Вы тут

Вялікая сіла малітвы


Непрыдуманая гісторыя пра тое, як ацалела ў вайну мая родная палеская вёска Лышча


Кожная з вуліц у вёсцы Лышча вядзе да храма. Фота wikipedia.org

Сёлета мы адзначаем 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Розныя гісторыі памятаюць людзі пра ваенны час. І мне хочацца расказаць сваю, тое, што малым дзяўчом сама бачыла-перажыла.

Я нарадзілася на Піншчыне ў Лышчы, і маё ранняе дзяцінства прайшло ў тым казачным месцы. Вёска вялікая, дзве шырокія роўныя вуліцы раскінуліся накрыж. Адна пачыналася ад Шматавага канца, ішла амаль да вёскі Забараўцы. Другая — шырокі гасцінец — перасякала яе, вяла ад Дабраслаўкі да Лагішына. Калі на гасцінцы стаць тварам да Лагішына, то справа за вёскай можна было бачыць шырокі поплаў з паўнаводнай ракой Вісліцай, за якой пачыналася бясконцае дрыгвяністае балота. Злева ад гасцінца падступаў дрымучы лес.

Пад лесам у канцы вёскі, перад могілкамі, была драўляная, пафарбаваная ў зялёны колер праваслаўная Свята-Аляксандра-Неўская царква. Гэта ў ёй 17 верасня 1910 года на іконе з вобразам Ісуса Хрыста з’явіліся абрысы Яго Святой Маці — Дзевы Марыі. Тое адбылося ў прысутнасці майго дваюраднага дзеда, царкоўнага старасты Данііла Пятровіча Шапялевіча, і яго пяцігадовага пляменніка Караля — майго таты. Ікона стала цудатворнай. Многія перад ёю пры звароце да Госпада, да Святой Дзевы Марыі вылечваліся. Вернікам вяртаўся зрок, знікалі розныя невылечныя хваробы.

З часу аб’яўлення на іконе выявы Божай Маці ў дзеда Данілы застаўся жоўты металічны крыж, які звычайна ляжаў у яго хаце на стале каля Бібліі. Браў дзядуля яго ў рукі толькі ў выключных выпадах.

І вось пачалася Вялікая Айчынная вайна. Праз пэўны час у вёску пачалі даходзіць чуткі пра тое, як фашысты забіваюць простых мірных людзей, паляць з жыхарамі вёскі. У Лышчы жыла адна яўрэйская сям’я — трымала невялікі магазін-лаўку. Вельмі добрыя людзі. У іх заўсёды ў любы час можна было купіць розныя дробязі. Але галоўнае для мяне — што ў дзядзькі Зэліка і цёткі Рывы было двое дзяцей: старэйшы сын Ёсель і меншая дачка Геня, мая самая першая і самая любімая ў вёсцы сяброўка. Мы з ёю амаль кожны дзень з самага рання былі разам: то яна ў нас, то я ў іх, бо хаты нашых бацькоў былі побач. Хата Геніных бацькоў — з вуліцы, наша — насупраць іх двара, на гародах. За хатай Геніных бацькоў, у бок Забараўцаў, стаяла хата дзеда Данілы.

І вось страшная навіна. Ноччу сям’ю Зэліка вывезлі паліцаі ў Лагішын. А ў хуткім часе стала вядома: усіх расстралялі. Мне так не хапала маёй сяброўкі! Здавалася, што Ёсель мог з сястрычкай уцячы і схавацца. Падставай для такой дзіцячай думкі было маё назіранне: калі мы гулялі ў хованкі, то Ёсель заўсёды хаваўся так, што мы з Геняй яго ніколі не знаходзілі. Я не магла ніяк сабе ўявіць, што Геню больш ніколі не ўбачу. Але ж так і не ўбачыла...

Яшчэ адна страшная падзея ў маім жыцці. Лета. Цёпла. У гародзе ўсё буяла, цвіла бульба. Яе бадылле з абодвух бакоў быццам прыкрывала сцежку, якая вяла на вуліцу праз Зэлікаў двор. Была раніца, мама вытапіла печ, паснедалі. Усе былі дома, у хаце тата ляжаў вельмі хворы: у яго была высокая тэмпература, ангіна, і ён з цяжкасцю размаўляў. Але гутарка ўсё ж, памятаю, была, гаварылі пра лёс яўрэяў. У мяне з галавы не выходзіла смерць сяброўкі.

