Вы тут

Дзякуем вам, вызваліцелі!


Беларускія суполкі далучаны да ўручэння медалёў “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” ветэранам з замежных краін


Таццяна Дзяменнікава і Аркадзій Кордзік. Фота - Таццяна Бусько

Удзячная Беларусь памятае подзвігі тых, хто вызваляў яе ад ворагаў. Мы пісалі ў мінулым нумары, што ў латышскім Даўгаўпілсе ўручаны медалі ветэранам: “Даніна ўдзячнасці, даніна павагі”. (ГР, 14.08.2019.) Паступаюць паведамленні пра тое і з іншых месцаў. Напрыклад, з Украіны Таццяна Дзяменнікава, кіраўніца Мікалаеўскага абласнога нацыянальна-культурнага таварыства беларусаў “Голас Радзімы” піша: “2 жніўня актывісты суполкі паўдзельнічалі ў хвалюючай імпрэзе — ва ўручэнні юбілейных медалёў ветэранам Мікалаеўшчыны, якія ўдзельнічалі ў вызваленні нашай Бацькаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нямногія з 20 узнагароджаных прыйшлі на сустрэчу: толькі пяцёра, і адзін з мёдалёў атрымлівала жонка ветэрана. Мы пачулі шмат шчырых слоў падзякі за высокую ўзнагароду на адрас Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, Амбасадара Беларусі ва Украіне Ігара Сокала”.

На ўрачыстасці працавалі мясцовыя тэлежурналісты, а беларускі гурт “Родныя напевы” падарыў ветэранам песні. Сярод іх — і добра вядомая “Касіў Ясь канюшыну”. Як піша Таццяна, вялікую аргработу давялося правесці Амбасадзе Беларусі ва Украіне, суполцы “Голас Радзімы”, Мікалаеўскім абласному й райсаветамі ветэранаў, каб вызваліцелі Беларусі атрымалі ад яе дзяржаўныя ўзнагароды: “Усім, хто спрычыніўся да гэтай высакароднай справы — вялікі шчыры дзякуй! Прыемна рабіць людзям дабро!”.

Самой Таццяне Дзяменнікавай таксама прыйшлося нямала папрацаваць. Яна разам з сяброўкай Таццянай Бусько (якая й намесніца старшыні суполкі) у выхадныя ці пасля работы ўдзвюх ездзілі па ўсім горадзе: уручалі медалі астатнім ветэранам. “Куплялі кветкі, беларускі шакалад. Яшчэ нам з Амбасады прывозілі прыгожыя календары, даведнік па Мінску, выдадзены да другіх Еўрапейскіх гульняў, дык мы іх таксама дарылі ветэранам. Прыходзілі дамоў стомленыя, але задаволеныя.”

Таццяна даслала й здымкі з тых цёплых дамашніх сустрэч з ветэранамі. Уладзімір Ганчарэнка, піша, багата чаго расказаў і паказаў, калі беларускі былі ў яго ў гасцях: лісты з фронта 1943 года, сваю ваенную сумку, нават коўдру, прабітую кулямі, ваенныя фотаздымкі, узнагароды. У ветэрана ёсць і юбілейны медаль да 70‑годдзя Вызвалення, ён ваяваў на 3‑м Беларускім фронце, у складзе 146 стралковага палка.

Ветэран Аркадзій Кордзік расказаў дзвюм Таццянам, што яго жонка, ужо нябожчыца, родам была з Касцюковіцкага раёна Магілёўшчыны. У часе вайны яны пазнаёміліся ў Гомелі — там і цяпер жывуць сваякі ветэрана. Ён ваяваў на 1‑м Беларускім фронце, удзельнічаў у аперацыі “Мазыр — Калінкавічы”, атрымаў там Ордэн славы ІІІ ступені. Усе, каго наведалі актывісткі беларускай суполкі, дзякавалі за ўвагу да іх з боку Беларусі, а таксама й прыгожым валанцёркам, якія прынеслі медалі ветэранам дадому.

Л. Урванцава ўручае медаль Якаву Анброху. Фота - Анастасія Валатнікова

Падрабязнасці пра тых, каму ўручаліся ўзнагароды ў Мікалаеве, ёсць у нэце — Таццяна дае спасылку http://melochі-jіznі.ru/forum/49–1549–14. Яна ж дзеліцца цікавым досведам: суполка стварае электронную базу дадзеных па ветэранах Мікалаеўшчыны, ваенныя лёсы якіх звязаны з Беларуссю. У ёй, мяркуецца, будзе кароткае апісанне іх біяграфій, фотаздымкі, меркаванні пра Беларусь і беларусаў. Звесткі, плануюць актывісты суполкі, спатрэбяцца й надалей: калі будзем адзначаць 75‑годдзе Вялікай Перамогі.

Што ж, каштоўная ініцыятыва! Варта падумаць над такімі праектамі таксама іншым беларускім суполкам замежжа. Скажам, на сайце Пасольства Беларусі ў Расіі мы знайшлі тэкст пра тое, што ветэранам Забайкальскага і Краснаярскага краёў, Іркуцкай вобласці ды Рэспублік Бурація, Хакасіі, Тыва ўручаны юбілейныя медалі ў гонар 75‑годдзя Вызвалення Беларусі. Паведамляецца: “Дзякуючы аператыўнай рабоце ваенных камісарыятаў удалося адшукаць 64 нашых жывых ветэранаў і ўручыць ім медалі, а таксама віншаванні ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі”. А ці паўдзельнічалі ў патрыятычнай працы беларускія суполкі — невядома.

Пра тое, што ўзнагароджваюцца ветэраны і ў Заураллі, нам паведаміла кіраўніца Курганскага нацыянальнага цэнтра беларусаў Зауралья “Батькавщина” Людміла Урванцава. У прыватнасці, ветэранам Далматоўскага раёна, якія 75 гадоў таму прымалі непасрэдны ўдзел у баях па вызваленні Беларусі, памятныя медалі ўручаў асабіста кіраўнік райадміністрацыі Пётр Палухін. Там узнагароды атрымалі Раіса Міхайлаўна Жарава, Лідзія Данілаўна Усольцава і Рыгор Аляксандравіч Чарапанаў. Сама ж Людміла Урванцава ўручыла юбілейны медаль ветэрану Якаву Анброху, сказаўшы пры тым: “Дзякуй вам, што выратавалі маю любімую Беларусь!”. Якаў Мееравіч нарадзіўся ва Украіне, удзельнічаў у вызваленні Беларусі, а жыве ў Расіі. Бацькі, расказваў, былі медыкі, вучылі яго: трэба дарыць людзям дабро. Таму й паступіў юнак перад вайной у Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію, адкуль з другога курса добраахвотнікам пайшоў на фронт. Выратаваў, вынесшы з палёў бою, звыш 800 жыццяў савецкіх салдат. Як самому ўдалося выжыць? Досвед ветэрана заслугоўвае павагі: “Галоўным на фронце для мяне было — выратаваць жыццё байца. Адзіным страхам для мяне было не паспець своечасова аказаць дапамогу. Прызнацца, нават не думаў пра сваё жыццё, быў упэўнены: калі не сёння, дык заўтра мяне абавязкова заб’юць. У час Вялікай Айчыннай вайны я ўдзельнічаў у вызваленні Літвы, Беларусі. Дзень Перамогі сустрэў у Германіі”.

Пэўна, Усявышні літасцівы да тых, хто ўмее сам рабіць дабро. То няхай і нашы добрыя словы, наша ўдзячнасць ветэранам, што вызвалялі Беларусь, надаюць ім сілаў годна трымаць апошні рубеж на жыццёвым шляху.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.