Вы тут

Свята: калейдаскоп уражанняў


Цёплыя ўсмешкі, хуткія гутаркі з добрымі знаёмымі, новыя сустрэчы і станоўчыя эмоцыі. Кожнае вялікае свята праз мноства прысутных гасцей і багатую праграму пакідае занадта мала часу, каб завітаць на ўсе імпрэзы, наведаць усе пляцоўкі, павіншаваць усіх аўтараў новых кніг, лаўрэатаў прэмій, пераможцаў конкурсаў… Так, XXVI Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме атрымаўся вельмі яскравы, цёплы. Пасля яго застаўся цэлы калейдаскоп думак і ўражанняў.


Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

«Вялікая місія Дня пісьменства — аб’ядноўваць усіх беларусаў свету, перадаваць новым пакаленням літаратурныя і мастацкія скарбы нашага народа, любоў да матчынай мовы, выхоўваць беражлівае стаўленне да помнікаў даўніны, садзейнічаць умацаванню пачуцця гонару за Радзіму», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў прывітанні ўдзельнікам і гасцям Дня беларускага пісьменства.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэтае свята займае пачэсную пазіцыю сярод найважнейшых падзей культурнага жыцця краіны і з’яўляецца добрай нагодай яшчэ раз звярнуцца да спрадвечных нацыянальных традыцый і асэнсаваць іх месца ў цяперашнім часе.

Слонім, адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, які за сваё шматвяковае існаванне неаднойчы гераічна пераадольваў суровыя выпрабаванні, захаваў гістарычныя карані і гарманічна спалучае ў абліччы мінулае і сучаснасць, звярнуў увагу Прэзідэнт.

Пачатак

Можна сцвярджаць, што святкаванне распачалося яшчэ напярэдадні асноўнага дня фэсту, прызначанага на 1 верасня. Ужо ранкам 31 жніўня адбылося адкрыццё кнігарні «Санет», на галоўнай пляцоўцы распачаў працу Фестываль кнігі і прэсы, дзе былі прадстаўленыя навінкі айчынных выдавецтваў, рэспубліканскія і гродзенскія абласныя друкаваныя СМІ, распачаўся гандаль кнігамі, агранізаваны кніжным магазінам «Цэнтральны» (Мінск). Тут жа разгарнуўся «Друкарскі двор» калекцыянера і мецэната Уладзіміра Ліхадзедава, дзе «пасяліўся» дызайнерскі стым-панк-зубр.

На дзіцячай пляцоўцы ў гарадскім парку ўвесь дзень праходзілі імпрэзы для маленькіх чытачоў, зладжаныя дзяржаўнымі выдавецтвамі, у Слонімскім тэатры адбыўся фінал Рэспубліканскага конкурсу чытальнікаў «Жывая класіка», а ў дворыку каля яго арганізавалі беларускі куток, дзе былі прадстаўленыя нацыянальныя касцюмы, вырабы з гліны і дрэва, тканыя дываны і ручнікі.

Слонім сапраўды рыхтаваўся: дзе-нідзе ў горадзе з’явіліся тэматычныя лаўкі, што заклікаюць да чытання, «стосікі» кніг класікаў, на якія можна прысесці, інсталяцыі — згадкі пра слаўную мінуўшчыну, а фасады дамоў гасцінныя сланімчане ўпрыгожылі васількамі.

Прыпынак: Жыровіцы

Міжнародны круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адно да аднаго» таксама стаў адной з першых значных падзей у межах Дня беларускага пісьменства. Форум, у якім узялі ўдзел пісьменнікі, перакладчыкі, выдаўцы, журналісты з 14 краін, прайшоў непадалёк ад Слоніма, у старажытных Жыровіцах.

— Месца нашай сённяшняй сустрэчы, якая, дарэчы, ужо адбываецца 13-ы раз і стала добрай традыцыяй, абрана невыпадкова, — падкрэсліў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч. — Тут — вядомы цэнтр духоўнасці і культуры краіны, а налета на гэтай светлай зямлі будзе адзначацца вялікі юбілей — 500-годдзе заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра і 550-годдзе з’яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці.

