Вы тут

Нашы гады — наша багацце


Сёлета часопіс «Беларусь.Belarus», які прадстаўляе нашу краіну ў свеце, адзначыў адзін са сваіх юбілеяў — 75 гадоў з часу ўзнаўлення ў 1944 годзе. З гэтай нагоды ў Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, на якую былі запрошаны сябры выдання, а таксама героі публікацый апошняга часу.


Нагадаю чытачам: часопіс з ліпеня 2018 года ўвахо­дзіць у склад Выдавецкага дома «Звязда». І цяпер выдаецца на трох мовах: беларускай, англійскай, кітайскай. І газета «Голас Радзімы», пра якую мы таксама гаварылі ў час прэзентацыі часопіса, у ліку 11 выданняў ВД «Звязда». Дарэчы, яна нара­дзілася ў 1955‑м. І пад дахам «Звязды» зноў стала самастойным выданнем. Выходзіць у новым фармаце А‑3 на 8 старонках два разы на месяц, распаўсюджваецца ў дзяржаўных арганізацыях Беларусі, а таксама дасылаецца актывістам беларускай дыяспары ў замежжы, у беларускія суполкі — больш чым у 15 краін. І «ГР» таксама арыентаваная на тых, хто адчувае моцныя повязі з Ра­дзімай, жывучы далёка ад яе.

Абодва нашы выданні — унікальныя.

У чым унікальнасць часопіса? Пра тое расказаў, адкрываючы прэзентацыю, Павел Сухарукаў, ды­рэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда». Пасля прадстаўлення гасцей ён засяродзіў іх увагу на тым, што выданне «Беларусь» нараджалася двойчы:

— Часопіс быў створаны ў 1930 го­дзе.  А з 1933‑га — закрыўся ў сілу розных гіс­та­рычных пры­чын. Ён не выходзіў цэлых 11 гадоў. І толькі ў студзені 1944 года, калі тэрыторыя Беларусі яшчэ была часткова акупаваная нацыстамі, выйшаў першы нумар адноўленага часопіса «Беларусь» (больш падрабязна пра тое чытайце на стар. 46. — Аўт.).

Фота-копію рарытэтнага нумара госці бачылі ў відэапраекцыі, а таксама на сталах маглі пагартаць.

Потым слова па чарзе бралі госці. Гонар быць першай прадаставілі Надзвычайнаму і паўнамоцнаму Амбасадару Індыі ў Беларусі Сангіце  Бахадур. Вось што яна сказала:

— Я даведалася, што ёсць такое цудоўнае выданне сёлета. Была спачатку шчырая размова ў час інтэрв’ю з вашымі журналістамі. Потым — праца над тэкстам. Я вельмі рада, што падалі так прыгожа і шырока — ніводнае беларускае выданне столькі пра нас не пісала. І калі мне пачыталі тэкст, я заўважыла, наколькі дакладна перададзена ўсё тое, што я казала. Удзяч­на вам за часопіс. Перашлю спасылку ў інтэрнэце ўсім сябрам — і ў Індыі, іншых краінах будуць больш ведаць пра Беларусь, пра ваш часопіс.

Я прыемна здзіўлена тым, што выданне выходзіць і па-англійску. Як вядома, у Індыі гэтая мова ў сілу гістарычных рэалій вельмі пашыраная. І Беларусь можа расказаць пра сябе ў Індыі — якраз на англійскай мове. Таму было б мэтазгодным больш часопісаў распаўсюджваць там. Такім чынам жыхары Індыі змогуць больш даведацца пра вашу краіну.

Вы ведаеце: у Індыі выдаецца часопіс «Перспективы», у тым ліку і на рускай мове. Дзякуючы таму інфармацыя пра Індыю пашыраецца па ўсім свеце. Прынамсі, на асноўных мовах ААН. Такім чынам беларускія амбасады за мяжой змогуць дадаткова расказваць там пра сваю краіну. Мяркую, што для часопіса «Беларусь» было б добра выходзіць на асноўных мовах ААН. Наша амбасада, як і беларускія амбасады за мяжой, маглі б выкарыстоўваць часопіс, каб падаць пэўную дадатковую інфармацыю пра вашу цудоўную краіну. Прапаную дасы­лаць часопіс у Амбасаду Беларусі ў Дэлі, адкуль яго змогуць распаўсюджваць у турыстычных цэнтрах Індыі — гэта можа быць цікава тым нашым жыхарам, якія не ведаюць пра Беларусь, а таксама даваць дадатковыя звесткі і тым, хто звяртаецца па беларускую візу. Часопіс можна было б уручаць у якасці падарунка…».

