Вы тут

Язэп Руцкі - стваральнік уніяцкай царквы


З поўным правам Язэпа Руцкага лічаць стваральнікам уніяцкай царквы. Ён працягваў справу першых уніяцкіх мітрапалітаў Рагозы і Пацея, умацаваў яе, пашырыў і зрабіў сапраўднай царквой. Унія цэркваў была спробай кампраміснага вырашэння праблемы падзелу хрысціянства ў Рэчы Паспалітай на дзве канфесіі — каталіцтва і праваслаўе.


Язэп Руцкі (1574—1637)

«Літвінская нацыя» (як называў Руцкі беларусаў) была раз'яднаная рэлігіяй. Каб пазбегнуць гэтага падзелу, праваслаўныя епіскапы і прадстаўнікі Папы Рымскага ў 1596 годзе заключылі ў Бярэсці царкоўную унію. Праваслаўная царква Рэчы Паспалітай падначальвалася Папу Рымскаму, але захоўвала ўсе свае ранейшыя прэрагатывы і адметнае богаслужэнне.

Па-хрысціянску набожны і па-свецку дзейсны тэолаг, мысляр, палітык і асветнік, маючы за спінай выдатную адукацыю ў Карлавым універсітэце ў Празе і Грэчаскім калегіуме ў Рыме, гэты юнак з маёнтка Рута каля Наваградка прагнуў прымянення сваім талентам і сілам, што і прадвызначыла рэфармацкі і стваральны характар яго дзейнасці. Ён уяўляецца чалавекам будучыні (той будучыні, калі хрысціянства ўсвядоміць неабходнасць збліжэння хрысціянскіх канфесій), які трапіў у час, калі грамадства проста не выспела для ўспрымання яго ідэй і мэт, яго апантанай дзейнасці, — яно было варожым, ваяўнічым да таго, хто наважваўся перайначваць стары лад жыцця. І ў якіх бы неспрыяльных умовах ні давялося рабіць Руцкаму «сваю царкву», але ягоная энергія, унутраная моц і перакананне аб'ядноўвалі вакол яго аднадумцаў, а яны былі той творчай сілай, якая будавала духоўнае жыццё Беларусі.

Ва ўніяцкай дзейнасці Руцкі змог праявіць сябе як наватар і стваральнік. Менавіта гэтыя якасці разглядзеў у ім Папа Рымскі Клімент VІІІ падчас вучобы Язэпа ў Грэчаскім калегіуме і настаяў, каб ён паслужыў уніяцкай царкве. Пасля вяртання з Рыма ў 1601 годзе Руцкі ўзначаліў Віленскую ўніяцкую семінарыю. Тады ж ён задумаўся, як умацаваць новую царкву. «Сапраўдная святасць мае сваё гняздо ў Духу. Да яе вядзе манаскі вобраз жыцця, які не толькі ў адмаўленні ад грамадства свецкіх людзей, але і ў выкананні трох абетаў — жабрацтва, цнатлівасці і паслушэнства». Абноўленае манаства і павінна было, па задуме Руцкага, здзейсніць рэформу ўніяцтва.

Новы этап у жыцці Руцкага пачаўся пасля прыняцця манаства ў Віленскім Свята-Троіцкім манастыры. Вакол Руцкага аб'ядналася кола маладых манахаў знатнага паходжання. Ён шчодра дзяліўся з імі сваімі багатымі ведамі, вёў іх дарогамі святасці і набожнасці. Дзякуючы руплівасці Руцкага манастыр стаў узорам манаскага жыцця і цэнтрам паломніцтва. У 1608 годзе ўніяцкі мітрапаліт Іпацій Пацей прызначыў Руцкага «головным намесником митрополии» і аддаў пад яго «зупольную моць» чорнае і белае святарства. Супраць гэтага прызначэння былі пратэсты і нават судовыя разборкі. Сам гаспадар Жыгімонт Ваза вымушаны заступіцца за Руцкага, пацвердзіць яго прызначэнне і выдаць яму прывілей на ігуменства ў Свята-Троіцкім манастыры.

Перад Руцкім раскрыліся шырокія перспектывы для дзейнасці. Былыя вучні сталі яго паплечнікамі. Руцкі накіраваў іх у Менск і Наваградак для заснавання там уніяцкіх манастыроў. Пад уплывам Руцкага смаленскі кашталян Іван Мялешка прыняў уніяцтва і ў сваёй вёсцы Жыровічы заснаваў уніяцкі манастыр, які ў будучыні стане адной са святыняў Беларусі.

