Вы тут

У Лідзе з'явіцца помнік Гедыміну, у Слоніме — Льву Сапегу, у Дзятлаве — Канстанціну Астрожскаму


Усе яны імкнуліся да росквіту сваіх гарадоў. Два праекты прайшлі неабходныя ўзгадненні і знаходзяцца ў стадыі рэалізацыі. Манументы Гедыміну і Сапегу будуць устаноўлены сёлета, помнік Канстанціну Астрожскаму — налета.


Гедымін-вершнік

Велічная постаць ужо існуе ў натуральную велічыню, але пакуль з гліны. Канчаткова помнік будзе адліты з бронзы на Мінскім мастацкім камбінаце.

— Усяго было прадстаўлена каля 30 эскізаў, якія выстаўляліся ў галерэі Лідскага замка, — расказалі іх аўтары — прафесійныя скульптары з Гродна, Ліды, Мінска, Віцебска — у аддзеле культуры Лідскага райвыканкама.

Пры выбары канчатковага варыянта ўлічвалася некалькі крытэрыяў. Помнік павінен адпавядаць гістарычнай эпосе — ХІV стагоддзю. Таму звярталася ўвага на адзенне князя, сімвалы яго праўлення, конскія даспехі. Адным з крытэрыяў была ўмова, каб скульптура арганічна глядзелася ў гарадскім асяроддзі. А месца для яе вызначана на скрыжаванні вуліц Грунвальдскай і Замкавай, дзе Лідскі замак суседнічае з гарадской архітэктурай.

Вось толькі не ўсе эксперты пагадзіліся з суадносінамі замка і помніка. Напрыклад, старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Валерый Сліўкін хацеў бы бачыць Гедыміна, які нібыта выязджае з замка. Але такой задумцы не адпавядаюць масштабныя памеры вершніка. Да таго ж вышыня пастамента звязана з антывандальнымі патрабаваннямі да манумента.

Дарэчы, ідэю помніка Гедыміну Валерый Васілевіч прапанаваў яшчэ 20 гадоў таму і спадзяваўся, што яго мара здзейсніцца ў найлепшым выпадку да 700-годдзя Ліды ў 2023 годзе.

— Гэта важна, што гістарычныя асобы «ажываюць» у манументах. А Гедымін не толькі заснавальнік замка і нашага горада, ён яшчэ і вялікі літоўскі князь, — кажа Валерый Сліўкін.

Пераможцам конкурсу стаў эскіз помніка, які прадставілі скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў, дарэчы, ураджэнец Ліды.

— Над канчатковым варыянтам мы працавалі даволі доўга, бо даводзілася ляпіць кожную мадэль, каб іх можна было параўнаць, — расказаў карэспандэнту «Лідскай газеты» Сяргей Аганаў. — Кожны эскіз, а іх было з дзясятак, узгадняўся з экспертным саветам, і так доўжылася да той пары, пакуль мадэль не зацвердзілі канчаткова. Затым яна была вылеплена з гліны ў натуральную велічыню.

Таксама скульптар паведаміў, што значную дапамогу аказаў археолаг Мікалай Плавінскі, які зрабіў гістарычнае абгрунтаванне элементаў зброі і конскай вупражы. І калі эксперты пачалі спрачацца наконт таго, ці была ў той час дыядэма, якая прысутнічае на скульптуры, менавіта ён даказаў, што так. Бо падобная дыядэма была знойдзена падчас раскопак у Швецыі, адпаведна і Гедымін мог насіць такую. А ўвогуле аўтары не ставілі мэты стварыць гістарычны манекен, а рабілі эмацыянальны вобраз, мастацкі твор, у якім кожны можа ўбачыць нешта сваё.

Некалькі месяцаў спатрэбілася на тое, каб зляпіць з гліны 6-метровую скульптуру. Зараз пачынаецца этап адліўкі помніка з бронзы, які плануецца завяршыць у жніўні. Потым скульптуру вагой у тры тоны паднімуць кранам і ўсталююць на пастамент. Ён будзе абліцаваны бардова-шэрым гранітам пад колер Лідскага замка. Камень прывезлі з Ладажскага радовішча.

Урачыстае адкрыццё помніка адбудзецца 7 верасня падчас святкавання ў Лідзе Дня горада. Манумент вялікаму князю Гедыміну абяцае стаць яшчэ адной візітоўкай горада і цікавым турыстычным аб'ектам.

— Гэта даніна павагі заснавальніку горада, дзяржаўнаму дзеячу, які змог аб'яднаць народы розных культур і моў Вялікага Княства Літоўскага і з'явіўся яркім прыкладам мудрага правіцеля-патрыёта, сімвалам адзінства і справядлівасці, — падкрэсліў
намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк.

