Вы тут

Ці дастаткова прававых мер для вырашэння праблемы бяспекі на дарогах?


Не прайшло і двух тыдняў, як невялікі Белаазёрск літаральна скалыхнула трагедыя. Двое дарослых і трое дзяцей у адно імгненне загінулі ў жудаснай аварыі. Аб гэтым шмат пісалі, паказвалі па ўсіх тэлеканалах. Але ў інтэрнэце інфармацыя працягвае набіраць колькасць праглядаў і прырастаць водгукамі. І не дзіва, гэта ж не шараговае ДТЗ. Тут прысутнічаюць усе прыкметы злачынства. Кіроўца сеў за руль нецвярозы, перавысіў хуткасць на складаным участку дарогі. Але ці адзін кіроўца вінаваты ў смерцях і ў чым глыбінныя карані праблемы? У рэшце рэшт колькі яшчэ патрэбна падобных ахвярапрынашэнняў, каб грамадства нейкім чынам асудзіла гэтую пачварную прывычку п'янай язды?


Коратка нагадаю. 7 ліпеня кампанія знаёмых ці нават калег па рабоце адпачывала ў дачным доме каля горада Белаазёрска Бярозаўскага раёна. Дзве жанчыны былі з дзецьмі. Як потым сказаў нехта з адпачывальнікаў, святкавалі Купалле. Суседзі па дачы потым расказвалі тэлежурналістам, што гулялі шумна і весела фактычна цэлы дзень. А калі нагуляліся, то патэлефанавалі знаёмаму хлопцу, каб забраў і развёз па дамах. Той прыехаў на сваім «Мерседэсе», як цяпер кажуць, замарочвацца не стаў, што кампанія надта вялікая для легкавіка, забраў дзевяць чалавек і павёз. Аказваецца, адзін з адпачывальнікаў у кабіну не памясціўся, ехаў у свой апошні шлях у багажніку. Дзяцей пасадзілі на калені дарослыя.

Цяпер некаторыя з тых, хто выжыў, гавораць, што не заўважылі ап'яненне ў кіроўцы. Прыборы пазней зафіксавалі ў яго 1,4 праміле. Самі ж былі нападпітку, маглі і не заўважыць. Але як не насцярожыла, што кіроўца з бітком набітым аўто па грунтавой дарозе імчыць на недапушчальнай хуткасці — пад 80—90 кіламетраў. І тады б мамам з дзецьмі забіць трывогу, запатрабаваць спыніцца, каб прайсціся пяць-шэсць, ды хоць бы дзесяць кіламетраў пехатою. Ніхто не спыніў, не запратэставаў.

Фота Першы Рэгіён.

...На закругленні дарогі ўздоўж тэхнічнага канала Бярозаўскай ГРЭС кіроўца машыну не ўтрымаў, «Мерседэс» вынесла ўперад, і аўто ўляцела ў ваду. Кажуць, што там глыбока, да сямі метраў. Машына поўнасцю аказалася пад вадой, да таго ж спрацавалі падушкі бяспекі, для некаторых пасажыраў яны сталі смяротнай пасткай. Адна дзевяцігадовая дзяўчынка сядзела спераду на руках у маці. Яе выкінула пры падзенні, цела пазней дасталі з вады. Маці таксама загінула, бо была прышпіленая. Двое дзяцей — хлопчык і дзяўчынка, якія ехалі на заднім сядзенні, таксама загінулі. Іх маці сумела выбрацца з машыны, а вось дзяцей сваіх не змагла ўратаваць. Сёння ва ўсіх дэталях трагедыі разбіраецца следства. Вядома, кіроўца будзе пакараны. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. Ён, несумненна, вінаваты. Тым больш што ў яго ўжо забіралі правы за п'яную язду. Потым, як прадугледжана законам, ён аднавіў правы на кіраванне транспартам. Але той выпадак, як бачым, нічому не навучыў гора-аўтамабіліста.

А як жыць пасля гэтага жанчыне, якая страціла дзяцей, нават не ўяўляю. Усё жыццё грызці сябе, што вінаватая ў гібелі сына і дачкі? Вядома, там было шмат трагічных супадзенняў. І ў горадзе зараз гавораць, што гэтыя маладыя людзі не якія-небудзь горкія п'яніцы альбо асобы асацыяльных паводзін, гэта звычайныя гараджане. Як і 31-гадовы Андрэй, што на сваю і чужую бяду вырашыў як быццам бы зрабіць добрую справу — развезці знаёмых па дамах, таксама звычайны малады чалавек. Ды ў гэтых супадзеннях праглядаецца вельмі небяспечная заканамернасць нашай цяперашняй рэчаіснасці. Звычайныя людзі п'юць многа і часта, звычайныя людзі не лічаць заганай сесці за руль хоць бы на невялікім падпітку.