І вось бачым: хуткім крокам са святым крыжам у руках спяшаецца да нас дзед Даніла. Не павітаўся, адразу паспешліва сказаў, што немцы з паліцаямі акружылі вёску, па вуліцах ёлачкай расставілі кулямёты, будуць расстрэльваць і паліць. Сказаў маме, каб нас, дзяцей, апранула ў чысценькае і, калі прыйдзецца, прасіла, каб нас расстралялі не ў хаце, а ў двары, бо незабітых у агні чакае страшная смерць. Дзед памаліўся, прыклаў да кожнага з нас крыж і паспешліва пайшоў у свой двор.

Мама ўсё так і зрабіла, як дзед сказаў. Плачучы, пераапранула спачатку маленькую сястрычку Лілю. Потым — браціка Зэнка, якому было дазволена на падлозе рысаваць класікі. І ён, нічога не ведаючы, спакойна скакаў. Дайшла чарга да мяне. Мама дастала з куфра мне свежую бялізну, апранула і белую ў кветачкі сукеначку. Я ўсё разумела... Няўжо гэта ўсё? Смерць? Апранула мама чыстую выпрасаваную кашулю тату. Я па сённяшні дзень памятаю, якога колеру была тая кашуля і якія гузікі не зашпілены зверху.

А потым тата пазваў мяне да сябе, гладзіў па галаве і гаварыў: “Не бойся, дочанька, ты ўжо вялікая і павінна ўсё разумець. Самая лёгкая смерць — ад кулі. І не пачуеш, як гэта здарыцца. Усё роўна, некалі трэба будзе ўсім паміраць”. Мама ўголас малілася, наўзрыд плакала, прыціскаючы да грудзей Лілю. А ў мяне пратэст! І вялікі! Паміраць не хачу і не буду! Я не разумела, што ў такі момант патрэбна малітва.

І раптам... з боку Забараўцаў пачуліся аўтаматныя стрэлы. Яны працягваліся, здалося, доўгі час. Але, як выявілася пазней, немцы стралялі па моладзі, якая праз поплаў хацела ўцячы. І ўсе там загінулі.

Мама адчыніла дзверы ў хаце і сенях. І раптам праз акно бачым: яшчэ стрэлы не сціхлі, як да нашай хаты праз Зэлікаў двор бяжыць, сагнуўшыся, высокі хударлявы немец, выставіўшчы перад сабой аўтамат. Усё... Уварваўся ў хату. Мама кінулася на каленях да яго ног і стала прасіць, каб ён страляў нас не ў хаце, а на двары. Немец па-свойму нешта балбатаў і наставіў аўтамат на нас з татам. Але тата сказаў маме, што яму трэба сала і яйкі.

Мама на каленях выпаўзла ў сені, неяк паднялася, адчыніла кладоўку і прапанавала ў кубельцы сала. Ён ухапіў два вялікія кавалкі, засунуў за пазуху, забраў кошык з яйкамі ды пабег той жа сцежкай на сяло.

Мы нічога не разумелі. Думалася, што прыйдзе другі ды зробіць над намі расправу. Здавалася, праходзіла вечнасць. Тата і мама маліліся, звяртаючыся да Лышчынскай Божай Маці.

І тут зноў да нас хуткім крокам прыйшоў дзед Даніла — і расказаў. Немцы былі ўжо ўсё падрыхтавалі да расправы над вёскай. Але ў нейкі момант з’явіўся на гасцінцы на матацыкле афіцэр высокага рангу і расстрэл вёскі адмяніў. Дзядуля бачыў, як па вуліцы з боку Забараўцаў немцы на гасцінец вярталі кулямёты, знялі й той, што быў устаноўлена насупраць дзедавай, Зэлікавай і нашай хат.

Яшчэ не верылася, што мы засталіся жыць. Хутка мама супакоілася, стала на калені, прапанавала нам з брацікам тое ж зрабіць, і мы ўсе, як звычайна, паўтаралі малітву за мамай, дзякавалі Маці Божай за захаванне нашага жыцця і жыцця нашай вёскі. Потым, як выявілася, людзі маліліся ў кожнай хаце, звяртаючыся да Дзевы Марыі праз цудатворную ікону. І ўсім стала зразумела: выратавала вёску шчырая малітва.

Валянціна Раманцэвіч, г. Мінск (народж. Лінкевіч у в. Лышча), стрыечная ўнучка Данііла Шапялевіча

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.