе ды адразу паснулі. А наша мама — ёй было толькі 34 гады! — сядзела да раніцы, абапершыся спінай на сценку зямлянкі, і трымала на руках двухгадовага Косцю. Мабыць, думкі пра будучыню сям’і не давалі ёй магчымасці забыцца ў сне. А раніцай, калі мы выйшлі з зямлянкі, свяціла сонейка. Зіхацелі кропелькі вады на зялёнай траве, заліваліся песнямі шпакі. Сама прырода клікала нас да жыцця”.

Кожны год, калі надыходзіць Дзень Перамогі, мая сястра Шура, “дзіця вайны”, святкуе яго дакладна так, як і былыя франтавікі, партызаны: са слязамі на вачах. Святкуем мы і Дзень вызвалення Ушацкага раёна ад фашысцкіх акупантаў — тое адбылося 29 чэрвеня 1944 года. Неўзабаве пасля тае падзеі пачаўся перапіс насельніцтва. Спецыяльныя камісіі прымалі рашэнні аб устанаўленні ўзросту дзяцей, бо ў многіх былі страчаны пасведчанні аб нараджэнні. Адна з такіх камісій “амаладзіла” Шуру на адзін год — бо кволай і маленькай, пэўна, была мая родная сястрыца, якая пражыла ў акупацыі амаль тры гады.

Васіль Шалак, жыхар Санкт-Пецярбурга, ураджэнец вёскі Матырына

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.