Мы нагадалі прысутным, што ў 90‑я і на пачатку 2000‑х часопіс «Беларусь» выходзіў у беларуска- і рускамоўных варыянтах. Потым — на беларускай, англійскай, нямецкай, польскай, іспанскай мовах. Фінансаванне праекта належыць Міністэрству інфармацыі. А, скажам, часопіс «Перспективы» — гэта выданне знешнепалітычнага ведамства Індыі, з адпаведнай тэматыкай і формай падачы матэрыялаў.

— Для нас, — заўважыла адказны сакратар часопіса  Валянціна Ждановіч, — вельмі важна працяг­ваць захоўваць даверлівую, цёплую, чалавечую інтанацыю ў падачы матэрыялаў выдання.

— Амаль 14 гадоў часопіс быў у складзе холдынгу «Советская Белоруссия» — цяпер гэта Выдавецкі дом «Беларусь сегодня», дадаў Павел Сухарукаў. — А ў 2017‑м выйшаў 1000 нумар. Гэта салідна! І мне прыемна, што адзін са старэйшых беларускіх часопісаў выдаецца пад дахам «Звязды».

Потым слова ўзяў Аляксей  Ду­да­раў, драматург, старшыня Беларускага Саюза тэатральных дзеячаў.

Ён парадаваўся, што часопіс «Беларусь» ацалеў у віхурах часу. Хоць, напрыклад, часопіс «Советский Союз», які таксама выдаваўся з 1930 года, прычым на роз­ных мовах, перастаў выхо­дзіць з распадам СССР у 1991‑м.

— Для мяне, — сказаў Аляксей Ануфрыевіч, — слова Беларусь — гэта сінонім Радзімы. Гэта тое, што мы маем у спадчыну ад нашых бацькоў, што зберагаем і што хочам перадаць у спадчыну нашым дзецям, унукам. Звяртаючыся да Амбасадара Сангіты Багатур, драматург прызнаўся, што ён бываў у Індыі, што гэта — казачная краіна, але «у сэрцы маім — Беларусь. Як і ў сэрцы любога беларуса, якім бы ён багам ні маліўся». Драматург з удзячнасцю згадаў, што часопіс «Беларусь» у свой час дапамагаў яму выходзіць у людзі: менавіта у «Беларусі» было змешчана яго першае апавяданне. Гэта быў твор «Святая птушка», які і сам пісьменнік лічыць у гэтым жанры адным з лепшых у сваёй творчасці. Добрым словам ён згадаў Міколу Ракітнага, які ў 70‑я гады ўзначальваў у рэдакцыі аддзел літаратуры.

— І сапраўды, — дадаў Аляксей Дудараў, — часопіс «Беларусь. Belarus» трэба, на мой погляд, выдаваць не на трох — на 33 мовах, каб нас больш ведалі ў свеце. На старонках часопіса ідзе аповед пра тое, хто мы, адкуль, якія. І бачна, як мы сябе ўспрымаем, што гаворым пра сябе і пра сваю Ра­дзіму, якім бачым свет.

Аляксей Дудараў павітаў і супрацоўнікаў газеты «Голас Радзімы», дзякуючы якім голас Бацькаўшчыны гучыць у свеце па-беларуску ўжо амаль 65 гадоў. На заканчэнне сваёй прамовы Аляксей Ануфрыевіч сказаў: «Я далучаю свой голас да галасоў тых людзей, што любяць Беларусь».

І мы ганарымся, што Аляксей Ануфрыевіч заўсёды адклікаецца на прапанову стаць госцем рэдакцыі, творча паўдзельнічаць у тым ці іншым праекце. Адным з апошніх быў матэрыял, прысвечаны Году малой радзімы, у якім Дудараў, як і заўсёды, выявіўся як цікавы субяседнік.

