Вы тут

Шляхамі з Цюмені да Брэста


Беларусы Цюменьскай вобласці прапануюць турфірмам рэгіёну ладзіць больш паездак у Беларусь, а яе жыхарам — ездзіць у госці да сібірскіх беларусаў-самаходаў. Адпрацоўваецца міжнародны турмаршрут “Дарогамі самаходаў: з Беларусі ў Заходнюю Сібір”.


Зле­ва на­пра­ва: Аляк­сей Шуг­ля, Аляк­сей Пля­ха­наў, Вік­то­рыя Дзміт­ры­е­ва, Люд­мі­ла Бак­ла­на­ва, Дзміт­ры Суб­цель­ны

Няўрымслівы Ганаровы Генеральны

Пашанцавала нам, беларусам Цюмені, на Ганаровага Генеральнага консула Уладзіміра Шуглю, і Беларусі — таксама. Як вядома, тавараабарот між вобласцю й Беларуссю за гады яго консульства няўхільна расце, як і колькасць беларускіх ліфтаў, аўтобусаў у рэгіёне, усё больш прадуктовых беларускіх крам. А 9–14 чэрвеня па ініцыятыве суполкі “Саюз — інтэграцыя брацкіх народаў”, якой кіруе Уладзімір Фёдаравіч (родавыя карані яго з Карэліцкага раёна Гродзеншчыны), пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Маскве (з намі працаваў старэйшы дарадца Пасла, кіраўнік Дзелавога культурнага комплексу Пасольства Васіль Чэрнік) мы былі ў Беларусі: каб наладзіць кантакты і ў сферы турызму. Гэта — адзін з новых і, упэўнены Уладзімір Шугля, перспектыўных кірункаў яго працы.

Дэлегацыя невялічкая: начальнік аддзела турызму й прасоўвання дэпартамента спажывецкага рынку й турызму Цюменьскай вобласці Аляксей Пляханаў, дырэктар туркампаніі “Кэт-тур” Вікторыя Дзмітрыева, памочнік консула, намеснік дырэктара холдынгавай кампаніі ГД “Мангазея” Аляксей Шугля ды я, прадстаўніца НКА “Аўтаномія Беларусь”. Я прапанавала зладзіць міжнародны турмаршрут “Дарогамі самаходаў: з Беларусі ў Заходнюю Сібір”. Праект, дарэчы, выйграў муніцыпальны грант — і на яго мы змаглі ажыццявіць паездку. Адзін з вынікаў паездкі: прапанова беларускага боку падпісаць дамову аб супрацы ў сферы турызму паміж адпаведнымі дэпартаментамі Цюменьскай вобласці ды Беларусі. Да таго ж Вікторыя Дзмітрыева і Аляксей Шугля з сынам пабывалі таксама ў Брэсце.

Дарэчы. Па вяртанні дадому мы даведаліся: на VІ Форуме рэгіёнаў Беларусі ды Расіі, які пройдзе хутка ў Санкт-Пецярбурзе, тэмай пленарнага пасяджэння стануць “міжрэгіянальныя сувязі як аснова фарміравання адзінай культурнай ды гуманітарнай прасторы народаў Беларусі ды Расіі”. На адной з секцый будуць разглядаць “турызм як драйвер эканамічнага й культурнага развіцця рэгіёнаў Беларусі ды Расіі”. Так што Цюмень (і Шугля…) ідуць на апярэджанне! На форуме плануецца падпісаць пагадненні аб супрацы між рэгіёнамі дзвюх краін, камерцыйныя кантракты, іншыя дакументы аб партнёрстве.

Што мы ўбачылі, чым захапіліся?

