Вы тут

Археалагічны комплекс «Бярэсце» стане першай пляцоўкай святкавання тысячагоддзя


Археалагічны музей «Бярэсце» і навакольная тэрыторыя перажываюць вялікае абнаўленне. Ёсць меркаванне, што менавіта адсюль пачнецца шырокае святкаванне тысячагадовага юбілею горада. І гэта цалкам зразумела. У Брэсце няма нічога старэйшага за квартал жылых і гаспадарчых пабудоў ХІІІ стагоддзя. Адсюль пішацца гісторыя горада, адсюль і ўшаноўваць свой сталы век абласному цэнтру.


Жылы квартал ХІІІ стагоддзя

Нагадаю, што гэта адзіны ў Еўропе музей сярэднявечнага ўсходнеславянскага горада ХІ—ХІІІ стагоддзяў. Больш за дзесяцігоддзе, пачынаючы з 1969 года, на месцы старажытнага горада праводзілі раскопкі супрацоўнікі аддзела археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Пятра Фёдаравіча Лысенкі. Па сутнасці, менавіта ён падарыў гораду і свету «Бярэсце». Пётр Фёдаравіч здолеў «прабіць» саюзнае фінансаванне праекту, і пачаліся маштабныя раскопкі.

Падчас работы на плошчы 1800 квадратных метраў знайшлі дзясяткі драўляных пабудоў ХІ—ХІІІ стагоддзяў, якія добра захаваліся. Адкапалі тады вулічныя маставыя, агароджы, шматлікія прадметы матэрыяльнай культуры таго часу. Над гэтым раскопам, які складае аснову экспазіцыі музея, узвялі спецыяльны павільён з бетону, шкла і алюмінію памерам 40х60 метраў.

Цяпер экскурсаводы паказваюць наведвальнікам частку рамесніцкага квартала старажытнага Бярэсця, які складаецца з 28 драўляных жылых і гаспадарчых пабудоў, дзвюх вулічных маставых. Пазней былі знойдзеныя яшчэ фрагменты гліняных печаў. За час даследавання слаёў зямлі ўзнятыя дзясяткі тысяч розных рэчаў, якія цяпер лічацца экспанатамі. Адным з найбольш значных экспанатаў-рарытэтаў лічыцца залаты берасцейскі пярсцёнак, які захоўваецца ў абласным краязнаўчым музеі. Яго ўпершыню прэзентавалі шырокай публіцы ў 2015 годзе. Але пра знаходкі крышку пазней.

Навуковая канцэпцыя і рамонт

Музей «Бярэсце» быў адкрыты ў 1982 годзе. Яго наведала больш за 3 мільёны чалавек. Праз трыццаць гадоў існавання аб'екта наспела неабходнасць у яго аднаўленні. І ў 2017 годзе закончылася першая чарга капітальнага рамонту. Тады многае было зроблена ў плане мадэрнізацыі. Напрыклад, былі замененыя шкляныя вітражы фасадаў, створаная новая сістэма вентыляцыі, падсветка. Унутры будынка працягваецца працэс рээкспазіцыі. Цяпер тут паспяхова суседнічае папярэдняе і новае. Галоўны экспанат — археалагічны раскоп на глыбіні 4 метраў — застаецца нязменным. А вось іншыя залы паступова змяняюцца. Цяпер наведвальнікаў сустракае гліняная печ Х стагоддзя, якую знайшлі пры раскопках 2006 года. Такім чынам было высветлена, што пасяленне на тэрыторыі крэпасці існавала раней за першую пісьмовую згадку пра горад. Так што сёлетняе тысячагоддзе Брэста мае свой пэўны стаж, пра што лепш за ўсё гаварыць у гэтым асаблівым месцы.

У адной з залаў музея ўладкавана жытло берасцейца тых часоў, там задумана правядзенне музейных заняткаў. Наведвальнік атрымае магчымасць зайсці ўнутр, то-бок апынуцца ў ХІІІ стагоддзі.