Падчас круглага стала ўдзельнікі разважалі пра важнасць будаўніцтва літаратурных мастоў паміж краінамі і народамі, пра неабходнасць падтрымліваць нацыянальныя літаратуры, што захоўваюць культурную разнастайнасць і такім чынам садзейнічаюць справе супрацьстаяння глабалізацыі, натуральна, абмяркоўвалі сумесныя праекты — рэалізаваныя і магчымыя.

— Я прысутнічаю тут не толькі як пасол, але і як пісьменнік, бо ўжо выдала некалькі кніг у жанры фэнтэзі. З абсалютнай упэўненасцю магу сцвярджаць, што літаратура — адна з наймацнейшых сіл, якая яднае народы, — адзначыла Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Сагніта Багадур. — Напрыклад, мой любімы жанр фэнтэзі лічу адным з самых старых у свеце. Мяркуйце самі: мы ўсе яго ведаем з дзяцінства. Бо спачатку нам чыталі, а потым мы самі чыталі казкі, легенды, гісторыі нашых народаў. Калі расла, доўгі час захаплялася казкамі, створанымі ў розных краінах, а потым пачала пісаць сама.

Спадарыня пасол выказала спадзяванне, што прыйдзе час, і яе кнігі пабачаць свет у нашай краіне ў перакладзе на беларускую мову.

Глеб Кудрашоў, краязнаўца і публіцыст з Украіны, выкладчык кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педуніверсітэта, у сваім выступленні заўважыў, што ў Свяце беларускага пісьменства бярэ ўдзел ужо трэці раз. На форум ён прывёз рарытэт — «Энеіду» Івана Катлярэўскага ў перакладзе Аркадзя Куляшова. Гэта выданне 1969 года з аўтографам паэта-перакладчыка было знойдзена амаль выпадкова ва ўніверсітэцкіх архівах і стала адным з яскравых сведчанняў жывых літаратурных сувязяў. А яшчэ ў якасці падарунка ўкраінскі госць прадставіў на свяце адмысловую пячатку з лагатыпам Дня пісьменства. Набываючы кнігу ў кнігарні «Санет», падчас свята ў ёй можна было бясплатна пакінуць такі знак на памяць. А ў краме потым жартавалі: «Будзем так адзначаць камандзіроўкі».

Праўнук Яўхіма Карскага, пісьменнік і архівіст Аляксандр Карскі, прадставіў двухтомнік, дзе падрабязна апісана біяграфія знакамітага даследчыка, прадстаўлены яго ўнёсак у пашырэнне вядомасці беларускай культуры і літаратуры ў свеце. Так, кнігі Карскага друкаваліся ў Германіі, Балгарыі, Польшчы, ён наладжваў сувязі з Японіяй і Кітаем.

Госці разважалі пра многае: пра любоў да Беларусі і захапленне руплівасцю айчынных творцаў, нястомнасцю перакладчыкаў; пра важнасць развіцця народнай дыпламатыі, адной з рэалізацый якой з’яўляюцца ўзаемныя пераклады (сапраўды, менавіта літаратура нам дапамагае як нельга лепш зразумець адно аднаго).

Так, зусім нядаўна ў Ташкенце пабачыў свет зборнік перакладаў сучасных беларускіх паэтаў на ўзбекскую мову, некалькі дзясяткаў нашых аўтараў публікаваліся на старонках часопіса «Сибирские огни»; беларускія вершы і проза ўвайшлі ў трохтомнік «Анталогія рускай паэзіі Літвы»; рыхтуецца да выхаду першы казахска-беларускі альманах; сябар Саюза пісьменнікаў Грузіі Аляксандр Элердашвілі пераклаў на грузінскую мову санеты Янкі Купалы. І гэты пералік можна доўжыць...

Нацыянальная, літаратурная

Фота Кастуся ДРОБАВА

Нягледзячы на тое, што Дзень беларускага пісьменства яднае многія віды культуры, кірункі мастацтва, галоўнымі яго гаспадарамі з’яўляюцца літаратура і слова. Таму вельмі прыгожай традыцыяй стала правядзенне цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія» менавіта падчас цырымоніі адкрыцця свята, на яго галоўнай сцэне. Вось і сёлета пад гучныя авацыі кветкі, прызы і дыпломы атрымалі шаноўныя пісьменнікі і літаратуразнаўцы: Мікола Маляўка, Алег Ждан, Святлана Калядка, Станіслава Умец, Віктар Хурсік і Уладзімір Ягоўдзік (ён, дарэчы, ураджэнец Слонімшчыны).

