Вы тут

Дзень ласасёвай ракі прайшоў у вёсцы Альхоўка


Ён прысвечаны ўнікальнаму праекту па вяртанні каштоўных відаў рыб у раку Страча ў Астравецкім раёне.

Расказ пра адкрыццё шляху для міграцыі ласасёвых рыб, гульні на біялагічную тэматыку, юшка і канцэрт – усё гэта падрыхтавалі для жыхароў і гасцей вёскі Альхоўка Астравецкага раёна грамадская арганізацыя «Сябры Нёмана» і Цэнтр экалагічных рашэнняў. У суботу, 28 верасня, на базе Альхоўскай сярэдняй школы прайшоў дзень ласасёвай ракі.


Першы ў краіне рыбаход

Не ўсе ведаюць, што ў Беларусі жывуць марскія ласасёвыя рыбы – кумжа і сёмга. Значную частку свайго жыцця яны праводзяць у моры, але для вывядзення патомства вяртаюцца на радзіму – у тыя рэкі, дзе калісьці нарадзіліся самі.

– Рэкі басейна Нёмана, а менавіта Вілія (Нярыс у Літве) і некаторыя яе прытокі – на сёння адзіныя месцы ў нашай краіне, куды з Балтыкі заходзяць на нераст ласасёвыя рыбы, – распавяла гасцям дырэктар грамадскай арганізацыі «Сябры Нёмана» Ніна Палуцкая. – Раней яны траплялі ў нашу краіну і праз сам Нёман, але пасля будаўніцтва Каўнаскай ГЭС, дзе няма рыбапрапускнога збудавання, праход для іх быў закрыты. А паколькі Вілія ўпадае ў Нёман ніжэй па цячэнні, гэта рака засталася адзіным шляхам для ласасёвых у Беларусь.

Былы галоўны інжынер ААТ «Кардонная фабрыка «Альхоўка» Генадзь Бужымскі расказаў удзельнікам свята, што калісьці ласосі прыходзілі на нераст і ў раку Страча, якая нараджаецца ў возеры Малыя Швакшты ў Віцебскай вобласці і праз 60 км, недалёка ад вёскі Альхоўка, упадае ў Вілію. Але з будаўніцтвам кардоннай фабрыкі і плаціны для яе, якое распачалося яшчэ ў 1930-я гады, рыбы сустрэлі сур’ёзную перашкоду на сваім шляху. Праход вышэй па цячэнні для іх быў закрыты плацінай.

Адкрыць малыя рэкі для мігрыруючых рыб – галоўная мэта праекта, які рэалізуе грамадская арганізацыя «Сябры Нёмана» пры падтрымцы міжнародных партнёраў. У яго рамках плануецца пабудаваць на рацэ Страча ў раёне вёскі Альхоўка рыбапрапускное збудаванне. Гэта будзе першы падобны аб’ект у Беларусі. Праект разлічаны да 2022 года.

Сёння многія краіны Еўропы імкнуцца адкрыць рэкі для міграцыі рыб і іншай воднай фаўны. Некаторыя нават разбураюць плаціны (цалкам ці часткова) або будуюць спецыяльныя праходы для іх – як максімальна прыбліжаныя да натуральных, так і тэхнічныя рыбаходы.

Біёлаг-лімнолаг і эксперт праекта Ёхан Лін упэўнены: немагчыма выкарыстаць адзіны падыход для ўсіх такіх прыстасаванняў – для распрацоўкі іх дызайну і будаўніцтва трэба ўлічваць розныя фактары і ўмовы.

Пакуль для беларускага праекта не выбраны варыянт – гэта будзе вядома пасля вывучэння мясцовасці, асаблівасцяў ракі, дзейнасці фабрыкі і іншых фактараў. Але спецыялісты спадзяюцца, што тут атрымаецца пабудаваць менавіта праход для фаўны.

– У выніку мы зможам аднавіць папуляцыю ласасёвых у рэгіёне, адкрыць шлях для міграцыі не толькі для гэтых высакародных рыб, але і для іншых відаў, напрыклад, вугроў, а таксама паспрыяць развіццю турыстычнага патэнцыялу і прадпрымальніцтва ў Альхоўцы, – падсумавала Ніна Палуцкая.

«Накармі ласося!»

Для вучняў і настаўнікаў Альхоўскай сярэдняй школы праблема захавання ласасёвых – тэма новая. Але выкладчык біялогіі і хіміі Яніна Куцько ўпэўнена – паколькі дзеці лёгка адгукаюцца на розныя ініцыятывы, у тым ліку экалагічныя, то і гэты напрамак не застанецца без увагі.

– Мы са свайго боку будзем больш інфармаваць вучняў, прысвячаць гэтай тэме класныя гадзіны, праводзіць пазакласныя мерапрыемствы па тэматыцы захавання ласасёвых, а таксама расказваць пра будаўніцтва першага рыбаходу ў краіне на педагагічных нарадах, – сказала педагог. – Магчыма, хтосьці з дзяцей у будучыні абярэ для сябе прафесію біёлага ці эколага, каб таксама захоўваць ласосяў.

Каб пазнаёміць дзяцей з ласасёвымі рыбамі, арганізатары свята правялі для іх гульню «Накармі ласося!». Школьнікі падзяліліся на групы: адна частка выконвала ролю малькоў рыб, другая – ласосяў, а трэцяя – браканьераў. Уцякаючы і ловячы адзін ад аднаго, дзеці вывучалі паводзіны розных груп харчовага ланцужка ласасёвых.

Песні і ласункі – у падарунак

Прыемным пачастункам для гасцей свята стала юшка (не з ласосяў!) ад грамадскай арганізацыі «Сябры Нёмана».

Завяршыла праграму выступленне беларускага гурта «Рэха». Артысты не толькі спявалі свае песні, але і размаўлялі з публікай, цікавіліся яе музычнымі і літаратурнымі густамі, правялі аўтограф- і фотасесію.

Арганізатары дня ласасёвай ракі ў Альхоўцы ўпэўнены – такія мерапрыемствы неабходна праводзіць і далей з прыцягненнем мясцовых жыхароў, рамеснікаў, мастакоў – усіх, хто зацікаўлены ў развіцці гэтага рэгіёну і аднаўленні папуляцыі ласасёвых рыб.

Фінансаванне праекту ажыццяўляе Фонд захавання Балтыйскага мора, праграма «Life» і Шведскае міжнароднае агенцтва супрацоўніцтва для развіцця (SIDA). Аўтары праекту заручыліся падтрымкай НАН Беларусі, кіраўніцтва фабрыкі, мясцовых, раённых і абласных органаў улады і эколагаў.

Беларускія ласосепадобныя, як прадстаўнікі марской фаўны кумжа і сёмга (высакародны ласось), так і насельнікі рэк корушка, сялява, стронга ручаёвая і іншыя, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Па словах прадстаўніка некамерцыйнай арганізацыі «Кааліцыя Чыстая Балтыка» Гунэра Нарэна, сёння ў Балтыйскім рэгіёне са 100 ласасёвых рэк, якія існавалі стагоддзе таму, засталіся ўсяго 40.

– Беларускім ласосям даводзіцца пераадольваць больш за 500 км, каб трапіць у Балтыйскае мора, – адзначыў Гунэр Нарэн. – І дабіраецца да яго самая моцная, упэўненая ў сваіх сілах рыба. Гэта фантастычны прыродны рэсурс, і да яго неабходна ставіцца беражліва.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».