Сапега са скруткам Статута

Такая скульптура з'явіцца ў Слоніме. Сёлета, 1 верасня, у горадзе адбудзецца значная падзея — тут пройдзе Дзень беларускай пісьменнасці. Слонім стане 26-й сталіцай традыцыйнага рэспубліканскага свята. І адным з ключавых момантаў будзе адкрыццё помніка Льву Сапегу. Выдатны дзяржаўны дзеяч, віленскі ваявода і вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага — адзін з аўтараў Статута ВКЛ і прыхільнік беларускай мовы, — ён стаў правіць горадам у другой палове ХVІ стагоддзя. Па яго просьбе Слонім у 1591 годзе атрымаў магдэбургскае права і герб — льва, які трымае залатую стралу.

Постаць старажытнага правіцеля Слоніма вырашылі ўвасобіць у бронзе. Не абышлося без конкурснага адбору, у якім удзельнічалі каля дзесяці работ. Перамог калектыў аўтараў у складзе Івана Міско, Уладзіміра Піпіна, Сяргея Логвіна. Гістарычная постаць, па іх задумцы, стаіць у поўны рост, а ў руках трымае скрутак Статута і булаву — сімвал улады.

Дарэчы, Іван Міско — ураджэнец Слонімшчыны, ён з'яўляецца ганаровым грамадзянінам райцэнтра. Гэта будзе яго першы твор для сваіх землякоў.

Як стала вядома, зараз вядзецца работа над каркасам, які потым будзе адліты з бронзы. Гэта робіцца часткамі, затым іх зварваюць, загладжваюць швы. Манумент прывязуць у горад у гатовым выглядзе, ён будзе ўстаноўлены на плошчы Леніна. Зараз вядуцца апошнія ўзгадненні па канкрэтным месцы ўстаноўкі помніка. Дарэчы, у Слоніме ёсць плошча, якая названа ў гонар Сапегі.

Што датычыцца пастамента, гэтую работу вядзе Слонімская гарадская ЖКГ, якая выступае заказчыкам па будаўніцтве і ўстаноўцы манумента. У гаспадарцы адзначылі, што на дадзеным этапе ідзе распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, і нават паведамілі канкрэтны тэрмін выканання работ — сярэдзіна жніўня.

Згодна з канчатковым вынікам, «рост» Сапегі будзе дасягаць 3,2 метра. А вышыня пастамента — каля метра.

У Беларусі бронзавы манумент Льву Сапегу ўстаноўлены таксама ў Лепелі Віцебскай вобласці, а ў вёсцы Астроўна Бешанковіцкага раёна, дзе нарадзіўся знакаміты дзяржаўны дзеяч, ёсць памятны знак у яго гонар.

У праекце — Канстанцін Астрожскі...

Сёння ў вобласці з'яўляецца ўсё больш помнікаў славутым старажытным асобам. Летась каля замкаў у Гродне з'явіўся каменны князь Давыд Гарадзенскі, які заваяваў славу сваімі подзвігамі ў барацьбе з крыжакамі.

У наступным годзе з'явіцца помнік заснавальніку Дзятлава — Канстанціну Астрожскаму. Ужо абвешчаны конкурс эскізных праектаў.

Упершыню Дзятлава згадваецца ў летапісе 1498 года, калі на падораных гетману Астрожскаму землях было заснавана мястэчка. Першым будынкам стала драўляная крэпасць, якая праіснавала 200 гадоў і адыграла значную ролю ў гісторыі горада. Нездарма яе воблік быў прыняты за аснову сучаснага герба горада.

Вяртаецца старажытны воблік у Навагрудак. Тут устаноўлены памятны знак «Уязная брама». Нядаўна, на пачатку мая, каля яе з'явілася скульптура рыцара — абаронцы горада. Яе аўтар — вядомы беларускі скульптар Генадзь Буралкін. Стварэннем манумента займаўся калектыў у складзе дзесяці чалавек. І гэта яшчэ не канчатковы выгляд брамы. На ёй з'явяцца 12 барэльефаў з розных гістарычных перыядаў Навагрудка. На мясцовым заводзе металавырабаў вядзецца работа па коўцы варотаў. Брама набудзе свой канчатковы выгляд у канцы верасня, а 5 кастрычніка, падчас святкавання 975-годдзя Навагрудка, адбудзецца ўрачыстае адкрыццё кампазіцыі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ахоўнікі з сярэднявечча...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.

Эканоміка

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Сучасны аўтамабіль — гэта добрая крыніца агню.