Вы тут

Якімі шляхамі будзе развівацца зялёная эканоміка?


Эканамічны рост без шкоды для наваколля, зніжэнне энергаспажывання ў жыллі да 90 кілават на квадратны метр, стварэнне 166 электразарадных станцый для аўто да канца года і давядзенне аднаўляльных крыніц энергіі да 9 % у энергабалансе краіны да 2030-га. Такія мэты ставяць перад сабой арганізацыі і ведамствы Беларусі на шляху развіцця зялёнай эканомікі.


Грашовы эфект з мінімальным уздзеяннем

Элементы «азелянення» эканомікі, згодна з Нацыянальным планам дзеянняў па яе развіцці, уключаюць у сябе электратранспарт, гарадскую мабільнасць, разумныя гарады, арганічную сельскую гаспадарку і экалагічны турызм. Комплексны дакумент уяўляе сабой дарожную карту таго, якім чынам будзе адбывацца экалагізацыя эканомікі ў краіне.

— Сёння мы падыходзім да канца рэалізацыі даволі доўгага працэсу, падчас якога як з удзелам міжнародных партнёраў, так і самастойна Беларусь звяртае ўвагу на неабходнасць эканамічнага росту, які не будзе рэалізоўвацца са шкодай для наваколля, — заўважыла Кацярына КУЗНЯЦОВА, начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі. — Зялёная эканоміка імкнецца прымірыць эканамічны рост і захаванне прыроднага асяродку — пры мінімальным уздзеянні на наваколле.

План разлічаны да 2020 года і ўключае ў сябе некалькі катэгорый. Напрыклад, стварэнне ўмоў для ўстойлівага спажывання і вытворчасці, каб і спажывец, і вытворца эканомна ставіліся да прыродных рэсурсаў. 30 % мерапрыемстваў, якія прадугледжаны дакументам, ужо выкананы, і даволі паспяхова, 70 % — у працэсе рэалізацыі, кажуць спецыялісты. Яны ж раяць звярнуць увагу на ахоўныя і асабліва ахоўныя тэрыторыі краіны, якіх у Беларусі больш за 9 % і ад якіх можна атрымліваць дадатковы прыбытак.

— Тое, што мы захоўваем біялагічную і ландшафтную разнастайнасць, — добра. Аднак мы можам атрымліваць эканамічны эфект і пры гэтым вытрымліваць мінімізацыю ўздзеяння на гэтыя тэрыторыі, — кажа Кацярына Кузняцова.

Электрааўто і турыстычныя электробусы

Дасягненні краіны ў развіцці зялёнай эканомікі пацвярджаюцца міжнароднымі таварыствамі і адлюстроўваюцца ў экалагічных рэйтынгах. Летась у індэксе дасягнення глабальных мэт устойлівага развіцця Беларусь заняла 23-е месца сярод больш чым 170 краін. А па індэксе эфектыўнасці намаганняў у сферы аховы клімату наша краіна на 29-м месцы. Сем з сямнаццаці мэт устойлівага развіцця экалагічныя, і шмат у чым дзякуючы дасягненням у экалагічных мэтах наша краіна атрымала такі высокі бал, канстатуе Надзея БАТАВА, загадчык сектара эколага-эканамічных праблем Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі:

— У межах развіцця электратранспарту да 2022 года будзе выпушчаны першы электрамабіль айчыннай зборкі на базе кітайскага. У краіне курсіруе больш за 80 электробусаў, у тым ліку турыстычныя электробусы на тэрыторыі заказнікаў. На аўтазапраўках «Беларуснафта» ўжо дзейнічаюць 84 электразарадныя станцыі. Да канца года з'явіцца яшчэ 166. Па тэмпах развіцця такіх станцый мы апераджаем Эстонію, якая доўгі час была сусветным лідарам гэтага кірунку.

Яшчэ на пачатку 2015-га ў краіне было 27 электрамабіляў, цяпер іх больш за 240. Акрамя падтрымкі на дзяржузроўні, павелічэнню колькасці электратранспарту спрыяе і тое, што яго ўладальнікі вызвалены ад выплаты дзяржпошліны і падатку на дабаўлены кошт.

«Зялёныя гарады» і бясплатныя рэсурсы

На ўзмацненне зялёнага сектара эканомікі працуюць розныя ведамствы. У Акадэміі навук, напрыклад, вывучаюць праблемы глыбіннай перапрацоўкі торфу для атрымання ўгнаенняў, бо паліць торф цяпер — недапушчальная раскоша. Даследаванні па другасным забалочванні месцаў выпрацаваных тарфянікаў паказваюць, што гэта дазволіць пазбегнуць узгарання такіх мясцін і надасць ім другое жыццё, расказвае Людміла КРАЎЧУК, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі аптымізацыі геасістэм Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

А Закон аб вытворчасці і абарачэнні арганічнай прадукцыі, які арыентаваны на экспарт і ўступіць у сілу ў канцы гэтага года, задасць рамачныя ўмовы развіцця гэтага кірунку і дасць дадатковы імпульс яго развіццю, лічыць Надзея Батава:

— Пакуль жа ў краіне толькі 27 сертыфікаваных вытворцаў арганічнай прадукцыі, у тым ліку прадпрыемствы, якія прымаюць і нарыхтоўваюць ягады, дзікарослую прадукцыю, бярозавік і сельгаспрадукцыю.

