Вы тут

Амаль усе школы ўжо атрымалі пашпарты гатоўнасці


Да пачатку навучальнага года супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правялі праверкі ўмоў бяспечнай арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўсіх школах краіны. У выніку парушэнняў, якія пагражаюць жыццю і здароўю вучняў, не выяўлена. Амаль усе школы ўжо атрымалі пашпарты гатоўнасці.


— МНС праводзіць ацэнку стану школ на сістэмнай аснове на працягу года. Асаблівую ўвагу аддаём ёй у перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года. У выніку ні адна школа не засталася без увагі, — падкрэслівае першы намеснік начальніка ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Васіль Сіўчак.

Наглядна-прафілактычныя мерапрыемствы праведзены ў 2864 школах па ўсёй краіне.

— Як правіла, парушэнні супрацьпажарных патрабаванняў рэжымнага характару ліквідаваліся падчас праверак і маніторынгаў на месцы, — тлумачыць Васіль Сіўчак. — Па астатніх пытаннях кіраўнікам і службовым асобам устаноў адукацыі мы аказалі кансультацыйна-метадычную дапамогу ў выбары аптымальных варыянтаў супрацьпажарнай аховы аб'ектаў.

Тым не менш кіраўнікі і службовыя асобы сістэмы адукацыі атрымалі 13 прадстаўленняў аб ліквідаванні прычын, якія садзейнічаюць здзяйсненню правапарушэнняў па пытаннях супрацьпажарнай бяспекі. Амаль ва ўсіх установах адукацыі былі арганізаваны супрацьпажарныя інструктажы, іх прайшло 30 тысяч чалавек.

— Падчас кантролю гатоўнасці школ да новага навучальнага года парушэнняў заканадаўства, якія ствараюць пагрозы жыццю і здароўю дзяцей, выяўлена не было, — канстатуе спецыяліст. — Але гэта не нагода для самазаспакаення. Работа над узмацненнем унутрыведамаснага кантролю па захаванні патрабаванняў бяспекі і павышэнні кваліфікацыі службовых асоб павінна быць пастаяннай.

З 9 да 10 верасня ў межах Адзінага дня бяспекі ва ўсіх школах будуць адпрацаваны планы эвакуацыі на выпадак узнікнення пажару. У верасні ва ўсіх школах супрацоўнікі МНС паўдзельнічаюць у класных гадзінах, дзе нагадаюць дзецям правілы пажарнай бяспекі.

Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова, пашпарты гатоўнасці падпісаны амаль усім школам. Мясцовыя выканаўчыя органы ўлады правялі мерапрыемствы, якія датычацца прыёмкі школ. Спецыяліст падкрэсліла, што гэта не фармальная працэдура: на месцах ствараліся камісіі, куды акрамя спецыялістаў сістэмы адукацыі ўваходзілі супрацоўнікі МНС і санітарна-эпідэміялагічных службаў.

— Гэта не толькі праверка завяршэння рамонтных работ, а найперш маніторынг бяспечных умоў для арганізацыі адукацыйнага працэсу, — падкрэсліла Ірына Каржова.

У гэтым навучальным годзе ў 3003 школах за парты сядзе 1 мільён 30 тысяч вучняў. З іх 115 тысяч — першакласнікі. У сельскай мясцовасці каля 70 тысяч дзяцей да месцаў навучання будуць падвозіць больш чым 1630 школьных аўтобусаў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Галоўны крытэрый — бяспека дзяцей

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Распрацоўшчыкі — пра новы Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь

Летась Падатковы кодэкс Беларусі зазнаў істотныя змяненні.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Любачка і На варце маёмасці.

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.