— Мы вельмі ўдзячныя нашым калегам, чытачам з іншых краін, якія завіталі на свята, — падкрэсліў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. — Але менавіта сёння хачу выказаць асаблівую ўдзячнасць жыхарам Гродзеншчыны за клопат пра нашу нацыянальную літаратуру і пісьменнікаў.

— Сучаснае грамадства ўваходзіць у перыяд постіндустрыяльнага развіцця. Але гэта не значыць, што прамысловасць знікне. Гэта значыць, што асноўнымі персонамі, якія забяспечваюць прагрэс, становяцца дасведчаныя, адукаваныя, культурныя асобы, аматары чытання, — адзначыў старшыня журы конкурсу, доктар філалагічных навук, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Іван Саверчанка. — Свята беларускага пісьменства — не толькі свята нацыянальнай літаратуры, гэта і свята гуманітарных ведаў. Яны — стрыжань нацыянальнай ідэі, ядро інфармацыйнай бяспекі і галоўны інструмент захавання нашай ідэнтычнасці. Кнігі лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі гэта яшчэ раз пацвярджаюць.

Кіруемся ў горад над Друццю

— Свята было яркім, эмацыянальным, але, на жаль, завяршаецца. Нашы госці атрымалі незабыўныя ўражанні. Асаблівая ўдзячнасць — жыхарам Слоніма, бо менавіта на іх была ўскладзеная асноўная адказнасць па прыёме гасцей і падрыхтоўцы горада. Мы справіліся, думаю, сорамна не будзе. Здаецца, зусім нядаўна, год таму, я вось так жа стаяў на сцэне ў Іванаве, прымаў эстафету фэсту, а ўжо сам яе перадаю з пажаданнем зрабіць Свята пісьменства ярчэйшым, дадаць новыя рашэнні, — кажа старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч падчас цырымоніі перадачы эстафеты на Магілёўшчыну.

Бялынічы, што налета прымуць Свята беларускага пісьменства, вядуць адлік сваёй гісторыі з XVI cт. і сапраўды маюць што прадставіць гасцям. Старажытнае мястэчка, якое, тым не менш, валодала Магдэбургскім правам, мае слаўную мінуўшчыну. Тут, як і ў Слоніме, гаспадарылі Агінскія, але іх маёнтак і сад, на жаль, страчаныя. Тут нарадзіліся народны мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля, вядомы паэт Ігар Шклярэўскі, нашы сучаснікі празаік Наталля Батракова і блюз-музыкант Юрый Несцярэнка.

— Калі я пабачыў, як быў падрыхтаваны Слонім, арганізавана свята, то пераканаўся, што Дзень беларускага пісьменства — сапраўды народны фэст, у якім бяруць удзел амаль усе жыхары горада і раёна. Думаю, вашы ўрокі будуць карысныя і для нас налета. Але ўжо запрашаю! — адзначыў старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка.

Эстафета перададзеная, святочныя агні згаслі, адгрымеў канцэрт, салют скончыўся...

Але горад не надоўга развітваецца з гасцямі. Налета Слонімшчына прыме яшчэ адзін вялікі фэст, прымеркаваны да 550-годдзя з’яўлення іконы Маці Божай Жыровіцкай і 500-годдзя заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Думаецца, кніжна-літаратурны акцэнт тут таксама будзе зроблены.

 P. S. Дарэчы, рэдакцыя «ЛіМа» пасля свята не засталася з пустымі рукамі. Наш калектыў, а таксама сталы аўтар са Слоніма Сяргей Чыргын перамаглі ў першым конкурсе за найлепшае асвятленне тэматыкі Дня беларускага пісьменства ў рэспубліканскіх друкаваных СМІ і атрымалі дыпломы Гродзенскага аблвыканкама. Але гэта зусім не азначае, што на старонках «ЛіМа» чытачы больш не пабачаць тэкстаў-водгулля Дня пісьменства. Вас чакае яшчэ шмат цікавага!

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.