Вы тут

Гастрольны тур купалаўцаў «Палескія хронікі» пачаўся з Брэста


У Брэсце з аншлагам прайшлі дзве пастаноўкі спектакля «Радзіва «Прудок» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. І гэта стала пачаткам унікальнага гастрольнага туру «Палескія хронікі», які наладжаны пры падтрымцы кампаніі velcom | А1. Далей спектакль паехаў у Пінск, Калінкавічы, Гомель. У Брэсце, што цікава, білеты раскупілі недзе за два дні.


Раман Падаляка.

Яно і не дзіва, брэсцкая публіка, выхаваная за дзесяцігоддзі фестывалем «Белая вежа», не прапускае падзей у тэатральным жыцці. А тое, што «Радзіва «Прудок» — падзея, думаю, ніхто спрачацца не будзе. Няма патрэбы падрабязна пісаць пра саму пастаноўку, гэта было зроблена калегамі ў нашай газеце пасля прэм'еры. Цікава будзе, як нашы гледачы ўспрынялі сцэнічнае ўвасабленне «Дзённіка» Андрэя Горвата. Пра гэта, дарэчы, гаварылі рэжысёр і акцёры спектакля падчас прэс-канферэнцыі. Яны казалі, што асабліва хвалююцца, калі выступаюць у правінцыі, бо тут, можна сказаць, жывуць прататыпы іх герояў. Хоць Брэст, варта заўважыць, не такая ўжо і правінцыя, усё-такі Еўрасаюз за плотам, маецца на ўвазе памежная агароджа. А выканаўца многіх роляў у гэтым спектаклі Святлана Анікей дык наогул назвала наш горад «гэткай тайнай культурнай сталіцай краіны». Вядома, пэўны аванс у ацэнцы культурнага патэнцыялу і жыцця горада ёсць, але ж прыемна. Раней даводзілася чуць, напрыклад, што Брэст — край непалоханых мільянераў. Праўда, было гэта даўно, у савецкія часы, і меўся на ўвазе памежны статус самага заходняга горада Савецкага Саюза. Апошнім, дарэчы, многія спрабавалі тлумачыць нізкі працэнт ужывання беларускай мовы ў гарадскім асяродку. Местачковыя бізнесмены і цяпер не спяшаюцца свае кавярні называць па-беларуску. На пешаходнай Савецкай якіх хочаш назваў сустрэнеш, а каб беларускую — трэба пашукаць. Ды гэта так, да слова...

Але ж ёсць цікавасць да мастацтва на роднай мове, калі не хапіла квіткоў усім ахвотным. Апошняе абумоўлена яшчэ і фарматам пастаноўкі. Яна прайшла на сцэне Вялікай залы Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Тут жа размясціліся і гледачы, крэслы для якіх расставілі па перыметры пляцоўкі. Адсутнасць мяжы паміж сцэнай і глядзельнай залай надае асаблівую камернасць, дазваляе кожнаму адчуць сябе часткай таго, што адбываецца. Бо, як вядома, большасць з нас — гараджане ў першым пакаленні, і ў душы кожнага ёсць свой «Прудок». Я заўважыла, як за гэтыя некалькі дзён, што прайшлі пасля спектакля, паспела тром-чатыром чалавекам нагадаць пра іх «асабісты Прудок». Ну вось заязджаеш на выхадныя ў свой вясковы дачны дом і найперш накіроўваешся ў склеп з варэннем, якое было зварана ў гарадской кватэры. А суседка з-за плота: «Што нясеш?» Другая суседка ўжо паспела пацікавіцца, чаму мы не ўсе прыехалі, а толькі ўтрох. І ў гэтым праяўляецца галоўнейшы закон вясковага жыцця: тут усе адно аднаму патрэбныя. У гарадской кватэры ж ты хоць памры за сцяной, ніхто з суседзяў і за месяц не пацікавіцца.

Усё гэта як найлепш перададзена і ў кнізе Андрэя Горвата, і ў спектаклі Рамана Падалякі. Вось як выказаўся сам рэжысёр пасля паказу: «Больш за год таму, калі стварэнне спектакля па кнізе Андрэя Горвата толькі пачыналася, ніхто з нас нават не марыў аб гучным поспеху і аншлагах у залах — мы проста рабілі сваю справу, якой літаральна жылі і дыхалі. Натхняльная гісторыя нашага сябра і былога калегі, жаданне пераказаць і раскрыць глыбокі сэнс першакрыніцы выразнымі сродкамі тэатра ў спалучэнні з падтрымкай партнёраў velcom | А1 сінтэзавалася ў вынік, якім мы сапраўды ганарымся і які рады прадставіць у беларускіх гарадах. Шчыра дзякую брэсцкім гледачам, што сёлетняе творчае падарожжа спектакля «Радзіва «Прудок» пачалося на такой цёплай ноце».

Фрагмент спектакля.

На цёплай ноце, гэта правільна. Але падчас паказу адчувалася пэўная стрыманасць, нават некаторае напружанне сярод гледачоў. І толькі потым, калі выходзілі з залы, многія далі волю ўласным усмешкам. У працэсе паказу, відаць, думалі, успаміналі. А сярод першых глядацкіх водгукаў давялося пачуць не аднойчы: «Трэба пачытаць кнігу». Сапраўды трэба — таму, хто яшчэ не чытаў. Бо ў спектаклі задзейнічаны асобныя фрагменты твора, а іх, цікавых, насамрэч вельмі многа: і смешных, і драматычных, і філасофскіх. Ну вось, напрыклад: «У вёсках ёсць старэнькія бабулі, якія даглядаюць сваіх саракагадовых сыноў. Мыюць ім трусы, вараць есці. Сыны б'юць іх і прапіваюць пенсіі...» І гэта адна з рэалій, прыклады, на жаль, можна знайсці ледзь не ў кожным сельсавеце. Або: «Праз адно неасцярожнае слова ў інтэрнэце можа не спаць чыясьці маці». Акурат пра цяперашняе інфармацыйнае жыццё. Гэта з кнігі. А спектакль сумеў перадаць галоўнае пачуццё твора: з яго патыхае любоўю да маленькага куточка на зямлі, адкуль прарастаюць карані кожнага з нас. У спектаклі ёсць многа пранізлівых момантаў, якія здольныя пранікнуць у душу. І пачынаеш разумець, чаму трэба садзіць бульбу і вырошчваць кабачкі на ўласным кавалку зямлі і ўмацоўваць вокны дзедавай хаты, якія з часам ператворацца ў касмічны пыл.

Святлана Анікей казала на прэс-канферэнцыі, што, працуючы над ролямі, яна баялася, каб не страціць непасрэднасць, шчырасць сваіх герояў. Не страціла. Асабліва, на мой погляд, актрысе ўдалася апошняя гераіня, старая бабулька, якая не хоча ехаць у дом састарэлых. Актрыса паказвае яе шчымліва і пранікнёна, з любоўю, амаль з надрывам. А ўвесь спектакль з яго дзясяткамі музычных трэкаў, касмічнай рыторыкай, цікавай сцэнаграфіяй і арыгінальнымі касцюмамі скіраваны на любоў да людзей. Якія жывуць «у маленькіх хатах на ўскрайку сусветаў».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Маленькія хаты на ўскрайку сусветаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».