А вось што сказала Вольга  Клебановіч, народная артыстка Беларусі, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага:

— Мая дачка ў сілу розных жыццёвых абставінаў жыве ў Нью-Ёрку. Атрымлівае там часопіс. Чытае яго. І такім чынам больш ведае пра Беларусь, дзе нарадзілася і жыла да 12 гадоў. А часопіс піша нямала і пра наш тэатр  —за тое мая ўдзячнасць журналістцы Валянціне Ждановіч, кандыдату мастацтвазнаўства і адказнаму сакратару рэдакцыі часопіса. Пра большасць прэм’ер у на­шым Рускім тэатры ёсць матэрыялы ў часопісе. І пра вядучых акцёраў, рэжысёраў, іншых работнікаў тэатра. Я магу сказаць, што яна — прафесіянал. З урыўкаў думак, як гэта часам здараецца ў інтэрв’ю, яна робіць тэкст, які гучыць музыкаю. На старонках вашага выдання шмат цікавых людзей. І настрой у публікацый пазітыўны, аптымістычны: ёсць, як кажуць, святло ў канцы тунеля. Ну а тое, што не ўсе пакуль ведаюць у свеце пра Беларусь — усяму свой час. Я ў гэта веру!

Аляксей Дудараў адрэагаваў на яе апошнюю фразу і згадаў сцэну з кінафільма «Я родам з дзяцінства». У ёй хлопчык кліча на танцы раненага афіцэра. І пры тым гаворыць: пойдзем хутчэй танцаваць, а то лепшых дзяўчат разбяруць. На што афіцэр адказвае: «Глядзі на тых, хто не танцуе. Добрыя дзяўчаты звычайна стаяць ля сценкі»:

— Так і Беларусь наша: не выпінаецца наперад, таму што яна — самая лепшая.

Ад імя Вялікага тэатра Беларусі, пра які мы таксама пішам, выступіла Валянціна Мажароўская, кіраўніца службы культурных прэзентацый.

— Рада быць сярод вас. Я не аднойчы бывала за мяжой і ведаю, як цёпла ўспрымаюць беларусы ўсё, што звязана з іх Радзімай. Сама не раз бывала і ў гастрольных паездках. Цяпер нашы артысты балета — у Кітаі. Балет «Спартак» паказваюць. Адбываецца прэзентацыя краіны на самым высокім узроўні. А часопіс «Беларусь. Belarus» таксама робіць вялікую, важную справу — презентуе нашу Беларусь у друкаваным слове. Мы вельмі ўдзячныя, што і пра наш тэатр у вашым часопісе шмат публікацый: пра галоўны тэатр краіны. Амаль у кожным нумары — навіны з жыцця тэатра.

І на заканчэнне свайго вельмі шчырага, эмацыйнага выступлення Валянціна Васілеўна зачытала Віншавальны адрас за подпісам Уладзіміра Грыдзюшкі, Генеральнага дырэктара Вялікага тэатра, у якім прагучала і пажаданне калектыву часопіса творчых поспехаў, натхнення, вострага пяра, цікавых тэмаў і паспяховай рэалізацыі задуманых планаў і ідэй. Нам прыемна, што ў тэатры разумеюць і канцэпцыю выдання. Цытую: «Асаблівай павагі заслугоўвае той факт, што, асвятляючы самыя важныя палітычныя, эканамічныя і культурныя падзеі, вы фармуеце ўсебаковы, аб’ектыўны вобраз нашай краіны не толькі для жыхароў Беларусі, але і чытачоў з розных краін».

Пра тое гаварыла і Людміла  Рублеўская, беларуская пісьменніца і журналістка, даўні сябар нашага выдання, а таксама гераіня аднаго з апошніх выпускаў часопіса.

