Вы тут

Горы сталі сталіцай сельскага бізнесу


У аграгарадку Краснапольскага раёна адсвяткавалі адкрыццё Цэнтра маркетынгу і сыраварства «Малочны куфэрак».


Летась у жніўні ініцыятыўныя жыхары з Горскага, Тур'еўскага і Сідараўскага сельсаветаў Краснапольскага раёна стварылі першы цалкам жаночы спажывецкі кааператыў «Горская скарбніца». Чарговае дасягненне актыўных вясковак — адкрыццё Цэнтра маркетынгу і сыраварства. Гэта стала магчыма, дзякуючы падтрымцы мясцовай улады і раённых арганізацый. У адкрыцці Цэнтра ўзялі ўдзел старшыня Краснапольскага райвыканкама Аляксандр Трушкін і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык.

«Малочны куфэрак» размясціўся ў раней пустуючым будынку комплекснага прыёмнага пункта агульнай плошчай 115 квадратных метраў. Частковы рамонт і замену вокнаў у ім зрабіў на партнёрскіх дамоўленасцях краснапольскі «Жылкамунгас». На даху будынка ўстаноўлены сонечныя батарэі. Так што для функцыянавання Цэнтра будзе выкарыстоўвацца выключна нізкавугляродная энергія.

— Горскі сельскі Савет пачаў удзельнічаць у рэалізацыі мясцовых праектаў і ініцыятыў яшчэ ў 2014 годзе, — адзначыла старшыня Краснапольскага райсавета дэпутатаў Анжаліка Гоман. — Цяпер ён з'яўляецца прыкладам для жыхароў іншых рэгіёнаў у рашэнні задач устойлівага развіцця мясцовых тэрыторый, пытанняў занятасці і самазанятасці насельніцтва. Кааператыў «Горская скарбніца» супрацоўнічае з сыраварамі Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага раёнаў. Адным з напрамкаў яго работы з'яўляецца распрацоўка і прасоўванне брэнда мясцовай прадукцыі. І Цэнтр маркетынгу і сыраварства дасць магчымасць папулярызаваць дзейнасць суполкі найбольш эфектыўна.

На тэрыторыі мікрарэгіёна маецца вялікі патэнцыял для развіцця турызму. Тут размешчаны маляўнічае Палужскае вадасховішча агульнай плошчай 136 гектараў, заказнік «Ясеневы гай», Горская святая крыніца, вінакурны завод ХVІІІ стагоддзя. Для знаёмства з гэтымі і іншымі славутасцямі распрацаваны тры турыстычныя маршруты, на стадыі адкрыцця знаходзіцца некалькі аграсядзіб. Тут захоўваюць і развіваюць народныя традыцыі. На Дзесятуху (10-я пятніца пасля Уваскрашэння Хрыста) каля Горскай святой крыніцы праводзіцца аўтэнтычнае свята. Вада ў гэты дзень набывае тут асаблівыя ўласцівасці і моц. Побач з крыніцай знаходзіцца капішча старажытнага племені славян — радзімічаў. І ўсё гэта ў непасрэднай блізкасці ад аграгарадка, дзе «прапісаўся» Цэнтр маркетынгу і сыраварства.

На базе Цэнтра сфарміраваны абменны фонд абсталявання і матэрыяльных рэсурсаў, якія будуць закупленыя за кошт сродкаў праекта. Тут жа знаходзіцца
міні-цэх, дзе мясцовае насельніцтва зможа навучыцца асновам вытворчасці сыру. Гэта, як той казаў, «вуда» для селяніна, з дапамогай якой ён зможа павысіць свой матэрыяльны дабрабыт, а заадно зрабіць рэкламу малой радзіме. Стаўка робіцца на актыўных людзей, якія змогуць забяспечваць натуральнымі прадуктамі не толькі сябе, але і іншых.

Да ведама, у Горскім сельсавеце налічваецца 113 асабістых падсобных гаспадарак, якія займаюцца вытворчасцю малака, тварагу, сыру, яек, мёду, бульбы, мяса. Толькі ў аграгарадку Горы свая гаспадарка ёсць у кожнага трэцяга жыхара.

Для Цэнтра маркетынгу і сыраробства набытыя мэбля і ўсё неабходнае абсталяванне для прыгатавання свойскай смакаты, у тым ліку дзве электрычныя міні-сыраварні аб'ёмам да 60 літраў і расходныя матэрыялы для вытворчасці сыру (закваскі, формы, ферменты, сепаратары, маслабойкі, даільныя апараты). На базе Цэнтра ў далейшым будуць праводзіцца інфармацыйна-адукацыйныя і практычныя мерапрыемствы па выкарыстанні і ўкараненні нізкавугляродных тэхналогій у дзейнасці гаспадарак, а таксама будзе рэалізавана спецыяльная навучальная праграма па павышэнні маркетынгавай прывабнасці брэнда «Малочны куфэрак». Асноўныя дасягненні праекта — стварэнне і папулярызацыя экалагічнай прадукцыі і прапаганда нізкавугляроднай вытворчасці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Краснапольскага райсавета дэпутатаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.