Не менш цікавым стане будаўніцтва першага рэсурсанезалежнага дома-парку, які будзе працаваць на альтэрнатыўных крыніцах энергіі. Яго аўтары абяцаюць, што жыхарам не давядзецца плаціць за цяпло і электрычнасць. Калі ўсё атрымаецца, гэта будзе сапраўды прарыў у экабудаўніцтве, лічаць спецыялісты.

Ірына УСАВА, кіраўнік праекта «Зялёныя гарады», прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі, адзначыла, што ў межах праекта яны працуюць на мясцовым узроўні з гарадскімі адміністрацыямі, таму што большасць насельніцтва пражывае менавіта на тэрыторыях сярэдніх і малых гарадоў:

— Мы распрацоўваем стратэгічнае бачанне развіцця нашых гарадоў: Полацка, Наваполацка, Навагрудка, дапамагаем ім рэалізаваць пілотныя праекты па павышэнні энергаэфектыўнасці. У Навагрудку, напрыклад, гэта сістэма разумнага вулічнага асвятлення і смартсістэма спажывання рэсурсаў для жылога дома. Пытанні развіцця гарадской мабільнасці праз веларух — у Полацку і Наваполацку. Да праекта «Зялёныя гарады» нядаўна далучыліся Гарадок, Зэльва, Крычаў і Карма. Для іх распрацоўваецца план зялёнага горадабудаўніцтва.

Тым не менш, напланаваўшы шмат інавацыйных цікавых ідэй у будаўніцтве зялёнага горада, неабходна шукаць сродкі для рэалізацыі гэтых праектаў. Таму пытанне, звязанае з «зялёнымі фінансамі», павінна выходзіць на першы план. Каб прасоўваць новыя экатэхналогіі ў краіне, трэба рабіць чарговы крок па распрацоўцы крытэрыяў экалагічнасці і энергаэфектыўнасці, упэўнена яна.

Аднаўляльныя крыніцы энергіі

Важная роля ў энергаэфектыўнасці адводзіцца таксама аднаўляльным крыніцам энергіі: ветру, сонцу і вадзе.У Германіі і Італіі гэтыя рэсурсы займаюць 15 % у энергабалансе краіны і, адпаведна, робяць унёсак у экалагізацыю, падзяліўся Леанід ПАЛЯШЧУК, намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі:

— У Беларусі створана пакуль каля 6,2 % (каля 400 МВт) магутнасцяў на аднаўляльных крыніцах энергіі. Да 2030 года мяркуецца дасягнуць 9 %. Аднак гэта ўсё яшчэ не 15 %, якія дазволяць развівацца ў межах зялёнай эканомікі.

У сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі мадэрнізацыя жылля заклікана знізіць энергаспажыванне на 40 % і давесці ў далейшым гэты паказчык да 90 кВт на квадратны метр замест цяперашніх 200 кВт. Праўда, ужо існуюць пілотныя праекты ў Магілёўскай і Гродзенскай абласцях, дзе гэты ўзровень — 25 кВт на квадратны метр, заўважыў спецыяліст.

— Вялікую ролю ў павышэнні энергаэфектыўнасці будзе адыгрываць укараненне прынцыпаў дзяржаўных зялёных закупак, калі дзяржава ўвядзе пэўныя патрабаванні да вытворчасці на тэрыторыі краіны, да продажу спажыўцу тавараў і аказання паслуг, якія будуць адпавядаць пэўным экалагічным крытэрыям і патрабаванням па энергаэфектыўнасці, — перакананы Андрэй МІНЯНКОЎ, начальнік аддзела навукова-тэхнічнай палітыкі і знешнеэканамічных сувязяў Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Беларусі.

Прыкладам павышэння энергаэфектыўнасці служыць таксама перавод кацельняў на драўніннае паліва і павышэнне такой эфектыўнасці ў новым жыллі. За кошт росту цаны на паліва (на 8—17 %) энергаспажыванне ў доме змяншаецца ў два—чатыры разы і дазваляе выкарыстоўваць энергію аднаўляльных крыніц. А вось павысіць энергаэфектыўнасць у існуючым жыллі мяркуюць, далучыўшы да працэсу саміх грамадзян і іх сродкі, дзеля чаго рыхтуецца адпаведны праект.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».