Вы тут

Стартавала ініцыятыва «Зялёная эканоміка саду для будучага вёскі»


У Краснапольскім раёне стартавала экалагічная ініцыятыва мясцовага фонду развіцця «Старт-Усход» «Зялёная эканоміка саду для будучага вёскі». Яна атрымала падтрымку на конкурсе экалагічных ініцыятыў, які праводзіўся летась.


Майстар-клас па акуліроўцы пладовых дрэў у Пачапоўскім ВПК. Фота Рамана Язерскага

З усёй краіны на яго паступіла 136 заявак. Але выбрана было ўсяго 11, у тым ліку і краснапольская. Мясцовы фонд развіцця «Старт-Усход» будзе рэалізоўваць яе ў партнёрстве з васьмю ўстановамі адукацыі Краснапольскага, Слаўгарадскага, Быхаўскага і Чэрыкаўскага раёнаў і дзяржаўнай прыродаахоўнай установай «Слаўгарадская «Блакітная крыніца». Адпаведна з праектам, да снежня 2020 года на тэрыторыі ўсіх гэтых раёнаў будзе створана сетка з 10 садаводчых гадавальнікаў, на базе якіх запрацуюць рэсурсныя цэнтры, дзе спецыялісты стануць навучаць удзельнікаў праекта, як з карысцю задзейнічаць пустуючыя прышкольныя ўчасткі і агароды грамадзян. Гэта ініцыятыва дапаможа рэалізаваць бізнес-планы 100 сем'ям — яны атрымаюць саджанцы для арганізацыі сваіх асабістых садоў і такім чынам змогуць палепшыць свае даходы.

Як адзначыла старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжаліка Гоман, у раёне ёсць станоўчы вопыт па рэалізацыі падобнага праекта і стварэння гадавальніка і саду пладова-ягадных і дэкаратыўных культур на базе Пачапоўскага і Казельскага вучэбна-педагагічных комплексаў. Гэтая дзейнасць дапамагла ўстановам палепшыць свой эканамічны стан і выхаваць у дзяцей цікавасць да работы на зямлі. Цяпер тут гатовы падзяліцца карыснымі парадамі з іншымі.

Ініцыятыва мясцовага фонду развіцця «Старт-Усход» рэалізуецца ў рамках праекта ПРААН «Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэння кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні» ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і фінансуецца Еўрасаюзам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Конкурс экалагічных ініцыятыў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.