Вы тут

Сцэна верціцца, а віртуальнасць заварожвае


На цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў было выкарыстана каля 90 тон высокатэхналагічнага абсталявання


ІІ Еўрапейскія гульні стартавалі 21 чэрвеня. У гэты ж дзень на стадыёне “Дынама” ў Мінску завяршылася эстафета “Полымя міру”. Традыцыю запальваць агонь, які павінен згаснуць на закрыцці Гульняў, еўрапейскі спартыўны форум пераняў ад алімпійскага. Яна адыходзіць каранямі ў Старажытную Грэцыю. Антычную традыцыю ўпершыню адрадзілі на Летніх Алімпійскіх гульнях у Амстэрдаме ў 1928 годзе. Чашу агню, якая была ўстаноўлена на стадыёне “Дынама” яшчэ да Алімпійскіх гульняў 1980 года, нядаўна мадэрнізавалі: у новай канструкцыі закладзена ідэя яднання ўсіх 50 краін вакол Еўрапейскіх гульняў 2019 года.

У 1980‑м годзе ў беларускай сталіцы агонь запальваў Аляксандр Мядзведзь — трохразовы алімпійскі чэмпіён, легенда беларускага спорту. Цяпер, амаль праз 40 гадоў, Аляксандр Васільевіч стаў адным з факеланосцаў. Сімвалічную чашу ў Мінску сустрэлі і запалілі на плошчы Дзяржаўнага сцяга 17 чэрвеня. Аляксандр Мядзведзь пранёс яе і перадаў сучасным спартсменам і факеланосцам, якія і даставілі полымя на стадыён.

Цырымонія адкрыцця Еўрапейскіх гульняў доўжылася дзве з паловай гадзіны. Яе арганізавалі Беларуская дзяржаўная філармонія і “Арт Сити 5”, якая ўваходзіць у групу кампаній Ігара Крутога. Сцэнарый цырымоніі адкрыцця распрацоўвала беларуска-расійская каманда, у якую ўвайшлі беларускі рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Вавілаў і расійскі рэжысёр, аператар Аляксей Сечанаў, які арганізаваў цырымоніі адкрыцця Універсіяды ў Казані, Азіяцкіх гульняў у 2011 годзе.

Самым незабыўным дзеяннем для гледачоў стаў парад атлетаў з 50 краін Еўропы. На сцэне аглядам у 360 градусаў выступілі больш за 1300 артыстаў, сярод якіх і зоркі сусветнай велічыні. Паколькі яна круцілася, усе госці, у якім бы месцы стадыёна ні знаходзіліся, змаглі ўбачыць прадстаўленне цалкам. Для стварэння дэкарацый было выкарыстана 90 тон сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання. Гэта цэлая сістэма мабільных экранаў, якія напоўнілі прастору трохмернымі рэалістычнымі аб’ектамі. У цырымоніі адкрыцця былі выкарыстаны тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Каб убачыць 3D-элементы шоу, уладальнікі білетаў устанавілі на свае смартфоны або планшэты бясплатны мабільны дадатак. Ён і дапамог ажыць віртуальным аб’ектам на электронных носьбітах сваіх гаспадароў. Дарэчы, тыя, хто застаўся сачыць за маштабнай дзеяй каля экранаў тэлевізараў, не змаглі выкарыстаць гэтую цудоўную магчымасць.

Мастацкае прадстаўленне нікога не пакінула абыякавым. Яно было падзелена на восем блокаў. Кожны з іх прысвечаны асобнай тэме, напрыклад, паданням і легендам сярэдневяковага перыяду Беларусі. Пашана была аддадзена і творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Яна Баршчэўскага. Успаміналіся і такія вядомыя асобы, як Еўфрасіння Полацкая, Усяслаў Чарадзей, Францыск Скарына, Радзівілы, што праславілі нашу краіну. Багатую, цікавую культурную спадчыну Беларусі прадставілі на стадыёне “Дынама” ў сучасным стылі.

Як абяцалі арганізатары, цырымонія закрыцця будзе мець іншую праграму, але таксама насычаную. На гэты раз гледачам пакажуць, што адбывалася на Гульнях на працягу тыдня, а таксама спартсменаў у момант перамог і паражэнняў.

Ганна ЛАГУН

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.