Вы тут

Белстат просіць паставіцца да пытанняў перапісу дастаткова сур'ёзна


Як вядома, з 4 да 30 кастрычніка ў нас у краіне будзе праходзіць перапіс насельніцтва пад лозунгам «Погляд у сучаснасць — крок у будучыню». Перапісацца можна будзе адным з трох спосабаў: самастойна і ў зручны час запоўніць апытальныя лісты праз інтэрнэт, на стацыянарных участках, у сябе дома падчас вуснага апытання перапісчыка.


Насельніцтву прапануюць адказаць на 49 пытанняў. Гэтым разам, у нас будуць пытацца аб асноўных дэмаграфічных і нацыянальна-этнічных характарыстыках, міграцыйнай актыўнасці і адукацыі. Пацікавяцца таксама крыніцай існавання, занятасцю, колькасцю дзяцей, жыллёвымі ўмовамі і гаспадарчай дзейнасцю.

Упершыню ў перапісе будзе асобны блок пытанняў, які тэматычна звязаны з сельскай гаспадаркай. Гэтыя даныя неабходныя для вызначэння аб'ёмаў вырабленай насельніцтвам прадукцыі і ацэнкі забеспячэння харчовай бяспекі краіны, растлумачыла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА на прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА.

Гэты блок змяшчае пытанні не толькі пра тое, якія аб'ёмы бульбы, яблыкаў, груш і іншых плодаагароднінных культур вырошчвае рэспандэнт на сваім участку, але і пра тое, якая жыўнасць маецца ў гаспадарцы: каровы, свінні, авечкі, куры і нават страусы. Іна Мядзведзева растлумачыла, што не трэба баяцца гэтых пытанняў і варта сумленна на іх адказваць. Яна запэўніла, што гэтыя звесткі патрэбныя для макраэканамічнага планавання, а не для ўвядзення нейкіх міфічных падаткаў на пладовыя дрэвы або на падсвінкаў.

Адзначаецца таксама, што асабістая інфармацыя грамадзян будзе абаронена аператыўна-аналітычным цэнтрам і кампаніямі ПВТ: звесткі паступяць на закрыты сервер Белстата ў зашыфраваным выглядзе. Ніякая падатковая, ці іншы орган улады, персаналізаваную інфармацыю пра гэта ніколі не атрымае.

Першую інфармацыю аб колькасці насельніцтва Белстат падасць у лютым 2020 года. Плануецца, што асноўныя даныя перапісу насельніцтва будуць прааналізаваныя да ліпеня наступнага года, у тым ліку разгорнутая інфармацыя па сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках і фактычным беспрацоўі. А інфармацыю па самай складанай частцы апытальніка — дзейнасці насельніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі, спецыялісты атрымаюць у ліпені 2021 года.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Колькі яблынь і кустоў на дачы?..

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.