Стаўшы ў 1613 годзе ўніяцкім мітрапалітам, Руцкі разгарнуў актыўную дзейнасць ужо са значным размахам і распрацаваў праграму развіцця ўніяцкай царквы. У 1617 годзе на з'ездзе прадстаўнікоў быценскага, віленскага, жыровіцкага, менскага і наваградскага манастыроў у Наваградку Руцкі выклаў свой погляд на «новую схему царкоўных адносін» і прадставіў напісаны ім статут уніяцкага ордэна. Пасля дзесяці пасяджэнняў статут нарэшце быў прыняты. Патронам ордэна выбралі св. Базыля (Васіля Вялікага), таму і ордэн назвалі базыльянскім. Руцкі перадаў ордэну ўніяцкую асвету «для увиченя людей молодых». Неўзабаве па ўзроўні адукацыі ўніяцкія школы зраўняліся з лепшымі на той час езуіцкімі школамі. Для выкладання Руцкі запрашаў прафесараў з іншых навучальных устаноў, сам складаў навучальныя праграмы. Не толькі навукам хацеў навучаць моладзь Руцкі, але і святасці. «Патрэбныя настаўнікі не толькі ў навуцы, але ў дабрачэснасці і дабрадзейнасці».

Поспехі уніі трывожылі як каталікоў, так і праваслаўных. Так што будаваць уніяцкую царкву Руцкаму даводзілася ў неспрыяльных умовах. Праваслаўныя фанатыкі забілі ўніяцкага полацкага епіскапа Іасафата Кунцэвіча і ігумена кіеўскага Выдубіцкага манастыра Антона Граковіча. І на самога Руцкага быў замах. На соймах праваслаўная шляхта патрабавала скасавання уніі. Мітрапаліт нават грудзьмі стаў на шляху віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла, які намерыўся па соймавай пастанове адабраць ва ўніятаў Свята-Троіцкі манастыр. «Мы хутчэй дазволім забіць сябе, чым дапусцім схізматыкаў валодаць святымі месцамі».

Бараніў Руцкі унію і словам. У сваіх кнігах ён палемізаваў з апалагетам праваслаўя, полацкім епіскапам Мялеціем Сматрыцкім. Неаднойчы ён звяртаўся да Сматрыцкага, жадаючы зрабіць яго сваім паплечнікам. Аднак толькі пасля паездкі ў Канстанцінопаль (Стамбул), калі ўвачавідкі ўбачыў занядбаны стан і нікчэмнасць канстанцінопальскага патрыярха, Сматрыцкі пераканаўся ў слушнасці меркаванняў дзеячаў уніяцтва, якія бачылі выратаванне праваслаўя ў саюзе з апостальскім пасадам. Прыняўшы ўнію, Сматрыцкі стаў паплечнікам Руцкага, дапамагаў яму ў стварэнні патрыярхата ў саюзе з праваслаўнымі. Але праваслаўныя ерархі ў 1629 годзе не прыехалі на ўстаноўчы з'езд у Львоў, і гэты намер так і не здзейсніўся.

Не ўсё задуманае ажыццявіў Язэп Руцкі, але і зробленае ім стала трывалым падмуркам, на якім больш за два стагоддзі стаяла ўніяцкая царква, якая была «народнай царквой» большасці беларусаў і дазволіла ім захаваць сваю беларускасць — нацыянальную адметнасць. Незадоўга да смерці, у 1637 годзе, Руцкі ў лісце да Папы Рымскага Урбана VІІ падвёў вынікі сваёй дзейнасці: «Амаль трыццаць гарадоў прынялі унію: Вільня, Наваградак, Луцк, Уладзімір і іншыя. У нас ужо да дваццаці манастыроў і больш, якія займаюць нашы манахі-базыльяне (на той час ужо было 36 базыльянскіх манастыроў. — Аўт.). Гэтыя манахі трымаюць школы для выхавання юнакоў, і з Віленскай нашай школы або семінарыі пачалі выходзіць багасловы, дасведчаныя ў грэчаскай і лацінскай мовах, чаго пры нашых бацьках на Русі не бывала». Заснаваны Руцкім Ордэн базыяльнаў адыграў адметную ролю ў духоўным жыцці Беларусі, яе культуры, мастацтве, дойлідстве. І цяпер беларускія гарады ўпрыгожваюць былыя ўніяцкія храмы (самы вядомы з якіх — перабудаваны ўніятамі славуты Сафійскі сабор у Полацку). Унія — унікальная гістарычная з'ява, значная падзея ў нашай гісторыі. Калі зразумець гэта, дык і постаць Язэпа Руцкага набывае манументальную веліч. Хоць Папа Рымскі і называў Язэпа Руцкага «атлантам уніі» і «слупом царквы», сам ён сціпла лічыў сабе «вікарыем яго ў гэтым царстве».

Вітаўт ЧАРОПКА

Загаловак у газеце: Язэп Руцкі (1574—1637)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.