Вы тут

Жывём — жнівом!


На палях Беларусі поўным ходам ідзе ўборка збожжавых культур


Аляксандр Лукашэнка гутарыць з механізатарамі гаспадаркі “Радуга-Агра” пра новую тэхніку

З такім надвор’ем, як сёлета ў Беларусі — на пачатку лета стаяла суш-гарачыня, цяпер амаль штодзень дажджыць — усім карціць ведаць: ці будзем з хлебам, з кармамі для жывёлы? Як вядома, уся вытворчасць малака й мяса “стаіць”-грунтуецца на ўраджайнасці палеткаў ды сенажацяў. І паколькі ўборка для краіны — пытанне стратэгічна важнае, то і ўвага да яе ходу — адпаведная. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня правёў рэспубліканскую селектарную нараду па пытаннях уборкі ўраджаю. Кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг задач перад профільнымі ведамствамі, кіраўніцтвам рэгіёнаў. Арыенціры ж такія: збожжавых і зернебабовых плануецца сабраць 8,672 млн тон, рапсу — 766,3 тыс. т, ільновалакна — 52,6 тыс. т, цукровых буракоў — каля 5 млн т, кукурузы на зерне — 1,717 млн тон, бульбы — 1,1 млн тон, гародніны — каля 600 тыс. т. Прычым, як падкрэсліў Прэзідэнт, “гэты план павінен быць жалезабетонна выкананы. А выкананне плана, які вызначаны, — закон”.

Для ўдумлівага чытач з гэтай раскладкі добра відаць: якім культурам цяпер аддаюць перавагу беларускія аграрыі, на што робяць стаўку ў гаспадарчай дзейнасці, як манеўруюць з улікам цэнаў на сусветным рынку, шукаючы, як кажуць, сваё месца пад сонцам.

З размовы на нарадзе вынікае: сёлета аграгаспадаркам важна папоўніць кармавыя рэзервы — як збожжа, так і травяністых кармоў. Зрабіць запас гады на паўтары-два. Пры тым звярталася ўвага на захаванне тэхналогій, якасць кармоў, на неабходнасць будаваць сянажныя траншэі: яны сябе добра зарэкамендавалі ў сучаснай жывёлагадоўлі. Рэкамендаваў Прэзідэнт шырэй выкарыстоўваць і рулонныя прэсы, з абгортваннем рулонаў палімернай плёнкай: “Траву скасіў, у валок згарнуў і скруціў у рулон і ў плёнку, унёс кансервант і, калі не можаш своечасова звезці, — гэта ўжо кармы, і прытым добрыя”.

Яшчэ адна сучасная тэхналогія тычыцца нарыхтоўкі кукурузы на корм, але пры тым важна правільна яе высушыць. У беларускіх перадавых гаспадарках кукурузу плюшчаць (ёсць такія плюшчылкі) і закладваюць у поліэтыленавыя рукавы (іх вырабляюць у краіне). “Гэта танна, і трэба гэтым займацца”,  — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Шэраг пытанняў, якія датычацца сучаснай сельгасвытворчасці, абмяркоўваліся ў шырокім коле спецыялістаў, прадстаўнікоў улады Гомельшчыны ў часе нядаўняй рабочай паездкі Прэзідэнта ў Веткаўскі раён. Кіраўнік дзяржавы падрабязна знаёміўся з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельскай вобласці й раёна, з перспектывамі развіцця прадпрыемства “Беларуснафта-Асобіна”. Як ідзе ўборка зерневых — тое Прэзідэнт глядзеў у гаспадарцы “Радуга-Агра”, там жа ішла зацікаўленая размова пра перспектывы развіцця “Гомсельмаша”. Аляксандру Лукашэнку паказалі, як працуюць новыя камбайны (на газаматорным паліве, гусенічным і паўгусенічным ходзе), ён гутарыў з механізатарамі пра якасць, асаблівасці гэтай тэхнікі.

Іван Ждановіч

Даведка ГР. Уборачныя плошчы збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы, грэчкі, проса) сёлета ў Беларусі — гэта 2251 тыс. гектараў. Цяпер вядзецца масавая ўборка ўраджаю. Сярэдняя ўраджайнасць — каля 31 цэнтнера з гектара.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.