Вы тут

Рамонкі і жук, ці Кожнаму сваё


Летась мы пераехалі ў новую кватэру. Вядома, для нашай сям'і гэта была вялікая радасць, мы ўсе былі паглынутыя ўладкаваннем апартаментаў і адаптацыяй на новым месцы.


А сёлета я раптам выявіла, што газоны пры падыходзе да нашага дома проста абсыпаныя рамонкамі. Кожны дзень праходзіла міма кветак і атрымлівала асалоду ад гэтай прыгажосці. Але аднойчы, вяртаючыся з работы, убачыла, што мае рамонкі скасілі. Пакамечаныя кветкі, праляжаўшы дзень на спякоце, ужо завялі і былі ўжо нікуды не вартыя. Раптам позірк упаў на аддаленае месца, дзе рамонкі яшчэ не паспелі пакасіць. Я заспяшалася дадому, каб узяць нажніцы і нарэзаць кветак.

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Ужо трымаючы ў руках букет рамонкаў, адчувала сябе шчаслівай. Уяўляла, як з раніцы за кубачкам кавы буду глядзець на гэтыя «маленькія сонейкі» і здзіўляцца іх пяшчотнай прастаце.

Дома ў ваннай абліла кветкі вадой і паставіла ў вазу на кухні. За вячэрай дзеці захапляліся рамонкамі і весела пазіралі адно на аднаго з-за букета.

Перад сном Воля забегла ў ванны пакой і адразу ж закрычала абураным голасам:

— Маааам, у нас тут жук! Я мыцца не буду!

Пакуль я дабралася да яе, каб вырашыць праблему, побач з Воляй ужо стаялі дзесяцігадовы сын Мірон і трохгадовая дачка Мелані.

— Мама, глядзі, там чорны жук! — паказала Мялаша.

Насякомае ляжала на дне ванны на спіне і не рухалася.

— Ён мёртвы, фуууу, — грэбліва сказала Воля.

— Ты ж не баішся жукоў, — яхідна заўважыў Мірон.

— Гэта я жывых не баюся, а мёртвых — баюся, — парыравала Воля. — Мам, навошта ты жука забіла?

— Ды не чапала я яго, — паспрабавала апраўдацца я. — Магчыма, ён вываліўся з кветак, калі я іх аблівала вадой.

— Мам, труп трэба прыбраць, — звярнуўся да мяне Мірон.

Я разагнала мітынг і паклала жука ў папяровую сурвэтку. Мялаша не адыходзіла ад мяне. Яе нібыта загіпнатызавала гэтае насякомае. Пахавалі казурку бясслаўна — проста кінулі ў сметніцу. Неўзабаве ў кватэры стала ціха. Дзеці ўлягліся спаць, і я разам з імі.

Праз дваццаць хвілін хатняга спакою пстрыкнуў дзвярны замок і ў хату зайшоў муж Саша. Ён, калі спазняецца да «адбою», стараецца заходзіць у кватэру ціха. Але яшчэ ніколі ў яго гэта не атрымалася. Па-першае, таму, што яго сустракае наш сабака. Бім стараецца не гаўкаць — толькі ледзь скавыча і танчыць перад гаспадаром, але гэта ўсё роўна нейкая гучная дзея. Па-другое, мой чалавек сам па сабе не маленькі, такіх сярэдніх памераў вікінг, і таму ў яго не атрымліваецца лёгкая паходка.

— Мама, мама, мама, — пачула я ціхі шэпт з суседняга ложка.

— Мялаша, спі, — строга звярнулася я да дачкі.

— Ну мааам! Я хачу з татам пагаварыць...

—Толькі хуценька, — згадзілася я і паклікала мужа.

— Не спіце яшчэ? — адкрыўшы дзверы ў пакой, здзівіўся ён.

— Тата, татачка, я хачу сказаць... — забалбатала малая.

Саша зайшоў у пакой і сеў на край маленькага ложка. Дачка тут жа абвіла маленькімі ручкамі шыю таты і пацалавала. У такія моманты, дакладна ведаю, у мужа можна выпрасіць усё што заўгодна.

— Тата, у нас быў жук! — нібыта пра нешта надзвычай важнае паведаміла Мялаша.

— Які яшчэ жук? — спалохаўшыся, спытаў муж.

У нас дома жывуць два каты і сабака. Яшчэ аднаго гадаванца сямейны бюджэт проста не вытрымае, падумаў, напэўна, ён.

— Чоооорны! Вось такі, — Малання ўпала на падушку, закінула рукі ўверх і смешна растапырыла пальчыкі.

Мы засмяяліся.

— Я назбірала букет рамонкаў каля нашага дома, а адтуль выпаў мёртвы жук, — патлумачыла я.

— Нічога сабе, — звярнуўся Саша да малой. — Ты не спалохалася?

— Не-а, мама кінула яго ў сметніцу.

— А што за свята, чаму рамонкі? — спытаў муж.

— Проста так! Хацелася кветак і добрага настрою.

— Ааа! А паесці што ёсць?

— Там суп у халадзільніку...

Муж заспяшаўся на кухню і ўжо амаль каля дзвярэй пакоя буркнуў: «Гм... Рамонкі! І як гэта я сам не дадумаўся... Галоўнае — задарма!»

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.