— У часопіса і сапраўды важная місія: прэзентаваць нашу краіну ў свеце. Гэта сугучна з маімі думкамі пра тое, што важнае месца ў гэтым працэсе павінна займаць прэзентацыя культуры. Наша візітоўка — гэта наша Нацыянальная культура. Цудоўна, што ў выданні даюцца якасныя рэпрадукцыі твораў мастацтва, а самі матэрыялы — грунтоўныя, цікавыя і простаму чытачу, і спецыялістам. Такі падыход асабліва каштоўны ў наш час, калі даводзіцца сутыкацца з хуткагаворкамі ў адносінах да навін, асабліва навін сферы культуры. У часопіса «Беларусь» высокі ўзровень, заўсёды захоўваецца высокая мастацтвазнаўчая планка. Каштоўна і тое, што часопіс звяртае ўвагу на літаратуру. Прэзентаваць кнігу пісьменніка ў свеце — гэта важна.

Людміла Іванаўна таксама выказала надзею і на далейшую ўвагу часопіса да літаратуры, на прэзентацыю ў ім як пісьменнікаў, так і іх твораў. Цяпер пераважае шоу-цэнтрычная, візуальная культура. А пісьменнік працуе толькі са словам — і далёка не ва ўсіх ёсць здольнасць у сённяшніх умовах такі культурны прадукт разумець і спажываць. Раней, згадала яна, у часопісе былі добрыя літаратурныя старонкі. Можа б іх адрадзіць? Каб ішла размова аб прафесійнай літаратуры. Раней апавяданні перакладаліся на рускую мову. То можа й цяпер да такой практыкі вярнуцца? І такім чынам час ад часу падаваць на англійскай, кітайскай мове добрыя беларускія апавяданні. А яшчэ Людміла Іванаўна прызналася, што «Беларусь» — гэта сапраўдны сябар яе сям’і. Калі яны разам з мужам Віктарам Шніпам (беларускі паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» — Аўт.) вярнуліся з Масквы, дзе вучыліся ў Літаратурным інстытуце, досведу супрацы з перыядычнымі СМІ ў абодвух не было. І яна яму дапамагала весці літаратурную старонку.

Павіншаваць часопіс прыйшоў і Уладзіслаў Цыдзік, вядомы грамадскі дзеяч і фотамайстар. Яго прадставіў Іван Ждановіч, які праінфармаваў: Уладзіслаў Станіслававіч быў прадстаўлены ў «Голасе Радзімы» не толькі як вядомы дзяржаўны дзеяч, але і фотамайстар. Ён выказаў удзячнасць за ўвагу газеты да яго творчасці і па­дзя­лі­ўся думкамі пра часопіс «Беларусь. Belarus»:

— Працуючы ў свой час у Камітэце дзяржкантролю, я шмат ездзіў па свеце. І бачыў часопіс «Беларусь» у беларускіх амбасадах. А да таго, яшчэ ў 70‑я гады, часта яго чытаў. Хто робіць гэтае сапраўды каштоўнае выданне — усіх віншую з юбілеем. І як былы спартсмен — закончыў фізкультурны тэхнікум у Гродне, займаўся скачкамі ў вышыню — параіў бы больш пісаць пра спорт, пра нашых лепшых спартс­менаў.

І ён мае рацыю: спорт — Амбасадар Міру, а лепшыя спартсмены — гонар Беларусі, важны складнік яе станоўчага іміджу.

На заканчэнне сустрэчы, якая прай­шла ў гарманічнай, вельмі дружалюбнай атмасферы, Іван Ждановіч  сказаў яшчэ некалькі словаў і пра газету «Голас Радзімы». Пра тое, як цёпла ўспрымаюць землякі за мяжой газету з Беларусі. Прывёў прыклад: «Часам у рэдакцыю «ГР» пішуць кіраўнікі беларускіх суполак, паведамляюць, што выкарыстоўва­юць газету, афармляючы свае выставы. І супляменнікі, бачачы яе, просяць падарыць хаця б адзін нумар. Часам прыкладваюць газету да сэрца. З вільготнымі вачыма… Яна ж за мяжой — гэта матэрыялізаваная частка Радзімы». Урэшце, як і часопіс «Беларусь». Хай доўжацца іх гады!

Валянціна Ждановіч

Фота Алісы Гюнгер

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.