Ну вось здарыўся выхадны дзень, сабралася кампанія адносна маладых людзей, якія выбралі такі сумнеўны спосаб баўлення часу, як выпіўка. Яны бяруць з сабой дзяцей, дзеці на гэта глядзяць, і гадоў праз колькі, можа нават у старэйшых класах, яны будуць паўтараць вопыт бацькоў, ладзіць падобныя пікнікі. Цалкам верагодна, што бацькі нешчаслівых удзельнікаў купальскага гуляння адпачывалі такім жа чынам. Толькі вось бацькі, можа, часцей пехатой хадзілі. А цяпер аўтамабіль ёсць амаль у кожнага, што там сябе абцяжарваць. Людзі сталі менш працаваць фізічна, менш рухацца, больш піць. Гэта прыкметна без усялякай статыстыкі і сацыялагічных даследаванняў. Дастаткова ўважліва прыгледзецца да знаёмых, суседзяў, блізкага і далёкага атачэння. Ды і статыстыка даволі красамоўная: ДАІ паведамляе, што да паўсотні п'яных кіроўцаў затрымліваюць цягам сутак, а ў выхадныя дні гэтая лічба ўзрастае на 20—30—40. І не сказаць, што ў нас пагалоўна правяраюць усіх на дарогах. Правяраюць вельмі нават выбарачна. І такія вынікі! Значыць, насамрэч паказчык яшчэ большы. А колькі бяспраўнікаў на дарозе, тых, каго пазбавілі пасведчання менавіта за п'яную язду!

Здавалася б, усё проста, калі атрымаў правы, павінен не толькі ўзяць за правіла, але і запомніць як выразаць у сваёй свядомасці немагчымасць сесці за руль пасля ўжывання любой колькасці алкаголю. Толькі вось гэта простае правіла некаторым, калі не сказаць многім, падаецца складаным, амаль немагчымым. І, на жаль, высвечвае культуру, выхаванне, духоўны ўзровень многіх суайчыннікаў. Аб чым ужо гаварылася, негатыўны прыклад бацькоў становіцца ўзорам для дзяцей. Дадайце прывычку да «прыгожага» жыцця пры адсутнасці прывычкі думаць, пралічваць наступствы хоць бы на крок наперад, і вынікі могуць быць надта сумныя, а то і трагічныя для любога чалавека, які выпадкова акажацца на шляху патэнцыяльнага забойцы. Міліцэйскія зводкі таму няўмольным пацвярджэннем.

У краіне зноў загаварылі пра больш жорсткія меры адказнасці за п'яную язду. Адпаведныя прапановы разглядаюцца дзяржаўнымі органамі. Дзяржаўтаінспекцыя прапаноўвае за лёгкую ступень ап'янення пазбаўляць правоў і на тры гады, і на пяць гадоў, а лёгкая ступень ап'янення, нагадаю, лічыцца ад 0,3 да 1,5 праміле. Паступіла яшчэ адна прапанова пазбаўляць п'яных кіроўцаў правоў кіравання на тэрмін да васьмі гадоў, калі гаворка ідзе пра паўторнае парушэнне. Ну і разглядаецца павышэнне тэрмінаў пазбаўлення волі за п'яную аварыю са смяротнымі наступствамі. Зрабіць больш жорсткімі меры адказнасці запатрабаваў у лютым гэтага года кіраўнік дзяржавы. І гэта, несумненна, будзе зроблена.

Перад пасяджэннем Міждзяржаўнага савета па процідзеянні карупцыі 11 ліпеня Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр КАНЮК сказаў: «Пазіцыя Прэзідэнта надзвычай жорсткая, ён недзе ў парыве сказаў, што, магчыма, трэба пажыццёва пазбаўляць правоў... Не выключаю, што мы да гэтага прыйдзем, ужо пачалі машыны забіраць. Але вы паглядзіце другі бок: ну забяром мы ў яго правы — сядаюць без правоў, забяром машыну — бяруць чужыя, бацькавы, уганяюць». Паводле слоў генпракурора, заканадаўчыя меры будуць прынятыя, але патрабуюцца дадатковыя дзеянні, можа быць, пытанне будзе вынесенае на грамадскае абмеркаванне. «Адных прававых мер недастаткова. Нам з вамі патрэбна думаць, шукаць дадатковыя меры», — падкрэсліў генпракурор.

Ізноў вяртаемся да выхавання і да грамадскай адказнасці. Пакуль само грамадства не заб'е ў сабе гэтую сарамлівую талерантнасць, яны будуць забіваць іншых на дарогах. Пасля рэзананснай аварыі ў Белаазёрску пад Брэстам затрымалі кіроўцу, які перавозіў пасажыраў з Львова ў Брэст. Калі адзін з пасажыраў агледзеў, што з кіроўцам нешта не так, ён патэлефанаваў у міліцыю. У кіроўцы выяўлена 2,7 праміле! А ў салоне было трое дарослых і чацвёра дзяцей. Магчыма, выратаваў сябе і некага іншага. А кожны з нас ці паўплываў неяк на сітуацыю, калі бачыў падобных парушальнікаў? Мы не можам, мы не прывыклі, нам цяжка пераступіць мяжу ўласнай талерантнасці. Тады давайце прыдумваць нейкія іншыя меры. Напрыклад, тэсціраваць кіроўцаў на паліграфе падчас праходжання тэхагляду. Не падабаецца такі метад, нехта палічыць гэта за парушэнне правоў і асабістых свабодаў? Можа, гэтую меру варта вынесці на грамадскае абмеркаванне. І нязгодныя прапануюць свой варыянт. Бо гаварыць, што трэба выхоўваць грамадзяніна з дзяцінства, прывіваць прывычку да законапаслухмянасці — значыць гаварыць правільныя словы. І гаварыць іх трэба. Але яны часта не даходзяць да адрасата, не асядаюць у падсвядомасці. Таму трэба дзейнічаць іншымі спосабамі, дзейнічаць усяму грамадству. Адны праваахоўныя органы з праблемай не справяцца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Язда па крывой — як паказчык культуры

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.