Беларусь цяпер славіцца сваёй сельгаспрадукцыяй: толькі ў Цюмені каля 20 месцаў, дзе прадаюцца беларускія прадукты — ад цукерак да каўбас і сыроў. Якасць — высокая, смакі — натуральныя. Такія прадукты і ў самой Беларусі. Нам расказалі пра нацыянальную сетку магазінаў “Радзівілаўскі”. А Радзівілы, як вядома, гэта заможны род магнатаў (як цяпер алігархі…) часоў Вялікага Княства Літоўскага — старажытнай дзяржавы, у складзе якой былі калісьці беларускія землі. Родавы замак магнатаў, іх рэзідэнцыю ў Нясвіжы (Мінская вобласць) штогод наведваюць сотні тысяч турыстаў. Славяцца фірмовыя кандытарскія крамы “Камунарка”, “Спартак”, хлебабулачныя “Каравай” ды іншыя. Школьнікі, дарэчы, любяць удзельнічаць у майстар-класах на мінскай фабрыцы “Камунарка”, дзе праходзяць дэгустацыі без абмежаванняў. Запрашалі на “салодкія” вытворчыя туры й цюменьскіх дзяцей. Во наласуюцца!

Карысна прайшла сустрэча са старшынёй Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЭСКА Дзмітрыем Субцельным. Ён быў летась у Цюмені на прэзентацыі “маршруту па самаходах”, зацікавіўся праектам — такія вандроўкі, мяркуе, дапамогуць сябрам клубаў пры складанні сваіх радаводаў. А ў ліку кірункаў дзейнасці асацыяцыі — праца лінгвістычных лагераў па паглыбленым вывучэнні англійскай мовы, міжнародныя валанцёрскія атрады па аднаўленні замкаў на тэрыторыі Беларусі. “Вашы хлопцы й дзяўчаты могуць падаваць заяўкі ў гэтыя лагеры й атрады”, — прапанаваў Дзмітры Юр’евіч. Пад абаронай ЮНЭСКА цяпер і старадаўнія абрады, нават адметныя стравы нацыянальных кухняў — у Беларусі гэта знакамітыя дранікі, некаторыя гатункі хлеба. Смачная ежа, кажуць, спрыяе выпрацоўцы гармонаў шчасця, гэта — частка культуры любога народа. У Беларусі выпусцілі “Кулінарную карту”, ёсць сайты з беларускімі рэцэптамі: толькі з бульбы тут гатуюць сотні розных страў!

Аграсядзібы: камфорт з нацыянальным каларытам

Мы наведалі тры аграсядзібы з рознай спецыфікай: “Налібоцкія васількі”, “Свет пчол” і “Хутар Дудара”. Вельмі ўражаныя ўбачаным! Экскурсію правяла Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”. Прэзідэнт Беларусі падтрымаў на заканадаўчым узроўні развіццё агратурызму. Вызвалены ад падаткаў тыя, хто прымае гасцей на сваёй тэрыторыі: бо такія рупліўцы спрыяюць развіццю вёскі, дзякуючы ім развіваецца сельская інфраструктура. Гэта й месцы адпачынку на прыродзе, і ўвага да народных традыцый, нацыянальнай ежы, абрадаў. А яшчэ — зносіны з гаспадаром сядзібы, яго сям’ёй, душэўныя размовы за гарбатай (ці чаркай самагонкі, якая — брэнд краіны). Гасціннасць і ветлівасць, шчырасць і самабытнасць — яны кожнаму з нас даспадобы! Беларусь за 15 гадоў стала краінай агратурызму, пацясніўшы саму Італію ў гэтым кірунку. Сядзібы не канкурэнты — яны дапаўняюць адна другую. Скажам, на “Хутары Дудара” займаюцца развіццём інтэлектуальнага турызму. Гаспадар Алесь Лось (ён мастак-графік, фольк-музыка) сустрэў нас ігрой на дудзе, паказаў музей музінструментаў, сабраных ім: там ёсць дудкі, скрыпка, цымбалы, дуда, гармонік… У сядзібе падаюць толькі гарбату й духоўную ежу. Алесь адладжвае сувязі з музычнымі школамі, дзеячамі культуры. На адкрытай сцэне нядаўна паказалі спектакль па творы Станіслава Манюшкі, ураджэнца Беларусі: 2019‑ы аб’яўлены ЮНЭСКА годам гэтага кампазітара. Здзівіла нас такая паслуга пчаляроў, як “Сон на вуллях”: у спецыяльным памяшканні трэба легчы на вулей спіной — і тады адчуваеш цеплыню, вібрацыю ад руху пчол, адчуваеш водар мёду. Усё гэта супакойвае нервовую сістэмуй ацаляе. А хто з гаспадароў мае коней, той ладзіць далёкія паездкі ў экіпажах — пад даўніну, з фурманам.

