Вы тут

Што дапамагае скуры не старэць


Здавалася б, у 25 гадоў мы знаходзімся на піку маладосці і выдатнай формы. Аднак з біялагічнага пункту погляду гэта тая мяжа, калі скура пачынае старэць, далей змены ў ёй становяцца ўсё больш прыкметныя. А з 38 гадоў хатняга догляду ўвогуле недастаткова, лічаць спецыялісты, і варта звяртацца да касметолагаў. Што ж адбываецца з нашай скурай? Якія змены яна зазнае і як іх максімальна адтэрмінаваць?


— З узростам рагавы слой скуры патаўшчаецца, замаруджваюцца працэсы абнаўлення ў дэрме і эпідэрмісе. Змяняецца структура калагену і эласціну — ранейшыя пругкія «спружынкі» расцягваюцца, грубеюць, размяшчаюцца хаатычна, — тлумачыць урач-касметолаг Мінскага абласнога скурна-венералагічнага дыспансера Алена Жалоўская. — Ад прабоін у ахоўным слоі скура траціць вільгаць, неабходную для падтрымання маладосці. Скурны каркас слабее, а сіла гравітацыі цягне тканкі ўніз.

У выніку скура пачынае правісаць, апускаецца і падскурная тлушчавая клятчатка. Рысы твару паступова «аплываюць» і трацяць выразнасць. Патрэбныя скуры рэчывы разбураюцца ўсё хутчэй, а новыя выпрацоўваюцца марудней. Утвараецца дэфіцыт бялкоў, гіалуронавай кіслаты, тлустых кіслот, вітамінаў, мікраэлементаў. Слабее імунная сістэма скуры, і ёй усё складаней супрацьстаяць агрэсіўным фактарам навакольнага асяроддзя.

Першыя прыкметы старэння праяўляюцца ў выглядзе пагаршэння колеру твару, зніжэння тонусу скуры, мімічных маршчынак, цёмных кругоў і мяшкоў пад вачыма. З'яўляюцца пігментныя плямы, сасудзістыя зорачкі і іншыя новаўтварэнні. Дарэчы, мужчынская скура ў параўнанні з жаночай больш тоўстая, шчыльная і тлустая, гэтым тлумачыцца тое, што жанчын больш непакояць маршчынкі, а мужчын — буйныя складкі і правісанне скуры.

Сучасная касметалогія валодае самымі разнастайнымі метадамі лячэння і прафілактыкі, якія дазваляюць падтрымліваць прыгажосць і маладосць як мага даўжэй. Давайце разбяромся, з чаго варта пачаць.

Дамашні догляд

Правільна падабраная касметыка для дамашняга догляду дазваляе дасягнуць якаснага ачышчэння скуры, увільгатнення і аховы ад шкоднага ўплыву навакольнага асяроддзя.

Апаратныя метады лячэння і карэкцыі

Сюды можна аднесці фоталячэнне, фотаамалоджванне, лазерную шліфоўку, лазернае выдаленне новаўтварэнняў — папілом, кератом, пігментных плям і іншага.

Ін'екцыйныя метады лячэння

Гэта мезатэрапія (увядзенне спалучэння медыкаментаў пад скурны покрыў), біярэвіталізацыя (унутрыскурнае ці падскурнае ўвядзенне прэпаратаў на аснове гіалуронавай кіслаты), плазмаліфтынг (ін'екцыі трамбацытамі плазмы ўласнай крыві пацыента), плацэнтарная тэрапія (ін'екцыйнае ўвядзенне прэпаратаў на аснове плацэнты ў пэўныя акупунктурныя «кропкі маладосці»), батулінатэрапія (увядзенне прэпаратаў на аснове батулінатаксінаў у мяккія тканкі для барацьбы з мімічнымі маршчынамі), контурная пластыка (увядзенне ўнутр скуры геляў-філераў для пазбаўлення ад маршчын, змянення контуру вуснаў і іншага).

Толькі ўрач-касметолаг вызначае, якія неабходны працэдуры, і індывідуальна складае праграму лячэння і прафілактыкі ўзроставых змяненняў.

— Не трэба пры гэтым спадзявацца толькі на чароўныя ўколы і прэпараты. Поспех залежыць ад некалькіх складнікаў і самога пацыента, — нагадвае Алена Жалоўская. — Важна нармалізаваць сон, весці актыўны лад жыцця з умеранымі фізічнымі нагрузкамі, мінімізаваць стрэс і навучыцца спраўляцца з крытычнымі сітуацыямі, правільна харчавацца, нармалізаваць гарманальны статус, адмовіцца ад шкодных звычак, займацца любімай справай і атрымліваць станоўчыя эмоцыі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.