Вы тут

У “Сяброў” з Нарвы – сябры на Смалявіччыне


На імпрэзе ў эстонскім горадзе, прысвечанай Дню Незалежнасці Беларусі, выступіць народны ансамбль песні “Плiса”


Кіраўніца “Сяброў” Л. Аннус (у цэнтры) з сябрамі з Смалявіцкага райвыканкама. Фота Віктара БАЙКАЧОВА

Звычайна май — насычаны для нас на падзеі месяц. Вось і сёлета, калі 2–4 мая ў Мінску праходзіла XXІІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМІ ў Беларусі”, мы на медыяфоруме прадстаўлялі Эстонію: па запрашэнні Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, пры спрыянні Амбасады Беларусі ў Эстоніі. Вырашылі ехаць загадзя, каб у горадзе Смалявічы, райцэнтры Міншчыны, зладзіць яшчэ адну важную справу.

Як вядома, Нарвскае беларускае таварыства “Сябры” за амаль 20 гадоў працы шмат зрабіла і прадаўжае рабіць для знаёмства гараджан, жыхароў Эстоніі з Беларуссю, беларускай культурнай спадчынай. Штогод “Сябры” ладзяць вялікія святы беларускай культуры, на іх запрашаем розныя творчыя гурты з Бацькаўшчыны. І шмат ужо спевакоў, ансамбляў з Беларусі выступала ў Нарве! Сёлета ў пачэсны спіс дадаецца цудоўны калектыў, з якім мы пазнаёміліся летась у верасні: народны ансамбль песні “Пліса” (націск на апошнім складзе!) з Акцябрскага Дома культуры Смалявіцкага раёна. Там дырэктар ДК і саліст “Плісы” — Алег Сёмін, а мастацкі кіраўнік гурта — Кастусь Герашчанка. (Падрабязней пра гурт — у тэксце «“Пліса” пачалася з “Раніцы”» Таццяны Усковай, ёсць у нэце. — Рэд.). На творчасць многіх ансамбляў Беларусі аказалі ўплыў мулявінскія “Песняры”, і “Пліса” — не выключэнне. Зрэшты, тут будзе лепш хоць адзін раз паслухаць сам гурт са сцэны. І такая магчымасць у нарвіцян будзе ўжо хутка!

Каб запрасіць да сябе артыстаў, мы правялі немалую “пісьмова-тэлефонную” працу. А 1 мая 2019 года ў незвычайнай, урачыстай абстаноўцы было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры паміж аддзелам ідэалагічнай работы, культуры й па справах моладзі Смалявіцкага райвыканкама і Нарвскім беларускім таварыствам “Сябры”. Уявіце сабе: маёўка, прысвечаная святу Вясны й Працы — яна праходзіла ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе паблізу аграгарадка Слабада Пекалінскага сельвыканкама. Там зладзілі летнюю сцэну — прама на ўзлеску. І на той сцэне ў прысутнасці старшыні Смалявіцкага райвыканкама Міхаіла Загорцава, яго намесніка Ігара Кузняцова й жыхароў раёна з беларускага боку дакумент падпісала Вікторыя Колісава (яна выконвае абавязкі начальніцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры й па справах моладзі), з эстонскага — старшыня суполкі “Сябры” Людміла Аннус. І ўжо 6 ліпеня бягучага года ў плыні пагаднення і ў Нарве выступіць гурт “Пліса” — на імпрэзе ў гонар Дня Незалежнасці Беларусі. Як бачым, ні межы, ні адлегласці — не перашкода, каб сябраваць, пашыраць і паглыбляць беларуска-эстонскія культурныя стасункі.

Пасля Смалявічаў мы паехалі ў Мінск, дзе на выставе “СМІ ў Беларусі” сустракалі сваіх знаёмых — беларусаў Латвіі, знаёміліся з прадстаўнікамі Літвы, Украіны, Расіі. Як заўсёды, апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў меў свой стэнд на выставе, а для нас, беларусаў замежжа, зладзіў цікавую й насычаную праграму. Запомніцца надоўга паездка ў гарпасёлак Смілавічы Чэрвенскага раёна. Мы наведалі там музей “Прастора Хаіма Суціна” ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Гэты мастак, што нарадзіўся ў беларускім мястэчку, стаў знакамітым у Парыжы, яго працы нароўні з творамі Марка Шагала вельмі цэняцца ў свеце вялікага мастацтва. Наведалі мы Палацава-паркавы комплекс Манюшкаў (а цяпер у свеце адзначаецца 200‑годдзе кампазітара Станіслава Манюшкі), а таксама Смілавіцкую валюшна-лямцавую фабрыку, на якой вырабляюць валёнкі, коўдры, падушкі. Далей была Свята-Георгіеўская царква і канцэрт навучэнцаў дзіцячай музычнай школы.

Асабліва плённай атрымалася наша сустрэча з Жаннай Раманоўскай, яна кіруе Цэнтрам беларускай культуры з латвійскага Даўгаўпілса. З ёй мы правялі папярэднія перамовы, намецілі сумесныя планы дзейнасці. Мяркуем, што беларусы Даўгаўпілса прыедуць у снежні ў Нарву: на 20‑я ўгодкі нарвскіх “Сяброў”. А наш гурт “Сябры” ў другі раз будзе ўдзельнікам “Беларускага кірмаша ў Даўгаўпілсе”.

Людміла Аннус, Віктар Байкачоў, Нарвскае беларускае таварыства “Сябры”

Ад рэдакцыі. Віншуем, “Сябры”! З падпісаннем Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне культуры ў вас цяпер адкрываюца новыя магчымасці для супрацоўніцтва з Бацькаўшчынай. Пра тое, дарэчы, ёсць і каментар аднаго з чытачоў у Фэйсбуку, дзе Людміла і Віктар падалі невялічкую інфармацыю, фотаздымкі пра падзею. Просім звярнуць увагу таксама іншых кіраўнікоў беларускіх суполак замежжа: Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры — зусім не фармальнасць, а важны механізм у наладжванні плённага супрацоўніцтва беларусаў свету з Бацькаўшчынай. У прыватнасці, на сайце https://belarus21.by ёсць такія звесткі: “Па выніках рэалізацыі ў 2015 годзе праекта Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў “Адміністрацыйны рэгіён Беларусі — арганізацыя суайчыннікаў за мяжой” у апарат Упаўнаважанага паступіла 25 матэрыялаў, у тым ліку ад адміністрацыйных рэгіёнаў Віцебскай вобласці — 8, Гродзенскай вобласці — 3, Мінскай вобласці — 1, Магілёўскай вобласці — 8, г. Мінска — 4, арганізацыі суайчыннікаў за мяжой — 1”. Вынікі такой супрацы падводзяцца штогод, найбольш актыўныя ўдзельнікі праекта — заахвочваюцца.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.