Вы тут

Раўнапраўны дыялог


У Мінску 2 ліпеня прайшло чарговае штогадовае, пятае па ліку пасяджэнне Кансультатыўнага савета пры МЗС Беларусі па справах беларусаў замежжа


Беларусы замежжа сустракаліся ў святочным Мінску

Збірацца на Бацькаўшчыне для лідараў беларускіх суполак замежжа — даўняя традыцыя. А фармат Кансультатыўнага савета пры МЗС Беларусі па справах беларусаў замежжа дае магчымасць прыехаць і супляменнікам здаля. У спісе ўдзельнікаў КС з замежжа сёлета — лідары, прадстаўнікі беларускай дыспары з Арменіі, Германіі, Ізраіля, Іспаніі ды Італіі, а таксама казахстанскага Паўладара, кыргызкага Бішкека. Яшчэ — з Рыгі, літоўскай Клайпеды, польскага Беластока й прыднястроўскага Ціраспаля. І суполкі з Масквы, Смаленска, Петразаводска былі прадстаўлены, а таксама Кіеў, французкі горад Фантанэ-а-Роз, швейцарскі Берн ды эстонская Нарва.

Гэткая ж амаль колькасць удзельнікаў КС і з беларускага боку — як меседж, арганізацыйны пасыл на раўнапраўны дыялог. Усяго за круглым сталом сабраліся 37 чалавек. Запрошаны былі на пасяджэнне прадстаўнікі дзяржустаноў Беларусі, хто ў сваёй працы непасрэдным чынам судакранаецца з беларусамі замежжа, дэпутаты Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, грамадскіх аб’яднанняў, СМІ. Мерапрыемства ў Круглай зале Міністэрстве замежных спраў Беларусі адкрыў Міністр Уладзімір Макей, у ім паўдзельнічаў і Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

Удзельнікі Савета падвялі вынікі работы за год, намецілі новыя сферы сумеснай дзейнасці, што паспрыяе ўмацаванню сувязяў паміж дыяспарай і беларускай дзяржавай. У сваім выступленні Уладзімір Макей адзначыў: культурна-гуманітарная супраца з дыяспарай асабліва паспяхова развівалася ў апошнія гады. Цяпер на такім грунце варта ўмацоўваць іншых напрамкі ўзаемадзеяння — у галіне адукацыі, навукі, турызму, больш падтрымліваць моладзь. Міністр падкрэсліў каштоўнасць унёску дыяспары ў працэс вяртання на Бацькаўшчыну спадчыны яе знакамітых сыноў і дачок — а гэта ж працуе на ўмацаванне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці.

У Музеі гісторыі беларускай літаратуры

Уладзімір Макей выказаў удзячнасць прадстаўнікам дыяспары ў Германіі, Ізраілі, Кыргызстане, Літве, Латвіі, Малдове, Польшчы, Расіі, Чэхіі ды іншых краінах замежжа за іх актыўнае прасоўванне эканамічных інтарэсаў Беларусі за мяжой. За плённую работу, скіраваную на пашырэнне беларускай культуры, значны ўнёсак ва ўмацаванне іміджу нашай краіны Міністр узнагародзіў 8 замежных членаў КС юбілейным медалём “100 гадоў дыпламатычнай службе Беларусі”. Уладзімір Макей выказаў упэўненасць, што высокая ўзнагарода будзе яшчэ больш натхняць актывістаў дыяспары на новыя добрыя справы на карысць нашай Радзімы.

Праграма знаходжання замежных сяброў КС у Беларусі была насычанай. У прыватнасці, раней яны наведалі ўрачыстую цырымонію закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў — тое адбылося, калі меркаваць па інфармацыі ў сацсетках, дзякуючы падтрымцы дырэкцыі другіх Еўрапейскіх гульняў, МЗС і асабіста Максіма Дубянка, кіраўніка таварыства “Радзіма”. На здымках бачна: вельмі моцныя эмоцыі перапаўнялі ўсіх ўдзельнікаў гэтай сапраўды гістарычнай падзеі. Наведалі сябры КС і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, дзе якраз 1 ліпеня адкрывалася літаратурна-дакументальная экспазіцыя “У сэрцы з Радзімай”. Яна цалкам прысвечана літаратурнай спадчыне беларускага замежжа. Музеем цяпер, нагадаем, кіруе вядомы ў беларускіх асяродках замежжа Міхаіл Рыбакоў: ён раней шмат працаваў з актывістамі дыяспары, узначальваў Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы. Наша газета ўжо расказвала, што цяпер музей рэалізуе цікавы праект “Збіраем гісторыю беларускай літаратуры разам”. Экспазіцыя ж дэманструе перыядычны друк беларускага замежжа ў ХХ стагоддзі — прадстаўлены літаратурна-грамадскія, гумарыстычныя, студэнцкія, царкоўна-рэлігійныя газеты й часопісы, паштоўкі. Выстаўлены кніжныя выданні па гісторыі стварэння беларускіх дыяспар, творы сучасных пісьменнікаў і паэтаў беларускага замежжа. Прадстаўлены арганізацыі, што каардынуюць і падтрымліваюць культурную й грамадскую дзейнасць беларусаў у замежжы. У часе сустрэчы ў Музеі літаратуры прайшла зацікаўленая размова аб супрацы па стварэнні экспазіцыі, прысвечанай літаратурнай спадчыне беларусаў замежжа.

Незабыўныя ўражанні атрымалі сябры КС, калі ў адпаведнасці з дзелавой праграмай Савета наведалі ў Жодзіне знакамітае вытворчае аб’яднанне “БЕЛАЗ”. Яны таксама паўдзельнічалі ў святочных імпрэзах з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У прыватнасці, 2 ліпеня сябры Савета былі запрошаны на святочны канцэрт “Вызваленне” у Палац Рэспублікі — у гэтай імпрэзе ўдзельнічаў, выступаў на ёй Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Іван Іванаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.