Вы тут

...І мовы сябруюць


Выдавецтва Пекінскага ўніверсітэта замежных моў зацікаўлена ў стварэнні беларускіх навучальных дапаможнікаў і слоўнікаў для сваіх студэнтаў


Госці з Кітая

Каб абмеркаваць пытанне аб літаратурным супрацоўніцтве, кітайская дэлегацыя прыбыла ў Мінск акурат у часе правядзення XXIII Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі».

Гасцей прымала Вікторя Калістратава — дырэктар выдавецтва «Народная асвета», у чыіх сцянах і праходзіла сустрэча, а таксама галоўны рэдактар Алена Літвіновіч і намеснік дырэктара па маркетынгу і вытворчасці Юлія Дашкевіч.

Прадстаўнікі пекінскага выдавецтва — намеснік дырэктара Фань Сяохун, рэдактар Вэй Бін, спецыяліст па знешніх сувязях і перакладчык Дзін Лян — прапанавалі сумесна распрацаваць канцэпцыю па стварэнні метадычнай літаратуры для кітайскіх студэнтаў, якія вывучаюць беларускую мову. «Мы ўпэўненыя, што сёння гэта вельмі актуальна і запатрабавана», — выказала сваё меркаванне спадарыня Фань.

Трэба адзначыць, гэта ўжо другая сустрэча з калегамі з Кітая па абмеркаванні падобных сумесных праектаў. Першая адбылася на XXV Пекінскай міжнароднай кніжнай выставе – кірмашы. Яна праходзіла ў жніўні мінулага года ў сталіцы Паднябеснай.

Кітайскі бок выказаў зацікаўле­насць яшчэ і ў тым, каб папулярызаваць у сябе беларускую класічную і сучасную мастацкую літаратуру.

«Але адразу ўзнікае праблема з перакладам. Таму мы і звяртаемся да вашых аўтарытэтных выдавецтваў, такіх як «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Вышэйшая школа», «Адукацыя і выхаванне», Выдавецкі дом «Звязда». Спадзяемся, что вы дапаможыце ў адборы якаснай беларускай літаратуры. Мы хацелі б выдаваць і перакладаць сур’ёзныя, годныя творы», — сказала спадарыня Фань.

Кітайскім калегам былі прадэманстраваны навучальныя выданні «Народнай асветы», кнігі Міколы Маляўкі «Спадчына, або Каб не стаць Манкуртам» і Анатоля Цітова «Дарогамі Францыска Скарыны» на беларускай, рускай і англійскай мовах. Асабліва зацікавіла прадстаўнікоў пекінскага выдавецтва беларуская народная казка «Як курачка пеўніка ратавала», праілюстраваная маладой беларускай мастачкай Таццянай Заяц. Замежная дэлегацыя выказала жаданне выдаць у сябе дзіцячую кнігу на кітайскай мове да адкрыцця XXVI Пекінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

У наступны дзень пасля сустрэчы ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбыўся круглы стол на тэму «Беларусь — Кітай: кнігавыданне як форма дыялога культур» і прэс-прэзентацыя серыі кніг «Ключавыя канцэпты кітайскай думкі і культуры», серыі кніг «Светлыя знакі: паэзія Кітая», кніг «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы» і «Гімн святлу».

Выданню гэтай літаратуры спрыяла падпісанае ў 2018‑м годзе пагадненне паміж выдавецтвам «Мастацкая літаратура» і пекінскім выдавецтвам аб выпуску літаратуры на беларускай і кітайскай мовах.

Прэзідыум круглага стала на тэму «Беларусь — Кітай: кнігавыданне як форма дыялога культур»: (злева направа) Людміла Быкава, кансультант упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі; Алесь Бадак, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»; Фань Сяохун, намесніца дырэктара FLTRP. Фота dompressy.by

На сустрэчы дырэктар «Мастацкай літаратуры» Алесь Бадак адзначыў, што сумесны праект дазваляе народам дзвюх краін лепш разумець адзін аднаго. Намеснік дырэктара з кітайскага боку Фань Сяохун удакладніла: серыю кніг аб кітайскай культуры плануецца выдаць у 22 краінах на 24 мовах, у тым ліку і на беларускай. «Гэтыя кнігі — ключ да разумення сучаснага Кітая», — дадала яна.

Пекінскае выдавецтва літаратуры па выкладанні і даследаванні замежных моваў выпускае кнігі на 80 мовах. Колькасць яе замежных партнёраў перавысіла 700. Кааператыўна выдаецца звыш 5000 выданняў. Гэта самая маштабная сетка, якая пакрывае адну трэць Кітая. FLTRP  — такая міжнародная абрэвіятура выдавецтва —выдае навуковую і адукацыйную літаратуру ў галіне гуманітарных, грамадскіх, натуральных навук, а таксама папулярную і дзіцячую літаратуру.

Фармат выданняў — не толькі друкаваны, але і лічбавы, мабільны. Напрыклад, пад уласнай маркай быў створаны гаджэт E‑pen — новы інструмент для навучання. З яго дапамогай можна прачытаць больш чым 2000 аўдыёкніг, выпушчаных FLTRP. У 2016‑м годзе выдавецтва стала адзіным з 500, уключаным у спіс «30 лепшых кітайскіх прадпрыемстваў у культурнай сферы».

Дэвіз культурна-адукацыйнага фонду FLTRP — захоўваць дасягненні чалавечай цывілізацыі, злучаць культуры народаў свету. Бо, як сказала спадарыня Фань, проза — гэта дыялог душы народа.

Аліса Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.