Вы тут

Слонімскія колеры пісьменства


Помнік Сапегу і паланэз Агінскага

Перад тым, як быць уганараванымі на галоўнай сцэне свята пісьменства ў Слоніме, літаратары наведаліся ў Жыровічы, дзе хутка будзе адзначацца 500‑годдзе заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра і 550‑годдзе яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці. Пасля соцень кіламетраў вандраванняў у святое месца патрапілі ўдзельнікі міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў”. Сюды ж для сустрэчы за міжнародным круглым сталом “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго” з’ехаліся і пісьменнікі з 14 краін свету.

Далей у праграме значыўся Слонім. Той вітаў творцаў як сваіх герояў. У гэтым невялічкім горадзе Гродзеншчыны госці адразу апынуліся ў эпіцэнтры ўсеагульнай перадсвяточнай узрушанасці і людской мітусні. Мясцовыя гандляры яшчэ зранку частавалі іх смачнымі стравамі і напоямі. “Гродзенскія падворкі” наперабой зазывалі да сябе з дапамогай народных музыкаў і спевакоў. А народныя ўмельцы ў беларускіх строях прапаноўвалі свае вырабы. Аднак многія з прыезджых спяшаліся на першую ўрачыстую цырымонію каля помніка Льву Сапегу. Знаёмства з горадам і яго гістарычнымі вуліцамі пачалося.

Скульптура Льва Сапегі (1557–1633), дзяржаўнага і вайсковага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, узвышаецца на адной з плошчаў непадалёк ад Слонімскага драматычнага тэатра. Па задуме аўтараў помніка (скульптараў Івана Міско, Уладзіміра Піпіна і Сяргея Логвіна) гетман вялікі літоўскі, як і некалькі стагоддзяў таму назад, з годнасцю трымае ў правай руцэ гетманскую булаву, а ў левай — ліст Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага.

Людзі пільна ўглядаліся ў яго постаць, а некаторыя нават стараліся зазірнуць у ліст, які ён трымае ў руцэ. І ўпэўніваліся, што там замацаваны нормы права 1588 года. Такая вялікая ўвага да асобы выдаўца Статута Вялікага Княства Літоўскага ў сланімчан мае свае прычыны. У канцы XVІ стагоддзя Леў Сапега быў старастай горада Слоніма і шмат зрабіў для яго росквіту. Менавіта пры Сапегу Слонім актыўна развіваўся і стаў цэнтрам гандлю і рамёстваў. Пры ім у горадзе над Шчарай узнік першы ткацкі цэх, была пабудавана ратуша, масты, пракладзены вуліцы. Паводле хадайніцтва Льва Сапегі ў 1591 годзе гораду прысвоілі Магдэбургскае права, падаравалі герб, на якім намаляваны леў з залатой стралой. На адкрыцці помніка ў гонар былога старасты Слоніма выступоўцы ўспаміналі ўсе яго заслугі перад нашчадкамі. А перанесціся ў эпоху Сярэднявечча прысутным дапамагалі выступленні артыстаў у шляхетных касцюмах.

Дарэчы, “шляхетныя асобы” апынуліся таксама і наперадзе касцюміраванага шэсця з харугвамі — яшчэ аднаго відовішча, якое здзівіла і зацікавіла сланімчан і іх гасцей. За імі рушылі ўсе ганаровыя госці свята. Яны накіроўваліся да галоўнай сцэнічнай пляцоўкі каля Цэнтра культуры і адпачынку горада.