Для гаспадароў сядзібаў праводзяць семінары, яны абменьваюцца досведам. “У Расіі каласальны патэнцыял для развіцця хутароў, агратурызму: бо там вялікая разнастайнасць нацыянальнасцяў, рэлігій, — лічыць Валерыя Кліцунова. — А ў будучыні якраз індывідуальны, сямейны адпачынак будзе пераважаць”.

Цяпер у Беларусі 2400 аграсядзібаў! Прыязджаюць туды з розных краін, нават з Афрыкі. Кожная самастойна прасоўвае свой “прадукт” — адкрыты звыш 10 сайтаў, выдадзены каталог сядзібаў. Іх тураператары ўключаюць у маршруты: індывідуальныя, сямейныя, групавыя, школьныя. З Польшчы людзі прыязджаюць аднаўляць радаводы. То, магчыма, і беларусы зацікавяцца дарогамі сваіх продкаў-самаходаў у Сібір. Як вядома, толькі ў ходзе Сталыпінскай рэформы Беларусь пакінулі звыш 600 тысяч чалавек. Дарэчы, і ў нашай групе ўсе спалучаны з Беларуссю. Аляксандр Шугля — беларус па крыві, я жыла ў Магілёве 40 гадоў, і ў Вікторыі Дзмітрыевай ды Аляксея Пляханава прадзеды былі беларусамі.

Раскоша спакою з Бацькаўшчыны

Дудар-гаспадар Алесь Лось

Наведалі мы й вядомыя беларускія санаторыі “Юнацтва” і “Крыніца” паблізу Мінска, у якіх сярод адпачывальнікаў да 90% расіян, прычым больш паловы іх прыязджаюць паўторна. Па цане з падобнымі паслугамі ў Расіі розніца невялікая, але прырода ім падабаецца, і пералік медпаслуг шырэйшы. Пра магчымасці супрацы ў гэтай сферы расказвала нам Алена Навічэнка з установы “ЦэнтрКурорт”.

Змястоўнаю была сустрэча ў Міністэрстве спорту й турызму: гутарылі мы з кіраўнікамі дэпартамента й нацыянальнага агенцтва па турызме, прадстаўнікамі “ЦэнтрКурорта”. Намеснік старшыні Рэспубліканскага саюза туріндустрыі Дзмітры Скварчэўскі прэзентаваў праект “Дзіўная Беларусь” — ён пра турпатэнцыял краіны, яе асноўныя славутасці. “У Беларусі адчуваецца раскоша спакою, — казаў ён. — І найлепшая тут парада для адпачынку: расслабцеся! У вас ёсць час падумаць!”. Дзмітры цікава расказваў пра адметнасці беларускіх гарадоў, прыроды (у Беларусі 11 тысяч азёр і 20 тысяч рэк).

Аляксей Пляханаў расказаў пра турпатэнцыял Цюменьскай вобласці. Адно царскае паляванне чаго вартае! Гэта калі зімою паляўнічыя ў кажухах без зброі ў санках, на конях заганяюць дзічыну сабакамі. Сібір — турбрэнд Расіі: 56% тэрыторыі краіны, 25% насельніцтва, 140 нацыянальнасцяў. Ёсць маршрут “Чорнае золата Сібіры” (паказваюць, як здабываецца нафта), “Імператарскі маршрут” (па месцах, дзе жыў Мікалай ІІ і яго сям’я ў апошнія месяцы ў Сібіры). Купецкія дамы з унікальнай сібірскай накладной разьбой, дываны, смачная рыба (муксун, нельма), касцяны промысел… Гэта знаёмства з паганствам і побытам абарыгенаў, з месцамі сібірскіх ссылак і змагання за волю. А сучасную Цюмень мы называем сталіцай пераменаў і рэалізацыі магчымасцяў, горадам шчаслівых людзей. Рэгіён па многіх паказчыках — у ліку лепшых у Расіі, па якасці жыцця трымае першынство. І ў тым беларусы могуць пераканацца. У наш горад увайшлі буйныя гандлёвыя кампаніі, хоць Цюмень — не мільённік: пакупніцкая здольнасць насельніцтва высокая. А ў канцы свайго выступу Аляксей Пляханаў прывёў меркаванне Марка Твэна: “Толькі пра дзве рэчы мы будзем шкадаваць перад смерцю: што мала любілі й мала падарожнічалі”.

