Вы тут

Успаміны былой вязніцы пра Саласпілскі лагер смерці


— Ах ты шкода гэтакая! Ідзі адгэтуль, ідзі!

Трохгадовая дзяўчынка насупілася, паглядзела на маму і пабегла за печку. Там яна гучна заплакала. За печкай жылі кацяняты. Яны ўжо падраслі, і з імі можна было гуляць. На гэты раз Поля прыбегла да пухнатых сяброў падзяліцца сваім горам: мама незадаволена! Яна прыціскала кацянят да мокрага ад слёз твару і паўтарала: «Кацяняткі вы мае, кацяняткі», — а потым зноў пачынала раўці ад жалю да сябе.


Гэту гісторыю 80-гадовая Паліна Гендзік пачула ад сваёй маці. Некалі яна расказвала яе дачцэ і ўсміхалася. Цяпер Паліна Аляксандраўна дзеліцца ёю з намі. Паліна Аляксандраўна жыве ў горадзе Сянно ўжо шмат гадоў. Тут яна выйшла замуж і нарадзіла дачку, тут адпрацавала ўсё жыццё ўрачом і выйшла на пенсію... У дзіцячым узросце Паліна стала вязнем канцлагера. Доўгі час у яе не было магчымасці расказаць пра гэту частку свайго жыцця...

— Мы доўга маўчалі, бо лічылася, што вязні — здраднікі, — спакойна і без крыўды расказвае Паліна Аляксандраўна. — Я нават не распытвала маму, бо нутром адчувала — нельга. Вязнямі была амаль уся мая сям'я: тата, маці і я з братам.

Сітуацыя змянілася ў 90-х. З таго часу Паліна Аляксандраўна не хавае сваю гісторыю, бо ўпэўнена: калі людзі ўсвядомяць, што адбывалася ў тыя часы, то змогуць зразумець, што жыццё — гэта цуд...

Яна добра памятае той летні дзень. За акном сталі чутныя роў матацыклаў і нямецкая гаворка. Дома былі ўсе: тата, якога накіравалі з фронту дамоў на лячэнне, мама і старэйшы шасцігадовы брат Валодзя. Раптам у хату ўварваліся людзі ў зялёнай форме і сталі выштурхваць іх з дому. Маці падхапіла малую на рукі.

— Я адчувала страх ва ўсім целе, — успамінае Паліна Аляксандраўна. — Здавалася, страх быў паўсюль: у доме, на вуліцы, у паветры. Людзі не разумелі, што адбываецца.

Напэўна, гэта была нейкая карная аперацыя, бо ноччу ў вёску часта наведваліся партызаны... Старых загналі ў хлеў і падпалілі. Людзі плакалі.

— Наш дом таксама падпалілі. Я глядзела, як ён гарыць... Было невыносна горача... Я не памятаю твары гэтых людзей, толькі іх боты, зялёную форму і матацыклы, — Паліна Аляксандраўна адварочваецца ад нас, каб набраць паветра і супакоіць дрыжачы голас.

Да нашага прыезду жанчына рыхтавалася. У маленькай кухні светла. Час ад часу гучна працуе халадзільнік. Стол, за якім мы сядзім, стаіць якраз каля акна, праз якое ярка свеціць сонца. Вясна. Ледзь чутна шчабятанне птушак.

— Вось яшчэ ўнучка мне цукеркі прывезла... Частуйцеся. Ведаеце, я так добра ніколі не жыла, як цяпер...

У той дзень есці ёй не хацелася. Людзей гналі па дарозе пешшу да чыгуначнай станцыі ў Верхнядзвінску. Ішлі жанчыны, мужчыны, дзеці... Ішлі моўчкі. На станцыі Полю з сям'ёй загналі ў вагон для перавозкі скаціны. Як толькі дзверы зачыніліся, стала цёмна. Людзі пачалі гучна плакаць. А маленькая Паліна глядзела на святло, якое прабівалася скрозь вентыляцыйны люк.

— Там было невыносна цесна і душна. Мы стаялі вельмі шчыльна адно да аднаго. У роце было суха — вельмі хацелася вады... Я не памятаю, як нас прывезлі ў рыжскі лагер Саласпілс. Але памятаю, што маму пастрыглі. Абдалі са шланга халоднай вадой і далі надзець паласатую кашулю.

Поля плакала і крычала. Яе з братам адарвалі ад маці і пагналі з іншымі дзецьмі ў асобны барак. Там былі трохпавярховыя драўляныя нары, на якіх ляжалі салома і нейкія анучы. Шасцігадовы Валодзя палажыў Полю на нары. Яна дрыжала. Ён гладзіў і абдымаў маленькую сястрычку, нешта шаптаў ёй, спрабуючы супакоіць. Хутка да іх падышоў і стрыечны брат Федзя. Ён таксама стаў супакойваць Полю. Але хто б ведаў, як страшна гэтым хлопчыкам было самім...

— Дарослых у лагеры накіроўвалі працаваць на чыгуначную дарогу. А з нас, дзяцей, выпампоўвалі кроў для салдат, ставілі нейкія эксперыменты. Разумееце, я пражыла 80 гадоў і ўсё ніяк не магу гэта ўсвядоміць, забыць...