Каля помніка Льву Сапегу “шляхетныя асобы” дапамагалі перанесціся ў эпоху Сярэднявечча

У Слоніме добра памятаюць яшчэ пра адну асобу, Міхаіла Казіміра Агінскага (1729–1800), дзяржаўнага і вайсковага дзеяча Рэчы Паспалітай, гетмана вялікага літоўскага. Ён пабудаваў у горадзе тэатр, які быў вядомы далёка за мяжой. Яго справа не забыта. На сённяшні дзень у Слоніме таксама існуе прафесійны драматычны тэатр. Сёння яго будынак стаіць на гістарычнай плошчы горада (побач з нядаўна адкрытым помнікам Льву Сапегу). У ім ставяць спектаклі па п’есах беларускіх, расійскіх, польскіх, французкіх ды італьянскіх драматургаў. (Падчас свята пісьменства ў сценах тэатра прайшоў фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”). Дарэчы, калі ўспамінаць род Агінскіх, то вядомы твор кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага (1765–1833) — паланэз “Развітанне з Радзімай” — гучаў на адкрыцці свята.

Было відавочным, што Слонім сваёй гісторыяй заслужыў права быць сталіцай Дня беларускага пісьменства. Пра гэта на цырымоніі адкрыцця са сцэны нагадаў і старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў: “Са Слонімам звязана імя выбітнага палітычнага дзеяча Льва Сапегі. Статут Вялікага Княства Літоўскага, да распрацоўкі якога прыклаў руку канцлер краіны і слонімскі стараста, лёг у аснову канстытуцый многіх дзяржаў. Мы ганарымся, што напісаны ён па-беларуску. Прынёманскі край зрабіў вялікі ўнёсак у справу кнігавыдання. Рукапісныя кнігі, Лаўрышаўскае і Жухавіцкае Евангеллі, былі створаны на гэтай зямлі яшчэ ў XVІ стагоддзі. Спрыялі развіццю адукацыі і друкарні, якія з пачатку XVІІІ стагоддзя дзейнічалі ў Слоніме, Любчы, Гродне, Мураванай Ашмянцы і іншых месцах”.

Лепшыя літаратары ўганараваны

Лёс многіх вядомых пісьменнікаў звязаны з Гродзеншчынай. Тут нарадзіўся адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч. Жыла Алаіза Пашкевіч, вядомая многім пад прозвішчам Цётка. Яна першай пачала выдаваць падручнікі на беларускай мове. Гэтымі выбітнымі асобамі ганарацца на гродзенскай зямлі.

Але і сучасныя аўтары не менш любімыя землякамі. Напрыклад, на свяце пісьменства быў уганараваны літаратар, які нарадзіўся на Слонімшчыне. Дзяржаўнай Нацыянальнай літаратурнай прэміяй за найлепшы твор для дзяцей і юнацтва ўдастоены Уладзімір Ягоўдзік. “Гэта прэмія для мяне вельмі важная, таму што я атрымаў яе на радзіме. Учора я бачыў родную хату, схадзіў на могілкі да матулі і дзядулі. Нават стоячы на сцэне, я ўяўляў, што бачу родную вёску, а сярод гасцей — сваіх землякоў”, — падзяліўся з нашай газетай сваімі пачуццямі Уладзімір Іванавіч. Пісьменнік з’явіўся на свет у вёсцы Кастровічы Слонімскага раёна. Свой творчы шлях ён пачынаў у газеце “Гродзенская праўда”. Яго кніжкі “Крылатыя суседзі”, “Зачараваная Свіслач” і “Кветкі дзівасілу”, адзначаныя прэміяй, выйшлі шматлікімі тыражамі ў серыі “Скарбы Радзімы”, папулярнай у маленькіх чытачоў на працягу 10 гадоў. “Я ніколі не пішу спецыяльна для дзяцей або дарослых. Але мяне чамусьці называюць дзіцячым аўтарам, — шчасліва ўсміхаецца пісьменнік, трымаючы ўзнагароду ў руках. — Ды і за колькасцю я ніколі не гнаўся. Часам трэба, каб больш думалася, чым пісалася. Для мяне галоўнае, каб мае кніжкі былі запатрабаванымі на працягу 20–30 гадоў і болей”.

Уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі стала самай значнай падзеяй свята. У творчым спаборніцтве за яе змагаліся больш 70 чалавек. Аднак перамаглі нямногія. Акрамя Уладзіміра Ягоўдзіка, пра якога ўжо згадвалася, званне лаўрэата прысуджана Алегу Пушкіну (сапраўднае імя Алег Ждан). Яго кніга “Геній” прызнана найлепшым творам прозы. У намінацыі “Найлепшы зборнік паэзіі” перамог Мікола Маляўка з кнігай “Сланечнік”. Найлепшым творам публіцыстыкі стала гістарычнае эсэ Віктара Хурсіка “Vale” пра лёс Магдалены Радзівіл. Кніга Святланы Калядкі “Літаратурная тэорыя паэтычнай эмоцыі” перамагла ў намінацыі “Найлепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”. За кнігу “Сэрца Сакры” прэмію атрымала Станіслава Умец у намінацыі “Найлепшы дэбют”. У Слоніме лаўрэаты літаратурнай прэміі пачулі ў свой адрас шмат цёплых слоў. Іх віншавалі міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец і старшыня журы конкурсу, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Іван Саверчанка. Ансамбль танца “Гарадзенскія карункі”, “Песняры”, “Белыя росы” і іншыя творчыя калектывы парадавалі сваімі выступленнямі.

Друкуем кнігі

Зразумела, што свята пісьменства без кніг, якія можна было б узяць у рукі, пагартаць, а таксама набыць, не адбылося б. На выставе “Слонім і наваколле”, напрыклад, наведнікі пазнаёміліся з рэдкімі кнігамі па гісторыі Слоніма. Там экспанаваліся выданні друкарні Міхаіла Казіміра Агінскага 1778 года, творы пра Жыровіцкі абраз Маці Божай царкоўнага гісторыка і багаслова Ігната Кульчынскага (1694–1747), кнігі, пазначаныя заснавальнікам краязначага музея ў Слоніме, вучоным археолагам Язэпам Стаброўскім (1870–1968). (У гэты дзень ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі, які носіць яго імя, зладзілі мастацкі праект “Куншты малявання. Адзін дзень з жыцця Сапегаў”, а таксама прэзентавалі праект “VKL3D” — макет Крэўскага замка з тэхналогіяй дапоўненай рэальнасці”.)

У павільёне “Кнігі і прэса Рэспублікі Беларусь” можна было пабачыць лепшыя сучасныя выданні мастацкай і вучэбнай літаратуры, кнігі для дзяцей і юнацтва, энцыклапедычную літаратуру, альбомы, газеты і часопісы. Сярод іх — кнігі-пераможцы Нацыянальнага і Міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”: “Белорусские сокровища ЮНЕСКО”, “Беларусь — Литва: время сближения”, “Музеи Беларуси”, “У засені замкаў і палацаў” ды іншыя. У павільёнах “сваё слова” змаглі сказаць і пісьменнікі, дэкламуючы вершы і апавяданні. Яны адказалі на пытанні чытачоў і падаравалі ім свае кніжкі з аўтографамі.

Своеасаблівым сімвалам на свяце беларускага пісьменства стаў зубр у стылі стымпанк, зроблены з дэталяў і шрыфтоў друкарскіх машын XVІІІ — XX стагоддзяў. Ён размясціўся ў цэнтры “Друкарскага двара XVІ стагоддзя” сучаснага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава. Наведнікам прапаноўвалася паспрабаваць самастойна вырабіць паперу па тэхналогіях XVІ стагоддзя. Некаторыя госці стараліся асвоіць узноўлены друкарскі станок часоў Скарыны і надрукаваць на ім з дапамогай майстра першую старонку “Бібліі”.

У “Друкарскім дворыку” XVI стагоддзя можна было вырабіць паперу

Вечарам эстафета свята была ўрачыста перададзена гораду Бялынічы Магілёўскай вобласці. Святкаванні завяршыліся канцэртам “Льецца песня па-над Шчарай” і феерверкам.

Ганна Лагун

Фота аўтара і Яўгена Пясецкага

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.