Я ж на сустрэчы распавяла пра самаходаў як унікальную гістарычна-культурную з’яву (можа варта было б яе ўнесці ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА? — Рэд.) і пра тое, якія традыцыі беларусаў-сібіракоў на зямлі Цюменьскай захаваліся. Вікторыя Дзмітрыева гаварыла пра фінансавыя складнікі рэальных цюменьскіх маршрутаў, Аляксей Шугля — пра супрацу “Беларусь — дыяспара” ў Заходнесібірскім нафтавым рэгіёне, працу суполкі “Саюз — інтэграцыя…”, Ганаровага Генеральнага консула Беларусі ў Цюмені. Многае зацікавіла гаспадароў сустрэчы, казалі: “Вы так шмат робіце!!!”. А ўрэшце намдырэктара дэпартамента па турызме Мінспорту Віталь Грыцэвіч унёс прапанову: падпісаць дамову аб супрацоўніцтве між дэпартаментамі у галіне развіцця турызму. Патлумачыў: “Турызм Цюменьскай вобласці — дарагога варты! Мы вам прапануем актыўна ўдзельнічаць у беларускіх выставах тураператараў: многія рэгіёны Расіі з еўрапейскай яе часткі рэкламуюць тут свой прадукт. Прыемна, што Цюмень праявіла такую ініцыятыву. Наша дзейнасць будзе ўзаемакарыснай”.

Нам шмат удалося пабачыць, зрабіць — бо паспрыяла таму Пасольства Беларусі ў Маскве, наш сябар Васіль Чэрнік: ён раней быў намеснікам Міністра культуры. У Мінску яго ведаюць, цэняць, паважаюць, і якраз па яго дамоўленасці ў нас быў мікрааўтобус! Васіль Мечыслававіч прызнаўся: з задавальненнем прыняў прапанову Уладзіміра Шуглі, з якім добра знаёмы. Ён не сумняваецца, што развіццё беларуска-цюменьскага турызму — справа перспектыўная. Дзякуючы нашаму сябру мы паглядзелі спектакль у Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя М. Горкага — за тое яму асаблівая ўдзячнасць.

Людміла Бакланава, г. Цюмень

Вітаем Форум рэгіёнаў!

З 16 па 18 ліпеня ў Санкт-Пецярбурзе праходзіць VІ Форум рэгіёнаў Беларусі ды Расіі. Цэнтральнай імпрэзай яго будзе пленарнае пасяджэнне, у якім плануецца ўдзел кіраўнікоў дзяржаў. Тэма пленарнага пасяджэння — міжрэгіянальныя сувязі як аснова фарміравання адзінай культурнай ды гуманітарнай прасторы народаў Беларусі ды Расіі. Будуць падпісаны пагадненні аб супрацы паміж рэгіёнамі краін, камерцыйныя кантракты, іншыя дакументы аб партнёрстве.

Выбар рэдакцыі

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.

У свеце

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Як развіваецца глабальнае супрацьстаянне ЗША і Кітая?

Супярэчнасці ў адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам абвастраюцца, і іх можна смела называць гандлёвай вайной.

Грамадства

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

Якім павінен быць вучэбны дапаможнік у ХХІ стагоддзі?

З 50 выданняў, якія павінны з'явіцца на школьных партах да 1 верасня, 48 ужо надрукаваныя.

Здароўе

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Якія аперацыі беларускія афтальмолагі робяць пры катаракце, глаўкоме і іншых хваробах вачэй

Экзапратэзаванне арбіты не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.