Музей «Бярэсце» з'яўляецца філіялам абласнога краязнаўчага музея. Яго дырэктар Аляксей МІЦЮКОЎ паведаміў, што канцэпцыя «Бярэсця» ў навуковым плане застаецца нязменнай, а вось мастацкае напаўненне атрымлівае паступовае развіццё. Бо трэба ж выкарыстаць падарункі, якія захавала зямля. — мноства прадметаў побыту той эпохі. Цяпер будзе дэманстравацца нашмат больш знаходак самага рознага накірунку: з тканіны, дрэва, скуры, металу. Гэта накіравана на фарміраванне вобраза прагрэсіўнага ранняга Брэста, які стаяў у адным шэрагу з перадавымі гарадамі Еўропы. Будуць, напрыклад, паказаны фрагменты тканіны з фарбай, якая захоўвалася больш за 700 гадоў! Таксама і скураныя туфлі і боты не страцілі арнаменты, нанесеныя берасцейскімі майстрамі тых часоў. Апошняе служыць доказам, што нашы далёкія продкі не хадзілі спрэс у лапцях, а насілі даволі стыльныя абутак і адзенне. Тагачасныя модніцы замаўлялі бранзалеты і брошкі, пра пярсцёнкі ўжо гаварылася.

Рарытэты і ІТ-тэхналогіі

Зараз краязнаўчы музей праводзіць юбілейную акцыю «12 артэфактаў» — кожны месяц на працягу тыдня выстаўляецца для экспанавання прадмет, звязаны з гісторыяй горада. Першымі артэфактамі сталі самшытавы грэбень ХІІ стагоддзя і шахматная фігурка караля той жа эпохі. Абодва экспанаты знайшлі пры раскопках «Бярэсця». На грэбні майстар выразаў 13 літар старажытнай славянскай кірыліцы ад А да Л на абодвух баках. Выходзіць, што гэта сапраўдны буквар, да таго ж адзіны знойдзены на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. А касцяны кароль, які можа схавацца ў далоні, выглядае так, нібы зроблены зусім нядаўна. Застаецца дзівіцца, якія якасныя рэчы рабілі майстры. Пры блізкім разглядзе кароль здаецца даволі суровым, яго бровы ссунутыя, погляд пануры. А яго адзенне і галаўны ўбор упрыгожвае адмысловы арнамент. Спецыялісты называюць гэты выраб узорам высокамастацкай разьбы і апрацоўкі.

Знаходкі ў раскопе Бярэсця даюць нам права ганарыцца і казаць пра тое, што ў нашым горадзе ўжо тады быў даволі высокі ўзровень культуры — адзначалі на прэзентацыі артэфактаў. А дацэнт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр БАШКОЎ заўважыў, што ў кантэксце археалагічнай спадчыны Еўропы музей «Бярэсце» выглядае лідарам, сапраўдным каралём еўрапейскіх музеяў.

Вядома, падобнага ўзроўню музей павінен мець адпаведнае начынне, тым больш што такая нагода — хутка свята. Неўзабаве госці ўбачаць асучасненыя залы музея ў выглядзе інтэрактыўных пляцовак з QR-кодамі, інсталяцыямі, элементамі аўдыявізуалізацыі. А яшчэ наведвальнікаў сустрэнуць аб'ёмныя раставыя фігуры тагачасных майстроў, рамеснікаў, жыхароў за штодзённымі клопатамі. Мяркуецца агучыць работу кузні, іншых майстэрняў, паказаць шматгалоссе сярэднявечнага гарадскога жыцця, стварыць такім чынам эфект прысутнасці.

Музейная экспазіцыя пашыраецца за межы музейнага будынка. Напрыклад, пад адкрытым небам апынецца драўляная маставая, правільней сказаць, яе імітацыя, але вельмі падобная да той, па якой хадзілі продкі. З'явяцца таксама дошкі-стэнды інфармацыйнага кірунку. Таму актыўна ўпрыгожваецца тэрыторыя. Па сутнасці, работа па ўкладцы пліткі, устаноўцы бардзюраў, добраўпарадкаванні падыходзіць да завяршэння. Мадэрнізацыя музея вядзецца ў адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта аб падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя Брэста. І «Бярэсце» гатовае стаць першай пляцоўкай свята.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: З караля ўсіх музеяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Доктар Камароўскі: Паглядзіце, як елі нашы продкі. І выжылі

Ён даў парады наконт харчавання і не толькі.

Эканоміка

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Як пазбегнуць узгарання аўто?

Сучасны аўтамабіль — гэта добрая крыніца агню.