Вы тут

Сенсацыя, схаваная пад зямлёй


Наколькі важная археалогія для айчыннай навукі, наколькі яна цікавая звычайнаму чалавеку — пра тое гаварылі напярэдадні Дня археалогіі ў Нацыянальным прэс-­цэнтры Беларусі


Фота sputnik.by

Археалагічныя раскопкі цяпер праводзяцца амаль у кожнай вобласці краіны, дзясятках рэгіёнаў. І кожная экспедыцыя знаходзіць старажытныя рэчы. Але навукоўцы папярэджваюць: набываюць яны каштоўнасць у кантэксце пэўнага гістарычнага перыяду. Таму называць іх сенсацыйнымі загадзя без навуковага абгрунтавання трэба з асцярожнасцю.

На ўсе раскопкі ў Беларусі дазвол выдае Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, у якім працуюць лепшыя археолагі краіны. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута Вадзім Лакіза расказаў, што сёлета выдадзена 154 дазволы на правядзенне археалагічных даследаванняў на імя 54 даследчыкаў з Інстытута гісторыі, шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі.

Навукоўцам Інстытута гісторыі цікавыя розныя гістарычныя перыяды: ад палеаліту да новага часу. Сярод новых кірункаў, якія актыўна асвойваюць, — раскопкі, звязаныя з ваенным часам. Моц набірае й падводная археалогія. Напрыклад, дайверы-археолагі ў забалочаным водным рове на месцы руін замка Жабер (збудаваны ў XVІ — XVІІ стагоддзях, Драгічынскі раён, Брэстчына), знайшлі вялізныя гарматныя ядры. Сёлета ў верасні-кастрычніку пройдзе міжнародная беларуска-французка-бельгійская экспедыцыя на месцы пераправы Напалеона цераз раку Беразіну (Барысаўскі раён). Нагадаем: Напалеон выбраў для пераправы сваіх войскаў брод ля вёскі Студзенкі — там і адбылася самая кровапралітная бітва. “Цяпер ідуць актыўныя падрыхтоўчыя работы. Інстытут гісторыі НАН сумесна з партнёрам, дайвінг-цэнтрам “Марскі Пегас”, прапрацоўвае лагістыку, аргмоманты, прыезд замежных калег. І вельмі важна, што такая міжнародная супраца вядзецца сёлета, калі адзначаецца 90‑годдзе нашага Інстытута гісторыі”, — патлумачыў Вадзім Леанідавіч.

У Інстытуце актыўна развіваецца ахоўна-выратавальная археалогія ў зонах новабудоўляў. Каля 75–76% дазволаў выдаецца на правядзенне археалагічных экспертыз у часе земляных-будаўнічых работ. Напрыклад, на месцы гарадзішча Обчын у Любанскім раёне, дзе будуецца калійны камбінат, цяпер працуюць археолагі. Збіраюць каштоўную навуковую інфармацыю пра абарончыя збудаванні мілаградскай культуры — іх можна будзе “аднавіць” у іншым месцы. Там нядаўна выяўлена жалезная сякера 1‑й паловы І тысячагоддзя да н. э. Такая знаходка — чацвёртая па ліку ў Беларусі. Раскопкі ў гарадзішчы Обчын працягнуцца да кастрычніка.

Вадзім Лакіза расказаў: сёлета археолагі Інстытута гісторыі правялі дзясяткі экспедыцый, якія смела можна назваць сенсацыйнымі. Напрыклад, пры раскопках у Навасёлках (Веткаўскі раён) маладыя даследчыкі знайшлі рэчы палеатычнага паселішча. Даследаванні ў Іванаўскім раёне (Брэстчына) таксама наводзяць на думку, што засяленне тэрыторыі Беларусі адбывалася значна раней, чым прынята лічыць. Складаныя даследаванні праводзіліся на Крывінскім тарфяніку, дзе раскапалі паселішча перыяду сярэдняга й позняга неаліту і бронзавага веку Асавец‑2 (Бешанковіцкі раён Віцебшчыны). Летась там знайшлі цікавыя дудачкі, галаву амулета-вужыка, а сёлета ўдалося знайсці й спінку таго вужыка: сабралі амулет цалкам. Даследаванні на Крывінскім тарфяніку прадаўжаюцца не адзін год.

Вадзім Лакіза падзяліўся, што цікавыя раскопкі пад яго кіраўніцтвам праходзяць цяпер на месцы другой чаргі Археалагічнага музея пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы. Дарэчы, першая чарга была ўрачыста адкрыта 1 чэрвеня, і комплекс будзе пашырацца. На сённяшні дзень задача навукоўцаў — даследаваць культурны пласт у тым месцы, дзе намерваюцца адбудаваць раннеславянскую вёску. Там знайшлі фрагменты посуду культуры шнуровай керамікі з адмысловым арнаментам, а таксама камянёвы наканечнік стралы, фрагмент каменнай свідраванай сякеры.

У Ашмянскім раёне археолагі даследавалі грунтавы магільнік X — XІ стагоддзяў, дзе пахаваны чатыры мужчыны і адна жанчына. Там знойдзены баявыя мужчынскія бранзалеты, жалезная сякера з арнаментам, нажы, іншыя прадметы, якімі карысталіся людзі ў тыя часы.

Археалагічны помнік ля вёскі Кардон (Шумілінскі раён, Віцебшчына) даследуецца з 2016 года. Летам мінулага года вучоныя раскапалі там гарадзішча, два паселішчы й курган, здабылі звыш 600 розных артэфактаў. “У сучасным жыцці археалогія як навука павінна сябе пазіцыянаваць з пункту гледжання найбольш важных навуковых адкрыццяў, якія дазваляюць змяніць погляд на старонкі гісторыі, пра якія пісьмовых крыніц не засталося”, — лічыць кіраўніца Цэнтра археалогіі й старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Вольга Ляўко, пад кіраўніцтвам якой вядуцца раскопкі ля вёскі Кардон.

Сёлета выйшла 2‑е выданне двухтомніка “Славяне на тэрыторыі Беларусі ў дадзяржаўны перыяд”. У ім прадстаўлены новыя археалагічныя помнікі ранніх славян, якія выяўлены на тэрыторыі Беларусі. Расказваецца пра славянскія пасяленні канца ІV — V cтагоддзяў і VІ — пачатку VІІ стагоддзяў. У кнізе апісаны і той значны археалагічны помнік, што каля вёскі Кардон.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.