Беларусь і Літва прапрацоўваюць меры па прадухіленні ўтварэння чэргаў на граніцы, паведаміў першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч падчас адкрыцця Беларускага транспартнага тыдня.
«Днямі адбылася сустрэча з літоўскай дэлегацыяй, дзе мы абмеркавалі шэраг кірункаў у сферы транспарту. На сённяшні дзень у нас засталося адно асноўнае пытанне, якое трэба вырашыць, — гэта чэргі на граніцы. Ёсць і канкрэтныя ідэі. Існуе крэдытнае пагадненне з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам. З гэтым банкам мы плануем у межах рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М7 Мінск — Вільнюс правесці мадэрнізацыю пункта пропуску і значна павялічыць прапускную здольнасць», — сказаў Аляксей Ляхновіч.
У выстаўцы «Транспарт і лагістыка — 2019» сёлета возьме ўдзел больш за 70 арганізацый. Сярод удзельнікаў выстаўкі транспартна-лагістычныя і экспедытарскія кампаніі, транспартна-лагістычныя цэнтры, вытворцы аўтатэхнікі, пастаўшчыкі абсталявання для аснашчэння лагістычных цэнтраў, адміністрацыі марскіх партоў і кіравання чыгунак з СНД, блізкага і далёкага замежжа. Акрамя індывідуальных стэндаў кампаній, у структуры экспазіцыі прадстаўлены калектыўны стэнд Латвіі, калектыўныя стэнды Клайпедскага порта і партовых кампаній і асацыяцый. Геаграфія ўдзельнікаў Беларускага транспартнага тыдня ахоплівае 11 краін свету (Беларусь, Расія, Украіна, Арменія, Літва, Латвія, Польшча, Аўстрыя, Швейцарыя, Італія, Кітай).
Насычаная дзелавая праграма Беларускага транспартнага тыдня ўключае пленарнае пасяджэнне і тэматычныя мерапрыемствы, на якіх айчынныя і замежныя эксперты прадставяць сучасныя тэхналагічныя рашэнні і паслугі ў галіне транспарту і лагістыкі. У ходзе тэматычных мерапрыемстваў будзе разгледжаны нацыянальны і сусветны вопыт развіцця транспартна-лагістычных сістэм, лічбавізацыі міжнародных кантэйнерных перавозак і кіраванне ланцугамі паставак.
У рамках Беларускага транспартнага тыдня ўпершыню будуць падведзены вынікі галіновага этапу конкурсу інавацыйных праектаў Bеlаrus ІСT StаtUР Аwаrd'2020.
Сяргей КУРКАЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?