Вы тут

Да штыка прыраўнялі... часопіс


У Прэс-цэнтры Дома прэсы прайшла прэзентацыя часопіса “Беларусь. Belarus” і газеты “Голас Радзімы” ў абноўленым, 8-старонкавым фармаце


Рэдакцыі гэтых выданняў працуюць сёння ў творчым тандэме, абодва з ліпеня 2018 года — пад дахам Выдавецкага дома “Звязда” (на 9‑м паверсе Дома прэсы па вул. Багдана Хмяльніцкага, 10а). Выданні прадстаўлены й на інтэрнэт-партале ВД “Звязда” (там іх 11) — можна чытаць па ўсім свеце.

Нагодаў для прэзентацыі, што праходзіла 3 мая ў Прэс-цэнтры Дома прэсы, было шмат. Па-першае, выхад часопіса “Беларусь” быў адноўлены 75 гадоў назад: у студзені 1944‑га. Заснаваны ён яшчэ ў 1930 годзе пад назвай “Чырвоная Беларусь”, ды ў сілу гістарычных абставін у 1933‑м выданне часопіса перапынілася. Па-другое, прэзентацыя арганічна ўпісалася ў плынь імпрэзаў, дастасаваных да Дня друку й штогадовай выставы “СМІ ў Беларусі”. Па-трэцяе, і аўра Дня Перамогі вымагае аддаць даніну павагі людзям, што змагаліся з ворагам, выдаючы часопіс.

Яшчэ ў 1943‑м, калі ад фашысцкіх захопнікаў былі вызвалены толькі некаторыя ўсходнія раёны Беларусі, у Маскве беларускі пісьменнік Ілья Гурскі з аднадумцамі атрымаў загад: падбіраць матэрыялы, рыхтаваць выданне часопіса. Прычым аналіз тэкстаў і здымкаў, змешчаных у №1 “Беларусі” за 1944 год (фотакопіі рарытэта перадаў нам намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша), яскрава сведчаць: гэта была моцная ідэалагічная зброя ў барацьбе з ворагам. Ці, кажучы вобразна, часопіс прыраўнялі да штыка. Пра тое мы раскажам пазней.

І чацвёртая прычына: у ліпені 2018‑га наша газета “Голас Радзімы”, як вядома, змяніла не толькі “дах”, але й фармат: выходзіць не на 4 палосах штомесяц, як раней — стала 8‑палоснай, выдаецца два разы на месяц. І ўжо не хаваецца ўнутры газеты “The Міnsk Тіmes”: зноў з’явілася ў магазінах, кіёсках “Белсаюздруку” як самастойнае выданне. Цяпер у нас ёсць магчымасць больш грунтоўна, з большай колькасцю фотаздымкаў падаваць тэксты, асвятляць актуальныя тэмы нават на разварот.

Мадэратарам на прэзентацыі быў дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Павел Сухарукаў. У імпрэзе паўдзельнічала й намесніца галоўнага рэдактара Наталля Карпенка: яна курыруе выхад абодвух выданняў з боку ВД “Звязда”. На прэзентацыю запрасілі прадстаўнікоў СМІ, сяброў выданняў, герояў апошніх публікацый. Сярод іх былі Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Індыі ў Беларусі спадарыня Сангіта Бахадур, драматург, лаўрэат Дзяржпрэміі СССР, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў, народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч, пісьменніца Людміла Рублеўская-Шніп, начальнік службы культурных прэзентацый Вялікага тэатра Беларусі Валянціна Мажароўская, фотамайстар Уладзіслаў Цыдзік.

Размова на прэзентацыі была як пра гісторыю выданняў, так і пра мінуўшчыну, сучасны дзень Бацькаўшчыны. Шаноўныя госці згадвалі, як пазнаёміліся з газетай і часопісам, працавалі з рэдакцыямі, журналістамі. Давалі слушныя парады. Увогуле ўсё было вельмі душэўна. Нават нехта ў канцы пажартаў: не хапае толькі шампанскага ў звонкіх бакалах, каб адзначыць 75‑гадовы юбілей часопіса “Беларусь. Belarus”. І Валянціна Ждановіч, адказны сакратар рэдакцыі, у тон дадала: “Ужо ў наступным годзе адзначаць будзем 90‑я ўгодкі выдання — і вашу прапанову абавязкова ўлічым”.

Наталля Карпенка, Павел Сухарукаў (справа) і Станіслаў Цыдзік

Выступаючы на імпрэзе, спадарыня Амбасадар прызналася, што была прыемна здзіўлена тым, як дакладна, нягледзячы на моўны бар’ер, былі перададзены нюансы больш чым двухгадзіннай размовы. І як прыгожа інтэрв’ю з ёю падалі ў часопісе. (Ён выходзіць на беларускай мове, у англамоўным варыянце і на кітайскай мове. — Рэд.) Дзякавала аўтарам, Валянціне ды Івану Ждановічам, за карпатлівую працу. Сангіта Бахадур лічыць вельмі важнай ролю абодвух выданняў у пашырэнні ведаў, інфармацыі пра Беларусь за мяжой. Расказвала: у Індыі далёка не ўсе ведаюць, што ёсць такая незалежная краіна… У працяг тэмы Аляксей Дудараў пажартаваў, спаслаўшыся на вядомы дыялог з фільма “Я родам з дзяцінства”: лепшыя дзяўчаты на танцах стаяць ля сцяны… І дадаў: “Калі хто не ведае пра нашу спакойную, міралюбную краіну — з часам абавязкова даведаецца! Можа такая “невядомасць” нам цяпер на карысць: як абарона ў неспакойным свеце”. А Вольга Клебановіч, потым і Валянціна Мажароўская дзякавалі журналістам, што часопіс надае шмат увагі падзеям у тэатрах Беларусі.

Тое адбываецца, дарэчы, у немалой ступені дзякуючы тэатразнаўцу, кандыдату мастацтвазнаўства Валянціне Ждановіч. На прэзентацыі адзначалася: “культурны блок” у часопісе не менш гаворыць пра жыццё краіны, народа, чым навіны палітыкі, эканомікі. Журналістка, пісьменніца Людміла Рублеўская выказала пажаданне, каб у часопісе, як раней (калі ў ім працаваў яе муж, пісьменнік Віктар Шніп, а пазней і Янка Сіпакоў) былі таксама й літаратурныя старонкі.

Пра важнае месца газеты “Голас Радзімы” ў яднанні беларусаў свету, праяўленні велізарнага Беларускага Мацерыка (бо за межамі Беларусі жыве звыш 4 мільёнаў беларусаў) распавёў галоўны рэдактар выдання Іван Ждановіч. Беларускамоўную шматколерную газету можна сустрэць па ўсім свеце — як вестачку з Бацькаўшчыны для таго, хто аказаўся ў далёкім краі. “Нашы супляменнікі, паведамляюць у рэдакцыю, трымаюць у руках родную газету — і прыкладваюць да сэрца з вільготнымі вачыма. І потым, як кажуць, зачытваюць яе да дзірак, зберагаюць як часцінку роднай зямлі”.

“Голас Радзімы” і “Беларусь. Belarus” — два родныя па духу выданні. Пішучы летапіс Бацькаўшчыны, яны расчышчаюць дарогу ў будучыню й дапамагаюць усім ахвочым знайсці свой шлях да Беларусі.

Аліса Гюнгер

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.