Маленькая Паліна слабела на вачах. Яна не заўсёды нават магла есці, і кармілі дрэнна: нейкім незразумелым варывам, у якім поўзалі чарвякі.

Здавалася, хіба можа быць нешта горшым для дзяўчынкі? Аказалася, можа. У адзін з такіх дзён роднага брата малой некуды забралі.

— Больш моцных дзетак немцы сталі аддаваць на ўсынаўленне. І майго брата вырашыла забраць нямецкая сям'я. У іх не было сына. Валодзя ім расказаў, што ў яго засталіся родныя ў лагеры. Гэта былі добрыя людзі. Яны прыйшлі да маці прасіць у яе дазволу, каб забраць Валодзю. Маці не згаджалася. Але якія ў вязня маглі быць правы? З іншага боку, гэта быў шанец выжыць хоць бы для Валодзі.

Калі немцы сталі адступаць, тая сям'я вярнула Валодзю бацькам. Аднак усіх вязняў з лагера не адпусцілі, а павезлі ў Аўстрыю, у іншы лагер Бешасафіт. Там сям'я Гендзікаў пакутавала яшчэ два гады.

Маленькая Поля ўспамінала, як апрытомнела ў нейкай лякарні. Яна расплюшчыла вочы і ўбачыла, што ляжыць у невялікім, агароджаным борцікамі ложку. Поля паспрабавала ўстаць... але не змагла. У палату ўвайшла прыгожая жанчына ў чорнай сукенцы з белым фартухам і ў галаўным уборы, які звычайна носяць каталіцкія манашкі. Яна паставіла невялікі ўслончык з талерачкай на ложак і стала карміць малую.

— Мяне даволі доўга так даглядалі, — успамінае Паліна Аляксандраўна. — Клопат гэтых жанчын паставіў мяне на ногі. Неўзабаве я быццам ажыла, і мяне накіравалі ў іншую палату, дзе ўжо жылі нейкія дзеці.

Потым па яе прыйшла мама. Гэта быў месяц май, прырода прачыналася і давала надзею на лепшае жыццё. Ішоў 1945 год, калі Паліна з маці выйшлі за вароты канцлагера. Але куды ісці ў чужой краіне? Жанчына стала хадзіць па дамах, шукаць прытулак. Але такіх, як яна, была не адна сотня. Таму часта начавалі на паддашку сярод бруду і ануч. Харчаваліся тым, што давалі людзі. Было, што на іх спускалі сабак. Так яны пражылі некалькі месяцаў. Толькі ў жніўні быў арганізаваны пераезд вязняў назад, на радзіму.

— Якое гэта было шчасце! — усхвалявана гаворыць Паліна Аляксандраўна. — Гэта быў кароткі перыяд, калі наша сям'я ўз'ядналася, мы знайшлі адно аднаго. Разам, мама, тата, я, Валодзя селі на параход і накіраваліся дадому. З намі плылі і савецкія салдаты. Яны падарылі Валодзю мандаліну. Гэта была наша сямейная рэліквія. Не толькі брат, але і я навучыліся на ёй іграць.

Сям'ю Гендзікаў прывезлі ў Рыгу. Але... там іх зноў разлучылі. Бацьку адразу забралі і накіравалі аднаўляць завод у Адэсу, а маці засталася адна з двума дзецьмі на руках. Жанчына ўспомніла, што на мяжы з Беларуссю ў іх жывуць сваякі, і накіравалася туды. Іх прынялі. Накармілі. Але ноччу на хутар напалі. Уварваліся нейкія людзі і сталі збіваць гаспадароў за тое, што прытулілі «чужакоў». Раніцай сям'я Гендзікаў накіравалася ў бок Беларусі. Ужо на радзіме стала ўсё больш-менш наладжвацца. Пасяліліся ў сваякоў. Паліна з братам пайшлі ў школу. Маці цяжка працавала, каб пракарміць сям'ю. Былі і шчаслівыя моманты ў маленькай Полі нават у тыя складаныя часы.

— Я памятаю, як бацька вярнуўся дамоў. Радасць цераз край, слёзы мамы... І мы ўсе цалуем адно аднаго, абдымаемся, — Паліна Аляксандраўна ўсміхаецца.— А потым — нараджэнне сястрычкі, новы дом і маё першае каханне...

Яна з трапятаннем перабірае старыя фотаздымкі і пажоўклую паперу, на якіх напісаны вершы, прысвечаныя ёй.

— Кожны дзень — каштоўны,— гаворыць на развітанне Паліна Аляксандраўна. — Кожны дзень! Шчасце, што мне ўдалося даведацца, як гэта цудоўна — жыць!

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Як гэта цудоўна — жыць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.

Культура

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

Наталля Батракова: Чытачы пішуць, што мае героі нібыта працуюць у суседнім офісе

З Наталляй Батраковай мы сустрэліся на адкрыцці абноўленай кнігарні «Светач», што на сталічным праспекце Пераможцаў, 11.